ЗМЕЕГАЛО́ЎНІК (Dracocephalum),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Еўропе, нетрапічнай Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды — З. Руйша (D. ruyschiana; занесены ў Чырв. кнігу) і З. чабаракветны (D. thymiflorum). Трапляюцца ў лясах і хмызняках, на насыпах. 7 відаў — З. аўстрыйскі (D. austriacum), малдаўскі (D. moldavica), безбароды (D. imberbe), шматколерны (D. multicolor), вузлаваты (D. nodulosum), паніклы (D. nutans) і іншаземны (D. peregrinum), — інтрадукаваны Цэнтр. бат. садам Нац. АН Беларусі.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі. Лісце ланцэтна-лінейнае або сэрцападобнае. Кветкі двухполыя, рознага колеру, з двухгубым вяночкам, у несапраўдных кальчаках, збліжаных у агульныя суквецці ў пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек., тэхн., меданосныя і дэкар. расліны, выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці.

Г.​У.​Вынаеў.

Змеегалоўнік аўстрыйскі.

т. 7, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БНІК (Crepis),

род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 9 відаў. Найб. распаўсюджаны З. балотны (C. paludosa), дахавы (C. tectorum), двухгадовы (C. biennis); зрэдку трапляюцца З. альпійскі (C. alpina), воласападобны (C. capillaris), макалісты (C. rhoeadifolia), мяккі (C. mollis), сібірскі (C. sibirica), тупакарэнішчавы, або абгрызены (C. praemorsa). Растуць у лясах, на лугах, балотах, на палях і інш.

Шматгадовыя, радзей двух- і аднагадовыя апушаныя або голыя травяністыя расліны з кароткім, тонкім, тупым карэнішчам і прамым, рабрыстым, пустым у сярэдзіне сцяблом, выш. да 1,5 м. Лісце чаргаванае, суцэльнае, надрэзанае або перыста-раздзельнае; іншы раз ёсць прыкаранёвая разетка. Кветкі жоўтыя, двухполыя, язычковыя, у шматкветкавых кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Лек. і кармавыя расліны; некат. віды — пустазелле.

Зубнік балотны.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. in не + адаптацыя),

інадаптыўная спецыялізацыя, кірунак эвалюцыі, пры якім прыстасаванне да пэўных умоў жыцця вядзе да ўзнікнення ўнутр. супярэчнасцей у арганізме, якія перашкаджаюць далейшаму ўдасканаленню гэтага прыстасавання, а іншы раз і агульнай эвалюцыі таксона, што прыводзіць да яго вымірання. Прасочваецца ў гіст. развіцці розных груп жывёл і раслін. Апісаў рус. палеантолаг У.​А.​Кавалеўскі (1873) на прыкладзе філагенетычных пераўтварэнняў канечнасцей парнакапытных млекакормячых. У эвалюцыі некат. капытных у сувязі з недасканалымі зменамі ў шкілеце і суставах канечнасцей пры змене спосабу іх руху ад пальцахаджэння да фалангахаджэння ўтваралася механічна нетрывалая канечнасць, што, магчыма, стала адной з прычын вымірання гэтых форм капытных жывёл. Інадаптыўныя формы з’явіліся раней за адаптыўныя, але потым імі выцясняліся. Напр., плацэнтарныя млекакормячыя выцеснілі сумчатых, якія захаваліся толькі ў Аўстраліі і Амерыцы.

т. 7, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛАБАРО́Д (Tragopogon),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Сярэдняй Азіі, Паўн. Афрыцы, на Каўказе. На Беларусі трапляюцца К.: беларускі (T. bjelorussicus), усходні (T. orientalis), лугавы (T. pratensis, нар. назва казялок), няпэўны (T. dubium). Растуць на лугах, у хмызняках, каля дарог. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны К. Кемулярыі (T. kemulariae); К. парэялісты (T. porrifolus) зрэдку культывуецца аматарамі як агародніна (белы аўсяны корань).

