АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

ажыццяўленне вытв. працэсу з дапамогай аўтам. сродкаў без непасрэднага ўдзелу ў ім чалавека, а толькі пад яго кантролем. Засн. на выкарыстанні камп’ютэрных сістэм, прылад і аўтаматаў, якія дапоўнілі 3-звенную сістэму машын (рухавік, перадатачны механізм, рабочая машына) 4-м звяном — блокам аўтам. кіравання і кантролю. З’яўляецца асновай развіцця сучаснай эканомікі і гал. кірункам навукова-тэхнічнага прагрэсу. Ажыццяўляецца з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, якасці прадукцыі і аптымальнага выкарыстання рэсурсаў. Бывае частковая (аўтаматызаваны ўчастак, цэх, прадпрыемства) і поўная (аўтаматызаваны ўсе працэсы, у т. л. падрыхтоўка і рэгуляванне вытв-сці). Комплексныя і поўная аўтаматызацыя вытворчасці — гэта пераход да т.зв. бязлюдных тэхналогій. Неабходнасць аўтаматызацыі вытворчасці абумоўлена тэхнічна (калі пры выкананні аперацый выкарыстанне чалавечай працы на пэўным участку немагчыма), эканамічна (апраўдана толькі пры зніжэнні выдаткаў вытв-сці), сацыяльна (дыктуецца ростам прафес. гуманітарнага і культ. ўзроўню работніка, гарманічнага развіцця яго як асобы).

Аўтаматызацыя вытворчасці ажыццяўляецца ў 3 кірунках, якія адлюстроўваюць асн. этапы развіцця навукі і тэхнікі ў галіне механікі, электратэхнікі і электронікі. 1-ы кірунак ажыццяўляецца з перыяду прамысловага перавароту — вынаходства рабочых машын, здольных выконваць вытв. аперацыі без удзелу рабочага (ткацкія станкі, станкі апрацоўкі дэталяў па капіры і інш.). Дзеянне такіх машын-аўтаматаў грунтуецца на выкарыстанні дасягненняў класічнай механікі з дапамогай адпаведных канструкцыйных рашэнняў. Роля чалавека тут зводзіцца да назірання за работай машын ці да падачы матэрыялаў для іх перапрацоўкі і ўборкі гатовай прадукцыі. 2-і кірунак ажыццяўляецца з пач 20 ст. на базе выкарыстання электраэнергіі ў якасці рухальнай сілы. Вынаходства прылад, заснаваных на выкарыстанні электрычнасці і электрамагнетызму (рэле, кантактараў, прылад кантролю, рэгулявання і інш.) зрабіла магчымым звязаць у адзіную сістэму сукупнасць машын і механізмаў, якія вырашаюць пэўную тэхнал. задачу. На гэтым этапе пачаліся распрацоўка і шырокае выкарыстанне аўтам. ліній і вытв-сцяў, здольных без удзелу чалавека выконваць тэхнал. аперацыі па апрацоўцы дэталяў і нават зборку нескладаных вырабаў. Роля чалавека на такіх лініях — у падачы матэрыялаў, падборы і наладцы патрэбнага інструменту, кіраванні, кантролі, загрузцы і выгрузцы дэталяў. 3-і кірунак пачаўся з 2-й пал. 20 ст. на базе развіцця электронікі і выкарыстання ЭВМ (камп’ютэраў). Рэвалюцыйны скачок у вытв. працэсе адбыўся з выкарыстаннем аўтам. маніпулятараў (робатаў) і станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, якія з дапамогай уманціраваных у іх камп’ютэраў здольныя самастойна запамінаць і абагульняць вопыт сваёй работы, выконваць і каардынаваць складаныя фіз. дзеянні ў прасторы. Гэта істотна мяняе характар і змест працы: аўтам. сістэма машын сама ўздзейнічае на прадмет працы, выконвае не толькі фіз., а і шэраг інтэлектуальных функцый рабочага.

Найб. пашырана аўтаматызацыя вытворчасці ў касманаўтыцы, металургіі, ядз. энергетыцы, радыёэлектроннай прам-сці, сувязі і інш. галінах эканомікі, у т. л. і нематэрыяльнай сферы. Дзейнічаюць аўтаматызаваныя прадпрыемствы, аўтаматычныя лініі, аўтаматычныя маніпулятары, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, класы аўтаматызаванага навучання, сістэмы па аўтаматызацыі вымярэнняў, аўтаматызацыі праграмавання, аўтаматызацыі праектавання і інш. На Беларусі наладжаны выпуск ЭВМ, аўтам. ліній і маніпулятараў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем і інш. сучасных сродкаў аўтаматызацыі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў вытв-сці і пастаўляюцца на экспарт.

