ЗНО́СКА Ян (1772, Гродзеншчына — 1833),

бел. філосаф, палітэканом, перакладчык. Вучыўся ў Гал. школе ВКЛ (Віленскі ун-т). Быў ад’юнктам філасофіі, выкладчыкам палітэканоміі, з 1810 праф. Віленскага ун-та. Аддаваў перавагу філасофіі франц. асветнікаў, найперш Э. дэ Кандыльяка, «Логіку» якога з уласнымі каментарыямі і прадмовамі З. пераклаў на польск. мову і выдаў у Вільні ў 1802. Пры распрацоўцы курса палітэканоміі З. аддаваў перавагу ліберальным эканам. ідэям А.​Сміта, у 1816 надрукаваў «Даследаванне пра палітычную эканомію, яе гісторыю і сістэмы». Удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку перакладу на рус. мову Статута Вял. кн. Літ. 1588.

Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 7, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕ́НА-АЎЭРШТЭ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1806,

дзве ўзаемазвязаныя бітвы паміж французскай і пруска-саксонскай арміямі 14 кастр. каля г. Іена і в. Аўэрштэт у Германіі ў час руска-пруска-французскай вайны 1806—07. У бітве франц. армія Напалеона I (больш за 150 тыс. чал.) разграміла пруска-саксонскую армію (больш як 100 тыс. чал.) і заняла амаль усю Прусію. Вырашальную ролю ў зыходзе бітвы адыгралі новыя франц. прынцыпы ваен. майстэрства, а таксама нізкая баяздольнасць прускай арміі з яе састарэлай тактыкай. Гэта перамога Напалеона I прывяла да поўнага разгрому Прусіі, садзейнічала паражэнню 4-й антыфранц. кааліцыі і падпісанню Тыльзіцкага міру 1807.

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАБЕ́ЛА (Isabel; 22.4.1451, г. Мадрыгал-дэ-лас-Альтас-Торэс, Іспанія — 26.11.1504),

каралева Кастыліі з 1474, каралева Іспаніі з 1479—1504. Дачка караля Хуана II. Шлюб І. ў 1469 з Фердынандам (з 1479 кароль Арагона) прывёў да дынастычнай уніі Кастыліі з Арагонам і фактычнага аб’яднання Іспаніі. У гады яе праўлення буйныя феадалы страцілі паліт. самастойнасць, картэсы — былое значэнне, абмежаваны правы гар. камун; паліт. лад у Іспаніі наблізіўся да абс. манархіі. Пры І. завершана Рэканкіста, праводзіліся экспедыцыі Х.Калумба. Рэліг. палітыка І. вызначалася фанатызмам і нецярпімасцю (заснаванне інквізіцыі ў 1480, выгнанне іудзеяў у 1492 і арабаў-мусульман у 1502 і інш.).

т. 7, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЬНОАПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для пач. апрацоўкі льняной трасты ці саломкі. Аддзяляюць валакно ад кастрыцы і ачышчаюць яго. Выкарыстоўваюцца: мяльна-трапальныя агрэгаты, якія ўключаюць ільнамялкі (размінаюць трасту, прапускаючы яе праз вальцы) і льнотрапальныя машыны (аддзяляюць доўгія валокны ад мятай трасты); трасільныя і кудзелепрыгатавальныя машыны (выдзяляюць кароткае валакно з адходаў трапальных машын). І.м. ўстанаўліваюцца ў закрытых памяшканнях, выкарыстоўваюцца ў паточных ільноапрацоўчых лініях.

П.​П.​Казакевіч.

Да арт. Ільноапрацоўчыя машыны: а — ільноканоплемялка (1 — транспарцёр, 2 — мяльны апарат, 3 — стол падачы, 4 — кастрыцаадвод); б — ільнотрапальная машына (1 — трапальныя секцыі, 2 — заціскныя транспарцёры секцый, 3 — вядзёны шкіў секцыі, 4 — нацяжныя ролікі).

т. 7, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТРАГРЭ́СІЯ (ад англ. introgression), інтрагрэсіўная гібрыдызацыя,

пранікненне генет. матэрыялу аднаго віду ў другі пры аддаленай гібрыдызацыі. У прыродных умовах можа адбывацца ў той частцы геагр. арэала віду, якая перакрываецца ч. арэала другога блізкароднаснага віду (няпоўная генет. ізаляцыя). Вядзе да канвергенцыі раней генетычна аддаленых відаў, не выклікаючы ўтварэння новых марфал. і фізіял. прыкмет. Ва ўмовах эксперыменту ажыццяўляецца шляхам серыі бекросаў гібрыда аддаленага скрыжавання з адным з бацькоўскіх відаў. Напр., у селекцыі пшанічна-пырнікавых гібрыдаў зваротныя (насычаныя) скрыжаванні прыводзяць да перадачы асобных генаў ад віду-донара да паўторнай бацькоўскай формы без парушэння яе таксанамічнай прыналежнасці.

