БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

навукова-грамадская арг-цыя па садзейнічанні развіццю на Беларусі геагр. навукі і адукацыі, пашырэнні геагр. ведаў. Створана ў 1954 пры АН БССР на базе геагр. ф-та БДУ як Бел. філіял Геагр. т-ва СССР. З 1962 Геагр. т-ва БССР, з 1993 сучасная назва. Мае аддзяленні фіз. і эканам. геаграфіі, этнаграфіі, геаэкалогіі; камісіі школьнай, мед. і меліярац. геаграфіі, антрапагеннага ландшафтазнаўства і інш. Абласныя аддзелы ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве. Больш за 600 індывід. членаў (1996). Праводзіць навук. канферэнцыі і геагр. з’езды, кансультацыі, распрацоўвае навук. тэмы, геагр. экспертызу, выдае тэматычныя зборнікі навук. прац і інш. Член Міжнар. геагр. саюзу. Мае бібліятэку геагр. літаратуры.

В.С.Аношка.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т «ДЗЕ́ЦІ ЧАРНО́БЫЛЯ»,

незалежная няўрадавая гуманіт. арг-цыя. Створана ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 незалежная арг-цыя. Гал. кірунак дзейнасці — прафілактыка захворванняў дзяцей-чарнобыльцаў. З гэтай мэтай арганізавана іх аздараўленне на спец. базах, дзе спецыялісты кансультацыйна-дыягнастычнай лабараторыі к-та праводзяць паглыбленае абследаванне. К-там створаны таксама лабараторыі радыелагічнай бяспекі (вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі на забруджаных землях) і сац.-псіхал. рэабілітацыі. Праводзіць сімпозіумы, семінары, канферэнцыі, «круглыя сталы», па матэрыялах якіх выдае зборнікі, памяткі для насельніцтва. Удзельнічае ў міжнар. чарнобыльскіх акцыях, быў арганізатарам на Беларусі Міжнар. маршу «За бяз’ядзерны свет — 1995». Мае абласныя арг-цыі, мінскую гар. і некалькі раённых. Дэвіз к-та «Здаровыя дзеці — здаровая нацыя».

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ ЛКСМБ,

у Вялікую Айчынную вайну, кіруючыя камсамольскія органы у акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў 1941 — 44. Іх дзейнасць узначальваў ЦК ЛКСМБ, абласныя падпольныя камітэты ЛКСМБ. Гаркомы ЛКСМБ стваралі і ўзначальвалі камсам.-маладзёжнае падполле, вялі паліт.-выхаваўчую і арганізатарскую работу сярод моладзі, узнімалі іх на барацьбу супраць акупантаў. Дзейнічалі Гомельскі, Пінскі (з 1941), Барысаўскі, Віцебскі, Мінскі (з 1942), Бабруйскі, Баранавіцкі, Беластоцкі, Вілейскі, Гродзенскі, Магілёўскі (з 1943), Брэсцкі, Мінскі Паўднёвы (з 1944) гаркомы і Лідскі гарком-райком (з 1943). Большасць кіраўнікоў і членаў падп. гаркомаў ЛКСМБ, пакінутых для работы ў гарадах, хутка была схоплена акупантамі і загінула. З восені 1942 к-ты базіраваліся, як правіла, пры партыз. фарміраваннях і знаходзіліся пад аховай партызан.

Р.М.Шавяла.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ АХВЯ́РАЎ ПАЛІТЫ́ЧНЫХ РЭПРЭ́СІЙ

(БААПР),

добраахвотнае аб’яднанне грамадзян, якія пацярпелі ад паліт. рэпрэсій. Створана 8.2.1992 у Мінску. Вышэйшы орган — з’езд, кіруючы — рада, выканаўчы — управа. Мэты БААПР: удзел у рабоце па аднаўленні парушаных правоў і інтарэсаў беспадстаўна рэпрэсіраваных грамадзян, садзейнічанне поўнай і публічнай рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій; аказанне прававой, матэрыяльнай, сац.-бытавой і інш. дапамогі пацярпелым ад паліт. рэпрэсій; пошукі месцаў пахавання рэпрэсіраваных, стварэнне Кніг памяці; садзейнічанне дэмакр. пераўтварэнням і барацьба супраць актаў беззаконня і дыскрэдытацыі; развіццё прававой і гуманітарнай свядомасці грамадзян; арганізацыя сумесна з архіўнымі ўстановамі выставак і інш. асв. мерапрыемстваў, прысвечаных памяці ахвяраў рэпрэсій, і інш. У БААПР уваходзяць Брэсцкая, Гомельская, Гродзенская абласныя, Бабруйская, Брэсцкая, Баранавіцкая, Барысаўская, Маладзечанская гарадскія, Карэліцкая, Пухавіцкая, а таксама Ленінская, Першамайская, Фрунзенская г. Мінска раённыя асацыяцыі ахвяраў паліт. рэпрэсій.

