МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),
бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял.Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.Вясёлага «Краіна родная» (з Р.Бахтам), аповесць У.Лідзіна «Магіла невядомага салдата».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1959;
Аповесць. Мн., 1985;
Палеская аповесць. Мн., 1991.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШЫ́НСКІ (Міхась) (Міхаіл Іосіфавіч; н. 24.1.1931, в. Мокрае Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел.літ.-знавец, тэкстолаг, крытык. Чл.-кар Нац.АН Беларусі (1991), д-рфілал.н. (1978). Скончыў БДУ (1955). З 1956 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі (з 1979 заг.аддз. выданняў і тэксталогіі). Друкуецца з 1955. Даследуе гісторыю бел. крытыкі і літ.-знаўства, творчасць Я.Коласа, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Лынькова і інш. Аўтар прац «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.» (1975), «Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці» (1982), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг.» (1985), «Каардынаты пошуку: Беларуская крытыка: набыткі, перспектывы» (1988), «І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры» (1990) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 2—4, 1994—95), манаграфій «Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць» (1971), «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972), «Інстытут беларускай культуры» (1993). Кіраваў падрыхтоўкай і выданнем навукова-каменціраваных збораў тв.. І.Мележа ў 10, П.Броўкі ў 9, М Лынькова ў 8, П.Пестрака ў 5, З.Бядулі ў 5, М.Гарэцкага ў 4, М.Зарэцкага ў 4, Поўных збораў тв. М.Багдановіча ў 3, Я.Купалы ў 9 тамах. Дзярж. прэмія Беларусі 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;
Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ ПА БАРАЦЬБЕ́ З КОНТРРЭВАЛЮ́ЦЫЯЙ, СПЕКУЛЯ́ЦЫЯЙ І СЛУЖБО́ВЫМІ ЗЛАЧЫ́НСТВАМІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР (ЧКБССР),
дзяржаўны орган, які ў сваёй дзейнасці спалучаў функцыі спецслужбы і праваахоўнага органа. Утворана 18.2.1919 паводле рашэння Вял. Прэзідыума выканкома БССР як Мінская губ. надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (губчэка); уваходзіла ў склад НКУСБССР. Пад яе кіраўніцтвам працавалі Бабруйская, Ігуменская і Мазырская павятовыя надзвычайныя камісіі, якія выбіраліся павятовымі выканкомамі і зацвярджаліся губчэка. Пасля ўтварэння Літбел Мінская губчэка ў маі 1919 перайменавана ў Надзвычайную камісію Літ.-Бел. ССР (ЧК Літбела). У сувязі з акупацыяй тэр.Літ.-Бел. ССР польскімі інтэрвентамі ў жн. 1919 дзейнасць ЧК Літбела спынена, а яе супрацоўнікі накіраваны на фронт і ў тыл акупантаў на падп. работу. Пасля вызвалення Беларусі 21.7.1920 адноўлена як Мінская губ. надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і службовымі злачынствамі, пазней перайменавана ў Надзвычайную камісію БССР (ЧКБССР). Працавала пад кіраўніцтвам ВЧК, фактычна на правах губ. органа. З 1919 асн. кірункамі дзейнасці Мінскай губчэка, потым ЧК Літбела былі выяўленне і ліквідацыя контррэв. арг-цый, барацьба з сабатажам і спекуляцыяй, карупцыяй служачых сав.дзярж. апарата. Пасля разгрому арганізаваных сіл унутр. і знешняй контррэвалюцыі ў 1921—22 асн. намаганні надзвычайнай камісіі былі скіраваны на барацьбу з бандытызмам і шпіянажам, контррэв. дзейнасцю розных партый і арг-цый. Паводле рашэння Прэзідыума ЦВКБССР ад 1.3.1922 ЧКБССР скасавана і на яе базе ўтворана Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР. ЧКБССР (Мінскую губчэка, ЧК Літбела) узначальвалі: В.А.Багуцкі (крас.—май 1919), І.В.Тарашкевіч (май—жн. 1919), А.І.Ротэнберг (1920—21), Я.К.Ольскі (Кулікоўскі; 1921—22).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРДЭ́ЛЬ ((Bourdelle) Эміль Антуан) (30.10.1861, г. Мантабан, Францыя — 1.10.1929),
