ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЯСЫ́,

вырабы Гродзенскай шаўкаткацкай мануфактуры А.​Тызенгаўза ў 1770-я — пач. 1780-х г. Запрошаныя сюды франц. майстры ўзялі за аснову арнаментальную структуру, памер і кампазіцыю слуцкіх паясоў, але арнамент сярэдняй ч. і матывы на канцах пояса распрацавалі паводле франц. узораў, якія пазней былі заменены на ўсходнія.

Росквіт персіярні (1774—78) звязаны з творчасцю ліёнскага майстра Ф.​Селімана. Яго паясы вызначаліся гарманічнасцю кампазіцыі, лёгкім малюнкам; вытанчанасцю каларыту. У 1783 выраб паясоў спыніўся. Калекцыя Гродзенскіх паясоў зберагаецца ў Гіст. музеі ў Маскве.

Дз.​С.​Трызна.

Гродзенскі пояс. Фрагмент.

т. 5, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРА́НТА (франц. courante літар. бягучая),

прыдворны танец італьян. паходжання. Найб. пашыраны на мяжы 16—17 ст. Муз. памер ​2/4, рытм пункцірны. Пазней узніклі 2 віды К. — франц. (тэмп умераны, памер ​3/2 або ​6/4, частая змена рытму, урачысты характар) і італьянская (тэмп хуткі, пастаянны муз. памер ​3/4 або ​3/8). У прафес. музыцы існавала да 1-й пал. 18 ст. як 2-я частка інстр. сюіты (І.​С.​Бах, Г.​Ф.​Гендэль). Вядомы рукапісны зб. «Куранты», у якім змешчаны шэраг кантаў і псальмаў з акрэсленымі бел. рысамі.

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА (ням. Genfer See, франц. Lac Léman),

Леман, возера ў Швейцарыі і Францыі, у міжгорнай упадзіне паміж Зах. Альпамі і Юрой, на выш. 372 м. Пл. 582 км², даўж. 72 км, шыр. 14 км, глыб. да 310 м. Берагі стромкія. На З да Ж.в. падыходзяць узгорыстыя перадгор’і, на У — скалістыя горы. Па паходжанні Ж.в. — канцавы басейн аднаго з рукавоў вял. Ронскага ледавіка. Цераз возера цячэ р. Рона. Сцёк рэгулюецца плацінай. На швейцарскім беразе гарады Жэнева, Лазана, курорты Веве, Мантро, рэзерват Гранжэт; на франц. — курорт Эвіянле-Бэн і інш. Суднаходства. Турызм.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЭНАПЕ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА [назва ад стараж. наймення Неапаля — Партэнапея (грэч. Parthenopeia)]. Абвешчана ў Каралеўстве абедзвюх Сіцылій 22.1.1799 неапалітанскімі рэспубліканцамі, якія пры падтрымцы войск франц. Дырэкторыі скінулі манархію Бурбонаў. Урад П.р. правёў некат. прагрэсіўныя рэформы (адмяніў права першародства і замяшчэння, адм. рэформу і інш.). Франц. войскі пасля паражэння ад аўстрыйцаў выйшлі з П.р.; сілы рэспубліканцаў былі разбіты арміяй кардынала Ф.​Руфа, якая пры дапамозе англ. флоту захапіла Неапаль. Улада Бурбонаў была адноўлена. Урад Фердынанда IV (I) парушыў падпісаную 23 чэрв. пачэсную капітуляцыю, якая гарантавала рэспубліканцам жыццё, і ўчыніў над імі расправу.

т. 12, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗАЛІЗА́ЦЫЯ ГУ́КАЎ (франц. nasal насавы ад лац. nasus нос),

набыццё гукам насавой афарбоўкі як вынік дадатковай артыкуляцыі, якая заключаецца ў апусканні мяккага паднябення. Назалізацыя галосных вельмі пашырана. У шэрагу моў, напр., у франц. мове, можа служыць адрознівальнай прыкметай фанем. У некат. мовах абумоўлена суседствам з насавымі зычнымі і не мае фаналагічнага значэння (параўн. рус. «мак» — «бак»). Аб’ектыўныя метады даследавання Н.г. — рэнтгенаграфія і кіназдымка з дапамогай валаконнай оптыкі.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973;

Скалозуб Л.Г. Динамика звукообразования по данным кинорентгенографирования. Киев, 1979.

т. 11, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАТЛО́Т»,

«Матлёт» (франц. matelote ад matelot матрос), бел. гарадскі бытавы танец. Паходзіць ад франц. матроскага танца, блізкага да англ. жыгі. Муз. памер ​2/4 або ​2/2. Выконваецца ў жвавым тэмпе з характэрнымі прыстукваннямі, элементамі чачоткі. На пач. 19 ст. пашыраны як характарны і жанравы, у пач. 20 ст. шырока вядомы як эстрадны і бальны танец. Зафіксаваны па ўсёй Беларусі. На Віцебшчыне танцоры выконваюць асн. комплекс рухаў і заканчваюць танец паваротамі і полькай па крузе, у Докшыцкім р-не суправаджаецца прыпеўкамі.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 10, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКА́ЙЛЬ (франц. rocaille літар. драблёны камень, ракавіны),

матыў арнаменту — стылізаваная ракавіна, С- і S-падобныя завіткі, хвалістыя грабяні, языкі полымя і інш., характэрны для ракако. Кампазіцыйныя вырашэнні Р. разнастайныя (хвалісты веер, гірлянда, мудрагеліста выгнуты картуш, расл. матывы), элементы звычайна не паўтараюцца, вылучаюцца экспрэсіяй. Пашырэнню Р. ў еўрап. мастацтве садзейнічала кніга франц. мастака Я.​Мандона «Першая кніга арнаментальных форм ракайляў і картушаў» (Парыж, 1736). Матыў Р. шырока выкарыстоўваўся ў бел. архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, кніжнай графіцы. Тэрмін «Р.» часам ужываюць для абазначэння стылю ракако.

А.​М.​Кулагін.

Ракайль.

т. 13, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕНІЗА́ЦЫЯ (ад франц. assainissement),

спосаб ачысткі неканалізаваных населеных месцаў ад нечыстотаў і адкідаў. Уключае іх збор, часовае захоўванне, вываз у вызначаныя месцы, абясшкоджванне ці утылізацыю.

т. 2, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНЬЕ́ТКА (франц. vignette),

упрыгожанне ў кнізе або рукапісе; невял. малюнак або арнамент на пачатку (застаўка) ці ў канцы (канцоўка) тэксту.

Віньеткі з выданняў Ф.​Скарыны.

т. 4, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУКЛЕ́Т (ад франц. bouclette кольца),

від выдання, зробленага на адным аркушы паперы, сфальцаваным звычайна ў некалькі згібаў, без шыцця (кароткія даведнікі, рэкламныя праспекты і інш.).

т. 3, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)