АБІЯГЕНЕ́З (ад а... + біягенез),

утварэнне арган. злучэнняў, пашыраных у жывой прыродзе, па-за арганізмам і без удзелу ферментаў. У шырокім сэнсе абіягенез — узнікненне жывога з нежывога, зыходная гіпотэза сучаснай тэорыі паходжання жыцця на Зямлі абіягенным шляхам (належыць А.​І.​Апарыну і Дж.​Холдэйну). Магчымасць абіягенезу ўпершыню даказана ў 19 ст. штучным сінтэзам мачавіны. У сярэдзіне 20 ст. эксперыментальна ажыццёўлены абіягенны сінтэз бялковападобных і інш. арган. рэчываў ва ўмовах, якія ўзнаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Біягенез.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРАМА́ДЖВАННЕ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

зліццё раздробненых вытв. працэсаў у розных галінах эканомікі ва ўсё больш паглыблены вытв. грамадскі працэс. Абумоўлена грамадскім падзелам працы, выкарыстаннем сродкаў вытв-сці, якія патрабуюць калектыўнай дзейнасці, вядзе да канцэнтрацыі і цэнтралізацыі капіталу, паглыблення спецыялізацыі вытворчасці, кааперавання вытворчасці, міжнар. інтэграцыі эканамічнай.

Аналізуючы працэс аграмаджвання вытв-сці і працы, К.​Маркс зрабіў выснову аб асн. супярэчнасці капіталізму — паміж грамадскім характарам працы і прыватнай формай прысваення яе вынікаў. Гэта супярэчнасць, на яго думку, з’яўляецца рухаючай сілай развіцця капіталізму.

т. 1, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́ПА Марк Віпсаній (Marcus Vipsanius Agrippa; каля 63, Далмацыя — 12 да н.э.),

рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч, паплечнік Аўгуста. Консул у 37, 28 і 27. Атрымаў перамогі каля Перузіі ў 40 да н.э., у марскіх бітвах каля Мілаў у 36 над Секстам Пампеем, каля мыса Акцый 2.9.31 над Клеапатрай і Антоніем. Фінансаваў буд-ва ў Рыме Пантэона, водаправода, тэрмаў і інш. Пад яго кіраўніцтвам праведзена геад. здымка ўсёй Рым. імперыі, на аснове якой складзена карта свету.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУ́ЦІ, гарбатыя зайцы (Dasyprocta),

род млекакормячых атр. грызуноў. 20 відаў. Жывуць каля рэк у трапічных лясах і сухіх саваннах Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, в-ва Трынідад і М.​Антыльскіх а-воў на выш. да 2 км.

Даўж. цела 41—62 см, хваста 1—3,5 см, маса 1,3—4 кг. Афарбоўка ад ярка-залацістай (D. aguti) да цёмна-шэрай (D. fuliginosa). На доўгіх задніх нагах 3 пальцы. Добра плаваюць. Кормяцца лісцем, пладамі, арэхамі. Шкодзяць плантацыі цукр. трыснягу. Аб’ект палявання.

Агуці.

т. 1, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЖНО́Ў Іван Панцялеевіч (н. 12.1.1928, в. Георгіеўка Курдайскага р-на Джамбульскай вобл., Казахстан),

бел. вучоны ў галіне рэнтгеналогіі і радыялогіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1974). Скончыў Кіргізскі мед. ін-т (1949). З 1966 у НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі Мін-ва аховы здароўя Беларусі, з 1972 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па дыягностыцы злаякасных пухлін. Распрацаваў спосаб аўтарадыяграфіі пры раку страўніка і стрававода.

Тв.:

Радиоизотопная диагностика рака желудочно-кишечного тракта. Мн., 1973.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РМАН Іван Андрэевіч (1830-я г., Вільня — 16.1.1893),

бел. этнограф і краязнавец. Член Рус. геагр. т-ва. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1857). Служыў святаром у Ашмянскім і Кобрынскім пав. З 1868 адначасова выкладаў у Марыінскім вышэйшым жаночым вучылішчы і інш. навуч. установах Вільні. Вывучаў бел. нар. абрады, прыкметы, вераванні, забабоны. Найб. каштоўныя яго працы пра нар. каляндар і метэаралогію беларусаў («Каляндар паводле народных паданняў у Валожынскім прыходзе Віленскай губерні Ашмянскага павета», 1874).

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

т. 3, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЛІРУБІ́Н,

прадукт распаду гемаглабіну; адзін з пігментаў жоўці; C33H36O6N4. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Мае чырвона-буры колер у растворы, карычневы — у крышталях. Утвараецца найб. у печані, адтуль з жоўцю выводзіцца ў кішэчнік, дзе асн. маса білірубіну ператвараецца ў мезабілірубін, а потым ва урабілінаген. У тонкім кішэчніку невял. колькасць білірубіну ўсмоктваецца ў кроў і зноў трапляе ў печань. Пры атручэнні, парушэнні функцыі печані (закупорцы жоўцевых пратокаў) колькасць білірубіну ў крыві павялічваецца, што выклікае жаўтуху. Змяненне білірубіну ў крыві — дыягнастычны паказчык.

т. 3, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫ О́ПТЫМУМ,

1) спрыяльныя ўмовы, у якіх від мае найб. жыццяздольнасць (рост, развіццё, размнажэнне). Адрозніваюць тэмпературныя, кіслародныя, светлавыя і інш. зоны біялагічнага оптымуму. Віды пры біялагічным оптымуме маюць выйгрыш пры міжвідавых адносінах і ў прыстасаванні да абіятычных фактараў.

2) Умовы, у якіх дадзенае згуртаванне мае перавагу перад іншымі.

3) Дынамічна-балансавае спалучэнне экалагічных фактараў, што забяспечвае ва ўмовах іх натуральных цыклічных ваганняў прыродную раўнавагу ў клімаксавай экасістэме або накіроўвае працэс у бок утварэння клімаксу. Гл. таксама Экалагічны песімум.

т. 3, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАН (Blanc) Жан Жазеф Луі (29.10.1811, Мадрыд — 6.12.1882),

французскі сацыяліст-утапіст, гісторык, журналіст. У сваіх поглядах абапіраўся на ідэі Сен-Сімона і Ш.​Фур’е. У кн. «Арганізацыя працы» (1839) выклаў план сац. пераўтварэння грамадства. Пасля лют. рэвалюцыі 1848 увайшоў у часовы ўрад. Быў абвінавачаны ва ўдзеле ў Чэрвеньскім паўстанні 1848, да 1870 у эміграцыі. З 1871 чл. Нац. сходу. У час Парыжскай камуны (1871) на баку Версаля. Аўтар прац «Гісторыя дзесяці гадоў» (1841—44), «Гісторыя рэвалюцыі 1848» (1870).

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РЫС Аляксандр Іванавіч (н. 1.2.1924, г. Валожын Мінскай вобл.),

бел. хірург. Д-р мед. н. (1973). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955). З 1961 працаваў у ім. З 1976 гал. хірург у г. Магілёў, з 1978 ва Упраўленні Бел. чыгункі, з 1991 у рэдакцыі час. «Здравоохранение Беларуси». Навук. працы па хім. апёках стрававода і страўніка, іх лячэнні ў вострым перыядзе, гісторыі развіцця медыцыны.

Тв.:

Химические ожоги пищеварительного тракта: Патогенез, клиника, лечение. Мн., 1975;

Берегитесь гнойной инфекции. Мн., 1980.

т. 3, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)