ГАСПАДА́РЧЫЯ СУДЫ́ Рэспублікі Беларусь,

судовыя органы, якія ў межах сваёй кампетэнцыі вырашаюць спрэчкі, што ўзнікаюць пры заключэнні і выкананні гаспадарчых дагавораў паміж прадпрыемствамі, установамі і арг-цыямі незалежна ад формаў уласнасці і падпарадкавання. Утвораны ў 1991. Арганізацыя і парадак дзейнасці вызначаюцца законам аб гасп. судзе ад 5.6.1991 і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам. Сістэма гаспадарчых судоў складаецца з Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь і гаспадарчыя суды абласцей. Гаспадарчыя суды абласцей вырашаюць усе гасп. спрэчкі, акрамя спрэчак, якія разглядае Вышэйшы гасп. суд. Спрэчкі разглядаюцца суддзёй аднаасобна, па складаных справах старшыня суда мае права ўвесці ў склад суда яшчэ двух суддзяў. Рашэнне гаспадарчага суда па спрэчцы набывае законную сілу адразу ж пасля яго вынясення. Выкананне рашэння гаспадарчага суда праводзіцца на падставе загаду, які выдаецца гаспадарчым судом і з’яўляецца выканаўчым дакументам.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАГЕ́ННЫЯ РАДО́ВІШЧЫ, магматычныя радовішчы, эндагенныя радовішчы,

паклады карысных выкапняў, звязаныя з геахім. працэсамі глыбінных частак Зямлі. Утвараюцца з магматычных расплаваў ці гарачых газавых і водных мінералізаваных раствораў пры высокіх цісках і тэмпературах. Вылучаюць 5 гал. генетычных груп гіпагенных радовішчаў: магматычныя (утвараюцца пры застыванні расплаваў з адасабленнем руд, хрому, тытану, жалеза, плаціны, нікелю і інш.),

пегматытавыя (уяўляюць раскрышталізацыю канчатковых прадуктаў астываючай магмы; маюць у сабе слюды, каштоўныя камяні і інш.), карбанатытавыя (утвораны вял. колькасцю карбанатаў кальцыю, магнію, жалеза; асацыіруюць з ультраасноўнымі шчолачнымі пародамі і маюць руды жалеза, медзі, апатыт і інш.), скарнавыя (узнікаюць пад уздзеяннем гарачай мінералізаванай пары пры кантакце з магмай; паклады жалеза, медзі, вальфраму, малібдэну, свінцу і інш.), гідратэрмальныя (складаюцца з руд каляровых, каштоўных і радыеактыўных металаў — асадкаў з глыбінных гарачых мінералізаваных водных раствораў).

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 1773—77 і 1852 — 1926. Утвораны 22.7.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Гомель. 22.3.1777 у сувязі з пераносам цэнтра пав. ў мяст. Беліца пераўтвораны ў Беліцкі павет. Адноўлены ў складзе Магілёўскай губерні ў 1852 пасля пераносу цэнтра павета зноў у Гомель. Пл. 4719,4 кв. вёрст, нас. 224,7 тыс. чал. (1897). У 1917 у павеце было 18 валасцей: Веткаўская, Вылеўская, Гомельская, Дзятлавіцкая, Кармянская, Маркавіцкая, Насовіцкая, Пакалюбіцкая, Палеская, Папоўская, Покацкая, Рудзянецкая, Рэчкаўская, Стараюркавіцкая, Стаўбунская, Целяшоўская, Чабатовіцкая, Чырванабудская; 3 гарады, 7 мястэчак. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 9: Веткаўская, Гомельская, Добрушская, Дзятлавіцкая, Насовіцкая, Свяцілавіцкая, Уваравіцкая, Чачэрская і Чырванабудская. Скасаваны 8.12.1926, яго тэр. ўключана ў Гомельскую акругу.