Літ.:

Автоматизация производственных процессов на основе промышленных роботов нового поколения: Сб. науч. тр. М., 1991.

М.​С.​Сачко.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕ́РСІЯ (ад лац. conversio змяненне, ператварэнне),

1) у эканоміцы — істотнае пераўтварэнне, змена ўмоў, замена адных аб’ектаў вытв-сці іншымі ці адных каштоўных папер на інш. Адрозніваюць К. пазыкі — змену першапач. умоў пазыкі, замену раней выпушчаных аблігацый дзярж. пазыкі новымі з прычыны змянення ўмоў, пераважна для паніжэння ўзроўню пазыковага працэнта ці падаўжэння тэрміну дзеяння пазыкі; К. валют і каштоўных папер — абмен адной валюты на інш. ці адных відаў акцый на інш. і зваротны абмен абавязацельстваў на каштоўныя паперы, якія выкарыстоўваюцца брокерамі для атрымання даходу (К. зваротная); К. знешняга доўгу — скарачэнне агульнай велічыні знешняй запазычанасці дзяржавы праз змену ўмоў прадастаўлення крэдыту, форм і тэрмінаў яго вяртання, працэнтных ставак. Выкарыстоўваецца ў міждзярж. адносінах, у м. ў Саюзе Беларусі і Расіі з мэтай паглыблення эканам. і паліт. інтэграцыі.

2) У ваеннай справе і ваеннай вытворчасці — палітыка прынцыповай змены ваенізаванай структуры грамадства, правядзенне яго глыбокай дэмілітарызацыі; комплекс сац.-эканам. адносін і мерапрыемстваў, звязаных з выкарыстаннем матэрыяльных, фінансавых і чалавечых рэсурсаў ваен.-эканам. сферы грамадства для цывільных патрэб. Адрозніваюць тыпы ваен.-эканам. К. (ВЭК): К. пасляваенная (рэканверсія), звязаная з пераводам эканомікі краіны пасля заканчэння вайны на вытв-сць цывільнай прадукцыі; К. «мірная» — дэмілітарызацыя эканомікі, якая не звязана непасрэдна са спыненнем вайны або ваен. дзеянняў. Асн. кірункі ВЭК: у ваен. вытв-сці — перавод прадпрыемстваў на выпуск цывільнай прадукцыі, выкарыстанне ваен. і навук.-тэхн. патэнцыялу ў мірных мэтах, дэмілітарызацыя знешнеэканам. дзейнасці і працаўладкаванне работнікаў прадпрыемстваў, якія канверсуюцца; ва ўзбр. сілах — выкарыстанне ўзбраенняў, ваен. тэхнікі і маёмасці, аб’ектаў ваен. інфраструктуры і інш. сродкаў для цывільных патрэб, сац.-эканам. адаптацыя звольненых ваеннаслужачых. Ваен.-прамысл. комплексу б. СССР на тэр. Беларусі належала больш за 100 прадпрыемстваў, навук. арг-цый і ўстаноў (у т. л. навук.-вытв. аб’яднанне «Інтэграл», Мінскі з-д колавых цягачоў, Гомельскі радыёзавод, шэраг авіярамонтных і танкарамонтных з-даў), якія разам з дзесяткамі ваен. гарнізонаў і ваен. гарадкоў, ваен. тэхнікай, узбраеннем, асабовым складам вайск. часцей падлягаюць К. Рэалізацыю канверсійных працэсаў на Беларусі ўскладняюць: змяншэнне агульнага прыбытку і рэнтабельнасці прадпрыемстваў за кошт скарачэння ваен. заказаў, высокі сабекошт цывільнай прадукцыі, якая замяняе ваенную; недахоп фін. сродкаў на К. ваен. вытв-сці, а таксама дэмантаж і утылізацыю сродкаў ваен. тэхнікі і ўзбраенняў; адмоўныя наступствы працэсу знішчэння ўзбраенняў для экалогіі; сац.-эканам. і псіхал. цяжкасці, якія адчуваюць ваеннаслужачыя пры перавучванні і засваенні мірных прафесій, і інш. У перападрыхтоўцы ваеннаслужачых на мірныя прафесіі і спецыяльнасці актыўны ўдзел прымае Бел. цэнтр перападрыхтоўкі ваеннаслужачых (пас. Калодзішчы), Міжнар. ін-т менеджменту і інш. навуч. ўстановы.

