НУЛЯВЫ́ ЦЫКЛ,
комплекс будаўніча-мантажных работ па ўзвядзенні падземнай часткі забудовы і ўпарадкаванні ўнутрыквартальных інж. сетак.
Да работ Н.ц. адносяцца: зрэзка і вывазка расліннага грунту; вертыкальная планіроўка буд. пляцоўкі; пракладка ўнутрыквартальных сетак водаправода, каналізацыі, газаправода, цепла- і электразабеспячэння, тэлефона; правядзенне ўнутрыквартальных дарог і праездаў; мантаж трансфарматарных падстанцый і знадворнага асвятлення, унутрыквартальных газарэгулятарных станцый і цеплавых пунктаў; капанне катлаванаў і траншэй пад фундаменты; буд-ва фундаментаў, падвалаў і інш. Комплекс работ Н.ц. ажыццяўляюць спецыялізаваныя арг-цыі.
т. 11, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕДАГОГИ́ЧЕСКОЕ ДЕ́ЛО»,
грамадска-педагагічны часопіс ліберальна-асветнага кірунку. Выдаваўся ў 1911—14 на рус. мове Гродзенскім педагагічным таварыствам. Рэдактары І.І.Астравумаў і Дз.М.Кропатаў. Меў 2 самаст. часткі; матэрыялы для настаўнікаў і бацькоў і матэрыялы для вучняў. Друкаваліся метадычныя распрацоўкі, бібліягр. агляды, справаздачы аб пед. курсах і вучнёўскіх экскурсіях, маст. творы, нататкі бел. настаўнікаў. Да ўдзелу ў выданні часопіса прыцягваліся вучні мясц. навуч. устаноў. Выдадзена 12 нумароў.
В.М.Астрога.
т. 12, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛІ́Ў,
адносна вузкая водная прастора, якая раздзяляе якія-небудзь участкі сушы і злучае сумежныя водныя басейны або іх часткі. Звычайна П. мае свой асобны гідралагічны рэжым, які залежыць ад рэжыму злучаных ім вадаёмаў або частак вадаёмаў, даўжыні, шырыні і глыбіні П. Макс. памеры: даўж. 1760 км (Мазамбікскі П. паміж Афрыкай і в-вам Мадагаскар), шыр. да 1120 км (П. Дрэйка, паміж архіпелагам Вогненная Зямля і Паўд. Шэтландскімі а-вамі, злучае Атл. ак. з Ціхім).
т. 12, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯЦІ́ЦКІ ВАЛУ́Н,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1991). Размешчаны за 500 м на ПдЗ ад в. Свяціца Полацкага р-на Віцебскай вобл., каля шашы Лепель—Полацк. Чырвона-буры граніт рапаківі з крышталямі палявога шпату. Даўж. 3,95 м, шыр. 2,3 м, выш. 1,55 м, у абводзе 9,9 м, аб’ём 7,5 м³, маса бачнай часткі каля 20 т. Мае прасападобную форму. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад з Карэльскага перашыйка.
В.Ф.Вінакураў.
т. 14, с. 283
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ЗАВО́Д «АЎТАГІДРАЎЗМАЦНЯ́ЛЬНІК».
Пабудаваны ў 1967—71 у г. Барысаў як з-д гідрапомпаў і гідраўзмацняльнікаў рулёў. З 1971 з-д «Аўтагідраўзмацняльнік». Выпускае 37 найменняў гідравузлоў. Асн. прадукцыя (1995): механізмы рулявога кіравання грузавых аўтамабіляў КамАЗ, МАЗ, КрАЗ, Урал АЗ, ПАЗ, ЛАЗ, ЛІАЗ, ГАЗ, гідрацыліндры і помпы механізмаў перакульвання кабін аўтамабіляў МАЗ, гідраразмеркавальнікі для дарожных машын і інш. Выпускае таксама адбойныя малаткі, запасныя часткі для аўтамабіляў, аўтапрылады, прыстасаванні і інструмент, у т. л. бытавы. Пры з-дзе палітэхнікум, ПТУ металістаў.