т. 5, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАСТО́ЦКІ МАНАСТЫ́Р НАРАДЖЭ́ННЯ БАГАРО́ДЗІЦЫ,

праваслаўны жаночы манастыр ва ўрочышчы Красны Сток (Ружаны Сток) Сакольскага пав. Гродзенскай губ. (цяпер у Польшчы). Утвораны ў 1901 паводле ўказа Сінода па просьбе гродзенскага епіскапа Іаакіма з мэтай правасл. місіянерства сярод каталіцкага насельніцтва. Сюды, у будынкі скасаванага ў 1875 дамініканскага кляштара, быў пераведзены з Гродна жаночы манастыр Нараджэння Багародзіцы. На яго рамонт і добраўпарадкаванне Сінод выдзеліў 25 тыс. руб. У манастыры было 50 манашак, працавалі амбулаторыя і аптэка, царкоўнапрыходская жан. школа. Найб. шанаванымі лічыліся 3 абразы Маці Божай: Краснастоцкай (вядомы з сярэдзіны 17 ст., застаўся ад дамініканцаў), копія з яго і Уладзімірскай (прывезены з Гродна). У Драгічыне-Надбужскім дзейнічала абшчына манастыра з 5 цэрквамі, прытулкам і бальніцай. Манастыр спыніў існаванне ў час 1-й сусв. вайны.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 8, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЧ,

курортны пасёлак у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., на беразе воз. Нарач. За 18 км ад Мядзела, 31 км ад чыг. ст. Паставы, на аўтадарозе Мінск—Паставы. 3,4 тыс. ж. (2000).

Утвораны 26.9.1964 з вёсак Баравыя, Купа, Малая Сырмеж, Наносы, Садоўшчына, Сцепянёва, Урлікі. Бальнеагразевы і кліматычны курорт, адзін з буйнейшых курортаў Беларусі. Лячэбныя фактары: мясц. мінер. сульфатна-хларыдныя натрыевыя воды, сапрапелевыя і тарфяныя гразі, умерана-кантынентальны клімат, хваёвыя лясы і інш. эфектыўныя для хворых, у т. л. дзяцей, з парушэннямі функцый сардэчна-сасудзістай, нерв., страўнікава-кішачнай сістэм і інш. Працуюць санаторыі «Нарач», «Беларусь», «Будаўнік», «Прыазёрны», дамы адпачынку «Нарач» і «Звязда», тургасцініца «Нарач», турыстычна-экскурсійны комплекс. У Н. рыбакамбінат. Прафесійна-каап. вучылішча. сярэдняя школа, школа-інтэрнат, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі, аптэка, Дом быту, гандл. цэнтр.

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎГУСТО́ЎСКІ КАНА́Л,

у Гродзенскім раёне Беларусі і Сувалкаўскім ваяв. Польшчы. Злучае Нёман з р. Бебжа (бас. Віслы). Даўж. 102 км, на тэр. Беларусі 22 км. Сярэдняя глыбіня 1,8 м. Утвораны з сістэмы каналаў, азёраў (Нецка, Белае і інш. на тэр. Польшчы), сажалак, каналізаваных участкаў рэк і пратокаў паміж азёрамі. На Беларусі ўключае частку р. Чорная Ганча (даўж. 9 км) паміж в. Лясная і в. Сонічы і асобнае рэчышча (даўж. 6 км), якое злучае гэтую рэчку з Нёманам (каля в. Нямнова). Мае 18 шлюзаў, з іх 4 на тэр. Беларусі. Пабудаваны ў 1824—39 як водны шлях для перавозкі грузаў з бас. Віслы і Нёмана да Балтыйскага м. На б.ч. быў даступны для суднаў водазмяшчэннем да 100 т, часткова выкарыстоўваўся для сплаву лесу. Страціў ролю транспартнага шляху. Помнік гідратэхн. буд-ва. Аб’ект турызму.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫ́БІНСКІ РАЁН,

на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасоўваўся ў 1931, 1959, зноў утвораны ў сучасных межах 29.12.1989 для перасялення жыхароў Краснапольскага р-на, якія найб. пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы 1986. Пл. 0,8 тыс. км². Нас. 16,9 тыс. чал. (1997). Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Дрыбін, 104 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 6 сельсаветаў: Кароўчынскі, Міхееўскі, Першамайскі, Расненскі, Цемналескі, Чэрнеўскі.

