КУЦЦЯ́,

1) у беларусаў і інш. слав. народаў абрадавая страва; каша з ячных круп, радзей з пшанічных зярнят. Гатуюць для жалобнага стала па нябожчыку (памінкі), а таксама на Дзяды, Радаўніцу і інш. памінальныя дні. Спажывалі астуджанай з сытой або алеем.

2) Традыц. абрадавая страва на Каляды ў славян і інш. народаў; каша з тоўчаных ячных круп (у некат. народаў з зярнят пшаніцы); вячэра напярэдадні Каляд (посная К.), Новага года (стары стыль, багатая або скаромная К.) і перад Вадохрышчам (посная К.). На ўсе тры К. кашу варылі ў адным і тым жа гаршку і з аднолькавай колькасці круп. Звараную К. перад заходам сонца ставілі на покуці. К., якую варылі з цэлых зярнят, была сімвалам вечнасці жыцця. Вял. значэнне надавалася прыкметам, варажбе. Трапляецца і ў наш час.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ША,

1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл. Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.

Л.​А.​Малаш.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАР,

у беларусаў: 1) абрадавая страва, адвар з сушаных чарніц, яблык, груш з дабаўленнем мёду, які прыносілі жанчыны парадзісе на адведкі. У наш час сустракаецца пераважна на Палессі.

2) Падліва з канаплянага семя ці маку. Семя (мак) цёрлі, потым заварвалі і спажывалі як посную прыправу (пашыраны пераважна на Зах. Палессі).

т. 7, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНУ́Н,

традыцыйная бел. абрадавая страва, з якой пачыналі памінкі. Гатавалі з разбаўленай мёдам вады (сыты), крышанага спецыяльна спечанага прэснага каржа, гарачыкаў, булкі ці абаранкаў. Першую лыжку адлівалі для нябожчыка. Потым удзельнікі жалобнага стала чэрпалі адну або тры лыжкі К. з агульнай міскі, перадавалі яе па чарзе адзін аднаму, пасля чаго міску прыбіралі, тушылі памінальную свечку і працягвалі памінкі.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БІНА КА́ША,

у беларусаў абрадавая страва на радзінах. Каша з прасяных, ячных або грэцкіх круп на малацэ, з яйкамі, мёдам, цукрам, маслам, якую варыла бабка-павітуха. Бабіну кашу падавалі пад канец святочнага абеду, калі пачынаўся «торг» за яе. Пасля «торгу» гаршчок з бабінай кашай заставаўся ў самага шчодрага (звычайна гэта быў кум) госця. Ён разбіваў гаршчок на шчасце нованароджанаму і частаваў усіх кашай на чарапку. У наш час на радзінах замест бабінай кашы па традыцыі ў гаршку падаюць цукеркі, пячэнне і інш.

Т.​І.​Кухаронак.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́РАЯ Вольга Мікалаеўна (н. 22.8.1965, в. Мокрая Дуброва Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фалькларыст, этнолаг. Д-р філал. н. (2003). Скончыла БДУ (1987). Настаўнічала. З 1989 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Навук. працы ў галіне абрадавага фальклору, нар. рэлігійнасці і каляндарных рытуалаў, сямейна-родавых адносін у працэсе сацыякультурных перамен. Упершыню фундаментальна даследавала рэліг. ўшанаванне продкаў у традыц. нар. культуры, што дазволіла стварыць тэарэтыка-метадалагічныя асновы новага кірунку ў фалькларыстыцы. Аўтар манаграфіі «Каштоўнасна-нарматыўная прырода ўшанавання продкаў» (2002), сааўтар кн. «Каляндарна-абрадавая паэзія» (2001).

т. 18, кн. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАХМАНІ́ЗМ,

старажытнаіндыйская сістэма рэліг.-філас. поглядаў і рытуальна-культавай практыкі, якая склалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя да н.э.; адна з крыніц індуізму. Працягвае традыцыі ведычнай рэлігіі. Звязана з сац. структурай стараж. грамадства, дзе саслоўе жрацоў-брахманаў займала вядучыя пазіцыі. Вярхоўныя багі — Брахма, Вішну і Шыва. Брахманы склалі тэксты каментарыяў да Ведаў (свяшчэнная л-ра), распрацавалі ведыйскую ідэю Брахмана-Абсалюта, стварылі філас. сістэму, якая стала асновай брахманізму. Складаны рытуал, строгая абрадавая рэгламентацыя жыцця, аскетычныя подзвігі разглядаліся як сродак для пераўвасаблення душы і канчатковага вызвалення ад перараджэнняў.

Літ.:

Боги, брахманы, люди: Пер. с чеш. М., 1969. С. 43—60;

Бонгард-Левин Г.М. Древнеиндийская цивилизация. 2 изд. М., 1993.

А.​В.​Гурко.