Шмат- ці двухгадовыя травяністыя расліны са стрыжнёвым коранем і млечным сокам. Сцябло разгалінаванае ці простае выш. 25—80 см. Лісце суцэльнакрайняе, лінейнае або ланцэтнае. Кветкі пераважна жоўтыя, двухполыя, язычковыя з 5-зубчастым вяночкам, сабраныя ў буйныя кошыкі. Плод — сямянка з чубком. Лек., карм., меданосныя і дэкар. расліны. Ядомыя, карані маюць інулін; сурагат кавы.

Г.​У.​Вынаеў.

Казлабарод усходні.

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАЎРО́ТКІ (Rotatoria),

клас чарвей падтыпу першаснаполасцевых. 3 атр., каля 2000 відаў. Пашыраны па ўсім свеце ў вадзе. На Беларусі каля 100 відаў. Уваходзяць у склад бентасу і планктону.

Адзіночныя, каланіяльныя, рухомыя і прымацаваныя формы.

Даўж. 0,01—2,5 мм. Бясколерныя і каляровыя, двухбаковасіметрычныя. Цела выцягнутае ці шарападобнае, звычайна падзелена на галаву, тулава і нагу, укрыта кутыкулай або панцырам. На галаве калаўротны апарат — сістэма раснічак, з дапамогай якіх К. перамяшчаюцца і кормяцца. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Размнажэнне аднаполае (партэнагенез) або спалучаецца з двухполым (гетэраганія). Пры неспрыяльных умовах К. ўпадаюць у анабіёз. Паліфагі, кормяцца водарасцямі, бактэрыямі, дэтрытам; ёсць драпежнікі і паразіты беспазваночных і раслін. Удзельнічаюць у ачышчэнні вадаёмаў; корм для планктонаедных малявак рыб.

Калаўроткі: 1 — сінхета; 2 — трыхацэрка; 3 — макрахетус; 4 — філінія; 5 — дрылафага; 6 — філадына.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́ПЛІ (Cannabis),

род аднагадовых кветкавых раслін сям. каноплевых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. У культуры К. пасяўныя (C. sativa) — лубавалакністая, прадзільная і алейная расліна. Найб. пасевы ў Цэнтр. Азіі і Еўропе. На Беларусі пашыраны на невял. плошчы. К. індыйскія (C. indica) культывуюць у тропіках і субтропіках пераважна як наркатычную расліну, вытв-сць якой у многіх краінах забаронена. К. пустазельныя (C. ruderalis) — пустазелле яравых пасеваў.

К. пасяўныя — двухдомная травяністая расліна, выш. да 4 м. Мужчынскія асобіны — маніцы. жаночыя — мацёркі. Сцябло прамое, укрытае залозістымі валаскамі. Лісце лопасцевае. Кветкі маніц у мяцёлчатых суквеццях, мацёрак — у галоўчатых. Плод — аднанасенны арэшак. К. даюць валакно — пяньку, з насення атрымліваюць 30—35% алею. Канапляная макуха — каштоўны корм. З кастрыцы вырабляюць паперу і буд. матэрыялы.

Каноплі пасяўныя (верхняя частка расліны); 1 — мужчынскай; 2 — жаночай.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́Й,

хлебны выраб; вял. круглы бохан з пшанічнай мукі, спечаны да якой-н. урачыстасці; вясельны абрадавы пірог у слав. народаў. На традыц. бел. вяселлі К. замешвалі і пяклі запрошаныя жанчыны — каравайніцы. Падрыхтоўка і выпяканне яго суправаджаліся каравайнымі песнямі, танцамі. У канцы застолля сват з прыгаворамі дзяліў і раздаваў К. радні, гасцям жаніха і нявесты, якія віншавалі і абдорвалі маладых. Вясельны К. аздаблялі ляпным, ціснёным ці маляваным дэкорам, жывымі і штучнымі кветкамі, галінкамі дрэў і раслін. У старажытнасці характар упрыгожання меў яскрава выяўлены сімвалічны сэнс: пажаданне сям’і шчасця і многа дзяцей, дастатку ў хаце (вылепленыя з цеста птушкі, птушынае гняздзечка з яйкамі, фігуркі маладога з маладой, а за імі — немаўля і інш.). У наш час як К. выкарыстоўваюць пакупны торт і інш. кандытарскія вырабы, пякуць і традыц. К.