Тэрыторыя раёна ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная, месцамі хвалістая, з агульным нахілам на Пд. Найвыш. пункт 226 м (на ПдЗ ад в. Еськаўка). Пераважаюць выш. 170—190 м. Карысныя выкапні: пясок, гравій, торф, гліна для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 620 мм. Вегетац. перыяд 184 сут. З Пн на Пд працякае р. Проня з прытокамі Рэста, Бася, Быстрая, Вербаўка і інш. На некат. малых рэках вадасховішчы і сажалкі. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя глебы. Пад лесам 27,4% тэр. раёна; пераважаюць шыракаліста-яловыя лясы. Балоты і забалочаныя землі займаюць каля 1,5 тыс. га у асноўным на Пн. На тэр. раёна гідралагічныя заказнікі: Брацтва (73,1 га), Галамукскае (153), Жэваньскае (144), Жэваньскі Мох (123); паляўнічыя заказнікі: Расненскае (2650), Даманоўскі (1364 га).

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 49,1 тыс. га, з іх асушана 5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 7 калгасаў, 4 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, кормапрадпрыемства «Высакаборскае». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля; вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Орша—Крычаў, аўтадарога Магілёў—Мсціслаў, нафтаправод Унеча—Полацк. У раёне 8 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пачатковыя школы; Расненская дапаможная школа-інтэрнат, муз. школа, 9 дашкольных устаноў, 14 б-к, 14 клубаў, 3 клубы-бібліятэкі, раённы цэнтр культуры, 4 бальніцы, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1845), помнік у памяць аб выступленні ў 1905 сялян супраць памешчыка ў в. Кішчыцы; рэшткі касцёла Казіміра эпохі класіцызму (1818) і сядзіба (канец 19 ст.) у в. Расна. Гісторыка-этнаграфічны музей. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях» (сумесна з Горацкім р-нам).

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ САВЕ́Т РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ЦКІХ ДЭПУТА́ТАЎ.

Утвораны 4(17).3.1917 паводле рэзалюцыі служачых Заходнефрантавога к-та Усерас. земскага саюза. У гэты ж дзень выбраны Часовы выканаўчы к-т з 9 чал. 8 сак. Савет выказаў падтрымку Часоваму ўраду. 10 сак. Савет рабочых дэпутатаў і Савет салдацкіх дэпутатаў аб’яднаны. Яго друкаваны орган — газ. «Известия Минского Совета рабочих и солдатских депутатов». У маі — пач. чэрв. адбыліся перавыбары (выбраны 265 чал.). Пры Савеце існавалі секцыі: ваенная, рабочая, чыгуначная, культ.-асв., рэдакцыйная, харч., фін. і інш. У выніку перавыбараў (2-я пал. вер.пач. кастр.) з 337 дэпутатаў Савета 184 былі бальшавікі, 60 эсэраў, 21 меншавік, 21 бундавец, 48 беспартыйных. 3 ад Паалей-Цыёна і Аб’яднанай яўр. сацыяліст. рабочай партыі (АЯСРП); у склад выканкома выбраны 23 бальшавікі, 7 эсэраў, 4 бундаўцы, 1 паалейцыяніст, 1 ад АЯСРП, 2 месцы пакінуты за прафсаюзамі. Да кастр. 1917 адбылося не менш як 35 пасяджэнняў Савета. 25 кастр. з мэтай прадухілення ў горадзе магчымых беспарадкаў утвораны рэв. штаб; 26 кастр. ад імя выканкома Мінскага Савета выдадзены «Загад № 1. Да насельніцтва г. Мінска і яго наваколляў», у якім заяўлена пра пераход усёй улады да М.С.р. і с.д. Вызваленыя з турмы і гаўптвахт салдаты (каля 800 чал.) былі аб’яднаны ў Першы рэв. імя Мінскага Савета полк. 2 ліст. ўся ўлада ў горадзе перайшла да ВРК Зах. фронту. Да 25 студз. 1918 у М.С.р. і с.д. існавалі аддзелы: па арганізацыі чырв. гвардыі, па арганізацыі чырв. арміі Мінскага гарнізона, па барацьбе з контррэвалюцыяй і спекуляцыяй, асветы, жыллёвы, кааперацыі, працы, мясц. самакіравання, агітацыі і арганізацыі і інш. З прычыны наступлення герм. войск 19.2.1918 кіраўніцтва Савета пакінула Мінск. Савет пачаў адраджацца ў снеж. 1918, калі напярэдадні эвакуацыі герм. войск адбыліся выбары ў гар. Савет рабочых дэпутатаў. Пасля абвяшчэння Беларускай ССР у выніку дагавору прэзідыума Савета з ВРК Мінскай губ. да канца студз. 1919 былі арганізаваны перавыбары Савета, які атрымаў назву Мінскі Савет рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 10, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТОЎСКІ ПРАВІНЦЫЯ́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т,

