Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕСЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 3—10.1.1927 у Мінску. Прысутнічала 278 дэлегатаў з рашаючым і 226 з дарадчым голасам ад 30 995 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б — паліт. і арганізац. (А.І.Крыніцкі, М.М.Галадзед), ЦКК КП(б)Б (В.А.Радус-Зяньковіч); даклады ЦКК ВКП(б) (Я.Х.Петэрс), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.А.Чарнушэвіч); вынікі гасп. будаўніцтва ў БССР і далейшыя задачы (Я.А.Адамовіч); выбары ЦК, ЦКК і Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі работы КП(б)Б за 1926. ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК КП(б)Б. Прапанаваў ураду БССР умацаваць мат.-тэхн. базу саўгасаў, стварыць фонд для крэдытавання калектыўных гаспадарак. Аналізуючы ход культ. будаўніцтва, з’езд патрабаваў у правядзенні нац. палітыкі ажыццяўляць беларусізацыю, павялічыць асігнаванні на нар. асвету, згуртаваць вакол партыі інтэлігенцыю, умацоўваць і павышаць парт. кіраўніцтва друкам. Даручыў ЦК рашуча змагацца з ідэйнымі ўхіламі, паслядоўна ажыццяўляць курс на індустрыялізацыю, прапанаваў умацаваць кіруючую ролю партыі ва ўсіх галінах сацыяліст. будаўніцтва. Выбраў ЦК КП(б)Б з 62 чл. і 43 канд. у чл., ЦКК КП(б)Б з 37 чл. і 11 канд. у чл., Цэнтр. рэвіз. камісію КП(б)Б з 7 чл.
Літ.:
X съезд Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии: Стеногр. отчет. Мн., 1927;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.
А.І.Яфімчык.
т. 6, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАСНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 10—19.6.1937 у Мінску ў разгар рэпрэсій палітычных. Прысутнічала 698 дэлегатаў з рашаючым і 148 з дарадчым голасам ад 47 000 чл. і канд. у чл. партыі [разам з вайсковымі арг-цыямі; 33 578 чл. і канд. у чл. КП(б)Б]. Парадак дня: справаздачныя даклады ЦК КП(б)Б (В.Ф.Шаранговіч), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Р.С.Кудзельскі); выбары ЦК КП(б)Б, Рэвіз. камісіі КП(б)Б. З’езд падвёў вынікі развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі за час пасля Пятнаццатага з’езда КП(б)Б. Было адзначана, што аб’ём валавой прадукцыі ўдвая перавысіў узровень 1932; удзельная вага ў ёй прамысл. прадукцыі дасягнула 73%. У калгасы аб’ядналася 87,1% сял. гаспадарак, якія засявалі 94,1% ворнай зямлі. З’езд вызначыў мерапрыемствы па далейшым развіцці нар. гаспадаркі, асабліва энергетыкі, умацаванні калгасаў, павышэнні ўзроўню гасп. і паліт. работы, даў даручэнні па распрацоўцы паказчыкаў 3-га пяцігадовага плана. Аднагалосна са спісу дэлегатаў быў выключаны і арыштаваны як «вораг народа» б. Старшыня СНК БССР М.М.Галадзед. Некалькі дэлегатаў, якія працавалі разам з ім, таксама арыштаваны ў ходзе з’езда. Не вытрымаўшы неабгрунтаваных абвінавачанняў у быццам бы дачыненні да «варожай дзейнасці ў Беларусі», дэлегат з’езда Старшыня ЦВК БССР і чл. Бюро ЦК КП(б)Б А.Р.Чарвякоў 16 чэрв. ў час перапынку застрэліўся ў сваім кабінеце. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 64 чл. і 21 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 7 чл. У Бюро ЦК КП(б)Б, выбранае на арганізац. пленуме, увайшло 11 чл. і 7 канд., якія ў хуткім часе, акрамя аднаго кандыдата, былі арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання; на пач. 1938 былі арыштаваны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання 34 з 64 чл. і 8 з 21 канд. у чл. ЦК КП(б)Б.
