ГЕАЛО́ГІЯ

(ад геа... + ...логія),

навука аб саставе, будове і гісторыі развіцця зямной кары і Зямлі, заканамернасцях утварэння і пашырэння горных парод, мінералаў, падземных вод і радовішчаў карысных выкапняў. Забяспечвае выяўленне і ацэнку мінер.-сыравінных рэсурсаў. Мае вял. гнасеалагічнае значэнне, паколькі аб’ект яе вывучэння — Зямля. Геалогія — адна з фундаментальных навук аб прыродзе Зямлі і Сусвету. Вылучаюць 3 кірункі геалогіі: апісальны (апісанне мінералаў, горных парод, геал. цел і інш.), дынамічны (вывучэнне геал. працэсаў і іх эвалюцыі), гістарычны (гісторыка-геал. рэканструкцыі). Геалогія падзяляецца на мінералогію, петраграфію, літалогію, стратыграфію, палеанталогію, палеагеаграфію, тэктоніку, гідрагеалогію, таксама геалогію антрапагену (гл. Чацвярцічная геалогія), інж., рэгіянальную, марскую, геалогію карысных выкапняў і інш.

Працэсы геал. мінулага даследуюцца на падставе вывучэння сучасных працэсаў з улікам эвалюцыі Зямлі (прынцып актуалізму). Геалогія карыстаецца метадамі назірання, картаграфавання, свідравання, комплексам геафіз. метадаў, касмічнай і аэрафотаздымкі, аптычнымі, электронна-мікраскапічнымі, рэнтгенаўскімі, спектральнымі, хім., ізатопнымі і інш. Цесна звязана з геагр. навукамі — геамарфалогіяй, фіз. геаграфіяй, кліматалогіяй, гідралогіяй, геадэзіяй, а таксама з навукамі, што вылучыліся з яе — геафізікай і геахіміяй. Геалогія шырока выкарыстоўвае дасягненні фізікі, хіміі, біялогіі, матэматыкі і інш. Геалогія ўзнікла ў працэсе практычнай дзейнасці чалавека, які з глыбокай старажытнасці выкарыстоўваў у побыце каменне, ваду падземных крыніц, руды. Першыя звесткі пра мінералы, горныя пароды, падземныя воды і пошукі карысных выкапняў ёсць у пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, стараж. рукапісах Кітая, працах ант. вучоных Грэцыі і Рыма: Піфагора, Герадота, Арыстоцеля, Плінія Старэйшага. Перыяд да 18 ст. адметны назапашваннем разнастайных фактаў аб саставе горных парод і мінералаў, падземных вод, геал. з’явах. У 18 — 1-й пал. ст. М.В.Ламаносаў (Расія), Ж.Кюўе, Л.Элі дэ Бамон, А.Браньяр (Францыя), Л.Бух, А.Г.Вернер (Германія), У.Сміт, А.Седжвік, Р.І.Мурчысан, Ч.Лаель, Дж.Гетан (Вялікабрытанія), А.Грэслі (Швейцарыя) сістэматызавалі разрозненыя геал. звесткі, прапанавалі шэраг асноватворных уяўленняў геалогіі, заклалі фундамент геал. навукі, якая аформілася ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст.

Тэарэт. асновы сучаснай геалогіі складаюць вучэнні аб глабальнай тэктоніцы пліт (гл. Тэктанічныя гіпотэзы), платформах і геасінкліналях, фацыях і фармацыях, літагенезе, магматызме, рудаўтварэнні, падземных водах і інш. Уклад у развіццё геалогіі зрабілі А.Дз.Архангельскі, М.Бертран, С.М.Бубнаў, А.Вегенер, У.І.Вярнадскі, І.М.Губкін, Дж.Дана, А.М.Заварыцкі, Э.Зюс, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, Ф.Ю.Левінсон-Лесінг, Г.Ф.Мірчынк, Дз.В.Наліўкін, У.А.Обручаў, Э.Ог, А.П.Паўлаў, Ф.Дж.Петыджан, М.М.Страхаў, Я.С.Фёдараў, А.Я.Ферсман, В.Я.Хаін, Дж.Хол, М.С.Шацкі, Г.Штыле, А.Л.Яншын і інш.

