Арганізацыя Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры 1/414, 415—416; 11/508; 12/669—670
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПРАМЫСЛО́ВЫМ РАЗВІЦЦІ́ (United Nations Industrial Development Organization; ЮНІДО),
міжурадавая арг-цыя ў сістэме ААН. Створана ў 1966. Паводле статута (прыняты ў 1979 у Вене) ЮНІДО аўтаномная спецыялізаваная ўстанова (з 1986). Чл. арганізацыі з’яўляюцца 147 дзяржаў (1990).
Асн. мэты і віды дзейнасці: дапамога краінам, што развіваюцца, у правядзенні і паскарэнні індустрыялізацыі, распрацоўка і каардынацыя з гэтай нагоды мерапрыемстваў ААН; садзейнічанне ва ўмацаванні супрацоўніцтва паміж індустрыяльна развітымі краінамі і тымі, што стаяць на шляху развіцця; правядзенне адпаведных кансультацый і перагавораў, падтрымка інвестыцыйных працэсаў, перадача тэхналогій і г.д. Аказвае тэхн. дапамогу, распрацоўвае праграмы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці, выступае як цэнтр па зборы, сістэматызацыі і распаўсюджванні прамысл. інфармацыі.
Асн. органы — Ген. Канферэнцыя, Савет па прамысл. развіцці і К-т па праграме і бюджэце. Штаб-кватэра арг-цыі ў Вене.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПЫТА́ННЯХ АДУКА́ЦЫІ, НАВУ́КІ І КУЛЬТУ́РЫ (United Nations Educational Scientific and Cultural Organization; ЮНЕСКА),
спецыялізаваная міжурадавая ўстанова ААН, якая садзейнічае ўмацаванню міру і міжнар. бяспекі праз развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў галіне адукацыі, навукі і культуры. Створана на Лонданскай устаноўчай канферэнцыі ў ліст. 1945, афіцыйна дзейнічае з 4.11.1946 (з дня ўступлення ў сілу Статута ЮНЕСКА). На пач. 1995 членства ў ЮНЕСКА мела 171 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь (з 1954, разам з СССР і Украінай). Кіруючыя органы ЮНЕСКА: Генеральная канферэнцыя, Выканаўчы савет і Сакратарыят, які ўзначальваецца Генеральным дырэктарам. Ген. канферэнцыя — вышэйшы орган, які вызначае стратэгію дзейнасці ЮНЕСКА, — склікаецца на чарговыя сесіі раз у 2 гады; у ёй прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў ЮНЕСКА. На канферэнцыі зацвярджаецца праграма і бюджэт арг-цыі, фарміруецца Выканаўчы савет, прызначаецца Ген. дырэктар (тэрмінам на 6 гадоў), прымаюцца канвенцыі і рэкамендацыі, новыя члены арг-цыі. Паміж сесіямі арг-цыяй кіруе Выканаўчы савет, які складаецца з 51 прадстаўніка. У склад Сакратарыята ўваходзяць сектары: адукацыі, прыродазнаўчых навук, грамадскіх навук, камунікацый, супрацоўніцтва, знешніх зносін. Сектары ўзначальваюць намеснікі Ген. дырэктара. Штаб-кватэра ЮНЕСКА ў Парыжы.
