ВАКЦЫ́НЫ,

група імунапрэпаратаў з мікраарганізмаў, што выкарыстоўваюцца для стварэння актыўнага спецыфічнага набытага імунітэту людзей і жывёл з мэтай прафілактыкі і лячэння інфекц. і паразітарных хвароб. Уводзяць вакцыны (вакцынацыя, імунізацыя, прышчэпкі) праз рот, дыхальныя шляхі, на скуру, пад скуру, у мышцы і інш. Упершыню вакцыны выкарыстаў у 1796 англ. ўрач Э.​Джэнер, які прышчэпліваў людзям для папярэджання ад захворвання натуральнай воспай воспу каровы (адсюль назва).

Адрозніваюць вакцыны інактываваныя карпускулярныя, жывыя карпускулярныя, хім. і анатаксіны. Інактываваныя вакцыны рыхтуюць з мікраарганізмаў, забітых фіз. (награванне) і хім. метадамі, жывыя вакцыны — са спецыяльна аслабленых культур мікраарганізмаў, якія не здольны выклікаць захворванне, але могуць фарміраваць імунітэт. Хім. вакцыны — рэчывы, вылучаныя з бактэрыяльных клетак, маюць асн. кампаненты, якія ствараюць імунітэт. Вакцыны могуць быць прыгатаваны з узбуджальнікаў адной інфекцыі — монавакцыны або ў выніку камбінацыі двух і болей узбуджальнікаў (асацыіраваныя вакцыны). Прынцып прыгатавання і класіфікацыя вакцын супраць хвароб жывёл не адрозніваюцца ад медыцынскіх. Вакцыны выкарыстоўваюць для прафілактыкі і лячэння больш як 20 інфекц. хвароб жывёл.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 3, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДААЧЫ́СТКА,

комплекс тэхнал. працэсаў, які забяспечвае давядзенне якасці вады, што паступае ў водаправодную сетку з крыніцы водазабеспячэння, да ўстаноўленых вытв. паказчыкаў. Ажыццяўляюць на водаачышчальных збудаваннях, дзе выкарыстоўваюць рэагентныя і дэзінфекцыйныя ўстаноўкі, адстойнікі, градзірні і інш.

Воды паверхневых крыніц (рэк, азёр) да падачы ў водаправод асвятляюць (выдаляюць завіслыя і калоідныя часцінкі), пазбаўляюць колеру і абеззаражваюць (знішчаюць патагенныя бактэрыі і вірусы). Для асвятлення і пазбаўлення колеру праводзяць каагуляцыю, адстойванне, фільтрацыю. Для абеззаражвання вады выкарыстоўваюць вадкі хлор, хлорную вапну ці азон. Падземныя воды пры здавальняючым хім. саставе толькі абеззаражваюць хлорам ці ультрафіялетавымі прамянямі. Для змякчэння (выдалення празмернай колькасці солей кальцыю і магнію) ваду апрацоўваюць вапнаю, содай ці прапускаюць праз іанітныя фільтры (гл. Іаніты). Аэрацыяй з далейшым фільтраваннем памяншаюць колькасць солей жалеза. Газы (серавадарод, метан, радон, вуглякіслы і інш.) выдаляюць аэрацыяй, радыеактыўныя рэчывы — дэзактывацыяй. Дэзадарацыю вады ажыццяўляюць сорбцыяй рэчываў, якія абумоўліваюць прысмак і пах, актываваным вугалем ці акісленнем азонам, дыаксідам хлору, перманганатам калію.

У.​М.​Марцуль.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУ́ЛЕЙ,

штучна створаныя гнёзды для пчаліных сем’яў. Папярэднікамі вулляў былі борці (вуллі ў выглядзе выдзеўбанай калоды або дупла ў дрэве, дзе жылі пчолы). Робяць вуллі з драўніны хвойных (елка, піхта, нясмольная хвоя) і мяккіх лісцевых парод (ліпа, таполя, вярба). Пашыраны разборны рамачны вулей, які сканструяваў рус. пчаляр П.​І.​Пракаповіч (1814).

Удасканалены рамачны вулей складаецца з аднаго або некалькіх карпусоў, у кожным з якіх размяшчаецца ад 10 да 24 гнездавых рамак (дзе пчолы гадуюць лічынак, складваюць мёд і пяргу). Корпус мае ляткі для праходу пчол, прылётную дошку, надстаўку, якая дазваляе пашырыць аб’ём пчалінага гнязда, дно, паддашнік (для верхняга ўцяплення), столь, дах, рамкі і паўрамкі. Вуллі бываюць вертыкальныя (стаякі) і гарызантальныя (лежакі). У вертыкальным рамкі размяшчаюцца ў некалькі ярусаў, у гарызантальным — у 1 ярус.