Літ.:
Шаранговіч В.Ф. Справаздача Цэнтральнага Камітэта КП(б) Беларусі XVI з’езду КП(б)Б // Бальшавік Беларусі. 1937. № 6;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т 3. 1933—1945. Мн., 1985;
Платонаў Р. Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзян. пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-паліт. дыктату ў Беларусі 20—30-х гг. Мн., 1996.
Р.П.Платонаў.
т. 17, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНЫШО́Ў Васіль Яўхімавіч (26.8.1908, с. Краснае Арлоўскай вобл., Расія — 12.11.1969),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1944), сав. парт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Арлоўскае ваен. пях. вучылішча (1927), Бранскі камуніст. ун-т (1930). У 1930-я г. 1-ы сакратар Жлобінскага, Васілішкаўскага райкомаў, Баранавіцкага абкома К.П(б)Б У Вял. Айч. вайну з 1942 упаўнаважаны ЦК КП(б)Б і ЦШПР па Баранавіцкай вобл., з сак. 1943 сакратар Баранавіцкага падп. абкома КП(б)Б, адначасова камандзір Баранавіцкага партыз. злучэння Паўн. зоны. Пасля вайны 1-ы сакратар Брэсцкага, Мінскага абкомаў КП(б)Б, у 1950 сакратар ЦК КП(б)Б. З 1951 1-ы сакратар Калінінградскага абкома, з 1959 — Прыморскага крайкома КПСС. З 1969 нам. старшыні парт. кантролю пры ЦК КПСС. Чл. ЦК КП(б)Б у 1949—52, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1949—51, ЦК КПСС з 1952. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1950.
т. 17, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ АПЕРАТЫ́ЎНАЯ ГРУ́ПА ЦК КП(б)Б у Вялікую Айчынную вайну.
Створана ў сак. 1942 паводле рашэння ЦК КП(б)Б для наладжвання сувязі з падп. парт. органамі і партыз. фарміраваннямі на ПдУ і Пд Беларусі. Дыслацыравалася ў паласе Бранскага фронту. Узначальваў сакратар ЦК КП(б)Б І.І.Рыжыкаў. 2.6.1942 расфарміравана, яе функцыі часткова перададзены Паўночна-Заходняй аператыўнай групе ЦК КП(б)Б.
т. 7, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯТНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 15—18.2.1949 у Мінску. Прысутнічала 787 дэлегатаў з рашаючым і 129 з дарадчым голасам ад 110 206 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (М.І.Гусараў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.Я.Сядых); выбары кіруючых органаў КП(б)Б. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, падвёў вынікі арганізатарскай работы партыі ў Вял. Айч. вайну, прааналізаваў ход аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі. Шмат увагі аддавалася ідэалаг. рабоце, барацьбе з праявамі бурж. ідэалогіі, у т. л. з нізкапаклонствам перад заграніцай. З’езд падкрэсліў, што найвялікшая задача КП(б)Б і ўсіх працоўных рэспублікі — датэрміновае выкананне 4-й пяцігодкі; намеціў мерапрыемствы па паляпшэнні парт. кіраўніцтва аднаўленнем і развіццём нар. гаспадаркі. Выбраў ЦК КП(б)Б з 83 чл. і 48 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 29 чл.
Літ.:
Гусараў М.І. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі на XIX з’ездзе КП(б)Б. Мн., 1949;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 4. 1945—1955. Мн., 1986.
А.Л.Яфімчык.
