КРО́ШНЕР (Міхаіл Яўхімавіч) (1900, Кіеў — ліп. 1942),
бел. кампазітар. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). У 1918—31 канцэртмайстар-піяніст у канцэртных арг-цыях і т-рах Кіева, Масквы, Свярдлоўска. У 1933—38 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Аўтар першага нац. балета «Салавей», у муз. драматургіі якога вял. ролю адыгрывае нар. танец (паст. 1939, Мінск, Адэса). Сярод інш. твораў: кантата «Тапелец» на сл. А.Пушкіна, Сімф. танцы, смыковы квартэт (усе 1937); Варыяцыі на бел. тэму для фп.; хары «Мы любоўю Радзімы багатыя», «Чырвонаармейская»; рамансы на вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Пушкіна, М.Лермантава, апрацоўкі бел. і яўр. нар. песень.
Дз.М.Жураўлёў.
т. 8, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЎЧЭ́НЯ (Аляксей Піліпавіч) (12.8.1910, г. Адэса, Украіна — 10.3.1974),
украінскі і рас. спявак (бас). Нар. арт. СССР (1956). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1938). З 1938 у т-рах Украіны і Расіі. З 1949 саліст Вял. т-ра ў Маскве. Майстар пераўвасаблення, валодаў вял. вак. выразнасцю. Сярод лепшых партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулака-Арцямоўскага), Тарас («Тарас Бульба» М.Лысенкі), Іван Хаванскі, Варлаам («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Іван Сусанін, Фарлаф («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Кутузаў («Вайна і мір» С.Пракоф’ева), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступаў як канцэртны спявак, здымаўся ў кінафільмах. Дзярж. прэмія СССР 1951.
т. 8, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙЧА ((Krejča) Атамар) (н. 23.2.1921, Скрышаў, Чэхія),
чэшскі акцёр, рэжысёр. Засл. арт. Чэхіі (1958). На сцэне з 1940. У 1960-я г. ўзначальваў чэш. тэатр. авангард. У 1956—61 гал. рэжысёр Нац. т-ра ў Празе, у 1965—72 арганізатар і кіраўнік «Тэатра за бранаў», з 1991 — «Тэатра за бранаў-2». Сярод роляў: Сірано дэ Бержарак (аднайм. п’еса Растана), Дон Жуан (аднайм. п’еса Мальера), Фёдар Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Самазванец («Барыс Гадуноў» А.Пушкіна) і інш. Паставіў п’есы А.Чэхава («Вішнёвы сац», «Тры сястры»), у т. л. ў Германіі, Швейцарыі, Італіі. Рэжысёрскай творчасці К. ўласцівы лірызм, схільнасць да аналізу, дакладнасць думкі.
Літ.:
Солнцева Л.П. Чехословацкий театр сегодня. М., 1962.
т. 8, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗЬМЕ́НКА (Матрона Іванаўна) (н. 23.3.1915, в. Краснаяр Стэрлітамакскага р-на, Башкортастан),
бел. актрыса, педагог. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1936). Працавала ў т-рах Фрунзе, Ташкента, Валгаграда, Масквы, Вільнюса. У 1950—76 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. У 1978—93 выкладала ў Мінскім ін-це культуры. Выконвала драм. і характарныя ролі. Работам уласцівы натуральнасць, эмацыянальнасць, дакладнасць моўнай характарыстыкі Сярод лепшых роляў: Надзея («Выгнанне блудніцы» І.Шамякіна), Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Даша («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Надзея, Малання («Варвары», «Дзеці сонца» М.Горкага), Анісся («Улада цемры» Л.Талстога), матухна Кураж («Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта) і інш.
Р.І.Баравік.
т. 8, с. 564
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРГА́ПКІНА (Нінель) (Нінела) Аляксандраўна (н. 13.2.1929, С.-Пецярбург),
расійская артыстка балета, педагог. Нар. арт. СССР (1974). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1947, педагог А.Ваганава; у 1982—90 выкладала ў ім), Ленінградскую кансерваторыю (1982). У 1947—81 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава, з 1969 педагог і рэпетытар Марыінскага т-ра. Яе танец вылучаўся віртуознай тэхнікай, тэмпераментам, жыццярадаснасцю. Сярод партый: Аўрора, Адэта—Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Гамзаці, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.Мінкуса), 7-ы і 11-ы вальсы («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Шырын («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Папялушка і Злюка («Папялушка» С.Пракоф’ева), Гаянэ («Гаянэ» А.Хачатурана).