На Беларусі геал. вывучэнне тэрыторыі вядзецца з пач. 19 ст.: рабіліся маршрутныя апісанні, даследаваліся асобныя радовішчы карысных выкапняў (А.Э.Гедройц, Р.П.Гельмерсен, М.І.Крыштафовіч, Г.Б.Місуна, В.М.Севяргін, П.А.Туткоўскі і інш.). Планамернае вывучэнне геал. будовы пачалося з 1927, калі быў арганізаваны геал. ін-т у складзе Інбелкульта. У 1937 створана Геал. ўпраўленне для кіравання геолага-здымачнымі і геолага-пошукавымі работамі. Пасля Вял. Айч. вайны праведзена сярэднемаштабная, часткова дэталёвая геал. і гідрагеал. здымка, выконваліся геафіз. даследаванні, пошукава-разведачныя работы, накіраваныя на выяўленне радовішчаў карысных выкапняў. Высветлена геал. будова і гісторыя геал. развіцця, тэктоніка тэр. Беларусі, дэталёва даследаваны петраграфія і мінералогія крышт. фундамента, літалогія і геахімія платформавага чахла. Разведаны запасы калійных і каменнай солей, прэсных і мінер. падземных вод і ёдабромных расолаў, сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў. Выяўлены радовішчы нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, жал. руд, фасфарытаў, даўсаніту, сіліцытаў, рэдкіх металаў і інш. Вядуцца значныя інж.-геал. і геаэкалагічныя даследаванні. Вялікі ўклад у вывучэнне нетраў зрабілі: арганізатар геал. службы на Беларусі М.Ф.Бліадухо, бел. навук. школы, заснаваныя Г.І.Гарэцкім (геалогія антрапагену), А.С.Махначом (літалогія і геахімія даантрапагенных адкладаў), К.І.Лукашовым (геахімія навакольнага асяроддзя), Р.Г.Гарэцкім (геатэктоніка), Г.В.Багамолавым (гідрагеалогія), А.В.Мацвеевым (вывучэнне сучасных геал. працэсаў і геамарфалогія), Э.А.Ляўковым (неагеадынаміка), а таксама У.А.Багіна, Г.І.Ількевіч, П.А.Леановіч, В.І.Пасюкевіч, П.З.Хоміч і інш. Вытворчыя і н.-д. геал. работы праводзяць ВА «Беларусьгеалогія» і «Беларусьнафта», Геолагаразведачны беларускі навукова-даследчы інстытут, Інстытут геалагічных навук (ІГН) Нац. АН Беларусі, Беларускае дзяржаўнае навукова-даследчае геалагічнае прадпрыемства (Белгеа), Бел. дзярж. ін-т інж. вышуканняў («Геасервіс») і інш. Кадры па геалогіі рыхтуюць БДУ і Гомельскі дзярж. ун-т. Геал. даследаванні і іх каардынацыю ажыццяўляюць таксама Геалагічны міжнародны кангрэс, Міжнар. саюз геал. навук, Беларускае геалагічнае таварыства, Бел. нац. камітэт геолагаў. Асн. перыяд. выданні: «Літасфера», «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» : інш.

Літ.:

Аллисон А., Палмер Д. Геология: Наука о вечно меняющейся Земле: Пер. с англ. М., 1984;

Уотсон Дж. Геология и человек: Введение в прикладную геологию: Пер. с англ. Л., 1986;

Махнач А.С., Вазнячук Л.М. Геалагічнае мінулае Беларусі. Мн., 1959;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. М., 1971;

История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978;

Геология Белоруссии: Достижения и пробл.: Сб науч. тр. Мн., 1988;

Гарэцкі Р.Г. і інш. Праблемы вывучэння літасферы Беларусі // Літасфера. 1994. № 1;

Гарецкий Р.Г., Каратаев Г.И. Основные проблемы экологической геологии // Там жа. 1995. №2.

А.А.Махнач.