На Беларусі найб. пашыраны вулей 16-рамачны з магазіннай надстаўкай, вулей-ляжак на 20 рамак і шматкорпусны.

Вуллі: 1 — 16-рамачны ўцеплены (беларускі); 2 — шматкорпусны; 3 — вулей-ляжак на 20 рамак.

т. 4, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАТУРБІ́ННАЯ ЭЛЕКТРАСТА́НЦЫЯ,

цеплавая электрастанцыя, у якой прыводам эл. генератара з’яўляецца газавая турбіна. З 1950—60-х г. пашырыліся газатурбінныя электрастанцыі з газатурбіннымі рухавікамі (устаноўкамі). Адзінкавая магутнасць да 100 МВт, ккдз 0,3—0,34. Выкарыстоўваюцца для пакрыцця пікавых нагрузак на магутных ЦЭС, а таксама як рэзервовыя і перасоўныя крыніцы энергіі (пашыраны менш за дызельныя электрастанцыі з-за горшых эксплуатац. характарыстык).

У аднавальных газатурбінных устаноўках рух генератару і кампрэсару надае газавая турбіна, зманціраваная з імі на адным вале, у двухвальных (з т.зв. «разразным валам») генератар круціць незалежная турбіна. Паліва для газатурбіннай электрастанцыі — пераважна прыродны газ, радзей газатурбіннае паліва (атрымліваецца з нафты) і прадукты падземнай газіфікацыі вугалю. Есць газатурбінныя электрастанцыі з 2—4 турбаагрэгатамі на базе авіяц. турбін (магутнасцю па 10—20 МВт). Аўтаматызаваныя, з дыстанцыйным кіраваннем газатурбінныя электрастанцыі з’яўляюцца асн. крыніцай энергіі на новых радовішчах карысных выкапняў (асабліва нафтавых). Перспектыўныя газатурбінныя электрастанцыі з камбінаванымі парагазатурбіннымі ўстаноўкамі, у якіх цеплыня адпрацаваных газаў можа выкарыстоўвацца для падагравання вады або атрымання пары нізкага ціску ў паравым катле.

т. 4, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ ТУНЭ́ЛЬ,

гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.

Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.

Літ.:

Гидротехнические сооружения. Ч. 2. М., 1979.

М.​М.​Кунцэвіч.

т. 5, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРЫ́ЛА, вадзяніца (Hydrilla),

манатыпны род кветкавых раслін сям. жабнікавых. Вядомы 1 від — гідрыла кальчаковая (H. verticillata). Пашырана пераважна ў тропіках і субтропіках Еўропы, Азіі, Афрыкі і Аўстраліі; на поўначы Еўропы, у т. л. на Беларусі трапляецца як занесеная або рэліктавая расліна. Часта ўтварае зараснікі ў азёрах Бел. Паазер’я (найб. паўн. і паўн.-ўсх. месцы росту ў Еўропе). Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

Шматгадовая апушчаная ў ваду двухдомная травяністая расліна з доўгім ніткападобным сцяблом даўж. да 3 м і рэдкімі галінкамі, на якіх утвараюцца шчыльныя пупышкі (прыстасаванне для вегетатыўнага размнажэння). Лісце лінейнае, эліпсоіднае або яйцападобнае, сядзячае, па 3—8 у кальчаках, радзей парнае, цёмна-зялёнае, рэдка чырв.-фіялетавае. Цвіце рэдка. Кветкі дробныя, аднаполыя, акружаны пакрывалам, сядзяць па 1 у пазухах лісця, тычынкавыя зеленавата-белыя, аддзяляюцца і ўсплываюць на паверхню, песцікавыя — белаватаплеўкавыя. Плод цыліндрычны, ягадападобны, маланасенны. Прыдатная для аквакультуры, корм для рыб і вадаплаўных птушак.

Г.​У.​Вынаеў.

Гідрыла кальчаковая.