т. 9, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́ЛЬСКАЯ (Алена Кліменцьеўна) (2.6.1888, г. Адэса, Украіна — 19.11.1966),
расійская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла Пецярбургскую кансерваторыю (1909). Дэбютавала ў партыі Лакмэ (аднайм. опера Л.Дэліба) у Марыінскім т-ры. У 1913—46 салістка Вял. т-ра. З 1948 выкладала ў Маскоўскай кансерваторыі (з 1950 праф.). Валодала голасам прыгожага мяккага тэмбру вял. дыяпазону, бездакорнай тэхнікай, высокай сцэн. культурай. Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.Глінкі), Марфа, Снягурачка («Царская нявеста», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Віялета, Джыльда, Леанора («Травіята». «Рыгалета», «Трубадур» Дж.Вердзі), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.Бізэ). Аўтар артыкулаў па вак. майстэрстве і інш. Сярод яе вучняў: Т.Мілашкіна, А.Масленікаў. Дзярж. прэмія СССР 1950.
т. 8, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЦ (Арнольд Міхайлавіч) (н. 18.9.1924, Баку),
расійскі дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1970). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Ін-т ваен. дырыжораў (1945), Ленінградскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1949) і дырыжыравання (1951). З 1956 маст. кіраўнік і гал. дырыжор сімф. аркестра Новасібірскай філармоніі. З 1957 выкладае ў Новасібірскай кансерваторыі (з 1980 праф.). У рэпертуары творы рус. і зах.-еўрап. муз. класікі, сучасных айч. і замежных аўтараў (Л.Бетховен, М.Глінка, П.Чайкоўскі, М.Мусаргскі, С.Рахманінаў, А.Скрабін, І.Стравінскі, А.Анегер, М.Равель, Б.Брытэн, Б.Бартак, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч, Р.Шчадрын, А.Хачатуран, Г.Свірыдаў і інш.). Выступае таксама як оперны дырыжор. Дзярж. прэмія Расіі 1994.
т. 8, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАТКО́ВА (Ганна Васілеўна) (8.9.1911, в. Канаёўка Іванцееўскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 9.9.1993),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1949). Скончыла Саратаўскае тэатр. вучылішча (1935). Працавала ў т-рах Расіі. З 1945 у Магілёўскім, у 1949—90 у Брэсцкім абл. драм. т-рах. Вострахарактарная, камед. актрыса. Сярод роляў: Паліна, Арына Радзівонаўна («Трыбунал» і «Верачка» А.Макаёнка), Калеснікава («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Паўла, Шурка, Насця («Зыкавы», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага), Кацярына і Купавіна («Навальніца» і «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава), Вара і Валя («Хлопец з нашага горада» і «Рускія людзі» К.Сіманава), Яравая («Любоў Яравая» К.Транёва), лэдзі Мільфард («Каварства і каханне» Ф.Шылера) і інш.
т. 8, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ШКЕР (Анатоль Фёдаравіч) (15.12.1928, г.п. Прачыстае Першамайскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 20.3.1994),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1952). З 1952 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Характарны акцёр, майстар эпізоду. Творчасць вызначалася лаканізмам, дакладнасцю ў адборы маст. сродкаў. Сярод роляў: Важаватаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), Адам («Маскарад» М.Лермантава), Сімяонаў-Пішчык («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Драбязгін, Башкін («Варвары», «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага), Санька («Два капітаны» В.Каверына), Іван Іванавіч («Лазня» У.Маякоўскага), Солнышкін і Даніла («Далёкая дарога» і «Домік на ўскраіне» А.Арбузава), Чарнявы («Энергічныя людзі» В.Шукшына), Фрэдзі («Пігмаліён» Б.Шоу), Хойтпляйн («Арно, прынц. фон Волькенштайн» Р.Штраля) і інш.
Г.Р.Герштэйн.
т. 8, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́ПІЛ ((Kvapil) Яраслаў) (25.9.1868, Худзеніцы каля г. Клатаві, Чэхія — 10.1.1950),
чэшскі пісьменнік і рэжысёр. Нар. арт. Чэхіі (1940). Скончыў Карлаў ун-т у Празе. У 1900—21 і з 1929 рэжысёр і кіраўнік драм. трупы Нац. т-ра ў Празе, у 1921—28 маст. кіраўнік Дзярж. т-ра на Вінаградах. Аўтар п’ес: «Змрок» (1895), «Вандроўны агеньчык» (1896), «Казка пра прынцэсу Дзьмухавец» (1899), «Аблокі» (1903), «Сірата» (1906), «Андэрсен» (1914) і інш. Сярод пастановак: «Фауст» І.В.Гётэ, «Валенштэйн» Ф.Шылера, «Атэла», «Сон у летнюю ноч», «Макбет», «Гамлет», «Юлій Цэзар» і інш. У.Шэкспіра, «Вайнарка», «Бацька», «Ліхтар», «Ян Гус» А.Ірасека і інш. Аўтар лібрэта да опер А.Дворжака і інш. Перакладаў асобныя п’есы Г.Ібсена.
т. 8, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)