т. 5, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІ́НЫ

(Athēnai),

горад, сталіца, паліт., эканам. і культ. цэнтр Грэцыі. Адм. ц. нома Атыка. Размешчаны на п-ве Атыка, непадалёку ад Эгейскага м., на раўніне, якую арашаюць Кіфісос і яе прыток Ілісос. Раўніну перасякае ланцуг вапняковых узгоркаў, асн. вяршыні якіх — Акропаль (каля 125 м) і Лікавіт (каля 275 м) — пануюць над горадам; з трох бакоў раўніна абмежавана гарамі, з чацвёртага — заліў Саранікос. Разам з прыгарадамі і г. Пірэй (аванпорт Афін на Эгейскім м.) утварае агламерацыю Вял. Афіны. 748 тыс. ж., у агламерацыі (пл. 433 км²) больш за 3,5 млн. ж. (1991). Важны трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт Элінікон. У Вял. Афінах сканцэнтравана каля ​2/3 прамысл. вытв-сці краіны. Асн. галіны: металургія, машынабудаванне (у тым ліку суднабудаванне, аўтамабільнае), нафтаперапр., хім., цэлюлозна-папяровая, тэкст., гарбарна-абутковая, швейная, харч. прам-сць, турызм. Праз Аыіны праходзіць каля 70% імпарту і 40% экспарту Грэцыі. Метрапалітэн. Ун-т. Акадэмія навук. Нац. б-ка. Музеі.

Афіны — стараж. горад Грэцыі; горад-дзяржава (гл. Афіны Старажытныя). Паводле паданняў, першыя паселішчы на месцы сучасных Афін з’явіліся ў 16—13 ст. да нашай эры. З 146 (паводле інш. звестак 86) да нашай эры Афіны знаходзіліся пад уладай Рыма. З 4 ст. ўваходзілі ў склад Візант. імперыі. З 1204 сталіца Афінскага герцагства. У 1458 захоплены туркамі. З 1834 сталіца Грэцыі.

Спалучэнне выдатных помнікаў антычнасці (гал. ч. на Афінскім акропалі) з помнікамі візант. дойлідства і буйнымі раёнамі новабудоўляў надае Афінам непаўторную своеасаблівасць. Стыхійная планіроўка ант. Горада склалася да 7 ст. да нашай эры. Гіст. ядро Афін — скала Акропаля. Сярод інш. помнікаў стараж.-грэч. і рым. дойлідства: плошча Агары з храмам Гефеста, Дыпілон — гал. гарадскія вароты стараж. Афін, Дыпілонскі некропаль са скульпт. надмагіллямі 5—4 ст. да н.э, храм Зеўса Алімпійскага, тэатр Дыяніса, б-ка і арка Адрыяна, стадыён, т.зв. «Вежа вятроў», помнік Лісікрата. Да візант. эпохі належаць цэрквы 11—12 ст. Малая Мітраполія, св. Апосталаў на Агары, Капнікарэя і інш. Найб. значныя грамадскія будынкі 19 ст. ўзведзены ў стылі неакласіцызму: парламент, Нац. б-ка, ун-т, Акадэмія навук, Нац. музей і інш. Сучасныя Афіны будуюцца паводле рэгулярнага плана ва ўсіх напрамках ад цэнтр. вуліц. Сярод збудавання 20 ст.: тэатр «Алімпія», Хілтан-атэль і інш. Музеі: Нац. археалагічны, Акропаля, Агары, Візантыйскі, Нац. галерэя жывапісу, керамікі.

Літ.:

Сидорова Н.А. Афины. 2 изд. М., 1984.