т. 6, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БАЛЬШАВІКО́Ў) ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ [КП(б)ЛіБ]. Утворана ў выніку аб’яднання Камуніст. партыі
(бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б] і Камуністычнай партыі Літвы і Заходняй Беларусі з прычыны аб’яднання Літвы і Беларусі ў адзінае дзярж. ўтварэнне — Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). На аб’яднаўчым з’ездзе 4—6.3.1919 у Вільні [гл. Другі з’езд КП(б)Б] выбраны ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, які 8.1.1919 стварыў Прэзідыум ЦК партыі ў складзе В.С.Міцкявічуса-Капсукаса (старшыня),
В.Г.Кнорына, З.І.Ангарэціса, А.Ф.Мяснікова, Я.Г.Далецкага, С.В.Іванова. 24.4.1919 Прэзідыум ЦК КП(б) ЛіБ падзелены на Палітбюро і Аргбюро ЦК КП(б) ЛіБ. З прычыны наступлення польск. войск Палітбюро ЦК КП(б) ЛіБ у крас. 1919 абвясціла рэспубліку на ваен. становішчы і пачало мабілізацыю ў армію камуністаў, камсамольцаў і спачуваючых. Аднак наладзіць актыўнае супраціўленне польск. войскам не ўдалося. 21.4.1919 польск. войскі захапілі сталіцу Літбела Вільню, 8 жн. — Мінск, да вер. 1919 — усю тэр. рэспублікі. Пасля акупацыі Мінска ЦК КП(б) ЛіБ пераехаў у Бабруйск, потым у Смаленск, адкуль кіраваў падп. і партыз. рухам. 3.9.1919 створана Бюро па нелегальнай рабоце (старшыня Міцкявічус-Капсукас). На акупіраванай тэрыторыі выдаваліся газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Komunistas» («Камуніст», літ.), «Młot» («Молат», польск.). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх інтэрвентаў (ліп.—жн. 1920) ЦК КП(б) ЛіБ вярнуўся ў Мінск, дзе ўжо дзейнічала Мінская губ. парт. арг-цыя. 30.7.1920 створаны Мінскі губ. к-т КП(б) ЛіБ. Пасля прыняцця 31.7.1920 Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь Аргбюро ЦК РКП(б) 9.8.1920 прыняло пастанову аб перайменаванні Мінскага губ. к-та КП(б)ЛіБ, захаваўшы агульную назву партыі — КП(б) ЛіБ, у Цэнтральнае Бюро КП(б)Б. У пач. вер. 1920 ЦБ КП(б) унесла ў ЦК РКП(б) прапанову аб ліквідацыі КП(б) ЛіБ і стварэнні ў рамках РКП(б) Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі і Кампартыі (бальшавікоў) Літвы. 8.11.1920 ЦК КП(б)Б вырашыла наступную парт. канферэнцыю назваць Трэцім з’ездам КП(б)Б.
В.І.Талкачоў.
т. 7, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЯ́НІН Якім Аляксандравіч (22.8.1903, в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 30.8.1979),
дзеяч КПБ, адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Віцебшчыне ў Вял. Айч. вайну. Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1927 на сав. і парт. рабоце, з 1939 заг. аддзела кадраў ЦК КП(б)Б, сакратар Магілёўскага абкома КП(б)Б. У 1941—44 упаўнаважаны эвакуацыйнага савета пры СНК СССР. З 1942 сакратар Віцебскага падп. абкома КП(б)Б. З 1944 сакратар Віцебскага, 1-ы сакратар Полацкага абкомаў КП(б)Б, з 1946 у ЦК КП(б)Б, у 1949—59 старшыня Магілёўскага аблвыканкома. Чл. ЦК КПБ у 1940—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—63, Вярх. Савета СССР у 1950—54.
т. 6, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАМО́ВІЧ Аляксандр Фаміч (студз. 1900, в. Васюлькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 1937),
парт. і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў пач. вучылішча ў Радашковічах (1915). У 1916—19 у Адэсе, уваходзіў у бел. культ.-асв. арг-цыю «Беларускі гай». З 1918 чл. Бел. сацыяліст. грамады, у 1919 чл. Камуніст. партыі. З 1926 чл. ЦК КП(б)Б. З 1922 інструктар, заг. аддзела Бабруйскага пав. к-та КП(б)Б, інтруктар ЦК КП(б)Б, сакратар Калінінскага акр. к-та КП(б)Б (г. Клімавічы), сакратар Полацкага акр. к-та КП(б)Б, заг. аддзела друку ЦК КП(б)Б, рэдактар газ. «Беларуская вёска». У 1928—29 нам. наркома земляробства БССР. У вер. 1929 выключаны з партыі, звольнены з пасады. У ліп. 1930 арыштаваны органамі АДПУ і зняволены на 10 гадоў. У 1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.
т. 1, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)