форма праваахоўнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца органамі пракуратуры. У Рэспубліцы Беларусь П.н. ажыццяўляецца: за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. падведамнымі Савету Міністраў органамі, мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі, грамадскімі аб’яднаннямі, службовымі асобамі і грамадзянамі; за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў; за адпаведнасцю закону суд. рашэнняў па цывільных і крымін. справах, справах абадм. правапарушэннях; за выкананнем законаў у месцах папярэдняга зняволення, пры выкананні пакаранняў і інш. мер прымусовага характару, якія назначаюцца судом. У выпадках, прадугледжаных законам, пракуратура праводзіць папярэдняе расследаванне злачынстваў, пракуроры прымаюць удзел у разглядзе спраў судамі, падтрымліваюць дзярж. абвінавачванне. У працэсе ажыццяўлення П.н. пракурор правамоцны апратэстоўваць рашэнні і акты, калі яны супярэчаць закону, прыцягваць правапарушальнікаў да адказнасці, прымаць меры для забеспячэння спагнання матэрыяльных страт, нанесеных парушэннем закона, і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. privatus прыватны),
набыццё фізічнымі і юрыдычнымі асобамі права ўласнасці на аб’екты, якія належаць дзяржаве. На Беларусі ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы і продажу. У выніку П. дзяржава поўнасцю або часткова страчвае права валодання, карыстання і распараджэння гэтай уласнасцю, а дзярж. органы — непасрэднага кіравання ёю. Аб’ектамі П. з’яўляюцца: жыллё, прадпрыемствы і іх падраздзяленні, абсталяванне, будынкі і збудаванні, патэнты, паі, акцыі, ліцэнзіі, інш. матэрыяльныя і нематэрыяльныя актывы, долі дзяржавы і адм.-тэр. утварэнняў у капітале акц. т-ваў і інш. аб’яднанняў і прадпрыемстваў. Суб’ектамі П. могуць быць: грамадзяне краіны, юрыд. асобы, прац. калектывы, замежныя інвестары і асобы без грамадзянства. П. рэгулюецца Законам «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 19.1.1993 і інш. заканадаўствам. Прававыя асновы П. накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця эфектыўнай сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, забеспячэння рэальнай разнастайнасці форм уласнасці і ажыццяўлення дзярж. антыманапольнай палітыкі. Гл. таксама Дэнацыяналізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ЛІХАЎ Іван Пятровіч (5.9.1879, Мінск — 11.3.1906),
рэвалюцыянер, эсэр. Да рэв. руху далучыўся ў час вучобы ў Мінскім рэальным вучылішчы. За рэв. дзейнасць выключаны з Пецярбургскага каморніцкага ін-та (1903) і высланы ў Мінск пад нагляд паліцыі. Выступаў на сходах сялян, распаўсюджваў антыдзярж. адозвы. У выкананне прыгавору падп. арг-цыі эсэраў П. разам з А.А.Ізмайловіч (гл.Ізмайловіч сёстры) падрыхтаваў і зрабіў 27.1.1906 няўдалы замах на мінскага губернатара П.Р.Курлова — віноўніка курлоўскага расстрэлу 1905. Схопленыя паліцыяй, яны мужна трымаліся на допытах, судовы працэс выкарысталі як трыбуну абвінавачання царызму. Паводле прыгавору ваеннага суда П. пакараны смерцю праз павешанне, Ізмайловіч смяротны прыгавор заменены вечнай катаргай. Каб запалохаць жыхароў, цела П. 4 дні вісела на браме мінскай турмы. Яго імем названа вуліца ў Мінску.
