АДМО́ЎНАЕ СУПРАЦІЎЛЕ́ННЕ,

уласцівасць некаторых звычайна нелінейных элементаў эл. ланцугоў змяншаць падзенне напружання на іх пры павелічэнні сілы току (напр., 4-слойны некіроўны дыёд, тунэльны дыёд). У ланцугах пераменнага току індуктыўнае супраціўленне можна разглядаць як адмоўнае супраціўленне ў адносінах да ёмістаснага. У ланцугах пастаяннага току адмоўнае супраціўленне ўзнікае ў вобласці значэнняў токаў і напружанняў пры наяўнасці на вольт-ампернай характарыстыцы элемента ўчастка, які зніжаецца.

Вольтамперная характарыстыка элемента з адмоўным супраціўленнем. AB — спадальны ўчастак.

т. 1, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАХАРЫ́Я, аўтахорыя (ад аўта... + ...харыя),

распаўсюджванне насення і спораў раслін з дапамогай прыстасаванняў самой расліны, без удзелу паветра, жывёл і інш. знешніх агентаў. Ажыццяўляецца ў 2 асн. формах: самаадвольнае ападанне пладоў і насення пад дзеяннем сілы цяжару (барахорыя) і актыўнае раскіданне насення (у радыусе ад 1 да 15 м) з плода, які лопаецца. Гэта форма аўтахарыі ўласціва пераважна сухім пладам (бабовыя, гераніевыя, віды фіялкі і інш.), а таксама некаторым сакавітым (гарбузовыя, бальзамінавыя).

т. 2, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́ННАСЦЬ, вяршэнства закону,

няўхільнае выкананне законаў і адпаведных ім іншых прававых актаў усімі органамі дзяржавы, службовымі асобамі, грамадзянамі і грамадскімі арг-цыямі; адзін з элементаў дэмакратыі і прававой дзяржавы. Прынцып З. дэкларуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, паводле якой дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Прававыя акты або асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымі Канстытуцыі, не маюць юрыд. сілы.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ДРАВАЯ А́РМІЯ,

1) пастаянная рэгулярная армія (узбр. сілы), якая ўтрымліваецца дзяржавамі ў мірны час у скарочаным складзе для вырашэння першачарговых задач з пачаткам вайны, а таксама для падрыхтоўкі ваенна-абучаных рэзерваў, ажыццяўлення мабілізацыйнага разгортвання ўзбр. сіл. Забяспечвае спалучэнне патрабаванняў ваен. буд-ва і эканомнага выкарыстання людскіх і матэрыяльных магчымасцей дзяржавы.

2) У некат. літ. крыніцах назва арміі, якая мае арганізацыю, тэхн. аснашчэнне, падрыхтоўку і баявы вопыт, што адпавядаюць патрабаванням вядзення сучаснай вайны.

т. 7, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯЛІ́С ((Coriolis) Густаў Гаспар) (21.5.1792, Парыж — 19.9.1843),

французскі фізік і інжынер. Чл. Парыжскай АН (1836). Вучыўся ў Політэхн. школе, дзе і працаваў з 1816 (з 1838 дырэктар). Навук. працы па механіцы. Незалежна ад інш. увёў паняцце работы і сфармуляваў тэарэму аб кінетычнай энергіі (1826). Пры даследаванні складанага руху цела (1829) выявіў наяўнасць Карыяліса сілы і Карыяліса паскарэння, на аснове чаго пабудаваў тэорыю адноснага руху (1831—35). Яго даследаванні спрыялі стварэнню дынамікі машын.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТАСТА́ТЫКА МЕХАНІ́ЗМАЎ,

раздзел дынамікі механізмаў і машын, у якім вызначаюцца рэакцыі элементаў кінематычных пар механізма пры ўмове, што закон яго руху вядомы. Метады К.м. заснаваны на дапушчэнні, што механізм у цэлым і асобныя яго звёны будуць знаходзіцца ў стане раўнавагі, калі да ўсіх знешніх сіл, прыкладзеных да звёнаў, дадаць сілы інерцыі (у адпаведнасці з Д’Аламбера прынцыпам). У К.м. карыстаюцца аналітычнымі і графічнымі метадамі статыкі пры праектаванні новых машын (для разліку іх на трываласць).