3) У мовазнаўстве, у сінтаксісе — прадстаўленне суб’ектна-аб’ектыўных адносін у сказе, адваротнае зыходнаму; выражаецца з дапамогай станавых форм (напр., «рабочыя будуюць дом — дом будуецца рабочымі»); у лексіцы — адносіны паміж дзвюма лексемамі (канверсівамі), якія называюць адно і тое ж дзеянне з розных бакоў ці абазначаюць процілегла накіраваныя дзеянні, прыкметы («сястра старэйшая за брата — брат маладзейшы за сястру»); у словаўтварэнні — марфолага-сінтакс. спосаб словаўтварэння, пераход слоў адной часціны мовы ў другую («кавалі́» — «кава́лі»).

М.​Р.​Лобач, Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​В.​Старыкаў, А.​Г.​Лукашанец.

т. 7, с. 575

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТО́ЎНАСЦЬ,

станоўчая або адмоўная значнасць для чалавека і грамадства пэўных з’яў рэчаіснасці і аб’ектаў навакольнага асяроддзя. Носьбітам К. з’яўляецца нешта канкрэтнае (прадмет, рэч, дзеянне, з’ява), а сама К. ёсць значэнне дадзенага аб’екта для суб’екта. Таму матэрыяльным або духоўным можа быць носьбіт К., а не сама К. З фармальнага пункту погляду К. падзяляюцца на пазітыўныя і негатыўныя, адносныя і абсалютныя, суб’ектыўныя і аб’ектыўныя. У залежнасці ад зместу грамадскіх ідэалаў, маральных прынцыпаў і норм К. могуць быць агульначалавечымі (дабро — зло, любоў — нянавісць, давер — варожасць, праўда — хлусня, шчырасць — крывадушнасць) і канкрэтна-гістарычнымі (патрыярхат — матрыярхат, роўнасць — бяспраўнасць, дэмакратыя — аўтарытарызм). Другой формай існавання К. з’яўляецца канкрэтнае прадметнае ўвасабленне чалавечых учынкаў і грамадскіх каштоўнасных ідэалаў (этычных, эстэт., паліт., прававых, рэліг. і інш.). Да прадметных К. адносяць натуральныя даброты і зло, якія заключаюцца ў прыродных багаццях і стыхійных бедствах; сац. даброты і зло, што абумоўлены сутнасцю грамадскіх адносін ці палітыкай дзяржавы; культ. спадчыну мінулага, якая выступае ў форме багацця сучаснікаў; эстэт. характарыстыкі прыродных і грамадскіх аб’ектаў, твораў матэрыяльнай і духоўнай культуры (прыгожае — агіднае, узнёслае — нізкае і г.д.); маральнае дабро і зло, што заключаюцца ў дзеяннях людзей; прадметы рэліг. пакланення і г.д. Адрозніваюць таксама асобасныя К., якія ўваходзяць у псіхал. структуру асобы ў форме каштоўнаснай арыентацыі, мэты і выконваюць функцыю рэгулятараў паводзін індывіда.

Каштоўнасныя арыентацыі і сістэмы ацэнак фарміруюцца і відазмяняюцца ў гіст. развіцці грамадства. У культуры Стараж. Грэцыі яны склаліся ў выніку распаду першабытнай каштоўнаснай свядомасці на самаст. яе мадыфікацыі — прававыя, паліт., рэліг., эстэт., маральныя і мастацкія. У працэсе ўтварэння самаст. дзяржаў атрымалі заканад. афармленне прававыя адносіны, якія вызначалі абавязкі і правы кожнай часткі грамадства — індывіда, сац., этн. і паліт. груп. З ускладненнем сац. структуры грамадства прававыя спосабы яго арг-цыі дапоўніліся паліт. К., якія ўвасабляліся ў пэўных праграмах, тэарэт. канцэпцыях, ідэалаг. сістэмах і адпаведных сістэмах К. (патрыятызм, грамадзянскасць, нац. і саслоўная гордасць, класавая салідарнасць, парт. дысцыпліна і да т.п.). Народжаныя эканам., этн., сац.-псіхал. і ідэалаг. падзелам чалавецтва, паліт. К. то садзейнічалі кансалідацыі грамадства, то прыводзілі да разбурэння яго цэласнасці, апраўдання ваен. і рэв. канфліктаў. У сярэдзіне 20 ст., з прычыны пагрозы самазнішчэння чалавецтва ў выніку ўнутр. разладу, ядзернай катастрофы або экалагічнага крызісу, узнікла ўсведамленне прыярытэту агульначалавечых К., якія здольны прывесці да адмірання паліт. адносін, а значыць, і паліт. К. Гэтыя К. адлюстроўваюць шматвяковы вопыт сац.-паліт. развіцця свету, светапоглядныя ідэалы, маральныя нормы развіцця цывілізацыі і з’яўляюцца агульнымі для ўсіх людзей незалежна ад якіх-н. адрозненняў (самакаштоўнасць чалавечага жыцця, свабода, шчасце, міласэрнасць і інш).