т. 2, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДО́НІ (Goldoni) Карла

(25.2.1707, г. Венецыя, Італія — 6.2.1793),

італьянскі драматург. Стваральнік італьян. рэаліст. камедыі. Скончыў Падуанскі ун-т (1731). З 1734 працаваў драматургам у т-рах. Імправізаванай камедыі дэль артэ супрацьпаставіў драматургію з рэальнымі характарамі і зместам. Яго п’есы — камедыі тагачасных нораваў («камедыі характараў») і камедыі з нар. жыцця на венецыянскім дыялекце. Папулярнасць Гальдоні прынесла вершаваная трагікамедыя «Велізарый» (1734). У 1738—42 напісаў некалькі камедый на традыц. сюжэты («Збяднелы гандляр» і інш.); першая цалкам арыгінальная — «Ветлівая кабета» (1743). У 1748—50 стварыў камедыі «Венецыянскія блізняты», «Хітрая ўдава», «Кавалер і дама, або Чычысбей», «Сям’я прадаўца антыкварыяту», «Добрая жонка» і інш. У 1750—51 напісаў і паставіў 16 камедый, найб. удалыя «Камічны тэатр», «Кавярня», «Ілгун», «Сапраўдны сябар», «Сумленны авантурыст», «Жаночыя плёткі» і інш. У 1752—53 на тэатр. сцэне з’явіліся п’есы «Мальер», «Землеўладальнік», «Гаспадыня атэля» і інш. У 1753—56 працаваў у т-ры Сан-Лука (цяпер т-р Гальдоні) у Венецыі. Творы гэтага перыяду адзначаны сцэнічнымі і стылістычнымі эксперыментамі («Персідская трылогія», «Англійскі філосаф», «Тэрэнцый», «Тарквата Таса», «Пляц у Венецыі Камп’ела» і інш). У канцы 1750-х г. напісаў лепшыя свае камедыі: «Закаханыя», «Забаўны выпадак», «Новы дом», «Добрая маці» і інш. У 1760—62 у т-ры Сан-Лука стварыў камедыі «Вясковая трылогія», «Самадуры», «Сеньёр Тадэра, буркун», «К’ёджынскія перапалкі» і інш. З 1762 у Парыжы кіраваў т-рам італьян. камедыі. Там напісаў некалькі твораў на франц. мове («Трылогія Зелінды і Ліндора» і інш.), «Мемуары Карла Гальдоні...» (т. 1—2, 1784—87). Аўтар 267 п’ес: 155 камедый у прозе і ў вершах, 18 трагедый і трагікамедый, 94 лібрэта сур’ёзных і камічных опер. На Беларусі творы Гальдоні ставіліся з 19 ст. Яны ўвайшлі і ў рэпертуар сучасных бел. т-раў: «Забаўны выпадак» (т-р імя Я.Коласа, 1942), «Ілгун» (т-р Я.Купалы, 1955), «Гаспадыня атэля» (Рускі драм. т-р, 1951), «Венецыянскія блізняты» (тамсама, 1960), «Слуга двух гаспадароў» (т-р імя Я.Коласа, 1969).

Тв.:

Tutte le opere. V. 1—14. Milano, 1935—56;

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—2. Л.; М., 1959.

Літ.:

Реизов Б. Карло Гольдони, 1707—1793. Л.; М., 1957;

Карло Гольдони: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

С.В.Логіш.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД),

ардовік, другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.С.Махнач, У.І.Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ ПРА́ЦА,

1) праца малалетніх асоб, якія не дасягнулі ўзросту працоўнай дзеяздольнасці. У 1833 у Вялікабрытаніі прыняты закон, паводле якога забаранялася эксплуатацыя Дз.п. і была ўстаноўлена працягласць прац. дня для дзяцей 9—13 гадоў 8, для падлеткаў да 18 гадоў — 12 гадзін. У Францыі першым актам, які рэгуляваў Дз.п., быў закон 1841. У ЗША федэральным законам 1938 аб прац. нормах быў устаноўлены мінім. ўзрост прыёму на працу — 16 гадоў. У пач. 1970-х г. у краінах, якія сталі на шлях развіцця, працоўныя ва ўзросце 10—14 гадоў складалі, паводле даных ЮНЕСКА, 31% агульнай колькасці дзяцей гэтага ўзросту. Паводле звестак Цэнтра ААН па правах чалавека ў Жэневе (1993) больш за 100 млн. дзяцей у свеце існуюць за кошт цяжкай працы, больш за 50 млн. дзяцей працуюць у небяспечных або шкодных для здароўя ўмовах. Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 13.12.1956 забаронены прыём на работу асоб, якім не споўнілася 16 гадоў. У Беларусі ў 1993 прыняты Закон «Аб правах дзіцяці», паводле якога самаст. праца непаўналетніх дапускаецца з 16-гадовага ўзросту; забараняецца прымус дзіцяці да любой працы, небяспечнай для яго здароўя або якая перашкаджае атрыманню базавай адукацыі.

