«КО́ЛА»,
«Кружкі», «Кругавая», «Круток», бел. нар. танец. Муз. памер 2/4. Тэмп хуткі. Гал. асаблівасць — рух па крузе і ўсялякія кружэнні. Пад рознымі назвамі пашыраны па ўсёй Беларусі. Танец «Кругавая» як парны масавы апісаў у 19 ст. Р.Друцкі-Падбярэскі, пра «Кружкі» ў якасці гал. танца на бел. святочных вечарынках пісаў М.Дзмітрыеў, «Круціху», што выконвалася на вяселлях, згадвае С.Сахараў. «Круган» у выкананні 2 мужчын зафіксаваны на Брэстчыне, «Круглы» — на Магілёўшчыне.
Ю.М.Чурко.
т. 8, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЁМНІКІ ГУ́КУ,
акустычныя прылады для ўспрымання гукавых сігналаў і пераўтварэння іх з мэтай вымярэння, перадачы, узнаўлення, запісу ці аналізу.
Найб. пашыраны П.г., што пераўтвараюць акустычны сігнал у эл. (гл. Электраакустычныя пераўтваральнікі). Да іх адносяцца мікрафоны, якія выкарыстоўваюцца ў паветры, гідрафоны (у вадзе), геафоны (у грунце). Асноўныя характарыстыкі П.г.: адчувальнасць, частотная характарыстыка, уласнае эл. супраціўленне, накіраванасць. У якасці П.г. можна разглядаць і органы слыху жывёл і чалавека, якія пераўтвараюць акустычныя сігналы ў нервовыя імпульсы, што перадаюцца ў цэнтры галаўнога мозга.
т. 13, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЭАМАНІТО́Р, манітор,
прыстасаванне для візуальнага кантролю якасці тэлевізійнага відарыса ў розных пунктах тракту яго перадачы (напр., на выхадзе перадавальнай тэлевізійнай камеры). Бывае: чорна-белы і каляровы; малагабарытны, пераносны і універсальны. На відэаманітор падаецца відэасігнал, каляровы відэасігнал, сігналы асн. колераў (або яркасны і два колерарознасныя сігналы). Відэаманітор для кантролю амплітуды і фазы сігналаў у каляровых сістэмах ПАЛ і НТСЦ наз. вектараскопам. Выкарыстоўваецца ў відэакамерах, на тэлецэнтрах, прыкладных тэлевізійных устаноўках і інш.
т. 4, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗАДХО́ДНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
асобная вытворчасць або прамысловы комплекс, у якім на аснове выкарыстання безадходных тэхналогій забяспечваецца максімальнае атрыманне прадукцыі высокай якасці без адходаў (ці пры іх мінімальнай колькасці). Прынцып безадходнай вытворчасці запазычаны ў прыроды, якая дзейнічае па замкнёнай схеме. Безадходная вытворчасць магчыма пры такім спалучэнні тэхналогій, якое дазваляе максімальна утылізаваць усе кампаненты выкарыстанай сыравіны і ўжываць унутры прадпрыемства адходы аднаго віду прадукцыі для вырабу другога і інш., да поўнай ліквідацыі адходаў.
т. 2, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЭ́ Марк Майсеевіч (н. 21.11.1939, Масква),
бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1997). Сын М.Ю.Канэ. Скончыў БПІ (1962). З 1964 у БПА. Навук. працы па тэхнал. праблемах забеспячэння якасці і аптымальных умоў эксплуатацыі высоканагружаных зубчастых перадач з цыліндрычнымі коламі трансп. і рабочых машын.
Тв.:
Основы научных исследований в технологии машиностроения. Мн., 1987;
Управление процессами проектирования и изготовления зубчатых передач // Вестн. машиностроения. 1997. № 11.
М.П.Савік.
т. 8, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТО́РНАЕ ПА́ЛІВА,
вадкае ці газападобнае гаручае, якое выкарыстоўваюць у якасці паліва для рухавікоў унутр. згарання (поршневых, рэактыўных, газатурбінных). Атрымліваюць пераважна перапрацоўкай нафты (гл. Бензін, Газа), прыродных і спадарожных газаў (гл. Газы нафтавыя спадарожныя). Звычайна М.п. — сумесь асн. (базавага) паліва з прысадкамі (антыдэтанатарамі, антыаксідантамі, інгібітарамі карозіі і інш.). Выкарыстоўваюць таксама М.п., якое атрымліваюць перапрацоўкай цвёрдых гаручых выкапняў (вугалю, сланцаў, торфу). Гл. таксама Дызельнае паліва, Рэактыўнае паліва, Сінтэтычнае вадкае паліва.
т. 10, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМО́ЎНІК,
даведачнае кніжнае выданне, прызначанае для зносін на замежных мовах у розных жыццёвых сітуацыях. Пабудаваны ў выглядзе тэматычна аб’яднаных рэплік рознага тыпу і найб. частотнай агульнаўжывальнай лексікі. Бывае двух- («Руска-беларускі размоўнік» А.Я.Міхневіча, 1991; «Англа-беларускі размоўнік» Міхневіча і Н.М.Навічэнка, 1992) і шматмоўны («Ілюстраваны англа-французска-нямецка-рускі размоўнік Сольмана», 1991). Можа выкарыстоўвацца ў якасці падручніка для першапачатковага вывучэння замежнай мовы.
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАХО́ЎСКІ Іван Аляксандравіч (н. 25.7.1928, в. Рыбцы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-р мед. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Бел. мед. ун-т (1951), дзе і працуе з 1957 (у 1973—94 заг. кафедры). Навук. працы па выпрацоўцы метадаў ацэнкі якасці харч. збожжа.
Тв.:
Использование удобрений и качество белка пшеницы. Мн., 1981;
Биологическая оценка белка пшеницы при различном содержании азота в минеральных удобрениях. Мн., 1985.
т. 17, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРЫСКО́НСУЛЬТ (ад лац. juris-consultus правазнавец),
работнік прававой службы прадпрыемства (установы, арганізацыі), на якога ўскладаюцца: кантроль за законнасцю загадаў і распараджэнняў, што выдае адміністрацыя; удзел у складанні дагавораў і пагадненняў, што заключаюцца з інш. прадпрыемствамі і ўстановамі; інфармаванне рабочых і служачых аб бягучым заканадаўстве і аказанне ім прававой дапамогі; вядзенне ў судах спраў, па якіх арг-цыя выступае ў якасці істца або адказчыка і да т.п.
т. 18, кн. 1, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВЕЛ I (Paulos; 14.12.1901, Афіны — 6.3.1964),
кароль Грэцыі [1947—64], З дынастыі Глюксбургаў. Сын караля Канстанціна I [1913—17, 1920—22) Служыў у ВМФ, удзельнік грэка-турэцкай вайны 1919—22. У сувязі з перамогай рэспубліканцаў у снеж. 1923 эмігрыраваў у Вялікабрытанію. Пасля рэстаўрацыі манархіі вярнуўся (ліст. 1935) у Грэцыю ў якасці наследніка прастола. У 1941 у сувязі з уварваннем у Грэцыю ням.-фаш. войск эмігрыраваў у Егіпет, потым у Вялікабрытанію. Вярнуўся ў Грэцыю ў 1946. Пасля смерці брата — караля Георга II [1935—41, 1946—47] — абвешчаны каралём.
т. 11, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)