ПРО́ХАРАЎ (Георгій Міхайлавіч) (29.4.1934, с. Ківерычы Рамешкаўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 12.4.1997),

бел. вучоны ў галіне хіміі нафты і торфу. Д хім. н. (1991). Скончыў Ленінградскую лесатэхн. акадэмію (1959). З 1975 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі (у 1988—94 заг. лабараторыі). Навук. працы па хім. тэхналогіі гаручых выкапняў, даследаванні хім. саставу і выкарыстанні тарфянога воску. Распрацаваў новыя спосабы вылучэння бітумаў з торфу і бурага вугалю, спосаб атрымання канцэнтратаў нафтавых меркаптанаў.

Тв.:

Эмульгирующиеся составы, содержащие торфяной воск (разам з Н.​І.​Лыч, Г.​І.​Крот) // Новые процессы и продукты переработки торфа. Мн. 1982;

Эфирные битумы торфа (разам з В.​С.​Голубевай, А.​В.​Гусінцавай) // Химия твердого топлива. 1988. №1.

т. 13, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЎЦО́Ў (Мікалай Мікалаевіч) (н. 18.5.1947, в. Старая Каменка Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне оптыкі і прыкладной матэм. фізікі. Д фіз.-матэм. н. (1995), праф. (2000). Скончыў БДУ (1970). З 1979 у БПА. Навук. працы па тэорыі пераносу выпрамянення, скарыстанні ўласцівасцей і прынцыпаў інварыянтнасці пры рашэнні задач матэм. фізікі. Сфармуляваў прынцып інварыянтнасці як абагульненне асн. аспектаў тэарэтыка-групавога падыходу, на аснове чаго атрымаў рашэнні мнагамерных задач тэорыі пераносу, бесканечных лінейных сістэм алг. і Дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.

Тв.:

Восстановление внутреннего распределения поля излучения по его характеристикам на границах рассеивающей среды // Изв. АН СССР. Физика атмосферы и океана. 1980. Т. 16, №3;

Свойства и принципы инвариантности: Приложение к решению задач мат. физики. Ч. 1. Мн., 1999.

т. 13, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКІ (Васіль Піліпавіч) (15.2.1918. в. Кашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.1.1992),

бел. гісторык, д гіст. н. (1974). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1941). З 1946 на парт. і сав. рабоце, у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1971 заг. сектара Аддзела навук. інфармацыі па грамадскіх навуках АН БССР. Даследаваў акупац. рэжым і партыз. рух на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Аўтар прац «Супраць фальсіфікацыі гісторыі савецкага партызанскага руху» (1962), «Саўдзельнікі ў злачынствах» (1964), «Праўда гісторыі супраць фальсіфікатараў» (1985) і інш. Адзін з аўтараў кн. «Пра партыйнае падполле ў Мінску ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (1961), «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85) і інш.).

М.​М.​Смальянінаў.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РА́ТАМКА»,

коннаспартыўны комплекс; рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі. Размешчаны ў пас. Ратамка Мінскага р-на. Аб’ядноўвае Мінскі конны з-д імя Даватара і Рэсп. дзіцяча-юнацкую школу алімп. рэзерву па конным спорце (з 1960). Гал. цэнтр падрыхтоўкі бел. нац. зборных каманд па конным спорце (выездка, канкур, трохбор’е і інш.). Праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы па конным спорце і сучасным пяцібор’і.

Комплекс уключае крыты коннаспарт. манеж (64 × 24 м) з трыбунамі на 150 месцаў, 2 трэніровачныя крытыя коннаспарт. манежы і выездкавы манеж, З адкрытыя манежы, канкурнае поле (140 × 100 м) з трыбунамі на 3 тыс. месцаў, 4 трэніровачныя канкурныя палі, трасу палявых выпрабаванняў па трохбор’і, трэніровачны скакавы круг, гасцінічны комплекс, прафілакторый, базу коннага пракату.

Г.​П.​Баярына.

т. 13, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЭ́ТНІКАЎ (Сяргей Васілевіч) (н. 22.7.1949, Гродна),

бел. палітолаг. Д паліт. н. (1996), праф. (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1972). З 1982 у БДУ (з 1993 заг. кафедры, у 1995—96 прарэктар). З 2000 дырэктар Ін-та дзярж. кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па метадалогіі і метадах паліталогіі, аналізе паліт. працэсаў, публічнай палітыкі, дзярж. кіравання.