Літ.:
Хаўратовіч І. Бясстрашны юнак // Маладосць. 1965. №12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́НСКІЯ,
род татарскіх царэвічаў у ВКЛ. Паходзілі ад царэвіча Енбек-салтана, сына Халек-салтана — пляменніка Шах-Ахмата, апошняга хана Вялікай (Заволжскай) Арды, які ў пач. 16 ст. ў якасці ганаровага палонніка знаходзіўся ў ВКЛ. Енбек-салтан упамінаецца ў попісе войска ВКЛ 1528. У 1542 Жыгімонт I Стары на просьбу «царэвіча Пунскага» аб маёнтку загадаў выдаваць яму штогод замест ранейшых 50 ужо 100 коп грошай. У гэты час Енбек-салтан з сям’ёй атрымаў землі ў Пунскай воласці каля Аліты і маёнтак Калдычэва ў Навагрудскім ваяв. Меў сыноў — Іслама, Цімура і Селіма, якія выкарыстоўвалі і княжацкі тытул. Як і царэвічы Астрынскія, П. не ўваходзілі ў склад татарскіх харугваў, а мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана. Унукі Енбек-салтана захавалі княжацкі тытул, а тытул царэвічаў П. ператварыўся ў прозвішча. У 18 ст. гэты род, верагодна, згас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНЕ́Ц Пятро (Пётр Мікалаевіч; 4.5.1911, в. Азярычына Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 5.3.1997),
бел. пісьменнік. Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі ў Мінску (1940). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Піянер Беларусі», час. «Бярозка», на Бел. радыё. Друкаваўся з 1932. Першы зб. апавяданняў «Юныя змагары» (1940). Большасць твораў пра дзяцей і для дзяцей. Склаў зб. успамінаў дзяцей пра вайну «Ніколі не забудзем» (1948). Выдаў брашуру пра Я.Маўра «Чалавек з крылатай фантазіяй» (1979). На бел. мову пераклаў паасобныя творы С.Міхалкова, Б.Емяльянава, Ж.Грывы, А.Талвіра, Дж.Радары, З.Эргле і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́БІНДЭР Пётр Аляксандравіч (3.10.1898, С.-Пецярбург — 12.7.1972),
расійскі фізікахімік, заснавальнік фізіка-хім. механікі. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1933). Герой Сац. Працы (1968). Скончыў Маскоўскі ун-т (1924). У 1922—32 у Ін-це фізікі і біяфізікі АНСССР, адначасова ў 1923—41 у Маскоўскім пед. ін-це (з 1929 праф.). З 1935 у Ін-це фіз. хіміі АНСССР, адначасова з 1942 у Маскоўскім ун-це, з 1968 гал. рэдактар «Коллоидного журнала». Навук. працы па фізікахіміі дысперсных сістэм і паверхневых з’яў. Адкрыў адсарбцыйнае зніжэнне трываласці цвёрдых цел (гл.Рэбіндэра эфект). Развіў уяўленне аб малекулярным механізме дзеяння паверхнева-актыўных рэчываў, распрацаваў асновы іх выкарыстання ў тэхнал. працэсах. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Физико-химическая механика металлов. М., 1962 (разам з У.І.Ліхтманам, Я.Дз.Шчукіным);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙХСВЕР (Reichswehr ад Reich дзяржава, імперыя + Wehr зброя, абарона),
узброеныя сілы Германіі ў 1919—35. Пасля паражэння Германіі ў 1-ю сусв. вайну 1914—18 Веймарскі нац. сход 6.3.1919 прыняў закон аб стварэнні часовага Р. колькасцю 400 тыс.чал. Аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 і распрацаванага на яго аснове закону ад 23.3.1921 колькасць войск скарачалася да 115 тыс.чал. (100 тыс. у сухап. войсках і 15 тыс.чал. у ВМС), рэзка абмяжоўвалася і ўзбраенне. Рэзервам Р. з’яўляліся часці пагран. аховы (каля 100 тыс.чал.) і паліцэйскія фарміраванні (200 тыс.чал.). Але кіраўніцтва дзяржавы і ўзбр. сіл патаемна вяло падрыхтоўку кадраў для арміі (напр., лётчыкаў рыхтавалі ў грамадз. авіяцыі). Значная колькасць афіцэраў і інш.ваен. спецыялістаў рыхтавалася за мяжой, у т. л. ў СССР. 16.3.1935 Германія ў аднабаковым парадку анулявала ваен. артыкулы Версальскага дагавора і ўвяла ўсеагульную воінскую павіннасць. На базе Р. пачалося фарміраванне вермахта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ІНДЫ́ЙСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ.