французскі скульптар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Тулузе (1876—84) і Парыжы (1884—86). Працаваў у майстэрнях Ж.Далу і А.Радэна (1893—1908). Выкладаў у студыі Гранд-Шам’ер (1909—29). Ад прасякнутых бурнай экспрэсіяй ранніх твораў («Помнік тым, хто загінуў», 1893—1902) перайшоў да больш ураўнаважаных кампазіцый, дзе творча пераасэнсаваў традыцыі стараж.-грэч. архаікі і ранняй класікі, імкнуўся да гераізацыі і манументалізацыі вобразаў («Геракл, які страляе з лука», 1909; «Пенелопа», 1909—12; «Сафо», 1924—25). Аўтар помнікаў А.Міцкевічу ў Парыжы (1909—29), К.Альвеару ў Буэнас-Айрэсе (1914—17), партрэтаў А.Радэна (1909), А.Франса (1919) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЛЮ́К (Давід Давідавіч) (21.7.1882, хутар Семіратоўшчына Лебядзінскага пав. Харкаўскай губ. — 15.1.1967),
рускі паэт і мастак. Адзін з першых рус. футурыстаў (гл.Футурызм), арганізатар групы кубафутурыстаў. У 1902—03 вучыўся ў Мюнхенскай каралеўскай акадэміі (мастацтваў), у 1910—14 — у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. У 1913—14 разам з У.У.Маякоўскім і В.В.Каменскім удзельнічаў у турнэ футурыстаў па Расіі. З 1920 жыў у Японіі, з 1922 — у ЗША, дзе займаўся пераважна мастацтвам. Пачаў друкавацца ў 1899. Аўтар зб-каў вершаў «Хвост, які лысее» (1919), «Вершы і біяграфія. Да 25-годдзя маст.-літ. дзейнасці (1898—1923)» (1924), «1/2 стагоддзя» (1932), «Талстой. Горкі. Паэмы» (1929) і інш., кн. прозы «Па Ціхім акіяне» (1927) і ўспамінаў «Маякоўскі і яго сучаснікі» (1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЭ́ТЛЕР, Батлер (Butler) Сэмюэл (8.2.1612, каля г. Вустэр, Вялікабрытанія — 25.9.1680), англійскі паэт-сатырык эпохі Рэстаўрацыі. Аўтар іроікамічнай, антыпурытанскай паэмы ў стылі барока «Гудыбрас» (ч. 1—3, 1663—78, не скончана). Бэтлер звяртаецца да «Дон Кіхота» М.Сервантэса (рыцар пурытанізму Гудыбрас выпраўляецца ў падарожжа са сваім верным «збраяносцам» — кручкатворам і крывадушнікам Ральфа) і парадзіруе куртуазныя (рыцарскія) раманы. У паэме створана цэласная сатыр. карціна англ. жыцця 17 ст.Гал. зброя сатыры Бэтлера — іронія і гратэск. Яго вершаваныя сатыры і эпіграмы сабраны ў «Розных думках» (выд. 1759).
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.
Літ.:
Самарин М.Р. Бэньян;
Бетлер // История всемирной литературы. М., 1987. Т. 4;
Ступников И.В. Литература эпохи Реставрации // История зарубежной литературы XVII в. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬКЕ́ВІЧ (Пётр Іларыёнавіч) (27.1.1907, Мінск — 28.5.1992),
бел. вучоны ў галіне хіміі торфу. Чл.-кар.АН Беларусі (1953), д-рхім.н., праф. (1952). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1980). Скончыў БДУ (1928). З 1936 у Ін-це хіміі АНБССР. З 1952 дырэктар, у 1960—87 заг. лабараторыі Ін-та торфу АНБССР. Навук. працы па хім. перапрацоўцы торфу. Прапанаваў новыя шляхі выкарыстання торфу (вытв-сць з торфу воску, прэс-парашковых пластычных мас, тарфашчолачных рэагентаў, напаўняльнікаў для фенапластаў), тэхналогію вылучэння з торфу стэарынаў і метад сінтэзу на іх аснове гарманальных прэпаратаў.