Тв.:

Политология в Республике Беларусь: Теоретико-методол. и прикладные аспекты. Мн., 1999;

Системный подход как методология анализа публичной политики. Мн., 2000 (разам з Н.​А.​Антановіч);

Государственная политика и управление в Республике Беларусь. Мн., 2001 (з ёй жа);

Методология и методы анализа государственной политики и управления. Мн., 2001 (разам з Н.​А.​Антановіч, Б.​Я.​Мігасам).

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДА́К (Эдуард Аркадзевіч) (н. 18.3.1936, г. Віцебск),

бел. фізік. Д. фіз.-матэм. н. (1986). Сын А.​Дз.​Рудака. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1972 заг. лабараторыі). Навук. працы па ядз. спектраскапіі, вывучэнні структуры атамных ядраў і ядз. рэакцый пры нізкіх і сярэдніх энергіях, радыеэкалогіі, у т. л. па праблемах катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Прапанаваў квантавамех. трактоўку механізму працякання ядз. рэакцый з утварэннем састаўнога ядра.

Тв.:

Спектры γ-лучей из реакции (n,γ) на изотопах ​50Cr, ​52Cr и ​53Cr (разам з Я.​І.​Фірсавым) // Ядерная физика. 1965. Т. 1, вып. 2;

Экспрессный метод оценки массы и активности нуклидов в активной зоне РБМК (разам з П.А.​М.​Напалеау) // Атомная энергия. 1998. Т. 85, вып. 3.

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў-МУЗЕ́Й ЛІТАРАТУ́РЫ І МАСТА́ЦТВА (БДАМЛіМ),

навукова-даследчая ўстанова, якая займаецца зборам, аховай, вывучэннем і навук. выкарыстаннем дакумент. помнікаў л-ры і мастацтва. Створаны ў чэрв. 1960 у Мінску, з 1976 архіў-музей. Мае (1995) 400 фондаў (75 тыс. спраў): 348 асабістых фондаў, 9 калекцый і 43 фонды ўстаноў.

Аддзелы: забеспячэння захаванасці дакументаў; ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў; навук. апісання дакументаў асабістага паходжання; інфарм.-пошукавых сістэм; інфармацыі, публікацыі і навук. выкарыстання дакументаў.

