баявы самалёт, прызначаны для паражэння наземных і марскіх аб’ектаў праціўніка бомбамі ці ракетамі. Першыя бамбардзіроўшчыкі створаны напярэдадні 1-й сусв. вайны, у Расіі першы бамбардзіроўшчык — «Ілья Мурамец» (1913). Найб. тыповыя бамбардзіроўшчыкі на пач. 2-й сусв. вайны: сав. Пе-2, ням. Ю-87, англ. «Галіфакс», амер. «Ліберэйтар» і інш. Паводле канструкцыі сучасны бамбардзіроўшчык — суцэльнаметалічны манаплан (часам з крылом зменнай стрэлападобнасці), мае 2—8 рэактыўных рухавікоў. Палётная маса 35—227 т, скорасць больш за 1000 км/гадз, далёкасць палёту без дазапраўкі да 18 тыс.км. Узбраенне: пушкі, да 20 ракет, бомбы да 23 т. Абсталяваны дапаможнымі сістэмамі і прыстасаваннямі для жыццезабеспячэння і выратавання экіпажа ў аварыйных умовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЛЬНЫ СЦЯГ»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі, орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 5.6 да 25.10.1923 у Вільні на бел. мове. З мэтаю канспірацыі і з прычыны цэнзурных забарон выходзіла пад рознымі назвамі: «Наш сцяг» (5.6—12.8), «Падняты сцяг» (16.8), «Сцяг» (19.8), «Сцяг народа» (23.8) і інш. Адстойвала сац. і нац. інтарэсы бел. народа, найперш сялянства, заклікала да еднасці паміж сялянамі і рабочымі, да больш актыўнай работы паслоў-беларусаў у сейме, паведамляла пра забастоўкі, выступала ў абарону паліт. вязняў. Шмат увагі аддавала бел.нац.-вызв. руху. Пісала пра паліт., эканам. і культ. пераўтварэнні ў БССР. Выйшаў 21 нумар. Закрыта польскімі ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСАКАРО́ДНЫ КАРА́Л, чырвоны карал (Corallium rubrum),
кішачнаполасцевая жывёла атр. гарганарыяў, або рагавых каралаў, кл. каралавых паліпаў. Жыве на глыбіні 10—300 м у Міжземным м. і Атлантычным ак. каля Канарскіх а-воў.
Дрэвападобныя калоніі, да 40 см вышынёй, прырастаюць да скалістага грунту. Звонку ўкрыты мяккай карой розных адценняў чырвонага колеру — ад слаба-ружовага да цёмна-чырв., амаль чорнага. Восевы шкілет утвараецца ў выніку зліцця вапняковых спікул. На фоне галін калоніі вылучаюцца снежна-белыя паліпы, венчык з 8 перыстых шчупальцаў, пры дапамозе якіх высакародны карал корміцца рачкамі і іх лічынкамі. Пераважна раздзельнаполыя, бываюць гермафрадыты. Аб’ект промыслу, са шкілета вырабляюць упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ГЕН Мікалай Аляксандравіч (24.3.1895, в. Лахта, цяпер у межах Санкт-Пецярбурга — 20.5.1969),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-лейт. (1943). Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу (1929). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У ліп. 1941 153-я стралк. дывізія пад яго камандаваннем утрымлівала абарону на падыходзе да Віцебска (гл.Віцебска абарона 1941), з 22 ліп.давер. 1941 знішчыла каля 200 танкаў, 56 гармат, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. За стойкасць у гэтых баях і ў Смаленскай бітве дывізія адна з першых удастоена наймення «гвардзейскай». Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАКАМПРЭ́САРНАЯ СТА́НЦЫЯ,
станцыя павышэння ціску прыроднага газу пры яго здабычы, транспарціроўцы, захоўванні і перапрацоўцы. Бываюць: галаўныя, або даціскальныя (павышаюць ціск газу, што паступае з радовішча, у 1,2—10 разоў, магутнасць да 100 МВт і болей), лінейныя магістральных газаправодаў (будуюцца праз 100—150 км, ступень сціскання 1,6—2,5, магутнасць да 200 МВт), станцыі для падземных газасховішчаў (магутнасць да 50 МВт) і для зваротнага запампоўвання газу ў пласт (на газакандэнсатных радовішчах). Абсталяванне: кампрэсарныя ўстаноўкі (цэнтрабежныя нагнятальнікі з прыводам ад газавай турбіны або электрарухавіка і газамотакампрэсары), устаноўкі для ачысткі, асушкі і ахаладжэння газу і інш. Аўтаматызаванымі газакампрэсарнымі станцыямі кіруюць з цэнтр. дыспетчарскага пункта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ЎНАЯ КАРДЫЛЬЕ́РА А́НДАЎ (Cordillera Principal; Cordillera de los Andes),