Засваенне выпрацаваных на кожным гіст. этапе К. складае неабходную аснову фарміравання унікальнага ўнутр. свету кожнага чалавека, які з’яўляецца асновай яго непаўторнай асобы і індывідуальнасці, эфектыўнага развіцця і функцыянавання грамадства і чалавечай супольнасці ў цэлым. Філас. праблемы прыроды і сутнасці К. з’яўляюцца прадметам даследавання спец. навукі — аксіялогіі.

Літ.:

Ценности культуры и современная эпоха. М., 1990;

Чумаков А.Н. Философия глобальных проблем. М., 1994;

Каган М.С. Философская теория ценности. СПб., 1997;

Маслоу А. Психология бытия: Пер. с англ. М.;

Киев, 1997.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 8, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІСТЫ́КА,

раздзел мовазнаўства, які даследуе арэалы моўных з’яў, іх тыпы і ўзаемадзеянне. Асноўныя прынцыпы арэальнай лінгвістыкі распрацаваў у 1925 італьянскі лінгвіст М.​Барталі, які паказаў, што ўзаемадзеянне арэалаў блізкіх ці функцыянальна тоесных з’яў можа разглядацца з пункту погляду дыяхраніі (гэта значыць часавых адносін): адны арэалы ўяўляюць інавацыі (новыя з’явы, якія распаўсюджваюцца), іншыя — архаізмы (старыя з’явы, што звужаюць сваю тэрыторыю). Ад іх узаемнага размяшчэння залежаць так званыя нормы арэалаў. Складаныя выпадкі прасторавага ўзаемадзеяння арэалаў моўных з’яў (адна з якіх была прычынай узнікнення другой) даследаваў бел. лінгвіст П.​А.​Бузук.

Сучасная арэальная лінгвістыка займаецца інтэрпрэтацыяй моўных фактаў, здабытых лінгвістычнай геаграфіяй і пададзеных графічна ў выглядзе большых або меншых масіваў, размешчаных асобна ці ў кантакце паміж сабой. Налажэнне арэалаў розных інавацыйных з’яў, якія характарызуюць асобную мову ці моўную супольнасць, утварае так званую арэальную структуру гэтай мовы ці супольнасці.

Літ.:

Бузук П. Лінгвістычная геаграфія як дапаможны метад пры вывучэнні гісторыі мовы // Sbornik praci I. Sjezdu slovanskych filologů v Praze, 1929. Praha, 1932. Т. 2;

Цыхун Г.А. Арэальная тыпалогія славянскіх моў. Мн., 1988;

Bartoli M. Introduzione alla neolinguistica. Genève, 1925.

Г.​А.​Цыхун.

т. 2, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЧЫ́СТКА СЦЁКАВЫХ ВО́ДАЎ,

выдаленне забруджвальных рэчываў, якія ёсць у сцёкавых водах і могуць неспрыяльна паўплываць на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе. Праводзіцца ў спец. ачышчальных збудаваннях пры падрыхтоўцы сцёкавых водаў да скідвання ў прыродныя вадаёмы або для паўторнага выкарыстання ў паўторнапаслядоўных сістэмах водакарыстання ці сістэмах зваротнага водакарыстання. Існуюць метады механічнай, фіз.-хім., біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў.