Тв.:
Торфяной воск и сопутствующие продукты. Мн., 1977 (у сааўт.).
Літ.:
П.И.Белькевич // Весці АНБССР. Сер. хім.навук. 1977. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КАР (Сяргей Міхайлавіч) (н. 27.8.1928, г. Орша),
бел. скульптар. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Працуе ў галіне станковай і манум. скульптуры, найб. у жанры партрэта. Вылучаюцца партрэты дзеячаў бел. культуры (Ф.Скарыны, М.Гусоўскага, У.Караткевіча, Я.Брыля, Р.Барадуліна, Г.Бураўкіна і інш.). Яго станковым работам уласцівы прастата і строгасць кампазіцыйнай будовы, яснасць і дакладнасць пластычнага вырашэння (помнікі віцэ-адміралу В.П.Дразду ў Буда-Кашалёве, Ф.Э.Дзяржынскаму ў сядзібе Дзяржынава Стаўбцоўскага р-на, У.М.Азіну ў Полацку, надмагілле П.Броўкі ў Мінску і інш.). Зрабіў некалькі варыянтаў статуарнага партрэта М.Багдановіча, якія леглі ў аснову помніка паэту ў Мінску. Стварыў шэраг мемарыяльных дошак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМу квантавай тэорыі поля,
асноўны (энергетычна найніжэйшы) стан квантавых палёў, узбуджэнні якога супастаўляюцца адпаведным элементарным часціцам. Характарызуецца мінім. энергіяй, нулявымі імпульсамі, момантам імпульсу, эл. зарадам і інш.квантавымі лікамі. Пад вакуумам разумеюць таксама стан поля, дзе адсутнічаюць якія-н. рэальныя часціцы.
Флуктуацыі вакууму тыпу часціца — антычасціца абумоўліваюць спантаннае выпрамяненне атамаў, рассеянне святла па святле, зрух атамных узроўняў, экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы (т.зв. асімптатычная свабода). Вакуум можа мець іншую сіметрыю, чым ураўненні зыходнай квантавай тэорыі (напр., В.Хігса, θ — вакуум). Вакуум нагадвае кандэнсаванае асяроддзе, таму ў ім могуць адбывацца палярызацыя, фазавыя пераходы і інш. эфекты, якія вывучаюцца і ў шэрагу выпадкаў з высокай дакладнасцю пацверджаны эксперыментальна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НЕЖСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
біясферны запаведнік у Расіі, на мяжы Варонежскай і Ліпецкай абл., у цэнтр.ч.Усх.-Еўрап. раўніны на водападзеле р. Варонеж і Усмань. За 40 км на Пн ад Варонежа. Засн. ў 1927 для аховы і аднаўлення колькасці рачнога бабра. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 31 053 га, у т. л. 28 481 га пад лесам, 535 га займаюць лугі і 121 га — вадаёмы. У запаведніку, размешчаным у паўн.ч. Усманскага бору, зберагаюцца астраўныя бары і дубровы лесастэпавай зоны, якія маюць водаахоўнае значэнне. У фауне звычайныя бабёр, высакародны алень, дзік, казуля, з рэдкіх відаў — хахуля, сярод птушак — шэры журавель, няясыць і інш. Доследны гадавальнік па вывучэнні і развядзенні бабра.
Літ.:
Заповедники СССР: Заповедники Европейской части РСФСР. Ч. 2. М., 1989.