ВО́ДАРАСЦІ (Algae),

зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.

Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.

Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд. т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.

Літ.:

Водоросли: Справ. Киев, 1989;

Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;

Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ. М., 1990.

Т.​М.​Міхеева.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІ́Р,

высакагорная сістэма на Пд Сярэдняй Азіі, гал. частка ў Горна-Бадахшанскай аўт. вобл. Таджыкістана, усх. і паўд. частка ў Кітаі і Афганістане. На Пн абмежаваны Заалайскім хр., на У — Сарыкольскім і Кашгарскім хр., на Пд — р. Памір і вярхоўямі р. Пяндж, на З — мерыдыянальным адрэзкам даліны р. Пяндж. Найвышэйшыя пункты размешчаны ў Кашгарскіх гарах (г. Кангур, 7719 м; г. Музтагата, 7546). Паводле асаблівасцей рэльефу П. падзяляюць на Зах. і Усходні. Для Зах. П. характэрна сістэма высокіх хрыбтоў амаль шыротнага распасцірання. Буйнейшыя антыклінорыі маюць крыштал. ядры палеазойскага ўзросту, якія прарваны гранітоіднымі інтрузіямі. Схілы хрыбтоў расчлянёны глыбокімі цяснінамі рэк. Усх. П. складзены з парод палеазою і мезазою, трапляюцца вулканагенна-асадкавыя адклады палеагену. Для рэльефу характэрны плоскія днішчы вялізных далін і катлавін, якія падняты на выш. 3500—4500 м і запоўнены прадуктамі разбурэння гор, у грунтах трапляецца вечная мерзлата. Над імі ўзвышаюцца хрыбты выш. больш за 6000 м.

Найвыш. грабяні маюць горна-ледавіковыя формы, якія вылучаюцца на агульным фоне стараж. рэльефу. П. — моцна сейсмічная вобласць, землетрасенні дасягаюць. 8—9 балаў. Радовішчы золата, малібдэну, вальфраму, горнага хрусталю, азбесту, слюды, лазурыту. Клімат суровы, рэзка кантынентальны. У далінах Зах. П. на выш. каля 2100 м сярэднія т-ры студз. -7,4 °C, ліп. 22,5 °C, гадавая колькасць ападкаў да 800 мм (на ледавіку Федчанкі). На Усх. П. клімат больш суровы. На выш. каля 4000 м сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. +8 °C, ападкаў 100 мм за год. Снегавая мяжа ў Зах. П. размешчана на выш. 3600—3800 м, на ледавіку Федчанкі — на выш. 4400 м, ва Усх. П. — на выш. 5200—5240 м. Пл. зледзянення ў межах Таджыкістана больш за 7500 км² (больш за 10% паверхні П.), агульная колькасць ледавікоў каля 7110. Тыпы ледавікоў: каравыя, вісячыя, схілавыя, складаныя далінныя альпійскага і туркестанскага тыпаў. Найб. ледавікі: Федчанкі (даўж. 77 км) і Грум-Гржымайлы (37 км). Рэкі адносяцца пераважна да бас. Амудар’і, якая ў верхнім цячэнні наз. Пяндж. Найб. рэкі: Кызыл-Суу, Кызылсу, Сурхоб, Вахш. Рэкі Усх. П. адносяцца да бас. Яркенда і Кашгара. Яны маюць бурнае цячэнне, ледавікова-снегавое жыўленне, летнія паводкі. Найб. азёры: Каракуль, Рангкуль, Шаркуль, Заркуль, Яшылькуль, Сарэзскае. Глебы халодных высакагорных пустынь П.: саланцаватыя, шэразёмы, такырна-саланчаковыя, шкілетныя на камяністым і пясчаным субстраце; у месцах лепшага ўвільгатнення — бурыя пустынна-стэпавыя. На Усх. П. — участкі камяністай горнай тундры з вечнай мерзлатой, выкапнёвым лёдам, камяністымі многавугольнікамі. На Зах. П. ў далінах расліннасць пустынная палыновая, на выш. 2600—3200 м — дзярнова-злакавыя стэпы з калючымі падушкамі астрагалаў і аканталімонаў. На выш. 3200—3800 м кавыльныя стэпы, якія змяняюцца кабрэзіевымі лугамі. З выш. 4500 м пачынаецца субальпійскі пояс з марозаўстойлівай нізкатраўнай і паўхмызняковай расліннасцю. Па берагах рэк растуць таполі, бярозы, вербы, якія ўтвараюць невял. гаі. На Усх. П. днішчы далін і катлавіны заняты высакагорнай пустыняй з рэдкімі раслінамі падушкападобнай формы. На выш. 3500—4200 м найб. характэрны паўхмызнячок тэраскен (адзіны від расліннага паліва). Ва ўмовах большай вільготнасці развіваюцца рэдкатраўныя высакагорныя стэпы з ціпчаку ўсходняга, кавылю, палыну. Вышэй за 4200 м пераважаюць падушачнікі з вастралодкі, аканталімону, сібальдыі. Каля рэк і ручаёў Усх. П. сустракаюцца кабрэзіевыя і асаковыя лугі, нярэдка саланчакаватыя і купінаватыя. Жывёльны свет П. прадстаўлены горным баранам архарам, даўгахвостым сурком, чырвонай пішчухай; з птушак — тыбецкім уларам, серпадзюбам, тыбецкім крумкачом і жаваранкам, снегавым гімалайскім грыфам, горнай, або інд. гуссю. Вырошчваюць якаў. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля і горнае земляробства. Вырошчваюць ячмень, гарох, на паліўных землях — вінаград, шаўкоўніцу, грэцкі арэх, абрыкосы.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Да арт. Памір. Пік Леніна.