т. 2, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́Н,
мышачны бялок. Мал. м. 42 000. Складаецца з 374 астаткаў амінакіслот і небялковай часткі (АТФ ці АДФ). Існуе ў глабулярнай (манамернай) і фібрылярнай (палімернай, дамінуе ў мышцах) формах. Утварае аснову тонкіх філаментаў мышачных міяфібрыл і мікрафіламентаў у нямышачных клетках. У папярочна-паласатых і гладкіх мышцах з міязінам утварае іх асн. структурны скарачальны комплекс — актаміязін. Зваротныя пераходы паміж манамернай і палімернай формамі ў нямышачных структурах фарміруюць рухомасць клетак, рух цытаплазмы, арыентацыю рэцэптараў на цытаплазматычнай мембране і інш.
т. 1, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПУТА́ЦЫЯ (ад лац. amputatio адсячэнне),
хірургічная аперацыя поўнага ці частковага выдалення перыферычнай часткі канечнасці з перасячэннем (перапілоўваннем, перакусваннем) касцей або органа (малочнай залозы, прамой кішкі, маткі і інш.). Вядома са стараж. часу, асн. яе законы распрацавалі Гіпакрат, А.Парэ, Ф.А.Пці, Дж.Л.Эсмарх, М.І.Пірагоў. Ампутацыя класіфікуецца па тэрмінах выканання (першасная, другасная), па форме рассячэння мяккіх тканак (кругавая, авальная, акраўкавая), па спосабе ўкрыцця ампутацыйнай куксы (фасцыяпластычная, міяпластычная, касцёвапластычная). Перасячэнне канечнасці на ўзроўні сустава наз. экзартыкуляцыяй.
т. 1, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НІЧКАЎ (Дзмітрый Сяргеевіч) (1733—1.5.1788),
рускі асветнік, філосаф. Праф. філасофіі і матэматыкі Маскоўскага ун-та (з 1771). Паслядоўнік філасофіі Х.Вольфа. У дысертацыі «...Пра пачатак і паходжанне натуральнага богашанавання...» (1769), напісанай з пазіцый дэізму, паходжанне рэлігіі тлумачыў страхам людзей перад незразумелымі сіламі прыроды, неадукаванасцю. За свае погляды зазнаў ганенні царквы і часткі прафесуры. У тэорыі пазнання развіваў ідэі матэрыялістычнага сенсуалізму.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1. С. 112—184.
т. 1, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́СЬКАЎ КА́МЕНЬ,
помнік прыроды Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Аўгустова Валожынскага р-на Мінскай вобл., на схіле марэннай грады, у лесе. Валун сіеніту даўж. 3,9 м, шыр. 3,2 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11 м, аб’ём 21 м³, маса каля 56 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад з Пд Фенаскандыі. Памеры бачнай часткі Васькава каменя былі значна большыя да ўзрыву, якім у свой час спрабавалі разбурыць валун.
В.Ф.Вінакураў.
т. 4, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНЫЯ О́РГАНЫ,
часткі расліны, якія служаць для жыўлення і росту, для падтрымання жыцця арганізма, таксама для вегетатыўнага размнажэння. Да іх належаць у вышэйшых раслін корань, сцябло, ліст і іх відазмяненні — карэнішчы, цыбуліны, клубні, вусікі, калючкі і інш., у ніжэйшых раслін — усё іх цела, якое наз. таломам або слаявінай (грыбніца, ці міцэлій грыба, ніжэйшыя водарасці). Марфал. і анат. будова вегетатыўных органаў залежыць ад навакольнага асяроддзя і функцый, якія яны выконваюць. Пры змене функцый адбываюцца і адпаведныя відазмяненні (Гл. Метамарфоз).
т. 4, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)