Пры механічнай ачыстцы нерастваральныя дамешкі выдаляюцца працэджваннем, адстойваннем, фільтраваннем, флатацыяй з дапамогай тлустых спіртоў, сернакіслага алюмінію або хлорнага жалеза, цэнтрабежнай сепарацыяй і інш. Пры фізіка-хімічнай ачыстцы выкарыстоўваюць: рэагентную каагуляцыю і працэс адгезіі (прыліпанне дамешкаў да паверхні інертных матэрыялаў); нейтралізацыю кіслот і шчолачаў вапнай; экстракцыю арган. растваральнікамі (бензол, бутылацэтат і інш.); перагонку з сухой парай (для выдалення фенолаў); сорбцыю праз актываваны вугаль; фільтрацыю праз іонаабменныя матэрыялы; апрацоўку хлорам (эл.-хім. акісленне); мокрае спальванне (для выдалення арган. рэчываў). Выдаленыя са сцёкавых водаў забруджвальныя рэчывы ў шэрагу выпадкаў — каштоўныя для нар. гаспадаркі прадукты, якія здабываюць з дапамогай спец. тэхнал. установак (гл. Утылізацыя забруджвальнікаў).

Літ.:

Технические записки по проблемам воды: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1983;

Очистка производственных сточных вод. 2 изд М., 1985.

т. 2, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСКАНЕ́ЧНАЕ І КАНЕ́ЧНАЕ,

філасофскія катэгорыі, якія выражаюць непарыўна звязаныя паміж сабой процілеглыя бакі аб’ектыўнага свету. Бесканечнае характарызуе неабмежаваную разнастайнасць прасторавых структур матэрыі, яе ўласцівасцяў і ўзаемасувязяў, колькасную невычарпальнасць у глыбіню, існаванне бясконцага мноства якасна адрозных узроўняў яе структурнай арганізацыі. У гісторыі навукі напачатку ўвага канцэнтравалася на колькасных аспектах бесканечнага, якія вывучаліся матэматыкай (гл. Бесканечна вялікая, Бесканечна малая, Бесканечнасць у матэматыцы). Ідэі бесканечнасці сустракаліся ўжо ў выказваннях стараж. індыйцаў. Большасць стараж.-грэч. філосафаў лічыла, што свет канечны і абмежаваны цвёрдым нябесным купалам. Такога ж пункту погляду прытрымліваецца хрысціянства. Толькі Нікалай Кузанскі і Дж.​Бруна ў 15—16 ст. зноў загаварылі пра бесканечнасць свету. Канечнае з’яўляецца адмаўленнем бесканечнага і ўяўляе сабой усякі абмежаваны ў прасторы і часе аб’ект. Усякая канкрэтная якасць у свеце канечная, існуе ў пэўных межах меры. Канечнае азначае таксама абмежаванасць і часовасць зямнога быцця наогул, у гэтым значэнні яно дапускае прынцыповую магчымасць далейшага, незямнога быцця.

Літ.:

Кармин А.С. Познание бесконечного. М., 1981;

Бурова И.Н. Развитие проблемы бесконечности в истории науки. М., 1987;

Жуков Н.И. Философские основания математики 2 изд. Мн., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЁНІКА (ад грэч. biōn элемент жыцця, літар. які жыве),

кірунак у кібернетыцы, засяроджаны на вывучэнні асаблівасцяў будовы і жыццядзейнасці арганізмаў з мэтай стварэння больш дасканалых тэхн. сістэм або ўстройстваў. Першай спробай мадэлявання жывога (крыла птушкі) лічаць працы Леанарда да Вінчы (1452—1519). Як самаст. навука вылучылася з кібернетыкі ў 1960 на першым сімпозіуме па біёніцы ў Дайтане (ЗША). Існуюць 3 кірункі біёнікі: біялагічны — вывучэнне з’яў і працэсаў, якія адбываюцца ў жывых арганізмах з мэтай наступнага выкарыстання іх у тэхн. аспектах; тэхнічны — пабудова новых і ўдасканаленне старых тэхн. сістэм на аснове біял. ведаў; тэарэтычны — высвятленне магчымасці стварэння тэхн. ўстройства шляхам папярэдняга выпрабавання яго мадэлі. На Беларусі распрацоўваюцца біятэхн. сістэмы, сукупнасці біял. і тэхн. элементаў, звязаных паміж сабой у адзіным контуры кіравання. Створаны комплекс маніторных дыягнастычных і біятэрапеўтычных сістэм, якія выкарыстоўваюцца ў кардыялогіі (Г.І.Сідарэнка). Прапанавана эксперым. мадэляванне кіруючых сістэм (эмбрыябіёніка), што рэалізуецца ў выглядзе аперацыі органапексіі (Д.М.Голуб).