т. 12, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАКО́ВЫЯ (Cyperaceae),

сямейства аднадольных раслін з парадку асакакветных. Каля 90 родаў, больш за 3,5 тыс. відаў. Касмапаліты, пашыраны пераважна ва ўмераным і халодным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 15 родаў (найб. вядомыя асака, балотніца, чарот), 92 віды.

Шмат-, радзей аднагадовыя травяністыя расліны, вельмі рэдкія (у тропіках) дрэвападобныя формы. Сцябло трохграннае або круглаватае. Лісце лінейнае, плоскае ці згорнутае, утварае замкнёную вакол сцябла похву. Кветкі дробныя, двух- або аднаполыя, адзінкавыя ці ў каласках, сабраных у рознага тыпу суквецці. Плод — арэшкападобны, трохгранны ці пляскаты. Асаковыя — асноўныя ўтваральнікі торфу, кармавыя, харч., лек., тэхн. і дэкар. расліны.

Літ.:

Тахтаджян А.Л. Система и филогения цветковых растений. М.; Л., 1966;

Яго ж. Система магнолиофитов. Л., 1987.

А.​М.​Скуратовіч.

т. 2, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДХЫ́ЗСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Марыйскай вобласці Туркменістана, у міжрэччы Тэджэна і Мургаба. Большая ч. на схіле ўзвышша Бадхыз — узгоркавым плато, якое з Пд абмежавана лагчынай Ерайландуз (20 км) з астанцавымі «сопкамі», саланчакамі, салёнымі азёрамі і інш. Засн. ў 1941 для аховы і вывучэння прыродных комплексаў пустыні Каракум і аднаўлення колькасці кулана. Пл. 88 тыс. га.

Расліннасць субтрапічная паўсаванная, разам з фісташнікамі стварае своеасаблівы ландшафт (з больш як 500 відаў вышэйшых раслін 10% эндэмікаў: цюльпан кушкінскі, кузінія бадхызская і інш.). Эфемеры і эфемероіды. У фауне 37 відаў паўзуноў, каля 250 птушак і 40 млекакормячых, у т. л. кулан звычайны, джэйран, ліс, карсак, варан і інш. Выяўлены раней невядомы навуцы від гекона.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСНО́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

магматычныя горныя пароды, адносна бедныя крэменязёмам (44—53% SiO2) і багатыя магніем і кальцыем. Важнейшыя мінералы асноўных горных парод — асноўныя плагіяклазы (лабрадор, бітаўніт, анартыт), піраксены, алівін. Могуць быць інтрузіўныя (габра, нарыты, анартазіты і інш.) і эфузіўныя (базальты і інш.). Пашыраны найб. у літасферы Зямлі, Месяца, Венеры, Марса. Пераважаюць у акіянскай кары Зямлі, на кантынентах больш чым у 5 разоў перавышаюць па аб’ёме іншыя вылітыя магматычныя горныя пароды. Пашыраны ва ўсіх складкавых паясах (Урал, Каўказ і інш.) і кратонах (Еўрапейская, Сібірская і інш. платформы). З кожнай серыяй асноўных горных парод звязаны спецыфічныя карысныя выкапні (руды медзі, нікелю, плаціны, рэдкіх элементаў і гэтак далей). Выкарыстоўваюцца ў многіх галінах буд. індустрыі.

