БРАЦЯ́НКА,

курганны могільнік 10—11 ст. дрыгавічоў каля в. Брацянка Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пахавальныя абрады: трупаспаленне на месцы пахавання і па-за межамі могільніка; трупапалажэнне на гарызонце. У некаторых насыпах побач з пахаваннямі трапляліся камяні (звязана, відаць, з перажыткамі пахавальнага абраду каменных курганоў). Сярод знаходак жал. нажы, крэсівы, трохпацеркавыя скроневыя кольцы, жаночыя ўпрыгожанні, ганчарныя гаршкі. Могільнік, магчыма, быў некропалем стараж. Навагрудка.

т. 3, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЬВІ́НКА (Васіль Дзмітрыевіч) (н. 7.12.1941, в. Верхні Церабяжоў Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фалькларыст. Канд. філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1970). Настаўнічаў, з 1966 працуе ў БДУ (з 1982 заг. н.-д. лабараторыі бел. фальклору). З 1991 старшыня Бел. саюза фалькларыстаў. Збірае і даследуе бел. фальклор і этнаграфію. Аўтар кніг «Зімовыя святкі», «Веснавыя святы і абрады» (абедзве 1995), «Святы і абрады беларусаў» (2-е выд. 1998). Сааўтар выданняў «Беларускі фальклор у сучасных запісах» (1973), «Беларуская народная творчасць савецкага часу» (1978), «Узроўні фальклорных уплываў» (1982), «Песня на ўсё жыццё» (1983) і інш. Складальнік зб-каў прыказак і прымавак «Слова міма не ляціць» (1985, з Л.Царанковым), «Калыханкі і забаўлянкі» (1992), «Песня — душа народа» (1993), «Дзіцячы спеўнік», «Песні і строі Піншчыны» (з М.Раманюком і У.Раговічам, абедзве 1994), «Беларускі фальклор у сучасных запісах. Традыцыйныя жанры. Мінская вобласць» (1995), фотаальбома «Рыгор Шырма» (1995). Выдае «Каляндар свят і абрадаў беларусаў» (з 1994). Вядучы фальклорнай тэлепраграмы «Запрашаем на вячоркі» (з 1978).

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НА ЦАРО́Ў,

скалістая раўніна ў зах. пустыні насупраць г. Фівы на Ніле (Верхні Егіпет). У перыяд Новага царства тут размяшчаўся царскі некропаль (з 1580 да н.э.). Грабніцы фараонаў высякаліся ў вапняку, кожнай з іх на беразе Ніла адпавядаў храм, дзе здзяйсняліся абрады, неабходныя для замагільнага дабрабыту цароў. Адкрыццё ў 1922 неразрабаванай грабніцы Тутанхамона ўпершыню прадэманстравала раскошу абсталявання падобных грабніц.

Даліна цароў. Насценная размалёўка грабніцы фараона.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА МАСТА́ЦТВАЎ.

Засн. ў 1975 у Мінску як Мінскае культ.-асв. вучылішча. З 1990 Мінскае вучылішча мастацтваў і культуры. З 1992 сучасная назва. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): інструментальнае выкананне (фартэпіяна, баян, акардэон, цымбалы, гітара); тэатр. мастацтва (акцёр тэатра лялек); дэкаратыўна-прыкладное мастацтва (маст. апрацоўка дрэва, кераміка); харавое дырыжыраванне; харэаграфія; харавая музыка (народная); народныя абрады і святы; танец; інструментальная музыка (народная). Прымаюцца асобы з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАСІ́ЦКІ ((Łasicki) Ян) (каля 1534, в. Ласіцы Сахачоўскага пав. Раўскага ваяв., Польшча — пасля 1599),

польскі гісторык, бібліёграф, пратэстанцкі рэліг. дзеяч. У 1556—61 вучыўся ва ун-тах Страсбурга, Жэневы, Лазаны, Цюрыха, Парыжа, Падуі і інш. Займаўся кнігазнаўствам, напісаў некалькі кніг па гісторыі вывучэння рэлігіі (пераважна кальвінізму). З 1581 у Вільні. Быў настаўнікам і выхавальнікам сыноў мінскага кашталяна Я.Глябовіча. Апошнія гады жыцця правёў у Заслаўі каля Мінска, цікавіўся этнаграфіяй народаў Рэчы Паспалітай, тэорыяй культуры. Пісаў на лац. мове. У зб. прац розных аўтараў, куды ўключыў і сваю «Пра рэлігію, ахвярапрынашэнне, вясельныя і пахавальныя абрады русінаў, маскавітаў і татараў...» (1582), апісваюцца (часам з акцэнтацыяй увагі на негатыўным) сямейныя абрады, нар. адзенне, стравы і інш. бакі матэрыяльнай культуры беларусаў, асаблівасці архітэктуры Полацка, Вільні і інш. гарадоў. Яго твор «Пра багоў самагітаў, іншых сарматаў і несапраўдных хрысціян» (1615) пра свет язычніцкіх вераванняў жыхароў тагачаснай Літвы.

Тв.:

Бел. пер. — у кн. Вяселле: Абрад. Мн., 1978;

У кн.: Пахаванні. Памінкі. Галашэнні. Мн., 1986.