Я.​М.​Сахута.

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАПАГО́Н (Cimicifuga),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 1 дзікарослы від: К. еўрапейскі, або чортава рабро (C. europaea), занесены ў Чырв. кнігу. 3 віды інтрадукаваныя: К. баршчэўнікалісты (C. heracleifolia), даурскі (C. dahurica), просты (C. simplex). Трапляецца на ўзлесках і палянах у лісцевых і мяшаных лясах.

Шматгадовыя травяністыя расліны з магутным тоўстым карэнішчам і моцным баразнаватым, у верхняй ч. галінастым, сцяблом выш. да 2,5 м. Лісце буйное, чаргаванае, двойчы-, тройчынепарнаперыстае, ніжняе — доўгачаранковае, верхняе — сядзячае. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя або крэмавыя, з прыкветнікамі, у доўгіх простых ці складаных мяцёлкападобных гронках. Чашачка 4—5-пялёсткавая. Плод — шматлістоўка. Некат. віды маюць непрыемны ўдушлівы пах, які адпуджвае клапоў (адсюль назва). Ядавітыя. Лек., дэкар. і меданосныя расліны.

Клапагон еўрапейскі.

т. 8, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАПЫ́, паўцвердакрылыя,

атрад насякомых. Вядомы з мезазойскай эры (каля 200 млн г. назад). 50 сям., больш за 30 тыс. відаў. На Беларусі каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на сушы (паверхня і верхні слой глебы, расліны), на паверхні вады і ў вадзе (водныя расліны, дно).

Даўж. ад 0,7 мм да 12 см. Крылаў 2 пары, пярэднія неаднародныя: верх перапончаты, аснова цвёрдая, скурыстая (адсюль назва), ёсць кароткакрылыя і бяскрылыя (пасцельны клоп) формы. Ротавы апарат колюча-сысучага тыпу, складаецца з членістага хабатка, утворанага скручанай у трубку ніжняй губой і 2 парамі стылетаў (верхнія і ніжнія сківіцы). Ёсць пахучыя грудныя залозы. Развіццё з няпоўным ператварэннем (стадыя кукалкі адсутнічае). Большасць К. корміцца сокамі раслін (у асн., генератыўныя органы і насенне), некаторыя — драпежнікі, крывасмокі, паразіты інш. жывёл. Могуць пераносіць узбуджальнікаў вірусных хвароб.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАС (ад лац. classis разрад, група),

1) сукупнасць, група прадметаў або з’яў, якія маюць агульныя прыкметы.

2) Буйная сац. група людзей, гл. Класы сацыяльныя.

3) Адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл, гл. Клас у біялогіі.

4) У логіцы, матэматыцы — мноства; адвольная (канечная або бесканечная) сукупнасць прадметаў, вылучаных па якой-н. прыкмеце.

5) Тэхнічны разрад марскіх і рачных суднаў; разрад пасаж. вагонаў, кают і інш., якія ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад зручнасці і выгод.

6) Пастаянны (у межах навуч. года) калектыў навучэнцаў, а таксама памяшканне для іх заняткаў.

7) У некаторых спец. навуч. установах — група навучэнцаў, якія спецыялізуюцца па якому-н. прадмету (напр., К. скрыпкі). 8) Мера якасці, узровень, у залежнасці ад якога вызначаецца месца прадмета ў шэрагу сабе падобных (напр., каштоўныя камяні); ступень падрыхтаванасці, кваліфікацыя.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)