2) Від працоўнай дзейнасці, якая выкарыстоўваецца ў выхаваўчых мэтах з ранняга дзяцінства. У класічнай пед. л-ры (Я.А.Каменскі, Дж.Лок, І.Г.Песталоцы, К.Дз.Ушынскі, П.П.Блонскі, С.Ф.Шацкі, А.С.Макаранка, В.А.Сухамлінскі) і сучасных даследаваннях (Р.С.Бурэ, Г.М.Годзіна, В.І.Логінава. В.Г.Нячаева, Д.В.Сяргеева, А.Д.Шатава і інш.) адзначаецца выхаваўчы характар працы, яна разглядаецца як натур. ўмова жыццядзейнасці і першая жыццёвая неабходнасць здаровага арганізма. У выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту выкарыстоўваецца праца па самаабслугоўванню, што развівае самастойнасць, вучыць пераадольваць цяжкасці, прывучае да ахайнасці і чысціні. Гаспадарча-бытавая праца мае грамадскую накіраванасць — задавальненне патрэбнасцей інш. дзяцей або дарослых. Праца дзяцей у прыродзе (догляд за раслінамі і жывёламі) накіравана на задавальненне патрэбнасцей дзяцей па ахове прыроды. У далейшым такая праца становіцца адным з відаў прадукц. працы. Ручная праца (выраб цацак і інш. прадметаў) развівае канструктыўныя здольнасці, дае карысныя практычныя навыкі. Гэтыя віды працы арганізоўваюцца і ў дзіцячых дашкольных установах у розных формах (даручэнні, дзяжурствы, калектыўная праца). Вучэбная праца ў дашкольным узросце не набывае самаст. значэння, але пачынае складвацца ў асобны від працы, што важна для падрыхтоўкі дзяцей да школы. Праца навучэнцаў у школе (ручная праца ў пач. класах, заняткі ў вучэбных майстэрнях у сярэдніх класах і вучэбна-выхаваўчая практыка ў старэйшых класах) мае мэтанакіраваны і сістэматычны характар. Асн. час у школьнікаў займае вучэбная праца, якая з’яўляецца сур’ёзным абавязкам навучэнцаў перад грамадствам.

Н.У.Літвіна.

т. 6, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ВАЗ КАПІТА́ЛУ,

змяшчэнне капіталу за мяжой у грашовай ці таварнай форме з мэтай павелічэння прыбытку, умацавання там эканам. ці паліт. пазіцый. Як эканам. з’ява вядома з канца 19 ст. Падрыхтавалі вываз капіталу за мяжу знешні гандаль, сусв. рынак, міжнар. крэдыт, развіццё шляхоў зносін. Неабходнасць вывазу капіталу ўзнікла ў сувязі з ростам адноснага лішку капіталу ў эканамічна развітых краінах (Англіі, Францыі, Германіі, ЗША, Японіі і інш.). Капітал вывозяць за мяжу не таму, што ён не можа быць выкарыстаны ўнутры краіны, а таму што ў інш. краінах ён атрымлівае больш высокі прыбытак, паколькі там больш танная рабочая сіла і сыравіна. Вываз капіталу адбываецца ў форме вытворчага (будуюцца прамысл., с.-г. ці трансп. прадпрыемствы), гандлёвага (адкрываюцца магазіны, якія гандлююць таварамі мясц. ці замежнай вытв-сці), пазыковага (даюцца пазыкі, крэдыты) капіталаў. Інвестыцыі ў форме вытв. і гандл. капіталаў укладваюцца ў працэсе прыватнай дзейнасці замежных грамадзян. У залежнасці ад таго, хто з’яўляецца ўласнікам капіталу, адрозніваюць вываз капіталу дзярж. і прыватны. Функцыяніруючы капітал падзяляецца на прамыя інвестыцыі (экспарцёр капіталу з’яўляецца поўным уласнікам замежнага прадпрыемства ці ўладальнікам кантрольнага пакета акцый) і партфельныя (набытыя акцыі не забяспечваюць поўнага кантролю над прадпрыемствам). Для эпохі імперыялізму найб. характэрны быў вываз капіталу ці перамяшчэнне вытв-сці ў эканамічна слабейшыя краіны. У сучасных умовах вываз капіталу павялічыўся і ажыццяўляецца ў розных формах. Часта ён вывозіцца з адных высокаразвітых краін у іншыя, дзе ёсць умовы атрымання больш высокіх прыбыткаў ці інш. эканам. і паліт. выйгрышаў. У 1975 вываз капіталу вырас больш чым у 11 разоў у параўнанні з 1913—14, у т. л. з ЗША больш як у 82 разы, з Англіі ў 4, Францыі ў 3 разы. Сталі набіраць тэмп у вывазе капіталу краіны, што пацярпелі паражэнне ў 2-й сусв. вайне (ФРГ і Японія); некат. былыя імпарцёры капіталу сталі экспарцёрамі (Канада і інш.). У развітыя краіны, якія перажываюць эканам. бум, ідзе больш палавіны інвестыцый. Распад СССР і садружнасці сац. краін значна пашырыў сферу вывазу капіталу. Ён служыць сродкам узмацнення знешнегандл. экспансіі, вядзе да міжнар. перапляцення капіталаў, інтэрнацыяналізацыі грамадскай вытв-сці, абвастрэння канкурэнтнай барацьбы за сферы выкарыстання капіталаў.