т. 2, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАХА́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Расіі, у Астраханскай вобл., на Прыкаспійскай нізіне. Засн. ў 1919 з мэтай аховы унікальнага прыроднага комплексу дэльты Волгі, месцаў масавых гняздоўяў птушак, лінькі вадаплаўных птушак, нерасцілішчаў і зімавальных ям прамысл. рыб. Пл. больш за 64 тыс. га. Падзяляецца на 3 участкі: Абжораўскі, Дамчыкскі і Трохізбінскі. З 1975 уся тэр. запаведніка належыць да водна-балотных угоддзяў «Дэльта Волгі». Расліннасць інтразанальная, тыповага дэльтавага характару; трапляюцца зараснікі каспійскага лотасу, чыліму, рдзесту, рагозу, трыснягу і інш.; рэліктавыя і эндэмічныя расліны. У фауне мноства птушак, часцей водна-балотных: лебедзь-шыпун, шэрая гусь, лысуха, чырвананосы нырэц, вялікі і малы бугаі, мышалоў, чаплі і інш. У дэльце акліматызаваныя рачны бабёр, андатра і янотападобны сабака; рэдкі эндэмічны від — хахуля.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСЯ́НІКІ (Ephemeroptera),

атрад насякомых падкл. адкрытасківічных. Вядомыя з карбону. Найб. прымітыўныя з крылатых насякомых. Пашыраны ўсюды. У сусв. фауне 17 сям., больш за 2 тыс. відаў. На Беларусі адзначана каля 20 відаў, найб. вядомыя — аўсянік звычайны (Ephemera vulgata), аўсянік дацкі (Ephemera danica) і аўсянік двухкрылы (Cloëon dipterum).

Даўж. ад 1 мм да 6 см. Пярэднія крылы даўжэйшыя за заднія. На канцы брушка 2—3 членістыя ніткападобныя вырасты. У дарослых ротавага апарата няма. Развіццё з няпоўным пераўтварэннем. Ад інш. насякомых адрозніваюцца наяўнасцю 2 крылатых фаз — субімага і імага. Лічынкі развіваюцца ў вадзе 1—4 гады, кормяцца дэтрытам, глеем, водарасцямі. Жывуць ад некалькіх гадзін да 10 сутак. Корм для рыб.

Аўсянік звычайны.

т. 2, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТУ́НІЧЫ,

селішча і курганны могільнік канца 10 — пач. 13 ст. каля в. Аўтунічы Гараднянскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна. У 1987—92 даследавана каля паловы плошчы селішча (больш за 15 тыс. м²) і ўвесь некропаль (64 насыпы). Асн. кірунак гасп. дзейнасці насельніцтва — здабыванне гліны і падрыхтоўка яе да ганчарнай вытв-сці, выраб і абпальванне посуду, лясны промысел, с.-г. работы. Выяўлены рэшткі 662 наземных і паглыбленых у зямлю пабудоў, у т. л. ганчарныя майстэрні, смалакурні, дзягцярні, шмат ганчарных горнаў, кар’еры для здабычы гліны і месцы захоўвання сыравіны. У большасці курганоў пахавальны абрад — трупапалажэнне ў падкурганных ямах, у 11 — на гарызонце, у 9 — кенатафы; інвентар традыцыйны для ўсх. славян: кераміка, скроневыя кольцы, бранзалеты і інш.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯВЫ́Я ДРУЖЫ́НЫ,

узброеныя атрады рабочых, студэнтаў, мяшчан пры арг-цыях бальшавікоў, меншавікоў, эсэраў, Бунда і інш. партый у рэвалюцыю 1905—07 у Расіі. Упершыню з’явіліся як арг-цыі самаабароны ў Пецярбургу пасля Дзевятага студзеня 1905. Дзейнічалі больш як у 300 гарадах і населеных пунктах, налічвалі каля 75 тыс. чал. Мелі свае статуты; дружыннікі вывучалі ваен. справу, тактыку вулічнага бою. У перыяд узбр. выступленняў мелі месца сумесныя дзеянні дружын розных партый. На Беларусі баявыя дружыны існавалі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Бабруйску і інш., патрулявалі вуліцы, ахоўвалі дэманстрацыі, мітынгі і інш.; эсэраўскія баявыя дружыны займаліся арганізацыяй і правядзеннем тэрарыст. актаў. Вопыт арганізацыі і дзейнасці баявых дружын выкарыстаны бальшавікамі ў 1917 пры стварэнні Чырвонай гвардыі.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,

навукова-грамадская арг-цыя па садзейнічанні развіццю на Беларусі геагр. навукі і адукацыі, пашырэнні геагр. ведаў. Створана ў 1954 пры АН БССР на базе геагр. ф-та БДУ як Бел. філіял Геагр. т-ва СССР. З 1962 Геагр. т-ва БССР, з 1993 сучасная назва. Мае аддзяленні фіз. і эканам. геаграфіі, этнаграфіі, геаэкалогіі; камісіі школьнай, мед. і меліярац. геаграфіі, антрапагеннага ландшафтазнаўства і інш. Абласныя аддзелы ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Магілёве. Больш за 600 індывід. членаў (1996). Праводзіць навук. канферэнцыі і геагр. з’езды, кансультацыі, распрацоўвае навук. тэмы, геагр. экспертызу, выдае тэматычныя зборнікі навук. прац і інш. Член Міжнар. геагр. саюзу. Мае бібліятэку геагр. літаратуры.

В.​С.​Аношка.

т. 2, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)