ПАТЭРНАЛІ́ЗМ (ад лац. paternus бацькоўскі),
заступніцтва, апека старэйшага ў адносінах да малодшых, падапечных. У развітых дзяржавах П. у адносінах да працоўных называюць сістэму дадатковых ільгот і выплат на прадпрыемствах за кошт прадпрымальнікаў. Накіраваны на замацаванне кадраў, на змякчэнне прац. канфліктаў. У міжнар. адносінах тэрмін «П.» выкарыстоўваўся для абазначэння апекі буйных дзяржаў над больш слабымі дзяржавамі, калоніямі, падапечнымі тэрыторыямі.
т. 12, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́НЯЗЬ,
манета, грашова-лікавая адзінка і сукупны тэрмін для пазначэння грошаў у ВКЛ 14—16 ст. і Рэчы Паспалітай 16—17 ст. У ВКЛ выбівалася ў 1546—63 (маса 0,32 г). Існавалі наміналы ў 1/2 П. (абол) і двайны П. Быў ніжэйшай адзінкай трохступенных сістэм грашовага ліку ў ВКЛ (капа — грош — П., рубель — грош — П.).
т. 12, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВІ́ЗСКАЯ ДУША́,
адзінка ўліку мужчынскага насельніцтва Рас. імперыі ў 1718—1887 (у Сібіры да 1899). Тэрмін узнік у сувязі з заменай падворнага абкладання падушным падаткам. У выніку рэвізій складаліся т.зв. рэвізскія сказкі на асоб. якія ўлічваліся рэвізіямі і атрымалі назву Р.д. Кожная Р.д. лічылася наяўнай да наступнай рэвізіі нават у выпадку смерці чалавека (адсюль — «мёртвыя душы»).
т. 13, с. 546
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕЙРО́Н (ад грэч. apeiron бязмежнае),
тэрмін стараж.-грэч. філасофіі. Уведзены Анаксімандрам для абазначэння неакрэсленай, бязмежнай матэрыі, што знаходзіцца ў вечным руху. Усе рэчы і сусвет узніклі шляхам вылучэння з апейрону процілегласцяў (мокрае і сухое) і іх барацьбы. Важнае дасягненне ў параўнанні з уяўленнямі аб тоеснасці матэрыі з канкрэтным рэчывам (вадой, паветрам). У піфагарэізме апейрон — бясформенны, неабмежаваны пачатак, разам з процілегласцю — «канцом» — аснова існага.
т. 1, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДА́,
1) у цюркскіх і мангольскіх народаў першапачатковая ваенна-адм. арг-цыя або аб’яднанне некалькіх плямёнаў, лагер качэўнікаў; у сярэдневяковых цюрка-манг. феад. дзяржавах сталіца, стаўка хана. Адсюль назва дзяржаў, а таксама саюзаў качавых плямёнаў (напр., Залатая Арда, Крымская Арда).
2) Устарэлы тэрмін, які абазначае першапачатковую форму грамадскай арганізацыі чалавецтва — першабытны статак.
3) У пераносным сэнсе арда — шматлікае неарганізаванае зборышча людзей, натоўп.
т. 1, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т.
Існаваў у 1949—54 у Бабруйску. Адкрыты на базе пед. вучылішча. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х кл. агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні бел. і рус. мовы, бел. і рус. л-ры, фіз.-матэм., з 1950 завочнае. Працавалі кафедры педагогікі і псіхалогіі, бел. і рус. мовы, бел. і рус. л-ры, фізікі і матэматыкі, марксізму-ленінізму.
т. 2, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНАПАРТЫ́ЗМ,
гістарычны тэрмін, якім першапачаткова пазначалі паліт. рэжымы Напалеона I і Напалеона III у Францыі. Ужываецца з 19 ст. Адметны абаронай інтарэсаў буйной буржуазіі, апорай на армію і кансерватыўныя слаі сялянства, лавіраваннем паміж рознымі паліт. сіламі грамадства, спалучэннем дэмагогіі з палітыкай наступлення на дэмакр. свабоды і рэв. рух. У шырокім сэнсе банапартызм — антыдэмакр. дыктатура пэўных сац. груп, што лавіруюць паміж рознымі сіламі грамадства.
т. 2, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЁТА (ад грэч. biote жыццё),
сукупнасць жывых арганізмаў, што склалася гістарычна і аб’яднана агульнай вобласцю пашырэння. У адрозненне ад біяцэнозу ў біёту ўваходзяць віды, якія могуць не мець экалагічных сувязяў паміж сабой (напр., кенгуру і рыба цэратодус, якія ўваходзяць у склад аўстрал. фауны). Арганізмы біёты — біёнты. Тэрмін прапанаваў рум. біёлаг Э.Ракавіцэ (1907); выкарыстоўваецца, калі размова ідзе пра большыя тэрыторыі, чым у біёме.
т. 3, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С,
эвалюцыйны ўздым дадзенай групы арганізмаў у барацьбе за існаванне, які характарызуецца біял. росквітам таксона. Адзначаецца павышэннем колькасці асобін, пашырэннем яго арэала, павелічэннем колькасці даччыных таксанамічных адзінак і інш. (напр., асобныя віды насякомых, касцістыя рыбы, кветкавыя расліны і інш.). Вылучаюць 3 асн. шляхі дасягнення біялагічнага прагрэсу: арамарфоз, алагенез і катагенез. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1925). Параўн. Біялагічны рэгрэс.
т. 3, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДЫТЭЛІ́Я (ад грэч. bradys павольны + telos ажыццяўленне),
адносна павольны тэмп эвалюцыі. Тэрмін «брадытэлія» ўвёў амер. палеантолаг Дж.Г.Сімпсан (1944). Характэрна для філагенетычнага развіцця некаторых арганізмаў, напр. для асобных родаў пласціністашчэлепных малюскаў, якія спазналі за апошнія 400 млн. гадоў настолькі нязначныя змены, што сучасныя і выкапнёвыя формы могуць быць аднесены да адных і тых жа родаў. Брадытэлія забяспечваецца стабілізавальнай формай натуральнага адбору.
т. 3, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)