У.І.Адамушка.

т. 2, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫЯ КАМІТЭ́ТЫ

(ВПК),

грамадскія арг-цыі ў Расійскай імперыі ў 1-ю сусв. вайну. Створаны ў 1915, мелі на мэце мабілізацыю прам-сці на патрэбы вайны, атрыманне ад царскага ўрада выгадных ваен. заказаў і паліт. уступак, раскол рэв. руху і падпарадкаванне рабочага класа ўплыву буржуазіі. На пач. 1916 створаны Цэнтр. ВПК і 220 мясцовых, аб’яднаных у 33 абласныя. У 1915 ВПК дзейнічалі ў Гродне, Вільні, Беластоку, Мінску, Слоніме, Пінску, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Полацку і Віцебску (з аддзелам у Дзвінску). 19.7.1915 на з’ездзе ў Вільні сфарміраваны Паўн.-Зах. ВПК, які пашыраў сваю дзейнасць на Зах. і часткова Паўн.-Зах. франты. Пасля Кастр. рэвалюцыі ВПК пастаўлены пад кантроль ВСНГ, у 1918 перайменаваны ў нар.-прамысл. к-ты, у ліп. 1918 за дзейнасць супраць сав. улады ліквідаваны.

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАКАТУ́РА добраахвотнае аб’яднанне адвакатаў; незалежны прававы інстытут, гал. задача якога — аказанне кваліфікаванай юрыд. дапамогі фіз. і юрыд. асобам пры абароне іх правоў, свабод і законных інтарэсаў.

У Расіі адвакатура заснавана ў час правядзення суд. рэформы 1864 і складалася з самакіроўных арг-цый прысяжных павераных пры суд. палатах. Ліквідавана ў ліст. 1917, адноўлена ў 1922. У БССР створана ў чэрв. 1922 як грамадская арг-цыя для юрыд. дапамогі насельніцтву, дзярж. і кааператыўным арг-цыям.

Дзейнасць адвакатуры на Беларусі рэгулюецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб адвакатуры» ад 15.6.1993 і інш. нарматыўнымі актамі. Адвакаты працуюць калегіяльна (калегіі, фірмы, бюро, канторы) і індывідуальна. Дзейнічаюць абласныя і Мінская гар. калегіі адвакатаў. Для аказання юрыд. дапамогі калегіямі адвакатаў па ўзгадненні з выканаўчымі органамі мясц. улады ствараюцца юрыд. Кансультацыі. Статус юрыд. кансультацый вызначаецца адпаведнымі калегіямі адвакатаў. Статуты калегій адвакатаў, інш. адвакацкіх аб’яднанняў рэгіструюцца ў Мін-ве юстыцыі.

І.І.Пацяружа.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства віцебскіх урачоў. Дзейнічала ў Віцебску ў 1874—1941. У 1876 налічвала 41 чал. Напачатку займалася пытаннямі сан.-гігіенічнага стану Віцебска. Пратаколы т-ва ў 1877—78 друкаваліся ў «Витебских губернских ведомостях» і выдаваліся асобнымі адбіткамі. У 1917 т-ва пераўтворана ва ўрачэбную секцыю саюза «Усерасійская медыка-санітарная праца» («Усемедсанпраца»), потым у акруговае аддз. саюза. У 1925 пры аддз. створаны навук. гурток. З 1926 у лячэбных установах горада створаны па спецыяльнасцях урачэбныя секцыі, якія ў 1935 пасля адкрыцця кафедраў Віцебскай бальніцы-медінстытута аб’ядналіся ў навукова-мед. т-ва. Яно імкнулася далучыць мясц. урачоў да навук. працы і палепшыць мед. абслугоўванне горада і бліжэйшых раёнаў. Аб’ядноўвала супрацоўнікаў мед. ін-та, у т. л. 27 прафесараў і дацэнтаў і 302 асістэнты (1941). Спыніла існаванне ў сувязі з пачаткам Вял. Айч. вайны. З 1944 дзейнічаюць абласныя спецыялізаваныя мед. навук. т-вы.