Літ.:

Гаврилюк В.В. Экспорт капиталистических отношений в развивающиеся страны. Мн., 1973;

Громыко А.А. Внешняя экспансия капитала: История и современность. М., 1982;

Янченко С.Е. Вывоз капитала. Мн., 1961;

Мелман С. Прибыли без производства: Пер. с англ. М., 1987.

С.Я.Янчанка.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,

працэс мех. разбурэння і хім. змянення горных парод і мінералаў зямной паверхні і прыпаверхневых слаёў літасферы. Адбываецца пад уплывам атмасферы (ападкі, вецер, сезонныя і сутачныя ваганні т-ры паветра, уздзеяння на пароды атм. кіслароду і інш.), грунтавых і паверхневых вод, жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў і прадуктаў іх распаду. Вылучаюць выветрыванне фіз. (механічнае), хім. і арган. (біялагічнае). Своеасаблівыя рысы мае падводнае выветрыванне (гальміроліз).

У выніку фіз. выветрывання адбываецца разбурэнне горных парод з распадам іх на абломкі. Гал. агенты фіз. выветрывання — ваганне т-ры і нераўнамернае награванне і ахаладжэнне парод, расшырэнне шчылін у пародзе замерзлай вадой (марознае выветрыванне), разбуральная дзейнасць ветру. Пры хім. выветрыванні зменьваецца хім. састаў парод з утварэннем мінералаў. Асн. агенты хім. выветрывання — вада, кісларод, солі, вуглекіслата і арган. кіслоты; асн. працэсы — вышчалочванне, гідратацыя, гідроліз і акісленне. Арганічнае выветрыванне выяўляецца ў змяненні парод пад уплывам жыццядзейнасці раслін, макра- і мікраарганізмаў і прадуктаў іх распаду. Асобы тып выветрывання — глебаўтварэнне, пры якім найб. актыўна дзейнічаюць біял. фактары. Фіз. і хім. выветрыванне цесна ўзаемадзейнічаюць; інтэнсіўнасць іх залежыць ад клімату, рэльефу, саставу, структуры і трываласці парод, працягласці працэсаў і інш. Прадукты выветрывання застаюцца на месцы (элювій) або перамяшчаюцца па схілах узвышшаў дажджавымі і расталымі водамі (дэлювій), спаўзаюць пад уплывам сілы цяжару, марознага зруху і цякучасці (саліфлюкцыя), пераносяцца ветрам. Вобласць літасферы, дзе адбываюцца працэсы выветрывання, называецца зонай выветрывання, разбураныя і пераўтвораныя пароды — карой выветрывання. Зону выветрывання наз. таксама зонай гіпергенезу, працэсы ў ёй — гіпергеннымі. Адрозніваюць сучасныя (прыпаверхневыя) і стараж. (выкапнёвыя) коры выветрывання, пахаваныя пад больш маладымі. Макс. глыбіня выветрывання больш за 0,5 км. Працэсы выветрывання — важны фактар утварэння рэльефу, які прыводзіць да сплашчэння і выраўноўвання паверхні. Працэсы выветрывання мінулых геал. эпох уплывалі на ўтварэнне розных карысных выкапняў: кааліну, вохры, вогнетрывалых глін, пяскоў і інш.

На Беларусі ў сучасных геал. умовах пераважаюць выветрыванні хім. і арганічнае. Тоўшча сучаснай кары выветрывання 5—8 м, покрыва алювіяльна-дэлювіяльных утварэнняў (пяскоў і гліністых парод) да 3—5 м, зрэдку больш. Перамешчаныя ветрам прадукты выветрывання ўтвараюць характэрныя формы рэльефу — эолавыя ўзгоркі і грады, на асобных, незадзернаваных участках пяскі, якія развейваюцца. Працэсы выветрывання выклікаюць эрозію глебы, у т. л. развяванне асушаных тарфянікаў, зніжаюць апорную здольнасць грунтоў пад інж. збудаваннямі і інш., разбураюць буд. матэрыялы. Каб пазбегнуць шкодных вынікаў выветрывання, замацоўваюць схілы, адхоны, пяскі, якія развейваюцца, вядзецца барацьба з эрозіяй глебы і інш.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЯ РУСЬ,

