РУДНІ́К,

горназдабыўное прадпрыемства ў асноўным з падземным спосабам распрацоўкі радовішча карысных выкапняў. Уключае сумежныя шахты, кар’еры і інш. горныя вырабаткі па здабычы і перапрацоўцы сыравіны, аб’яднаныя агульным комплексам наземных збудаванняў. Горныя работы на Р. вядуцца на глыбіні да 3 км і больш. Часам Р. наз. прадпрыемствы з адкрытай распрацоўкай карысных выкапняў.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКІ ВАЛЮ́ТНЫ ФОНД (Arab Monetary Fund; АВФ). Засн. ў 1976. Члены — 21 краіна араб. рэгіёна. Штаб-кватэра ў г. Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Мэты: выраўноўванне плацежных балансаў краін-удзельніц; садзейнічанне стабілізацыі курсаў валют; развіццё эканам. інтэграцыі; стварэнне арабскага фін. рынку і ўкараненне арабскага дынара ва ўзаемаразліках араб. краін. Павінен таксама крэдытаваць краіны-ўдзельніцы.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАС-НА́ВАС-ДЭ-ТАЛО́СА (Las Navas de Tolosa),

сяло ў Іспаніі (прав. Хаэн, Андалусія), каля якога 16.7.1212 аб’яднаныя войскі ісп. каралеўстваў Кастыліі, Леона, Арагона і Навары на чале з кастыльскім каралём Альфонсам VIII разграмілі арабскія войскі Альмахадаў. Бітва стала пераломным момантам у гісторыі Рэканкісты: пасля яе пачаўся заняпад дзяржавы Альмахадаў і хуткае тэр. пашырэнне ісп. дзяржаў.

т. 9, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЛО́ГІЯ (ад ды... + ...логія),

два самастойныя паводле будовы творы, звязаныя агульнасцю задумы, сюжэта, дзейных асоб. Найчасцей сустракаецца ў прозе (раманы А.​Кулакоўскага «Расстаёмся ненадоўга» і «Сустрэчы на ростанях»; раманы А.​Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой», аб’яднаныя пад агульнай назвай «Партызаны»), рэдка — у паэзіі (Д. «Грозная пушча» А.​Куляшова складаецца з паэм «Стрэчны агонь» і «Грозная пушча») і драматургіі.

т. 6, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛАУ́НСКІЯ ПАЛІ́,

раўніна ў Паўн.-Усх. Францыі (каля г. Каталаунум, сучасны г. Шалон-сюр-Марн), дзе ў чэрв. 451 адбылася буйная бітва ў час Вялікага перасялення народаў. Рым. войскі на чале з Аэцыем і іх саюзнікі (вестготы, бургунды, франкі, аланы і інш.) разбілі аб’яднаныя сілы гунаў, остготаў, гепідаў і інш. плямён на чале з Атылам. Бітва на К. п. спыніла нашэсце гунаў у Зах. Еўропу.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАРЭ́Я ў тэхніцы,

аднолькавыя прылады, прыстасаванні ці збудаванні, аб’яднаныя ў адзіную сістэму (устаноўку) для сумеснага больш эфектыўнага дзеяння. напрыклад, коксавая батарэя — шэраг коксавых печаў для сухой перагонкі каменнага вугалю ў кокс; радыятарная батарэя — злучаныя ў адно ацяпляльнае прыстасаванне радыятары; ахаладжальныя батарэі — сістэмы труб (гладкіх ці з рэбрамі), у якіх выпараецца холадагент або працякае халадзільны раствор. Пашыраны электрычныя батарэі — кандэнсатарныя (з кандэнсатараў), акумулятарныя (з акумулятараў) і з інш. хімічных крыніц току.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́ННЕ (ваен.),

вайсковае фарміраванне, у якое ўваходзяць некалькі злучэнняў або меншых па складзе аб’яднання, а таксама часцей і ўстаноў. Паводле складу і задач, якія вырашаюцца, бывае: стратэгічнае (узбр. сілы, кааліцыйныя аб’яднаныя ўзбр. сілы на тэатрах ваен. дзеянняў), аператыўна-стратэгічнае (фронт, група армій, флот), аператыўнае (армія, флатылія, эскадра, авіяцыя флоту і інш.), аператыўна-тактычнае (злучэнні і часці розных радоў войскаў, спецвойскаў і службаў аднаго віду ўзбр. сіл), тэрытарыяльнае агульнавайсковае (гл. Ваенная акруга).

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯХО́Р(А) (ад бія... + ...хор),

1) геаграфічнае асяроддзе, у якім вызначаныя пануючыя жыццёвыя формы прыстасаваны да пэўных спалучэнняў метэаралагічных фактараў.

2) Вобласць пашырэння жыцця.

3) Група падобных месцапражыванняў.

4) Кліматычная мяжа фларыстычнага раёна.

5) Буйное падраздзяленне біясферы. Ахоплівае прасторава аб’яднаныя біятопы, якія размешчаны ў аднатыпных кліматычных умовах і характарызуюцца спецыфічным складам жывога насельніцтва. Аб’ядноўваюцца ў біяцыклы. Уяўленне аб біяхоры аналагічнае паняццю «ландшафтная зона» (у экалогіі з-за большай канкрэтнасці яму аддаецца перавага).

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАФІ́ЧНЫ ВЕРШ,

вершаваная форма, у якой не захоўваецца падзел на строфы, а звязанасць радкоў дасягаецца сінтаксічнымі спалучэннямі, перыядамі, пераносамі і інш. У астрафічным вершы вылучаюцца аб’яднаныя рыфмамі радковыя пары ці шматрадковыя часткі тэксту. Аднак яны не маюць інтанацыйна-сінтаксічнай і сэнсавай закончанасці і вольна спалучаюцца з інш. радкамі. Астрафічным вершам найчасцей пішуцца творы вял. аб’ёму — паэмы, вершаваныя аповесці («Новая зямля» Я.​Коласа, «Янук Сяліба» М.​Танка, «Нянавісць» П.​Панчанкі).

В.​П.​Рагойша.

т. 2, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ Ю́Р’ЕВІЧ (1155? — 7.3.1195),

князь дубровіцкі і тураўскі. Сын кн. Юрыя Яраславіча, унук Яраслава Святаполчыча. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1183 удзельнічаў у паходзе за Дняпро на полаўцаў, дзе аб’яднаныя дружыны рус. князёў разбілі войска хана Канчака і ўзялі шмат палонных. Гісторык В.М.Тацішчаў памылкова назваў Глеба Юр’евіча князем дабранскім і лічыў яго ўнукам Яраслава Яраполчыча, у якога таксама быў сын Юрый. Тураўскім князем стаў, відаць, пасля смерці брата Святаполка (1190).

А.​В.​Іоў.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)