ПАВЕ́РАНЫ, давераны,

асоба, якая афіцыйна ўпаўнаважана дзейнічаць ад чыйго-н. імя; у цывільным праве — адзін з дагаворных бакоў у дагаворы даручэння. У абавязкі П. ўваходзіць ажыццяўленне ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўных юрыд. дзеянняў (напр., купля-продаж, кіраванне маёмасцю). П. можа быць дзеяздольны грамадзянін або юрыд. асоба. Дзеянні, што выконвае П., спараджаюць, змяняюць або спыняюць правы і абавязкі непасрэдна для даверніка.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць прававых норм, якія рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з выкарыстаннем паветр. прасторы і дзейнасцю авіяцыі на тэр. краіны. Уключае нормы нац. (унутрыдзяржаўнага) і міжнар. права. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне П.п. заснавана на Канстытуцыі, Паветраным кодэксе Рэспублікі Беларусь ад 11.1.1999, інш. законах, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта, правілах выкарыстання паветр. прасторы, авіяц. правілах і інш. нарматыўна-прававых актах і міжнар. дагаворах.

т. 11, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕТРАПАДАГРАВА́ЛЬНІК,

цеплаабменны апарат для награвання паветра, якое праходзіць праз яго. Выкарыстоўваецца ў сістэмах паветранага ацяплення, прыточнай вентыляцыі, кандыцыяніравання паветра, у кацельных устаноўках цеплавых электрастанцый, у прамысл. пячных агрэгатах і інш. У П. для ацяплення і вентыляцыі паветра падаграваецца з дапамогай каларыфераў гарачай вадой ці парай (найб. пашырана), а таксама гарачым газам і эл. токам. П., што выкарыстоўваюцца ў прам-сці, падзяляюцца на рэгенератары і рэкуператары.

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГЛЫНА́ЛЬНАЯ ЗДО́ЛЬНАСЦЬ цела, паглынання каэфіцыент,

адносіны патоку выпрамянення, што паглынаецца целам, да патоку, які падае на яго паверхню. Залежыць ад частаты выпрамянення, прыроды рэчыва, формы і т-ры цела. Калі П.з. цела ў некаторым дыяпазоне частот і т-р роўная 1, то цела лічыцца абсалютна чорным. П.з. уваходзіць у Кірхгофа закон Выпрамянення і характарызуе адхіленне паглынальных уласцівасцей дадзенага цела ад уласцівасцей абсалютна чорнага цела.

т. 11, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́ТЫКА (Яўсей Піліпавіч) (? — 19.12.1820),

бел. і рускі артыст балета. У 1780—90-я г. прыгонны танцоўшчык Шклоўскага тэатра Зорыча. У 1800, пасля смерці С.​Г.​Зорыча, у ліку 14 шклоўскіх танцоўшчыкаў пераведзены ў С.-Пецярбург і залічаны ў балетную трупу Дырэкцыі імператарскіх т-раў, дзе працаваў да 1817. Вядома, што ён выконваў ролю дэпутата ў балеце «Перамога Расіі, або Рускія ў Парыжы» (балетмайстар І.​Вальберх).

т. 11, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯРЫСКО́П,

аптычная прылада для вызначэння ступені палярызацыі святла на аснове інтэрферэнцыі палярызаваных прамянёў.

Тыповы П. — П. Савара, які складаецца з 2 склееных пласцінак крышталічнага кварцу і аналізатара. Пласцінкі маюць аднолькавую таўшчыню і выразаны так, што іх аптычныя восі складаюць вугал 45° з воссю П. Пры падзенні часткова палярызаванага святла ў полі зроку прылады назіраюцца інтэрферэнцыйныя палосы. У выпадку поўнасцю непалярызаванага святла палосы адсутнічаюць пры любой арыентацыі прылады.

т. 12, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМЕРЫКА́НСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

рэгіянальныя транскантынентальныя комплексныя спарт. спаборніцтвы. Арганізаваны пад эгідай Арганізацыі амер. дзяржаў, праводзяцца пад патранажам Міжнар. алімп. камітэта раз у 4 гады (у год напярэдадні Алімп. гульняў) пад кіраўніцтвам нац. спарт. федэрацый краіны-арганізатара гульняў. Першыя П.г. адбыліся ў 1951 у Буэнас-Айрэсе па 19 відах спорту. У праграму П.г. уключаецца большасць відаў спорту, што ўваходзяць у праграму Алімпійскіх гульняў.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФІНАЛЯЧЭ́ННЕ, парафінатэрапія,

выкарыстанне парафіну ў лек. мэтах; від фізіятэрапіі.

У П. выкарыстоўваюць абязводжаны белы мед. парафін (нагрэты ці расплаўлены), які аддае цяпло арганізму чалавека, што спрыяе паляпшэнню кровазвароту, рассысанню хранічных ачагоў запалення, узмацняе абмен рэчываў і інш. Робяць П. метадамі наслойвання, мясц. парафінавых ваннаў, сурвэткава-аплікацыйным. Спалучаецца з медыкаментозным лячэннем, ЛФК і інш. Эфектыўна таксама пры траўматычных пашкоджаннях суставаў, у гінекалогіі, отарыналарынгалогіі, хірургіі, уралогіі, касметалогіі і інш.

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАСФЕ́РА (ад грэч. pedon глеба + сфера),

1) зона ўзаемнага пранікнення атмасферы, гідрасферы, літасферы і біясферы. Фарміруецца і залежыць ад стану асяроддзя гэтых састаўляючых геасферы, таму аказваецца найб. уразлівай пры парушэнні любой з іх.

2) Частка біясферы — глеба і слаі, што ляжаць пад ёй (падглеба з карой выветрывання) — як асяроддзе пражывання жывых арганізмаў (педабіёнтаў); слой Зямлі, у якім адбываюцца глебаўтваральныя працэсы.

3) Глебавае покрыва Зямлі.

т. 12, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРПЕНДЫКУЛЯ́РНАСЦЬ,

узаемнае размяшчэнне 2 прамых, плоскасцей ці прамой і плоскасці, пры якім гэтыя фігуры ўтвараюць прамы вугал. 2 прамыя наз. ўзаемна перпендыкулярнымі, калі яны ўтвараюць прамы вугал (у прасторы такія прамыя не абавязкова перасякаюцца). Прамая і плоскасць наз. ўзаемна перпендыкулярнымі, калі дадзеная прамая перпендыкулярная да кожнай прамой, што знаходзіцца на плоскасці. 2 плоскасці наз. ўзаемна перпендыкулярнымі, калі пры перасячэнні яны ўтвараюць прамы двухгранны вугал. Гл. таксама Артаганальнасць.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)