Літ.:

Barycz Н. Jan Łasicki. Wroclaw, 1973.

У.А.Васілевіч.

т. 9, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БКА,

бабка-павітуха, у беларусаў пажылая, спрактыкаваная і паважаная жанчына, якая валодала прыёмамі нар. медыцыны і выконвала акушэрскія функцыі ў час родаў, а таксама шматлікія абрады, звязаныя з адразаннем пупавіны, першым купаннем і спавіваннем дзіцяці. Бабка мела права даць дзіцяці імя («ахрысціць дзіця з вады»), яна самы шаноўны госць і распарадчык на радзінах, да якіх гатавала спец. абрадавую страву — бабіну кашу. У наш час ролю бабкі звычайна выконвае старэйшая сваячка парадзіхі.

Т.І.Кухаронак.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РМАН (Іван Андрэевіч) (1830-я г., Вільня — 16.1.1893),

бел. этнограф і краязнавец. Член Рус. геагр. т-ва. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1857). Служыў святаром у Ашмянскім і Кобрынскім пав. З 1868 адначасова выкладаў у Марыінскім вышэйшым жаночым вучылішчы і інш. навуч. установах Вільні. Вывучаў бел. нар. абрады, прыкметы, вераванні, забабоны. Найб. каштоўныя яго працы пра нар. каляндар і метэаралогію беларусаў («Каляндар паводле народных паданняў у Валожынскім прыходзе Віленскай губерні Ашмянскага павета», 1874).

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМЕ́ЛЕ Мікалай, бел. этнограф і археолаг сярэдзіны 19 ст. Вольнаадпушчаны селянін Віцебскай губ. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру паўн.-ўсх. Беларусі. На падставе яго апісанняў Рускае геагр. т-ва выдала працу «Побыт беларускіх сялян» (Этнографический сборник. Спб., 1854. Вып. 2). У ёй апісаны жыллё, хатняе начынне, адзенне, ежа,сямейныя і каляндарныя абрады, вытв. заняткі, звычаі, сац. і маёмасная дыферэнцыяцыя сялянства напярэдадні адмены прыгоннага права. У працы змешчаны таксама нар. прыказкі, песні, паданні. Аўтар высока цаніў працавітасць, маральныя і інтэлектуальныя якасці беларусаў.

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКО́ЛА,

старадаўняе каляндарна-абрадавае свята ў беларусаў і інш. слав. народаў у гонар апекуна земляробства і нар. заступніка св. Міколы. Вытокі свята, якое спалучыла элементы язычніцкай персаніфікацыі дабрадзейных сіл прыроды з прынцыпамі хрысціянства, у шанаванні культу Вялеса. Адзначалі 2 разы ў год — вясною (9 мая с. ст.) і зімою (6 снежня с. ст.). Да веснавога М. заканчвалася сяўба, упершыню пасля зімы выводзілі коней на начлег, спраўлялі магічныя абрады, якія мелі ахоўны сэнс, пачыналі стрыгчы авечак; пасля М. забаранялася пасвіць статак на сенажацях. Да зімовага М. заканчвалася малацьба.

т. 10, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (11.8.1856, с. Краснасвяцкае Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 7.5.1920),

бел. і рус. этнограф, фалькларыст, краязнавец, лексікограф. Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Настаўнічаў. З 1918 чытаў лекцыі ў Бел. нар. ун-це (Масква), у Віцебскім ін-це нар. асветы, Смаленскім аддз. Маскоўскага археал. ін-та. З 1880-х г. збіраў фальклор, даследаваў матэрыяльную культуру народа. Вывучаў абрады, святы, вераванні Смаленшчыны, нар. тэатр і інш. Асн. працы «Смаленскі этнаграфічны зборнік» (ч. 1—4, 1891—1903), «Смаленскі абласны слоўнік» (1914). Аўтар арт. «Прыказка і загадка» (1898), «Смерць, пахаванне і галашэнні» (1900), «Кросны» (1902), «Адрозненні ў вераваннях і звычаях беларусаў і велікарусаў Смаленскай губерні» (1903), «Нячыстая сіла ў народных вераваннях» (1908), «Абрады і павер’і, якія датычацца хатніх і палявых работ сялян Смаленскай губерні» (1909), «Бабёр у Смаленскай зямлі па летапісных, археалагічных і сучасных дадзеных» (1916). З М.Дз.Бэрам запісаў больш за 500 мелодый нар. песень. Чэшскі этнамузыколаг Л.Куба ў час прыезду да Дабравольскага запісаў бел. нар. песні в. Данькава Смаленскага пав. (апубл. ў 1887).

Літ.:

Шлюбскі А. Этнаграфічная дзейнасць Дабравольскага. Мн., 1928;

Романов Ю.С. Жизнь и научная деятельность В.Н.Добровольского // Материалы по изучению Смоленской области. М., 1970. Вып. 7;

Акунькова А.М. Жыццё і навукова-педагагічная дзейнасць У.М.Дабравольскага // Этнаграфічны зборнік. Мн., 1975;

Яе ж. Беларуская казка ў запісах У.М.Дабравольскага // Беларуская фалькларыстыка. Мн., 1980.

І.У.Саламевіч.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)