гісторыка-геаграфічная назва некаторых зямель сучасных Беларусі і Расіі ў 13—18 ст. Упершыню зафіксавана ў Дублінскім рукапісе (2-я пал. 13 ст.) без дакладнай лакалізацыі паблізу Прыбалтыкі. У канцы 14 ст. польскі храніст Я.Чарнкоўскі назваў Полацк замкам Белая Русь. Прыкладна ў той жа час аўстр. паэт П.Зухенвірт згадваў Белую Русь (у адным выпадку разам з Ізборскам на Пскоўшчыне) як месца падарожжа сваіх герояў. У 1413 магістр Тэўтонскага ордэна ўжыў назву Белая Русь адносна пскоўска-наўгародскіх зямель як сінонім назвы Вялікая Русь. У 2-й пал. 15 ст. Белая Русь пазначана на картах фра-Маўра (прыкладна на месцы Наўгародскай і Маскоўскай Русі) і М.Кузанскага (з надпісам «Белая Русь або Масковія»). «Князем Белай Русі» тытулаваў сябе вял. кн. маскоўскі Іван III. У 16 ст. зах.-еўрап. і польск. храністы і падарожнікі шырока выкарыстоўвалі назву Белая Русь, але лакалізавалі яе вельмі неакрэслена, у асн. на паўн. або паўн.-ўсх. частцы стараж.-рус. тэр., адасабляючы яе ад Чорнай і Чырвонай Русі, што ў цэлым адпавядае супастаўленню Вялікай і Малой Русі. У мясц. ужытку на Русі гэтая назва, за выключэннем тытулатуры Івана III, у 13—16 ст. дакументальна не зафіксавана. В.М.Тацішчаў у 18 ст. сцвярджаў, што ў некаторых летапісах пад Белай Руссю ўжо з 12 ст. разумелася Растова-Суздальская зямля, але гэта нічым не пацвярджаецца. З пач. 17 ст. назва Белая Русь усё больш трывала звязваецца з верхнім Падняпроўем і Падзвіннем, якія раней наз. ў ВКЛ проста Руссю. У скарзе правасл. шляхты ВКЛ на Варшаўскім сейме 1623 пад Белай Руссю разумеўся раён Полацка—Віцебска—Магілёва. На Полаччыне яна змешчана і на карце Г.Баплана (1651). Гэтая традыцыя ў 18 ст. стала агульнапрынятай і была ўспрынята рас. урадам, які лічыў «беларускімі» Магілёўскую і Віцебскую губ. На працягу 19 ст. назва Белая Русь пашырылася на ўсю этнічную тэр. беларусаў і дала пачатак сучаснай назве Беларусь. Паходжанне назвы Белая Русь трактуецца па-рознаму, ні адно з тлумачэнняў не стала агульнапрызнаным. Паводле розных меркаванняў, тэрмін паходзіў ад мноства снегу на Беларусі, ад белай вопраткі насельніцтва, колеру валасоў, меў значэнні «вялікая», «старажытная», «заходняя» або «свабодная» Русь (незалежная ад манголаў і літоўскіх феадалаў).

Літ.:

Імя тваё Белая Русь / Склад. Г.Сагановіч. Мн., 1991;

Рогалев А.Ф. Белая Русь и белорусы: (В поисках истоков). Гомель, 1994;

Насевіч В., Спірыдонаў М. «Русь» у складзе Вялікага княства Літоўскага ў XVI ст. // З глыбі вякоў. Наш край. Мн., 1996. Вып. 1.

В.Л.Насевіч.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВЮ́РА

(франц. gravure),

1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.

2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.

Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.

Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст. Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.Дзюрэр, Ж.Кало, Рэмбрант, Дж.Піранезі, Ф.Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.Зубаў, М.Махаеў, С.Галакціёнаў, А.Ухтомскі, В.Матэ, Г.Астравумава-Лебедзева, А.Краўчанка, У.Фаворскі і інш.