назва водападзельнага хрыбта Чылійска-Аргенцінскіх Андаў паміж 31° і 39°паўд. шыраты. Выш. на Пнда 6960 м (г. Аканкагуа), на Пд ад 35°паўд. ш.да 4000 м. Складзена з мезазойскіх асадкавых і вулканічных парод. Шмат дзеючых вулканаў. Частыя землетрасенні. Увільгатненне хрыбтоў у цэлым павялічваецца з Пн на Пд. На Пн схілы ўкрыты ксерафітнымі хмызнякамі, у цэнтр. частцы — цвердалістымі лясамі, на Пд — вільготнымі вечназялёнымі лясамі (гемігілеямі), якія пераходзяць на ўсх. схілы. Часам Галоўнай Кардыльерай Андаў называюць усю Заходнюю Кардыльеру Андаў, а таксама адрэзак паміж 20°30′ і 23°паўд. ш. (да вулкана Ліканкабур у Цэнтр. Андах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная вотчына князёў Гальшанскіх у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. Цэнтр — Гальшаны. Займала першапачаткова тэр. міжрэчча Віліі і Нёмана, у 15 ст. распасціралася з Пн на Пд ад Вількаміра (цяпер г. Укмерге, Літва) і Паставаў да Глуска і Турава, з У на З ад Мінска да Мастоў. Упершыню ўпамінаецца ў крыніцах каля 1280, калі Гольша «замак сталічны княства свайго заснаваў на рэчцы Карабель». Князі Гальшанскія доўгі час займалі высокія пасады ў ВКЛ, у 1440 і 1492 у Гальшанах адбыліся нарады для выбараў кандыдатаў на велікакняжацкі прастол. У сярэдзіне 16 ст. большасць радавых уладанняў Гальшанскіх перайшла да Сапегаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖЫ́НСКАЯ ГАРА́ (да 1958 Святая гара),
найвышэйшы пункт Мінскага ўзвышша і Беларусі. Знаходзіцца каля в. Скірмантава, за 20 км на Пн ад г. Дзяржынск, за 30 км на ПдЗ ад г. Мінск. Выш. 345 м над узр. м. Над рэкамі, вытокі якіх пачынаюцца каля падэшвы гары (Пціч, Іслач, Сула, Уса), узвышаецца на 40—50 м. Складзена з марэны сожскага зледзянення, укрыта лёсападобнымі пародамі (суглінкамі і супескамі), сфарміраванымі ў час паазерскага зледзянення. Мае выгляд буйнога спадзіставыпуклага падняцця. Схілы на ПдЗ стромкасцю да 5°, на Пн і У — да 2°, разараныя, толькі 15% тэрыторыі на ПнЗ пад маладым лесам. На разараных участках плоскасны змыў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́ЎСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,
аб’ядноўвае шматлікія ізаляваныя радовішчы на тэр. Днепрапятроўскай, Запарожскай, Жытомірскай, Вінніцкай, Кіеўскай, Чаркаскай, Кіраваградскай абл. Украіны. Пл. каля 150 тыс.км²; распасціраецца пераважна па правабярэжжы р. Дняпро на 680 км пры шыр.да 150 км. Вугляноснасць басейна звязана з палеагенавымі адкладамі, якія залягаюць на крышт. пародах Украінскага масіву. Разведаныя запасы вугалю 2,4 млрд.т.
Наяўнасць вуглёў вядома з 16 ст. Інтэнсіўнае асваенне з 1946. Магутнасць вугляноснай тоўшчы да 55 м, глыб. залягання ад 5 да 160 м. Вуглі бурыя, тэхн. групы Б1. Цеплыня згарання на рабочае паліва 9,2 МДж/кг. Здабыча вядзецца разрэзамі і шахтамі. Цэнтр — г. Александрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАПЕ́ЖНЫЯ ГРЫБЫ́,
мікраскапічныя сапратрофныя грыбы, здольныя ўтвараць на грыбніцы лоўчыя прыстасаванні, каб захопліваць здабычу — нематод, інфузорый, амёб і інш. Пашыраны па ўсім зямным шары. Трапляюцца пераважна ў глебе, на раслінных рэштках, экскрэментах жывёл, каранях раслін і г.д. Большасць Д.г. адносіцца дагіфаміцэтальных, некат. да перанаспаральных, хітрыдыяміцэтаў. Выкарыстоўваюцца для біял. барацьбы з нематодамі.
Міцэлій галінасты, на ім развіваюцца пасткі 3 тыпаў: клейкія (бакавыя вырасты гіфаў, шарападобныя галоўкі, сеткі), кольцы без клейкага рэчыва (дзейнічаюць механічна, ахвяра захрасае ў іх), кольцы з унутранай адчувальнай да дотыку паверхняй (сціскаюць ахвяру). У пастцы з дапамогай ферментаў раствараецца абалонка здабычы, грыбы прапускаюць у яе цела свае парасткі, якія паступова ператвараюцца ў развіты міцэлій.