Сярод фондаў — асабістыя фонды пісьменнікаў А.​Адамовіча, З.​Астапенкі, М.​Багдановіча, С.​Баранавых, І.​Барашкі, Я.​Брыля, К.​Буйло, В.​Быкава. Л.​Бэндэ, М.​Васілька, З.​Верас, П.​Галавача, Ц.​Гартнага, С.​Грахоўскага, А.​Гурыновіча, У.​Дубоўкі, Я.​Дылы, А.​Жаўрука, Х.​Жычкі, Я.​Журбы, У.​Калесніка, У.​Караткевіча, Я.​Коласа, Я.​Купалы, Е.​Лось, М.​Лужаніна, М.​Лынькова, Я.​Маўра, М.​Машары, І.​Мележа, Б.​Мікуліча, А.​Пальчэўскага, П.​Пестрака, Я.​Пушчы, А.​Пысіна, А.​Русака, Я.​Семяжона, Я.​Скрыгана, М.​Сурначова, М.​Сяднёва, М.​Танка, А.​Ушакова, М.​Хведаровіча, К.​Чорнага, І.​Шамякіна, С.​Шушкевіча, С.​Яновіча і інш.; акцёраў і рэжысёраў Г.​Абуховіч, Л.​Александроўскай, Дз.​Арлова, І.​Балоціна, Т.​Бандарчык, С.​Бірылы, Я.​Віцінга, В.​Галіны, Г.​Грыгоніса, У.​Дзядзюшкі, С.​Друкер, І.​Ждановіч і Б.​Платонава, М.​Забэйды-Суміцкага, М.​Зюванава, З.​Канапелькі, Р.​Кашэльнікавай, А.​Клімавай, П.​Малчанава, Е.​Міровіча, Р.​Млодак, В.​Пола, Л.​Рахленкі, Л.​Ржэцкай, К. і А.​Саннікавых, С.​Станюты, А.​Труса, У.​Уладамірскага; кампазітараў Л.​Абеліёвіча, С.​Аксакава, М.​Аладава, А.​Багатырова, Г.​Вагнера, І.​Гітгарца, Я.​Глебава, В.​Залатарова, А.​Клумава, І.​Любана, Р.​Пукста, Ю.​Семянякі, Я.​Цікоцкага, М.​Чуркіна; мастакоў і скульптараў А.​Астаповіча, І.​Ахрэмчыка, М.​Блішча, В.​Волкава, П.​Гаўрыленкі, С.​Геруса, І.​Глебава, М.​Дучыца, К.​Завішы, Я.​Зайцава, А.​Кашкурэвіча, Я.​Красоўскага, У.​Кудрэвіча, Б.​Малкіна, А.​Марыкса, Л.​Рана, С.​Селіханава, М.​Тарасікава, А.​Тычыны, А.​Шаўчэнкі і інш. Захоўваюцца фонды саюзаў пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, журналістаў, тэатр. дзеячаў Беларусі; Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, Нац. т-ра імя Я.​Купалы, Бел. т-ра імя Я.​Коласа, Бел. дзярж. філармоніі; кінастудыі «Беларусьфільм»; аб’яднання «Маладняк»; выд-ваў «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», рэдакцый час. «Полымя», «Нёман», «Маладосць», «Беларусь», газ. «Літаратура і мастацтва». У архіве зберагаецца калекцыя дакументаў аддзела рукапісаў Бел. музея імя І.​Луцкевіча ў Вільні, якая змяшчае матэрыялы Бел. т-ва па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, Бел. к-та ў Магілёве, Бел. сацыяліст. грамады, Бел. сялянска-рабочай грамады, Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. с.-д. партыі; дакументы БНР, Мін-ва бел. спраў пры Літ. урадзе, Цэнтр. бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, Бел. вайсковай камісіі; матэрыялы бел. культ.-асв. арг-цый, выд-ваў, часопісаў, газет, у т. л. рэдакцыі газ. «Наша ніва»; асабістыя дакументы Л.​Я.​Дубейкаўскага, К.​С.​Дуж-Душэўскага, П.​Я.​Жаўрыда, В.​Ю.​Ластоўскага, І.І. і А.​І.​Луцкевічаў, А.​А.​Смоліча, Б.​А.​Тарашкевіча, А.​І.​Цвікевіча, Цёткі і інш. У б-цы архіва (25 тыс. экз.) захоўваюцца першыя выданні твораў М.​Багдановіча, Цёткі, Я.​Купалы, Я.​Коласа, газ. «Наша ніва», «Наша доля», час. «Маладняк», «Узвышша» і інш.

Г.​В.​Запартыка.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТАМІНАЛО́ГІЯ (ад вітаміны + ...логія),

навука пра вітаміны; раздзел біяхіміі. Адрозніваюць вітаміналогію эксперыментальную (даследуе дзеянне пэўных вітамінаў і іх вытворных, міжвітамінныя ўзаемаадносіны, мадэлюе паталогіі, што ўзнікаюць пры недахопе вітамінаў) і клінічную (вывучае выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў).

Адкрыццё вітамінаў звязана з імем рус. ўрача М.​І.​Луніна, які ў 1880 заўважыў наяўнасць у ежы незаменных кампанентаў, што адрозніваліся хім. прыродай ад вядомых бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мінер. рэчываў. Назву яны атрымалі ў 1911 (польскі біяхімік К.​Функ). Першы вітамін, хім. будова якога была адкрыта, — тыямін (А.​Віндаўс, 1932, Р.​Уільямс, І.​Клайн, 1936). У Расіі далейшае развіццё вітаміналогіі звязана з працамі А.​У.​Паладзіна, Б.​А.​Лаўрова і інш. На Беларусі даследаванні (пачаліся ў 1930-я г.) былі засяроджаны на вывучэнні ролі вітамінаў у харчаванні чалавека і кармленні жывёл (А.​Поляк, Л.​М.​Форштэр), пошуку новых вітамінаў (Л.​П.​Розанаў), біяхім. механізмаў дзеяння вітамінаў, іх удзелу ў абменных працэсах (С.​Д.​Пеўзнер, Я.​І.​Бляхер, В.​А.​Лявонаў, М.​Ф.​Меражынскі, Ю.​М.​Астроўскі і інш.). Н.-д. работы па вітаміналогіі вядуцца ў мед. ін-тах, ін-тах АН Беларусі — біяхіміі, радыебіялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.

Літ.:

Экспериментальная витаминология: (справ. руководство). Мн., 1979;

Шабалов Н.П., Маркова И.В. Антибиотики и витамины в лечении новорожденных. СПб., 1993.