т. 7, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́СА,

рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 554 км². Пачынаецца каля в. Серабрышча Баранавіцкага р-на. Асн. прытокі Пляхоўка і Рудня (справа). Пойма чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае, шыр. яе 100—180 м. Рэчышча ў верхнім і ніжнім цячэнні на пра цягу 15 км каналізаванае; яго шыр. ў межань 4—8 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с. На рацэ каля г. Слонім і в. Нагуевічы Слонімскага р-на плаціны; каля Слоніма зона адпачынку Іса.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСФАХА́НСКАЯ ШКО́ЛА мініяцюры.

Сфарміравалася на мяжы 16 і 17 ст. у г. Ісфахан (Іран). Заснавальнік стылю Рэза Абасі. Для І.ш. характэрны каліграфічна дакладны віртуозны малюнак з лёгкай падфарбоўкай, пластычная аб’ёмнасць і лёгкасць фігур, найтанчэйшая прапрацоўка дэталей. Для яе майстроў уласцівы спробы надаць мініяцюры новы змест, далучыць да станковага жывапісу (мініяцюры на асобных аркушах, якія збіралі ў альбомы). З 1670-х г.

пад уплывам еўрап. жывапісу ў творах І.ш. з’явіліся элементы святлоценявой мадэліроўкі, лінейнай і паветр. перспектывы ў выявах пейзажных фонаў. Да 18 ст. гэты «еўрапеізаваны» кірунак стаў асноўным.

Ісфаханская школа. Рэза Абасі. Мініяцюра. 1630.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗУА́РЫ,

птушкі атр. казуарападобных. 2 сям.: уласна К. (3 віды) і эму. Пашыраны ў лясах Аўстраліі і блізкіх да яе астравоў. Бегаюць хутка, да 40 км/гадз, добра плаваюць.

Выш. да 1,8 м, маса да 90 кг. Пер’е рассуканае, чорнае. Дзюба сціснутая з бакоў; на галаве ў К. шлеманоснага (Casuarius casuarius) рагавы выраст, які засцерагае ад шыпоў і калючак у час бегу. Крылы рудыментарныя. Ногі трохпальцыя, моцныя, унутр. палец з вострым кіпцюром для абароны. Манагамы. Нясуць 3—8 яец. Наседжвае самец. Кормяцца пладамі, насеннем, насякомымі. Ахоўваюцца.

Э.​Р.​Самусенка.

Казуары: 1 — аранжавашыі; 2 — шлеманосны.

т. 7, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНКО́ЎСКІ Сцяпан Антонавіч (1918, в. Даколь Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 2.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах., 1-м Укр., 1-м Бел. франтах. Механік-вадзіцель танка ст. сяржант К. вызначыўся ў 1945 пры вызваленні Польшчы: пры наступленні ў складзе экіпажа знішчыў 2 мінамётныя батарэі, 11 аўтамашын і 120 павозак з боепрыпасамі, шмат жывой сілы праціўніка; 22 студз. ў час разведкі ўварваўся ў нас. пункт Кольмар і захапіў склады; 23 студз. авалодаў пераправай цераз р. Нотаць і ўтрымліваў яе да падыходу падмацавання. Загінуў у баі.

С.А.Калінкоўскі.

т. 7, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКАРДА́Т СЯМІ́, Зібенбунд (ням. Siebenbund),

палітычны саюз 7 швейц. кантонаў (Ааргаў, Берн, Золатурн, Люцэрн, Санкт-Гален, Тургаў, Цюрых) у 1830—40-я г. Засн. ў 1832 пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў ліберальнай швейц. буржуазіі. Выставіў праграму перагляду федэральнага дагавора Швейц. саюза (1815) у бок узмацнення цэнтралізацыі дзяржавы і дэмакратызацыі яе паліт. ладу. Распрацаваны ў 1832 праект такога федэральнага дагавора ў 1833 быў адхілены большасцю эканамічна адсталых кантонаў, дзе пераважалі католікі. Апошнія, каб перашкодзіць паліт. аб’яднанню краіны, у 1843—45 стварылі Зондэрбунд, у 1847 развязалі грамадз. вайну, аднак пацярпелі паражэнне ад федэральнай арміі. Паводле канстытуцыі 1848 Швейцарыя стала адзінай федэратыўнай дзяржавай.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)