т. 5, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫЯ КА́РТЫ,

карты, якія адлюстроўваюць размяшчэнне глебаў, іх тыпы, падтыпы, віды, механічны састаў і глебаўтваральныя пароды. Выкарыстоўваюцца ў с.-г. вытворчасці, гідрамеліярацыі, лесаводстве, буд-ве, пры кадастравых ацэнках зямель, азеляненні населеных пунктаў і інш. Падзяляюцца паводле тэр. прыналежнасці, зместу паказчыкаў (агульна-глебавыя, глебава-меліярац., глебава-эразійныя і інш.) і маштабаў. Прынцыпы картаграфавання закладзены В.В.Дакучаевым. Першая глебавая карта еўрапейскай ч. Расіі складзена ў маштабе 1 : 84 000 000 і выдадзена ў 1851 пад рэдакцыяй К.​С.​Весялоўскага. Глебавыя карты ствараюцца па матэрыялах наземных, аэракасм. і камбінаваных здымак мясцовасці. Хім. паказчыкі вызначаюцца лабараторнымі аналізамі. На Беларусі першая глебавая карта складзена ў маштабе 1 : 1 000 000 у 1929—30 пад рэд. Я.​М.​Афанасьева. У 1957—64 праведзена буйнамаштабнае картаграфаванне для калгасаў і дзяржгасаў са складаннем картаграм аграхім. уласцівасцей і інш. паказчыкаў рацыянальнага выкарыстання зямель. У 1965—69 складзены глебавыя карты для 117 адм. раёнаў, у 1970—74 для ўсіх абласцей. Гл. таксама Глебава-геаграфічнае раянаванне.

Т.​А.​Багданава, А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́КІ ДРУК,

від друку, пры якім друкавальныя элементы друкарскай формы паглыблены адносна прабельных і запаўняюцца фарбаю. У працэсе друкавання фарба бесперапынна паступае на паверхню друкарскай формы, спец. стальной пласцінкай (ракелем) выдаляецца з прабельных элементаў, а з паглыбленняў пад ціскам друкарскага вала перадаецца на паперу.

Чым глыбей друкавальныя элементы, тым больш фарбы пераносіцца на паперу і больш цёмнымі насычанымі робяцца пэўныя часткі адбітка. Для адбіткаў глыбокага друку ўласцівыя высокая яркасць, насычанасць і мяккасць тонавых пераходаў. Формы для глыбокага друку робяць фотамех. спосабам і на электрагравіравальных апаратах, друкаванне выконваецца на ратацыйных друкарскіх машынах. Глыбокі друк выкарыстоўваюць для друкавання ілюстраваных адна- і шматфарбавых часопісаў, рэкламнай і этыкетачна-ўпаковачнай выяўленчай прадукцыі. Вядомы з 15 ст. Папярэднікам сучаснага спосабу вырабу формаў глыбокага друку з’яўляецца геліягравюра.

Літ.:

Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.

Схема глыбокага друку: 1 — падрыхтаваная друкарская форма; 2 — форма пасля нанясення фарбы; 3 — выдаленне фарбы з паверхні формы ракелем; 4 — атрыманне адбітка на паперы.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКА САРТАВА́ЛЬНАЯ,

збудаванне на чыгуначных станцыях для сартавання вагонаў пры фарміраванні і расфарміраванні саставаў цягнікоў. Гэта земляны пакаты насып (найб. вышыня звычайна 3,5—4, 5 м) з сістэмай чыг. пуцей і комплексам прыстасаванняў і прылад для аўтам. пераключэння стрэлак, запавольвання руху вагонаў, сувязі, блакіроўкі, сігналізацыі.

Прадукцыйнасць механізаваных горак сартавальных да 5 тыс. вагонаў у суткі, вял. аўтаматызаваных — да 10 тыс. і болей. Чыг. састаў, які трэба расфарміраваць, падаюць лакаматывам на верхнюю ч. горкі і расчапляюць на асобныя вагоны або групы. Ад уласнай сілы цяжару яны скочваюцца ўніз на патрэбную каляю. Працэсам кіруе аператар з дапамогай сістэмы горачнай аўтам. цэнтралізацыі. Для запавольвання руху вагонаў выкарыстоўваюць тармазныя пазіцыі.

На Беларускай чыгунцы горкі сартавальныя пабудаваны на станцыях у Мінску, Брэсце, Гомелі, Баранавічах, Жлобіне, Оршы і інш.

Схема горкі сартавальнай: а — план, б — разрэз; 1 — парк прыбыцця; 2 — падымальная частка горкі; 3 — скорасны нахіл; 4 — тармазны нахіл; 5 — нахіл стрэлачнай зоны; 6 — падгорачны парк.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,

працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.

У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.

Літ.:

На переднем крае астрофизики: Пер. с англ. М., 1979;

Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)