цэнтр падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаннем 1863—64 у Беларусі і Літве, арганізацыйны цэнтр літ.-бел. «чырвоных». Утвораны ў Вільні летам 1862 з Камітэта руху. У Л.п.к. уваходзілі: Л.М.Звяждоўскі (старшыня да кастр. 1862), К.Каліноўскі, А.​Банольдзі, Э.І.Вярыга, Б.Ф.Длускі, А.І.Залескі, З.Б.Чаховіч. Пасля ад’езду Звяждоўскага ў Маскву (кастр. 1862) к-т узначаліў Каліноўскі, у яго склад уведзены І.І.Козел з Міншчыны. Прадстаўніком Цэнтр. (Варшаўскага) нац. к-та ў Л.п.к. быў Н.Дзюлеран. Афіц. орган Л.п.к. — газ. «Chorągiew swobody» («Сцяг свабоды»); для сялян Каліноўскі і яго аднадумцы выпускалі газ. «Мужыцкая праўда». За рэв.-дэмакр. праграму ў к-це паслядоўна змагаўся Каліноўскі. Л.п.к. стварыў свае структурныя ячэйкі і арганізацыі ў бел. і літ. губернях і паветах, збіраў грошы і зброю, вёў агітацыю, наладжваў сувязі з рэв. групамі ў арміі. З пачаткам паўстання ў Польшчы 20.1(1.2).1863 абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 9, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІТРО́НІЙ,

звязаная сістэма часціц электрона і пазітрона. Падобны на атам вадароду, дзе пратон заменены пазітронам. Мае масу, роўную 2 электронным, а памеры ўдвая большыя за памеры атама вадароду.

Утвараецца пры сутыкненнях павольных пазітронаў з атамамі рэчыва. У залежнасці ад узаемнай арыентацыі спінаў электрона і пазітрона адрозніваюць ортапазітроній (спіны часціц паралельныя; час жыцця τ = 1,4∙10​−7 с; распадаецца на 3 γ-кванты) і парапазітроній (антыпаралельныя; τ = 1,25∙10​−10 с; распадаецца на 2 γ-кванты).

Палярызаваны П., утвораны пазітронам, атрыманым пры бэта-распадзе, мае своеасаблівыя ўласцівасці: вектар яго спіна прэцэсіруе вакол напрамку магн. поля (тэарэтычна прадказана У.Р.Барышэўскім і эксперыментальна назіралася ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі). Уласцівасці і час жыцця П. ў рэчыве адрозныя ад характарыстык свабоднага П. і вызначаюцца ўласцівасцямі рэчыва. Выкарыстоўваецца для вывучэння фіз.-хім. асаблівасцей рэчыва, напр., хуткіх хім. рэакцый атамарнага вадароду, працягласць працякання якіх параўнальная з часам жыцця П.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)