Дзейнасць ЮНЕСКА ажыццяўляецца паводле сярэднетэрміновых і кароткатэрміновых (2-гадовых) планаў, у якіх сфармуляваны агульныя кірункі дзейнасці, распрацаваныя на аснове аналізу актуальных праблем. Праграмныя галіны дзейнасці ЮНЕСКА ў 1994—95: адукацыя і будучыня; навука ў інтарэсах прагрэсу і навакольнае асяроддзе; культура — мінулае, сучаснае і будучае; камунікацыя — інфармацыя і інфарматыка на службе чалавецтва; сац. і гуманіт. развіццё навукі — уклад у развіццё міру, правоў чалавека і дэмакратыі. Праграмы ажыццяўляюцца ў форме канферэнцыі, нарады, сімпозіума, міжнар. кампаніі, збору, аналізу і распаўсюджвання стат. даных, садзейнічання дзяржавам у правядзенні рэстаўрацыйных работ, стварэння навуч. устаноў, іх абсталявання, накіравання экспертаў, кансультацый, дапамогі ў распрацоўцы навук. і навуч. праграм. Важная форма дзейнасці ЮНЕСКА па пашырэнні нац. і міжнар. супрацоўніцтва і ўзаемаразумення — распрацоўка міжнар. канвенцый, дэкларацый, рэкамендацый (напр., Усеагульная канвенцыя аб аўтарскім праве 1952, Канвенцыя аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны 1972, Рэкамендацыя аб развіцці адукацыі дарослых 1978 і інш.). Для кіравання асобнымі праграмамі Ген. канферэнцыя можа ствараць дапаможныя к-ты і камісіі. Так, для кіравання праграмай «ЮНЕСКА — Чарнобыль» створаны спец. камітэт. У рэалізацыі праграм ЮНЕСКА удзельнічаюць нац. камісіі, якія выконваюць кансультатыўныя функцыі пры дэлегацыі сваёй краіны на Ген. канферэнцыі або пры сваім урадзе. У Рэспубліцы Беларусь нац. камісія па справах ЮНЕСКА створана ў 1956. Узначальвае яе, як правіла, міністр замежных спраў. ЮНЕСКА выпускае 26 перыяд. выданняў на розных мовах. Найб. папулярны сярод іх штомесячнік «Курьер ЮНЕСКО».
Літ.:
Языкович Л.В. Деятельность Белорусской ССР в ЮНЕСКО. Мн., 1986.
Л.В.Паўлава.
Эмблема Арганізацыі аб’яднаных нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ ВУ́ЗЕЛ,
спалучэнне прамысловых прадпрыемстваў, аб’яднаных паміж сабой цеснымі вытв. і вытв.-тэхнал. сувязямі, адзінай вытв. інфраструктурай, агульнасцю трансп., геагр. размяшчэння ў межах аднаго або некалькіх блізкіх адзін ад аднаго нас. пунктаў (гарадоў, гар. пасёлкаў і інш.). Таксама наз. група прадпрыемстваў галіны прам-сці, размешчаных на адной пляцоўцы, пабудаваных паводле адзінага плана і аб’яднаных агульнай інфраструктурай, часам узаемнымі вытв. сувязямі. Гл, таксама Канцэнтрацыя вытворчасці, Канцэрн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ Ў АЎСТРА́ЛІІ (БАА),
арганізацыя бел. эміграцыі. Засн. ў кастр. 1950 у г. Сідней, першая бел.арг-цыя, афіцыйна прызнаная аўстрал. ўладамі. Займаецца культ.-асв., прапагандысцкай і дабрачыннай дзейнасцю. БАА — член Асацыяцыі па справах Аб’яднаных нацый, уваходзіла ў склад Камітэта тыдня заняволеных народаў. Па прапанове БАА у 1974 Кангрэс сусв. антыкамуніст. лігі прыняў «Рэзалюцыю па незалежнасці Беларусі». Пры БАА дзейнічаюць бел. хор, гурток маст. самадзейнасці. Праз супрацоўніцтва з аўстрал. арг-цыямі па справах Аб’яднаных нацый БАА прымала ўдзел у штогоднім Міжнар.дыпламат. балі. Выдавала інфарм.час. «Новае жыццё» (№ 1—9, 1950-я г.). Ген. сакратар БАА А.Алехнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЯДНА́НЫЯ НА́ЦЫІ,
тэрмін, прыняты для назвы дзяржаў, якія ў час 2-й сусв. вайны 1939—45 уваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю і стварылі ў 1945 Арганізацыю Аб’яднаных Нацый (ААН). У літаратуры і афіц. публікацыях выкарыстоўваецца і як скарочаная назва ААН.