На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.Ангілейка, В.Вашчанка, П.Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.Азямблоўскага, Н.Орды, Я.Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г. найб. пашырана ксілаграфія (А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Мінін, А.Тычына, С.Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.Гембіцкі, М.Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.Малкін, Х.Тыбер, лінагравюры — Я.Горыд, літаграфіі — А.Малярэвіч, Ф.Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.Асецкі, І.Вішнеўскі, А.Кашкурэвіч, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч; літаграфіі — А.Дзямарын, Г. і Н.Паплаўскія, В.Шаранговіч; лінагравюры — С.Герус, А.Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.Зайцаў; розных тэхніках — У.Савіч, М.Купава, А.Лапіцкая, М.Селяшчук, В.Славук, Л.Марчанка, Ю.Герасіменка, А.Шэвераў і інш.

Літ.:

Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ТА

(італьян. ghetto),

частка тэрыторыі горада, адведзеная для прымусовага пасялення пэўнай расавай, нац., прафесійнай ці рэліг. групы насельніцтва, найчасцей яўрэяў. У сярэднія вякі гета існавалі ў многіх гарадах Зах. Еўропы і мусульм. Усходу з прычыны нац.-рэліг. адасобленасці яўр. насельніцтва. У 1-й пал. 19 ст. ў еўрап. краінах гета зніклі і захаваліся толькі на мусульм. Усходзе. У гарадах ВКЛ, Рэчы Паспалітай і царскай Расіі гета не было.

У 2-ю сусв. вайну гета ў адносінах да яўрэяў адроджаны ва Усх. Еўропе ням.-фаш. захопнікамі ў якасці лагераў смерці, канцлагераў для ізаляцыі, а потым і масавага знішчэння яўр. насельніцтва. На тэр. Беларусі акупанты стваралі гета ў гарадах, мястэчках і вял. вёсках. Сюды часта звозілі і яўрэяў з Германіі, Польшчы, Аўстрыі і інш. краін Еўропы. Тэр. гета звычайна абносілі калючым дротам, ахоўвалі войскамі або паліцыяй; самавольны выхад за межы гета караўся смерцю. Вязні гета павінны былі насіць на вопратцы апазнавальныя знакі: паўкруглыя жоўтыя нашыўкі для ўсіх, чырвоныя — для тых, каго выкарыстоўвалі на работах, зялёныя — для ўтрыманцаў. У некат. гета знакамі служылі жоўтыя шасціканцовыя зоркі (магендовіды) на грудзях і спіне. Умовы жыцця ў гета былі невыносныя. Кіравалі імі ням. каменданты, пры якіх ствараліся марыянетачныя органы «самакіравання» — саветы старэйшын, а ў буйных гета — яўр. саветы (юдэнраты) і яўр. паліцыя. Па няпоўных звестках, на тэр. 165 нас. пунктаў Беларусі (у сучасных межах) размяшчалася 176 гета: у некат. гарадах іх было па некалькі (напр., у Гомелі — 4, па 2 у Бабруйску, Брэсце, Глыбокім, Гродне, Жлобіне, Мінску, Навагрудку). У 2 мінскіх гета ўтрымлівалася каля 100 тыс. чал. За гады акупацыі на тэр. Беларусі загінула каля 865 тыс. яўрэяў, у т. л. 55 тыс. з замежных краін. У цяжкіх умовах гета дзейнічала антыфаш. падполле, асабліва актыўна ў Мінску, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Бярозе, Нясвіжы, Слоніме. Напярэдадні падрыхтоўкі фашыстамі масавых расстрэлаў або вывазу ў лагеры смерці адбыліся паўстанні ў Глыбокім, Докшыцах, Клецку, Лахве (Лунінецкі р-н), Міры (Карэліцкі р-н), Нясвіжы і інш. У партыз. руху і падполлі Беларусі ўдзельнічала каля 15 тыс. яўрэяў, гал. чынам б. вязняў гета. У шэрагу нас. пунктаў Беларусі на месцах б. гета пастаўлены абеліскі, памятныя знакі. У 1992 зарэгістравана Бел. асацыяцыя яўрэяў — б. вязняў гета і нацысцкіх канцлагераў.

Кр.: Трагедия евреев Белоруссии в годы немецкой оккупации (1941—44): Сб. материалов и док. Мн., 1997.

Літ.:

Гай Д. Десятый круг. М., 1991;

Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995;

Иоффе Э.Г. Страницы истории евреев Беларуси. Мн., 1996;

Месцы прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на часова акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Давед. Мн., 1996.

Э.Р.Іофе.

т. 5, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)