ІНТЭЛЕКТУА́ЛЬНАЯ ЎЛА́СНАСЦЬ,
спецыфічная ўласнасць на вынікі інтэлектуальнай індывід. або калект. працы, аб’ектамі якой з’яўляюцца вынаходствы, адкрыцці, творы л-ры, мастацтва, выканальніцкая дзейнасць артыстаў і інш. Як прадмет гасп. здзелак, правоў уласніка і інш. рэгулюецца нац. заканадаўствам (гл. Аўтарскае права, Патэнт). З мэтай абароны правоў уласнікаў І.ў. ў 1967 падпісана Міжнар. канвенцыя аб заснаванні Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, якая з 1974 з’яўляецца спецыялізаванай установай ААН.
т. 7, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАЛАСКІ́»,
бел. часопіс для дзяцей. Выдаваўся ў 1952—61 у Мюнхене (Германія) на бел. мове штомесячна як дадатак да газ. «Бацькаўшчына». Рэдактар — З.Станкевіч. Меў 8 (часам 16) старонак кніжнага фармату. Друкаваў казкі, творы Я.Коласа, Я.Купалы, М.Багдановіча, З.Бядулі, Н.Арсенневай, загадкі, прыказкі, матэрыялы на рэліг. і гіст. тэмы, інфармаваў пра асн. падзеі з Беларусі, змяшчаў малюнкі, ілюстрацыі, фотаздымкі.
А.С.Ляднёва.
т. 7, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІФО́РНІЙ (лац. Califomium),
Cf, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 98, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 17 ізатопаў з масавымі лікамі 240—256, найб. устойлівы — 251Cf (перыяд паўраспаду 900 гадоў). Атрыманы ў 1950, названы па месцы адкрыцця (штат Каліфорнія. ЗША). Высокатаксічны белы лятучы метал, tпл 900 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу нейтронаў у актывацыйным аналізе, медыцыне, пры пошуку нафты і інш.
т. 7, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАМІ́Н (Condamine) Шарль Мары дэ ла (28.1.1701, Парыж — 4.2.1774),
французскі астраном, геадэзіст і падарожнік. Чл. Парыжскай АН (1760). Ганаровы чл. Пецярбургскай, Берлінскай і інш. акадэмій. У 1733—43 прымаў удзел у Перуанскай экспедыцыі па вымярэнні дугі мерыдыяна даўж. больш як 3° у Андах. Гэта вымярэнне разам з вынікамі работ Лапландскай экспедыцыі (1735—44) паслужыла асновай для дакладнага вызначэння сплюшчанасці Зямлі. Склаў параўнальна дакладную карту р. Амазонка.
т. 7, с. 577
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭРТМА́ЙСТАР (ням. Konzertmeister),
1) 1-ы скрыпач—саліст сімф. ці опернага аркестра; часам выступае як дырыжор.
2) Музыкант, што ўзначальвае кожную з відавых інстр. груп сімф. аркестра (пераважна ўнутры струннай групы).
3) Піяніст, які дапамагае вакалістам, артыстам балета, інструменталістам развучваць партыі і акампануе ім на рэпетыцыях і ў канцэртах. Сярод бел. канцэртмайстраў С.Талкачоў, Ж.Габа, Г.Карант, Г.Каржанеўская, Л.Максімава, Т.Міянсарава, Н.Ражнова, Л.Талкачова і інш.
т. 8, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЫЛЬЁНЕ (Castiglione) Бальдасарэ (6.12.1478, каля г. Мантуя, Італія — 2.2.1529),
італьянскі пісьменнік, прадстаўнік позняга Адраджэння. Літ. дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар эклогі «Тырсі» (1506), зборнікаў вершаў, невял. паэм, лац. эпіграм. Найб. вядомы яго трактат «Прыдворны» (кн. 1—2, 1528) — своеасаблівы кодэкс ідэальна выхаванага, усебакова адукаванага і развітога чалавека.
Тв.:
Рус. пер. — Из «Книги о придворном» // Хрестоматия по зарубежной литературе: Эпоха Возрождения. М., 1959. Т. 1.
т. 8, с. 158
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭФІЦЫЕ́НТ ЗМЕ́ННАСЦІ АБСТАЛЯВА́ННЯ,
паказчык выкарыстання абсталявання на прадпрыемствах, які характарызуе зменнасць яго працы. Разлічваецца як адносіны колькасці адпрацаваных станка-змен (машына-змен) да агульнай колькасці станкоў, замацаваных за прадпрыемствам, цэхам, участкам (або да найб. колькасці станка-гадзін, якія могуць быць адпрацаваны пры адназменнай працы і інш.). Павышэнне К.з.а. мае важнае значэнне для павелічэння аб’ёму прадукцыі, зніжэння яе сабекошту, паляпшэння выкарыстання сродкаў вытворчасці.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЖЫЖАНО́ЎСКІ Канстанцін, бел. скрыпач, педагог і кампазітар сярэдзіны 19 ст. Выкладаў музыку ў Мінскай мужчынскай гімназіі, прыватных пансіёнах. Выступаў у аматарскіх канцэртах як скрыпач і спявак. Сябраваў з С.Манюшкам і В.Дуніным-Марцінкевічам. Разам з Манюшкам стварыў музыку да спектакляў тэатра Дуніна-Марцінкевіча «Рэкруцкі набор» (1841) і «Ідылія» («Сялянка», 1852). У сваіх творах выкарыстоўваў нар. песенныя і танц. мелодыі. Сярод яго вучняў М.Ельскі.
А.Д.Капілаў.
т. 8, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́СЛЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя сілікатныя горныя пароды з вял. колькасцю крэменязёму (64—78%). Лішак яго выдзяляецца ў выглядзе крышт. кварцу (граніт, дыярыт і інш.) або застаецца раствораным у аморфнай асн. масе — вулканічным шкле (абсідыян, смаляны камень і інш.). З К. г.п. звязаны радовішчы волава, вальфраму, золата, поліметалаў і інш. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачныя камяні. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. Гл. таксама Магматычныя горныя пароды.
т. 8, с. 293
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЦЯНІ́,
гарадзішча мілаградскай культуры каля в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Датуецца 2-й пал. 1-га тыс. да н. э. — пач. 1 ст. н. э. Даследаваннямі выяўлены рэшткі наземнай пабудовы слупавой канструкцыі, фрагменты ляпных яйцападобных пасудзін, жал. сярпы, шпілька, кольцы, бронзавыя ўпрыгожанні, касцяныя праколкі, шкляныя і гліняныя пацеркі і інш. Існуе меркаванне, што ў 6—7 ст. н. э. гарадзішча выкарыстоўвалася як сховішча.
т. 8, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)