Гандлёвае пагадненне 1953, падпісана 2 снеж. ў Маскве. Прадугледжвала развіццё і пашырэнне сав.-інд. гандлю на аснове роўнасці і ўзаемнай карысці, устанаўлівала рэжым узаемнага найб. спрыяння ў гандлі, усталявала парадак узаемных разлікаў (у інд. рупіях). Заклала асновы цеснага супрацоўніцтва СССР і Індыі ў эканам. галінах. Пагадненне 1960 пра культурнае, навуковае і тэхнічнае супрацоўніцтва, падпісана 12 лют. ў Дэлі. Пашырала сав.-інд. супрацоўніцтва на сферы навукі і культуры. Дагавор 1971 аб міры, дружбе і супрацоўніцтве, падпісаны 9 жн. ў Дэлі. Паводле яго кожны бок абавязваўся паважаць незалежнасць, суверэнітэт і тэр. цэласнасць адзін аднаго, падтрымліваць рэгулярныя кантакты па важных міжнар. праблемах, якія закраналі іх інтарэсы, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах, накіраваных супраць аднаго з бакоў. Дагавор пацвердзіў імкненне бакоў да ўмацавання і пашырэння супрацоўніцтва ў галінах транспарту, гандлю, эканомікі, навукі, тэхнікі, развіцця кантактаў у сферах культуры, адукацыі, аховы здароўя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́ЛЬНАЕ ЗАКАНАДА́ЎСТВА,
прававыя нормы, якія рэгулююць становішча работнікаў, што працуюць па найме, а таксама пытанні сацыяльнага забеспячэння. Нормы С.з. пашыраюцца на прац. адносіны, якія грунтуюцца на прац. дагаворы паміж работнікам і наймальнікам незалежна ад віду і формы гаспадарання. Крыніцамі С.з. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Кодэкс законаў аб працы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і інш. акты прац. заканадаўства, калектыўныя дагаворы, пагадненні. інш. лакальныя нарматыўныя акты. прынятыя ў адпаведнасці з заканадаўствам, а таксама прац. дагаворы. У Канстытуцыю ўключаны шэраг артыкулаў, якія адносяцца да прац. і звязаных з імі адносін: права на працу, адпачынак, ахову здароўя, сац. страхаванне, сац. забеспячэнне і інш.Вял. значэнне маюць калектыўныя дагаворы, якія садзейнічаюць рэгуляванню прац. адносін і ўзгадненню сац.-эканам. інтарэсаў работнікаў і наймальнікаў на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях, у іх падраздзяленнях, а таксама і ў прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць без стварэння юрыд. асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЕ́ДЧЫ,
службовая асоба пракуратуры, органаў папярэдняга следства мін-ваўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, якая ажыццяўляе папярэдняе следства. С. абавязаны прымаць усе меры да ўсебаковага, поўнага і аб’ектыўнага даследавання акалічнасцей крымін. справы, ажыццяўляць крымін. праследаванне асобы, у адносінах якой сабраны дастатковыя доказы аб учыненні ёю злачынства, шляхам прыцягнення яе ў якасці абвінавачанага, прад’яўлення абвінавачання, ужыванні ў адносінах да яе меры стрымання, перадачы яе справы пракурору для накіравання ў суд. С. таксама абавязаны прыняць меры па забеспячэнні бяспекі ўдзельнікаў крымін. працэсу і інш. асоб у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Ён правамоцны ўзбуджаць крымін. справу ці адмаўляць у яе ўзбуджэнні, спыняць ці прыпыняць папярэдняе следства па крымін. справе, ажыццяўляць усе следчыя і інш. працэсуальныя дзеянні, прадугледжаныя законам. Пастановы С., вынесеныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі закону, па крымін. справах, што знаходзяцца ў яго вядзенні, абавязковыя для выканання ўсімі юрыд. і службовымі асобамі і грамадзянамі.