Літ.:

Антомонов Ю.Г. Моделирование биологических систем: Справ. Киев, 1977;

Биологическая и медицинская кибернетика. Киев, 1986;

Жерарден Л. Бионика: Пер. с фр. М., 1971;

Проблемы бионики. М., 1973.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫНАМІКО́З (ад актына... + ...мікоз),

хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, радзей чалавека, што выклікаецца грыбкамі з кл. актынаміцэтаў, якія пастаянна прысутнічаюць у арганізме (поласць рота, страўнікава-кішачны тракт, верхнія дыхальныя шляхі і інш.), а таксама пашыраны і ў прыродзе (глеба, расліны). Найчасцей хварэе буйн. раг. жывёла, успрымальныя авечкі, коні, свінні, драпежныя. У буйн. раг. жывёлы часцей пашкоджваюцца косці і тканкі ніжняй сківіцы, лімфавузлы, радзей іншыя часткі цела. Характарызуецца ўтварэннем шчыльных пухлін, інфільтратаў, абсцэсаў, свішчоў і рубцоў. У чалавека больш хварэюць мужчыны ва ўзросце 21—40 гадоў. Пры вузлаватай форме актынамікозу ў глыбокіх слаях скуры ўтвараецца цвёрды, цвёрдаэластычны, маларухомы інфільтрат цёмна-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем, які нагнойваецца і прарывае свішчамі з гноем. Пры бугарковай форме ў тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы ўзнікаюць дробныя, паўшарападобныя, цвёрдыя, бязбольныя, цёмна-чырвоныя бугаркі, якія найчасцей нарываюць з выдзяленнем кроплі гною, потым утвараюцца свішчы. Пашкоджваецца і падскурная клятчатка. Язвавая форма развіваецца ў аслабленых хворых. Язвы мяккія, няроўныя, скура вакол іх сіняватага колеру. Атэраматозная форма — інфільтрат дыяметрам да 5 см, эластычнай кансістэнцыі, акрэслена абмежаваны, з паслядоўным нагнойваннем, выдзяленнем гною і свішчамі.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 1, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАСО́БЛЕНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,

залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці з інш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.

Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.​Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.​Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.​Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.​Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.​Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.​Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.​Колас).

Л.​І.​Бурак.

т. 1, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬПІ́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

эра тэктагенезу, што адбываўся з канца мелу і пераважна ў кайназоі. Выявілася ў межах геасінклінальных абласцей, якія развіваліся ў мезазоі і раннім палеагене, завяршылася ўзнікненнем маладых горных утварэнняў — альпідаў. Да вобласці альпійскай складкаватасці належаць складкавыя горы: у Еўропе Альпы, Пірэнеі, Андалускія, Апеніны, Карпаты, Дынарскае нагор’е, Стара-Планіна, Крымскія горы; у Азіі Каўказ, Пантыйскія, Таўр, Туркмена-Харасанскія, Эльбурс, Загрос, Сулейманавы горы, Гімалаі, складкавыя ланцугі Бірмы, Інданезіі, Камчаткі, Японскіх і Філіпінскіх а-воў; у Паўн. Амерыцы складкавыя хрыбты Ціхаакіянскага ўзбярэжжа Аляскі і Каліфорніі; у Паўд. Амерыцы Анды; таксама архіпелагі, якія акаймоўваюць Аўстралію з У, у т. л. а-вы Новая Гвінея і Новая Зеландыя. Альпійская складкаватасць месцамі закранула і суседнія платформы — Юрскія горы і частку Пірэнейскага п-ва ў Зах. Еўропе, паўд. ч. гор Атлас у Паўн. Афрыцы, Таджыкскую дэпрэсію і паўд.-зах. адгор’і Гісарскага хрыбта ў Сярэдняй Азіі, усх. ч. Скалістых гор у Паўн. Амерыцы, Антарктычны п-аў у Антарктыдзе і інш. На тэр. Альпійскай складкаватасці захоўваецца тэктанічная актыўнасць, што выяўляецца ў моцным расчляненні рэльефу, высокай сейсмічнасці, шматлікіх дзеючых вулканах.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)