УГО́Н ПАВЕ́ТРАНАГА СУ́ДНА,

злачынства міжнар. характару. У Рэспубліцы Беларусь упершыню самаст. крымін. адказнасць за У.п.с., а таксама за незаконны захоп паветр. судна з мэтай яго ўгону была прадугледжана Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 11.4.1973. КК Рэспублікі Беларусь аб’яднаў гэтыя злачынствы з угонам чыг. рухомага саставу або воднага судна (арт. 311). Угон трансп. сродку ўяўляе сабой устанаўленне над ім гвалтоўнага або негвалтоўнага кантролю, які дае ўгоншчыку магчымасць распараджацца ім у сваіх мэтах. Гэтыя злачынствы, учыненыя арганізаванай групай або калі яны мелі сваім вынікам цяжкія наступствы (смерць або пакалечанне людзей, нанясенне вял. матэрыяльнай шкоды), караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 ад 15 гадоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 16, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУНТ (ням. Pfund ад лац. pondus вага, гіра, цяжар),

1) асноўная адзінка масы ў сістэме англ. мер. Паходзіць ад стараж.-рым. адзінкі масы — лібры. Абазначаецца lb. 1 Ф. (гандлёвы) = 0,45359237 кг, 1 Ф. (аптэкарскі, тройскі, або манетны) = 0,37324177 кг.

2) Старажытная адзінка масы (вагі) у Беларусі і Расіі. У ВКЛ мяняўся ад 360 да 450 г, з 1766 роўны 374,8282 г. У Расіі ў 18 — пач. 20 ст. 1 Ф. = ​1/40 пуда = 32 лотам = 96 залатнікам = 0,40951241 кг. Выкарыстоўваўся да 1924 пры ўзважванні воску, мёду, мяса, цукру і інш. Быў пашыраны таксама аптэкарскі Ф., роўны 12 аптэкарскім унцыям, ці 0,35832336 кг.

А.​Л.​Болсун.

т. 16, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТАБ-АФІЦЭ́РЫ назва групы старшых афіцэраў у арміях шэрагу Краін. У рас. арміі катэгорыя Ш.-а. ўведзена ў пач. 18 ст. і паводле Табеля аб рангах 1722 да іх належалі афіцэры ад маёра да палкоўніка (на флоце — ад капітан-лейтэнанта да капітана 1-га рангу). Як правіла, з Ш.-а. складаўся штаб (адсюль назва). У адрозненне ад обер-афіцэраў (групы малодшых афіцэраў) Ш.-а. насілі эпалеты з махрамі і пагоны з дзвюма падоўжнымі палосамі (прасветамі). Паводле Табеля аб рангах 1884 у 8-ы клас (групу Ш.-а.) пераведзены капітан, ротмістр, есаул; пры гэтым яны лічыліся обер-афіцэрамі, але атрымалі права на тытулаванне Ш-а.

т. 17, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1945, Дагавор аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы паміж СССР і Польшчай,

падпісаны 16.8.1945 у Маскве нам. Старшыні СНК СССР В.​М.​Молатавым і Старшынёй СМ Польскай Рэспублікі Э.​Асубка-Мараўскім замест пагаднення ад 26.7.1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення. Заключаны ў адпаведнасці з сав.-польск. дагаворам ад 21.4.1945 (гл. Савецка-польскія дагаворы і пагадненні). Вызначыў дзярж. граніцу паміж СССР і Польшчай згодна з рашэннямі Крымскай канферэнцыі 1945 уздоўж «Керзана лініі» з адхіленнямі ад яе на карысць Польшчы ў некат. раёнах на 5—8 км. Пры гэтым Польшчы дадаткова ўступаліся землі на У ад «Керзана лініі» да рэк Зах. Буг і Салокія, на Пд ад г. Крылаў з водступам на карысць Польшчы максімальна на 30 км (тэр. Украіны); частка Белавежскай пушчы на ўчастку Няміраў—Ялаўка на У ад «Керзана лініі», уключаючы Няміраў, Гайнаўку, Белавежу і Ялаўку, з водступам на карысць Польшчы максімальна на 17 км (тэр. Беларусі). Усяго ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з г. Беласток і 3 раёны Брэсцкай вобл. (частка Белавежскай пушчы) — тэр. плошчай 14,3 тыс. км² з прыбл. 638 тыс. жыхароў (паводле польск. перапісу 1946), сярод якіх было 61% католікаў, 23% праваслаўных. 15% іудзеяў (даныя 1921). Польшча перадавала БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. 20.8.1945 Вярх. Савет БССР прыняў пастанову аб перадачы Польшчы б.ч. зямель Беластоцкай вобл. Дагавор ратыфікаваны Краёвай Радай Нарадовай 31.12.1945 і Прэзідыумам Вярх. Савета СССР 13.1.1946. Ён прадугледжваў таксама стварэнне змешанай камісіі па дэмаркацыі граніцы (знаходзілася ў Варшаве), якая працавала з мая 1946 і скончыла дэмаркацыю граніцы ў крас. 1947. У 1946—55 граніца паміж БССР і Польшчай па рашэнні сав. ўрада 4 разы адсоўвалася на У. Польшчы былі перададзены некалькі дзесяткаў вёсак Сапоцкінскага, Бераставіцкага і Свіслацкага р-наў, жыхары якіх былі пераважна католікамі. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора ажыццяўляліся без удзелу прадстаўнікоў БССР. Ён не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзярж. улады Беларусі, чые нац.-дзярж. інтарэсы непасрэдна закранаў. Дагавор парушаў палажэнні Канстытуцыі СССР 1936 і Канстытуцыі БССР 1937, што патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змену яе граніц. З пункту гледжання міжнар. права дагавор быў чарговым падзелам тэр. Беларусі, якая паводле рашэнняў Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 уваходзіла ў склад дзяржаў — заснавальніц ААН. Разам з тым паводле дагавора аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 23.6.1992 бакі пацвердзілі існуючую паміж імі граніцу, вызначаную дагаворам ад 16.8.1945.

