КАРДЫНА́Л (ад лац. cardinalis галоўны),
у царкоўнай іерархіі каталіцкай царквы 2-і пасля папы рымскага чын. Бліжэйшыя саветнікі і памочнікі папы па кіраўніцтве царквой, маюць сан епіскапа. Назначаюцца са згоды кансісторыі — сходу кардынальскай калегіі. На канклаве з К. выбіраецца папа рымскі.
т. 8, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́СЦІНКА,
рака ў Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Убарць (бас. р. Прыпяць). Даўж. 33,8 км. Пачынаецца за 2 км на Пд ад в. Дуброва. Цячэ па лясістай забалочанай мясцовасці. Рэчышча на працягу 21 км да вусця каналізаванае.
т. 8, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТАКА, Катак,
горад на У Індыі, каля дэльты р. Маханады, у штаце Арыса. 486 тыс. ж. (1991). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Рачны порт. Гандл.-прамысл. цэнтр с.-г. раёна. Тэкст. і харч. прадпрыемствы. Мастацкая разьба па косці, рогу, серабры. Ун-т.
т. 8, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЙШЧА́НКА,
рака ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Вілія. Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 58 км². Пачынаецца на ПдЗ ад в. Ціхонавічы. Цячэ па паўн. схілах Мінскага ўзв. Каналізавана на працягу каля 2 км. На рацэ створана сажалка.
т. 8, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБЫ́ШКА,
кладка яец саранчовых, акружаная застылымі пеннымі выдзяленнямі прыдатачных залоз палавых шляхоў і інкруставаная часцінкамі глебы. Мае форму поласці, якую самка выкопвае яйцакладам у глебе. Форма К. і суадносіны яе асобных ч. відаспецыфічныя (па К. вызначаюць, якімі відамі саранчовых заселены ўчастак).
т. 8, с. 554
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЗ,
у беларусаў сплаўное пласкадоннае судна для транспарціроўкі лесаматэрыялаў па Дняпры. Выкарыстоўваўся ў 19 ст. на адзін рэйс у час веснавой паводкі, сплаўляўся нават праз парогі. Грузападымальнасць 8—40 т, найб. памеры: даўж. да 60 м, шыр. да 14 м.
т. 9, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУЭ́Л, Манвел,
армянскі архітэктар 10 ст. Прыдворны дойлід цара Гагіка Арцруні. Стваральнік комплексу збудаванняў на в-ве Ахтамар (цяпер тэр. Турцыі) — палаца, прыстані, абарончых умацаванняў (не захаваліся) і арм. царквы св. Крыжа (915—921), аздобленай фрэскамі і разьбой па камені.
т. 10, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,
другое сярэднеплейстацэнавае зледзяненне на тэр. еўрапейскай ч. Расіі. Адбывалася ўслед за дняпроўскім зледзяненнем. На тэр. зах. і сярэдняй Еўропы адпавядае стадыі заальскага зледзянення, на тэр. Беларусі — сожскаму зледзяненню (па іншых меркаваннях — сожскай стадыі дняпроўскага зледзянення).
А.Ф.Санько.
т. 10, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАРЭЛЬЕ́Ф [ад мез(а)... + рэльеф],
форма рэльефу, сярэдняя па памерах паміж формамі макрарэльефу і мікрарэльефу з амплітудамі вышынь, якія не перавышаюць звычайна некалькіх дзесяткаў метраў (невял. грады, камы, озы, лагчыны, дзюны, гразевыя вулканы і інш.). Створаны пераважна экзагеннымі працэсамі (акумуляцыя, эрозія, дэфляцыя і інш.).
т. 10, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬКА́́РТ (фінікійскае, літар. цар горада),
у заходнесеміцкай міфалогіі вярх. бог г. Тыр. Шанаваўся ў Фінікіі і па-за яе межамі, у т. л. ў Карфагене, як апякун мараплаўства і «правадыр» фінікійскай каланізацыі. Атаясамліваўся з Гераклам. Культ М. суправаджаўся чалавечымі ахвярапрынашэннямі.
т. 10, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)