В.​К.​Кухта.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААТЭ́ХНІЯ (ад заа... + грэч. technē майстэрства, уменне),

навука пра развядзенне, кармленне, утрыманне, догляд і гасп. выкарыстанне с.-г. жывёл; тэарэт. асновы жывёлагадоўлі. Тэрмін «З.» прапанаваў франц. вучоны Ж.​Бадэман (1848). Падзяляюць на агульную (вывучае агульныя прынцыпы З.) і прыватную (распрацоўвае сістэму вядзення галін малочнай і мясцовай жывёлагадоўлі, свіна-, авечка-, коне-, птушкагадоўлі, пчалярства, зверагадоўлі і інш., пытанні тэхналогіі вытв-сці асобных відаў прадукцыі: малака, ялавічыны, свініны, прадуктаў птушка- і авечкагадоўлі).

Рэкамендацыі па доглядзе жывёл сустракаюцца ў антычных вучоных. Навукова абгрунтаваныя формы кармлення с.-г. жывёл пачалі распрацоўваць з 17 ст., з канца 18 ст. ствараюцца розныя пароды с.-г. жывёл.

У Беларусі даследаванні па З. вядуцца з 1919 (І.​І.​Калугін, М.​М.​Кулагін, М.​В.​Найдзёнаў і інш.). Яе развіццю спрыялі працы В.​С.​Антанюка, К.​Ф.​Барысаўца, А.​А.​Гайко, З.​Д.​Гільмана, В.​Ц.​Горына, М.​П.​Грыня, В.​А.​Івановай, У.​П.​Лемеша, І.​М.​Нікітчанкі, С.​І.​Пляшчанкі, К.​М.​Сонцава, У.​І.​Шляхтунова, М.​А.​Янко і інш. Н.-д. работа вядзецца ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі, БСГА, Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, шэрагу ВНУ. Вырашаюцца праблемы павышэння ўстойлівасці жывёлы да хвароб і стрэсаў, прафілактыкі распаўсюджвання спадчынных анамалій, працягласці гасп. выкарыстання і інш.

А.​Ф.​Трафімаў.

т. 6, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1883 у Мінску як з-д кафлянай пліткі. З 1920 кафляны, з 1951 фарфора-фаянсавы, з 1961 фарфоравы з-д, з 1994 сучасная назва. У 1954 уведзены ў дзеянне аддзяленне радыёкерамікі, у 1962 цэх фарфоравага посуду, у 1973 жывапісна-муфельнае аддзяленне. Асн. прадукцыя: фарфоравы посуд, электратэхн. фарфор, радыёкераміка, вогнетрывалыя вырабы, эмалі і грунты. Выпускае маст. фарфоравыя вырабы (каля 170 найменняў), у т. л. кававыя, чайныя, сталовыя сервізы, чайнікі, кубкі, вазы, статуэткі, сувеніры, дэкар. блюды, дзіцячыя наборы і інш. Вырабы аздабляюць ручной размалёўкай, метадам аэраграфіі, штампа, дэколем. Мае маст. лабараторыю. Мастакі В.​Леантовіч (гал. мастак), І.​Алісевіч, Л.​Багданаў, В.​Данчук, Г.​Ліцвіненка, Л.​Малышаў, А.​Фядусь распрацоўваюць малюнкі, новыя формы посуду паводле традыцый бел. нар. і прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва. Сярод вырабаў: сервізы «Лянок», «Арнамент», «Павуцінка», «Слуцкі», «Сувенірны», «Сіняя галінка», «Матылёк», «Паўночнае ззянне», «Маладзёжны», «Вішнёвы», «Пяшчотны», «Карычневыя стужкі», «Званочак», «Чорная ружа», «Фантазія», «Няміга», «Кветкі лугавыя», «Бярозка», «Рабінка», «Залацістая мелодыя восені», «Беларускі краявід», «Дзянніца», вазы «Вішнёвая», «Слуцкая», «Каласок», «Чырвоная», «Традыцыя», «Галубка», «Беларуская», «Народная», статуэткі «Зубр», «Бусел», «Знакі Задыяка», электрачайнікі, самавары «Элегантныя».

В.​Л.​Леантовіч.

Да арт. Мінскі фарфоравы завод. І.​Алісевіч. Дэкаратыўны набор ваз «Казіно». 1997.
Да арт. Мінскі фарфоравы завод. В.​Леантовіч. Сталовы сервіз «Народны». 1998.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)