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́МФЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі другарадныя божаствы, якія ўвасабляюць сілы і з’явы прыроды. Лічыліся дачкамі Зеўса, Акіяна і інш. багоў. Вядомы Н. рэк, мораў, крыніц (водныя Н.: акіяніды, нерэіды, наяды), азёр і балот (лімнады), гор (аграсціны, арэстыяды), гаёў (альсеіды), дрэў (дрыяды, гамадрыяды) і іх асобных парод. Паводле міфаў, Н. валодаюць стараж. мудрасцю, тайнамі жыцця і смерці, лечаць людзей, прадказваюць іх будучыню. Стараж. мастакі і скульптары звычайна паказвалі Н. у выглядзе прыгожых аголеных або паўаголеных дзяўчат.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РШЫН (Фёдар Ігнатавіч) (н. 27.9.1915, станіца Ніжнячырская Растоўскай вобл., Расія),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Балашоўскую школу пілотаў Грамадз. паветр. флоту (1937). У Вял. Айч. вайну камандзір эскадрыллі лётчык-бамбардзіроўшчык П. вызначыўся ў Гомельска-Рэчыцкай 1943 і Бабруйскай 1944 аперацыях у бамбардзіроўцы жывой сілы і тэхнікі ворага на ст. Калінкавічы, Рагачоў, Жлобін, Бабруйск; зрабіў 210 баявых вылетаў, збіў 2 варожыя самалёты. Да 1950 у Сав. Арміі.

т. 12, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛІ́СЦКІЯ ВО́ЙНЫ,

міжусобныя дынастычныя войны ў Іспаніі паміж дзвюма галінамі ісп. Бурбонаў у 19 ст. Былі звязаны з ісп. рэвалюцыямі 1834—43 і 1868—74. 1-я К.в. (1833—40) развязана пасля смерці караля Фердынанда VII карлістамі — прыхільнікамі сына Карла IV (правіў у 1788—1808) дона Карласа Старэйшага, які выступаў супраць Марыі Крысціны — рэгентшы пры малалетняй каралеве Ізабеле II. Карлісты выступалі за захаванне абсалютызму і феад. парадкаў, апіраліся на сялянства паўн. і ўсх. абласцей Іспаніі, выкарыстоўвалі сепаратысцкія настроі жыхароў Каталоніі, Басконіі і Навары, вялі пераважна партыз. вайну. Летам 1837 іх войска (14 тыс. чал.) на чале з донам Карласам намагалася авалодаць Мадрыдам. Урадавыя войскі на чале з ген. Б.​Эспартэра да лета 1840 разбілі асн. сілы карлістаў (дон Карлас у 1839 уцёк у Францыю). У ходзе 2-й К.в. (1872—76) карлісты імкнуліся зацвердзіць на ісп. прастоле пад імем Карла VII дона Карласа Малодшага — унука Карласа Старэйшага. Да канца 1875 іх ваен. сілы, сканцэнтраваныя ў Басконіі, Навары і Каталоніі і падзеленыя на 3 арміі, налічвалі каля 100 тыс. чал. У лют. 1875 у бітве пры Лукары карлісты разбілі ўрадавую армію, але з-за ўнутр. рознагалоссяў пачалі цярпець паражэнні і ў пач. 1876 разгромлены.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́КТАРНАЯ ДЫЯГРА́МА,

графічнае адлюстраванне значэнняў велічыняў, якія мяняюцца па гарманічным законе, і суадносін паміж імі з дапамогай вектараў. Даўжыня вектара адпавядае амплітуднаму значэнню велічыні, вугал паміж вектарамі — зруху фаз паміж велічынямі і г.д. Выкарыстоўваецца ў электратэхніцы, акустыцы, оптыцы і інш.

Схема электрычнага ланцуга (а) з вектарнай дыяграмай токаў і напружанняў (б): L — індуктыўнасць; C — ёмістасць. R — актыўнае супраціўленне; I1, I2, I3сілы токаў і V1, V2, V3 — напружанне на адпаведных элементах ланцуга; φ — зрух фаз паміж токам і напружаннем.

т. 4, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)