Літ.:

Волаціч М. Насельніцтва Заходняй Беларусі і яго перасяленьне між сучаснай Польшчай і БССР // Беларускі зборнік. Мюнхен, 1956. Кн. 4;

Снапкоўскі У.Е. Міжнародныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы ў 1943—1945 гг. // Бел. гіст. часоп. 1994. №3;

Мірановіч Я Навейшая гісторыя Беларусі. Беласток, 1999.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 14, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,

колькасць вадзяной пары ў адзінцы аб’ёму паветра, адна з характарыстык вільготнасці паветра. Выражаецца ў грамах на кубічны метр. Вагаецца ад 0,1—1 г/м³ (зімой над мацерыкамі, у палярных шыротах) да 30 г/м³ і больш (у экватарыяльнай зоне). На Беларусі — ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ летам.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЛУЧЭ́ННЕ ад царквы,

выключэнне з рэлігійнай абшчыны асоб за тое, што адмаўляюць Бога, не шануюць Маці Божую, святыя абразы. Выкарыстоўваецца як мера царк. пакарання ў праваслаўі, каталіцызме, іудаізме і некаторых інш. рэлігіях. Кананічнае права адрознівала вялікае адлучэнне, урачыстае (анафема) і малое (часовае, якое «вылечвае»). У сучасных умовах назіраюцца тэндэнцыі да адмаўлення ад такога пакарання.

т. 1, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЙНКА, Падвейка,

рака ў Беларусі, у Лагойскім р-не Мінскай вобл., правы прыток Дзвінасы (бас. Віліі). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 98 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Роўнядзь, цячэ па паўн. схілах Мінскага ўзвышша. Ад вытоку амаль да в. Пячное цячэ праз лес, далей да вусця (9,4 км) каналізаваная.

т. 4, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНІ ЕГІ́ПЕТ,

раён Егіпта, які ўключае даліну р. Ніл ад мяжы з Суданам на Пд да шыраты г. Эль-Мінья на Пн. У старажытнасці Верхнім Егіптам называлася ўся асвоеная егіпцянамі даліна Ніла ў адрозненне ад Ніжняга Егіпта, які быў размешчаны ў дэльце Ніла. Мяжа паміж імі праходзіла ў раёне сучаснага г. Каір.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРА́Н (лац. veteranus ад vetus стары),

1) у Стараж. Рыме салдат, які адслужыў тэрмін у арміі. Ветэранаў надзялялі зямлёй (у Італіі ці правінцыях) або ім давалі грашовае ўзнагароджанне, вызвалялі ад павіннасцей, давалі права на рым. грамадзянства.

2) Вопытны воін, у мінулым удзельнік вайны.

3) Чалавек, які даўно працуе ў якой-небудзь галіне.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРБАВІ́ЧЫ,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., на р. Ненач. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі раённага аб’яднання «Сельгасхімія». За 13 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Калінкавічы, 135 км ад Гомеля. 465 ж., 196 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)