КАНА́ДСКІ БАЛЬЗА́М,

бальзам, які атрымліваюць з піхты бальзамічнай (Abies balsamea), што расце на Пн ЗША і Канады. Жоўтага ці зеленаватага колеру.

Мае 15—25% эфірных масел, якія пры захоўванні выпараюцца, застаецца цвёрдая празрыстая смала. Пры растварэнні смалы ў ксілоле атрымліваюць клей — аптычны цэмент, які выкарыстоўваюць у оптыцы і мікраскапічнай тэхніцы. Гл. таксама Бальзамы.

т. 7, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСО́ЛЬ (франц. console) у архітэктуры, выступ у сцяне; канструкцыя, цвёрда замацаваная адным канцом у сцяну пры свабодным другім яе канцы (камень, бэлька, пліта, ферма) ці тая частка, што выступае за апору. К. звычайна падтрымліваюць карнізы, скульптуры, балкон, эркер і інш. Дзякуючы выразным маст. формам, з’яўляюцца элементамі дэкар. аздаблення будынка.

С.​А.​Сергачоў.

Кансоль.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РЫ, лесавозы,

сані для перавозкі лесу і буд. матэрыялаў. Рабілі з масіўных, часцей натуральна выгнутых палазоў, якія трывала злучалі паміж сабой па капылах дубовымі вязамі, брускамі ці патоўшчанымі на канцах калодкамі. Спосаб укладкі бярвён залежаў ад даўжыні, канструкцыі К., мясц. тыпаў запрэжкі. Былі пашыраны да сярэдзіны 20 ст. Выйшлі з ужытку.

В.​С.​Цітоў.

т. 8, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭКТУ́РА (ад лац. correctura выпраўленне),

праверка і выпраўленне друкарскага набору, з дапамогай якіх у паліграфіі ўзнаўляюць тэкст і графічныя выявы. Таксама пробны адбітак з друкарскай формы, які звераны ці які трэба зверыць з арыгіналам. У К. неабходна выявіць памылкі і недакладнасці набору і паказаць сістэмай карэктарскіх знакаў, як іх паправіць у друкарскіх формах.

т. 8, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРУПО́ЛЬ (ад лац. quadrum чатырохвугольнік + полюс),

сістэма з 4 эл. зарадаў, якая складаецца з 2 блізка размешчаных дыполяў, эл. моманты якіх роўныя па модулі і процілеглыя па арыентацыі. Патэнцыял К. на вял. адлегласцях r змяняецца як 1/r​3. Пры змене значэння зарадаў ці адлегласці паміж імі К. выпрамяняе эл.-магн. хвалі.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛІ́К (грэч. kylix),

старажытнагрэчаская гліняная ці металічная пасудзіна для ўжывання віна: плоская шырокая чаша на высокай ножцы з падножкай і дзвюма гарыз. ручкамі на процілеглых баках краю чашы. Гліняныя К. часта размалёўвалі ўнутры. Найб. вядомы чырвонафігурныя К. 6—4 ст. да н.э.

Кілік «Коннік». Эпіктэт. Каля 520 да н.э.; 1 — агульны выгляд, 2 — унутраная размалёўка.

т. 8, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЦЕ́НЬ,

старажытная ўдарна-драбільная зброя. Складаўся з кароткай драўлянай ручкі, да аднаго канца якой на ланцугу ці рамяні падвешваўся цяжкі груз (камень, гіра, спец. шматгранная метал. адліўка), а да другога мацавалася пятля для надзявання на кісць рукі (адсюль назва). Быў пашыраны ў Стараж. Русі і многіх краінах Усходу.

Кісцень (1) і клявец (2).

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПРА,

высушаны алеісты эндасперм арэхаў какосавай пальмы. Белыя ці жаўтаватыя кавалачкі таўшчынёй 6—12 мм, пакрытыя скуркай. Мае ў сабе ў сярэднім (у %): вады 5,8, тлушчу 67, вугляводаў 16,5, бялку 8,9. Гарачым прасаваннем з К. атрымліваюць легкаплаўкі алей (tпл 20—27 °C), які выкарыстоўваюць для вырабу какосавага алею, маргарыну, мыла. Макуха — каштоўны корм для жывёл.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОВАПУСКА́ННЕ,

выдаленне пэўнай колькасці крыві (200—400 мл) з крывянога рэчышча ў лек. мэтах. Робяць пры цяжкіх гіпертанічных крызах (зніжае крывяны ціск), сардэчнай недастатковасці (зніжае прыток крыві да сэрца), ацёку лёгкіх, некат. хваробах крыві, урэміі, атручэннях, таксікозах цяжарнасці і інш. Робяць пракол ці разрэз вены (радзей артэрыі) або з дапамогай п’явак.

А.​У.​Чантурыя.

т. 8, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІС у медыцыне,

пры хваробе рэзкая змена стану хворага (як правіла, да паляпшэння). Напр., пры інфекц. хваробах К. праяўляецца раптоўнай нармалізацыяй т-ры цела, моцным («праліўным») потавыдзяленнем, слабасцю, санлівасцю, інш. раз падзеннем сардэчнай дзейнасці. Ад К. адрозніваюць т.зв. несапраўдны К., ці псеўдакрызіс, пры якім паніжэнне т-ры цела і паляпшэнне стану хворага часовыя.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)