т. 3, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЯДО́СІК Анатоль Сямёнавіч (н. 7.2.1926, в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. фалькларыст. Засл. дз. нав. Беларусі. (1990). Д-р філал. н. (1974), праф. (1981). Скончыў БДУ (1953). З 1946 настаўнічаў. З 1961 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (з 1962 вучоны сакратар, з 1967 заг. сектара, адначасова з 1969 нам. дырэктара). Даследуе фалькл. сатыр. жанры, сямейна-абрадавую паэзію, нар. творчасць перыяду Вял. Айч. вайны, гісторыю фалькларыстыкі, узаемасувязі слав. фальклору, літ.-фалькл. сувязі. Адзін з аўтараў кніг «А.​К.​Сержпутоўскі» (1966, з В.​К.​Бандарчыкам), «Народная спадчына» (1984, з Г.​А.​Пятроўскай), «Каляндарна-песенныя, абрадавыя і гульнявыя традыцыі славян у мінулым і сучасным» (1988, з З.​Я.​Мажэйка), «Чаго на свеце не бывае» (1990, з Пятроўскай), «Беларускі абрадавы фальклор у агульнаславянскім кантэксце» (1998), «Сямейна-абрадавая паэзія: Народны тэатр» (2001), «Народная проза» (2002, з К.​П.​Кабашнікавым, А.​В.​Цітаўцом). Сааўтар вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для ВНУ. Складальнік тамоў «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976), «Жарты, анекдоты, гумарэскі» (1984) з серыі «Беларуская народная творчасць» (гал. рэдактар зводу; Дзярж. прэмія Беларусі 1986). Чл. камісіі слав. фальклору пры Міжнар. к-це славістаў.

Тв.:

Антырэлігійныя матывы ў беларускім фальклоры. Мн., 1963;

Беларуская народная сатырычная проза. Мн., 1969;

Трапным народным словам. Мн., 1971;

Развіццё беларускай савецкай фалькларыстыкі. Мн., 1977;

Праблемы беларускай народнай сатыры. Мн., 1978;

Народная паэзія барацьбы. Мн., 1981;

Фальклор і «масавая культура». Мн., 1986;

Беларуская савецкая фалькларыстыка. Мн., 1987;

Беларуская вусна-паэтычная творчасць. 2 выд. Мн., 1988 (у сааўт.);

Партизанская быль не забыта. Мн., 1990;

Ілюзорнасць і сапраўднасць: «Белыя плямы» ў гісторыі фалькларыстыкі 20—30-х гг. Мн., 1991;

Беларуская сацыяльна-бытавая казка. Мн., 1995;

Беларуская сямейна-абрадавая паэзія. Мн., 1997; Анталогія беларускага народнага анекдота і жарта. Мн., 2001; Анталогія беларускай народнай прыказкі, прымаўкі і выслоўя. Мн., 2002.

А.​І.​Клімовіч.

т. 16, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІЦВІ́НЫ»,

бел. фальклорны гурт. Засн. ў 1991 у Мінску. Арганізатар і кіраўнік У.​Бярбераў. Уключае 9 вакалістаў і інструменталістаў. Яго дзейнасць адметная шырокім выкарыстаннем і прапагандай стараж. інструментаў, у т. л. дуды, цымбалаў маладзечанскай і вілейскай традыцый, пецярбургскага 3-раднага гармоніка, зах.-бел. скрыпкі, паляшуцкай дудкі і інш. Гурт выкарыстоўвае аўтэнтычныя строі і распрацоўвае новыя ў дакладных рэгіянальных традыцыях. У рэпертуары ансамбля апрацоўкі бел. нар. песень, абрадавая і танц. нар. музыка (большасць твораў запісана ўдзельнікамі гурта), гучанне якіх вызначаецца своеасаблівым «вясковым» каларытам. Гурт выпусціў 4 аўдыёальбомы на касетах і кампакт-дысках (больш за 80 твораў, 1992—99), 2 песні ў яго выкананні змешчаны у зб-ку музыкі Усх. Еўропы (1997; ЗША). Калектыў — удзельнік III (Браціслава, 1995) і IV (Магілёў, 1997) Сусв. цымбальных кангрэсаў, прызёр шэрагу фестываляў. Збор запісаў у выкананні «Л.» захоўваецца ў фондах Нац. б-кі Рэспублікі Беларусь.

т. 9, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРНІКА́РСТВА,

выраб фігурных пернікаў; від народных мастацкіх промыслаў. Пернікі здаўна адыгрывалі значную ролю на вяселлі, хрэсьбінах, памінках і інш. абрадах многіх народаў. На Беларусі ў 16—18 ст. П. пераважала ў гарадах і мястэчках (Дуброўна, Копысь, Мінск, Орша, магчыма, Смаргонь), у 19 ст. пашырана і ў вёсках. Прадукцыю збывалі на мясц. рынках і кірмашах. Пернікі выраблялі з мукі вышэйшага гатунку, у цеста дадавалі харч. фарбавальнікі, мёд, прыправы. Фармавалі іх у выглядзе розных фігур антрапаморфнага, зааморфнага, геам. характару (лялька, певень, конь, казёл, рыба, сэрца, ромб і інш.). Трактоўка фігур моцна стылізаваная, абагульненая; выбар сюжэтаў адлюстроўваў іх стараж. сімвалічны сэнс. Існавалі розныя тэхнікі фармоўкі вырабаў: узор атрымлівалі з дапамогаю спец. драўлянай дошкі, на якой выразалася адпаведная фігура, выціскалі бляшанымі штампамі з плоска раскачанага кавалка цеста, фармавалі ўручную. Пасля выпечкі пернікі аздаблялі каляровымі крэмамі, харч. фарбавальнікамі, глазуравалі расплаўленым цукрам. У сярэдзіне 20 ст. промысел заняпаў. У наш час фігурныя пернікі з аздабленнем выпускаюць прадпрыемствы харч. прам-сці.

Літ.:

Нікольскі Н.М. Жывёлы ў звычаях, абрадах і вераньнях беларускага сялянства. Мн., 1933;

Сахута Я. Абрадавая пластыка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1982. №2.

Я.​М.​Сахута.

т. 12, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)