А.П.Малчанаў.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗБОР ЛІТО́ЎСКІХ ЗАКО́НАЎ З 1389 ДА 1529»

Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529»),

зборнік юрыд. актаў, якія асвятляюць дзярж. і грамадскі лад ВКЛ канца 14 — сярэдзіны 16 ст. Рыхтаваўся да друку ў 1830-я г. І.М.Даніловічам, І.Лялевелем і Т.Дзялынскім, але з-за паўстання 1830—31 выдадзены ў 1841 у Познані Дзялынскім. Змяшчае агульназемскія і абласныя прывілеі вял. князёў Ягайлы 1387, Казіміра 1447 (з памылковым датаваннем 1457), Аляксандра 1492, Жыгімонта I Старога 1506, 1507, 1522, Віцебскай зямлі 1509, Гарадзельскі прывілей 1413, Судзебнік 1468 (з памылковым датаваннем 1492), дакументы сеймаў ВКЛ 1544—63, просьбы шляхты і адказы на іх вял. князёў і інш. Дакументы надрукаваны з арыгіналаў, ранейшых публікацый і кніг-копій Метрыкі ВКЛ на мове арыгінала — лац. і бел. (лацінскім шрыфтам), некаторыя перакладзены на польск. мову. У кнізе ўпершыню надрукаваны Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 на бел. і лац. мовах.

т. 7, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НЫЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ

(«аб’яднанкі»),

агульныя арганізацыі бальшавікоў і меншавікоў, якія існавалі ў 1917 на тэр. Расіі. На Беларусі ў іх уваходзілі таксама бундаўцы. Да сак. 1917 такія арг-цыі сфарміраваліся ва ўсіх бел. гарадах і многіх злучэннях Зах. фронту. Адзінства ў «аб’яднанках» не было з моманту іх стварэння, хоць не было і выразнага фракцыйнага падзелу. Пасля VII (Красавіцкай) канферэнцыі РСДРП (1917) акрэслілася тэндэнцыя на размежаванне бальшавіцкіх арг-цый з інш. партыямі і групамі ў прамысл. цэнтрах Расіі. Пасля VI з’езда РСДРП(б), які вызначыў курс на ўзбр. паўстанне, бальшавікі фарсіравалі разрыў з меншавікамі. У ліп. 1917 пачалі афармляцца раздзельныя арг-цыі ў Бабруйску, Рэчыцы, многіх вайск. часцях Зах. фронту і тылавых гарнізонах. Да жн.вер. 1917 працэс размежавання ў «аб’яднанках» на Беларусі цалкам завяршыўся. Утварыліся Паўн.-Зах. абласныя арг-цыі РКЛ(б) і РСДРП (меншавікоў), абласны к-т Бунда.

Літ.:

Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;

Большевики Белоруссии в борьбе за победу Октября. Мн., 1987.

А.С.Кароль.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, падпольныя патрыятычныя арг-цыі, якія дзейнічалі пераважна ў зах. абласцях акупіраванай Беларусі. Узнікалі найчасцей па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам б. членаў КПЗБ і КСМЗБ. Асновай антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі была ячэйка (група) з З—5 чал. на чале з сакратаром; 5—7 ячэек аб’ядноўваліся ў падраёны, 3—4 падраёны — у падп. раённую арг-цыю, якой кіраваў камітэт. На тэр. Беларусі дзейнічалі 2 абласныя (Беластоцкая і Брэсцкая), 3 акруговыя (Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая), 4 гарадскія (Беластоцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Слонімская), 27 раённых антыфашысцкіх арганізацый, якія аб’ядноўвалі сотні груп, больш за 12 тыс. чал. Вакол іх групаваліся «сімпатыкі» (спачувальнікі), якія дапамагалі арганізоўваць барацьбу насельніцтва з акупантамі. Антыфашысцкія арганізацыі ўзаемадзейнічалі з партызанамі, дастаўлялі ім зброю, боепрыпасы, адзенне, медыкаменты, прадукты, здабывалі для іх разведінфармацыю, накіроўвалі да партызанаў мясц. жыхароў, вызваленых ваеннапалонных. Пасля стварэння падп. парт. органаў дзейнасць антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі ўскладнілася, парт. к-ты часам вымушалі арг-цыі да самароспуску. Кіраўнікамі антыфаш. падполля былі І.П.Урбановіч, А.С.Азончык, М.Е.Крыштафовіч, Д.К.Сукачоў, Я.М.Афанасьеў, Б.І.Гардзейчык, А.М.Дурэйка, І.І.Жышко, А.Ф.Манкевіч, Ф.З.Місько, М.А.Несцярук, М.І.Паўлоўскі, М.М.Уладыка, М.Ф.Трында, В.В.Янушка і інш.

т. 1, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)