ГРОСМА́ЙСТАР (ням. Großmeister літар.вял. майстар),
вышэйшае ганаровае спарт. званне па шахматах і шашках. У 1949 Міжнар. шахматнай федэрацыяй (ФІДЕ) устаноўлена званне гросмайстра па шахматах. На Беларусі яго атрымалі Б.Гельфанд, В.Дыдышка, А.Заяц, К.Зварыкіна, А.Кавалёў, В.Купрэйчык, Ю.Шульман, Р.Эйдэльсон. З 1958 прысвойваецца званне гросмайстра Міжнар. федэрацыі гульні ў шахматы па перапісцы (ІКЧФ). Званне гросмайстра па шашках устаноўлена ў 1948 Сусв. федэрацыяй шашак. У Беларусі яго атрымалі А.Альтшуль, А.Балякін, Я.Ватуцін, А.Гантварг, В.Камышлеева, М.Кац, І.Пашкевіч, А.Плакхін, А.Прэсман, З.Садоўская, Л.Сахненка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ніна Цімафееўна) (н. 6.4.1925, г. Кіраў, Расія),
бел. вучоны ў галіне педыятрыі і гігіены. Д-рмед.н. (1974), праф. (1976). Скончыла Ленінградскі сан.-гігіенічны ін-т (1949). У 1967—95 у Мінскім мед. ін-це (у 1975—89 заг. кафедры), з 1997 у Рэсп. дыспансеры спарт. медыцыны. Навук. працы па біял. заканамернасцях рухальнай актыўнасці і рэзервах здароўя дзяцей, аптымізацыі фіз. і гігіенічнага выхавання, асаблівасцях развіцця і здароўя школьнікаў у забруджаных радыенуклідамі зонах і дзяцей-інвалідаў.
Тв.:
Профилактическая и оздоровительная работа педиатра. Мн., 1982 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛО́ВІЧ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 28.7.1961, г. Гродна),
бел. спартсмен (цяжкая атлетыка, вагавая катэгорыя больш за 110 кг). Засл. майстар спорту СССР (1988). Засл. работнік фіз. культуры і спорту Беларусі (1992). Скончыў Гродзенскі ун-т (1983). З 1997 трэнер абл. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Чэмпіён XXIV (1988, Сеул) і XXV (1992, г. Барселона, Іспанія) Алімп. гульняў. Чэмпіён (1987, г. Острава, Чэхаславакія; 1989, Афіны; 1991, г. Донаўэшынген, Германія; 1994, г. Стамбул, Турцыя) і сярэбраны прызёр (1983, Масква) чэмпіянатаў свету. Чэмпіён Еўропы (1989—90). Чэмпіён СССР (1983, 1989, 1991—92). 12-разовы рэкардсмен свету (1983—84, 1987, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НАЧНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
аднамесны аўтамабіль, прызначаны для скорасных спаборніцтваў на кальцавых закрытых (для інш. транспарту) трасах. Адрозніваецца малой масай, магутным рухавіком, размяшчэннем колаў па-за межамі кузава, адсутнасцю крылаў у колаў і інш. Паводле Міжнар. класіфікацыі адносяць да груп 7 і 8. У групу 7 уваходзяць гоначныя аўтамабілі формул — 1 (аб’ём рухавіка да 3000 см³ без наддуву ці да 1500 см³ з наддувам), 2 (да 2000 см³), 3 (да 2000 см³ з абмежаваннем магутнасці); у групу 8 — гоначны аўтамабіль «свабоднай» формулы (параметры ўстанаўлівае спарт. федэрацыя краіны). Гл. таксама Карт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗЁНАЎСКАЯ ПАРО́ДАверхавых коней.
Выведзена ў 1921—48 на конных з-дах Растоўскай вобл. скрыжаваннем кабыл данской і часткова чарнаморскай парод з чыстакроўнымі верхавымі жарабцамі. У Расіі і Казахстане выкарыстоўваюць для верхавой язды, на лёгкіх трансп. і верхавых работах, для паляпшэння пагалоўя рабочых коней; на Беларусі — у конным спорце.
Коні буйныя, склад цела гарманічны, выш. ў карку 162—166 см, галава прапарцыянальная з прамым профілем, шыя доўгая прамая, спіна кароткая прамая, канечнасці сухія моцныя. Масць рыжая, часам бурая ці гнядая. Вызначаецца высокімі спарт. якасцямі: рэкордная рэзвасць у гладкіх скачках на 1600 м — 1 мін 43,4 с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯГА́НСКАЯ (Галіна Аляксандраўна) (н. 10.5.1934, Мінск),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1976). Скончыла БПІ (1958). З 1958 у БелНДІдзіпрасельбудзе (з 1970 кіраўнік майстэрні тыпавога і эксперым. праектавання). Сярод работ: праект планіроўкі і забудовы цэнтра (1967—73; у сааўт.), Дом культуры (1967), гасцініца (1970), жылыя дамы (1973), пед. вучылішча (1980) у в. Леніна Горацкага р-на; эксперым. дзіцячыя яслі-сад (1970, у сааўт.) у пасёлках Малеч Бярозаўскага і Замасточча Бярэзінскага р-наў; гандл. Цэнтры (1971) у в. Расна Камянецкага і Верцялішкі Гродзенскага р-наў; клуб у в. Баяры Мядзельскага р-на (1972); конна-спарт. школа ў в. Ратамка Мінскага р-на (1978—80, у сааўт.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІТЭА́ТР (грэч. amphitheatron),
1) у Стараж. Рыме манументальнае збудаванне для публічных відовішчаў: баёў гладыятараў, цкавання дзікіх звяроў, масавых тэатралізаваных паказаў. Меў эліпсападобную ў плане форму, з арэнай пасярэдзіне, вакол якой ступенькамі ўзвышаліся месцы для гледачоў. Яго канструкцыйную аснову складала сістэма арак і слупоў, паміж якімі знаходзіліся галерэі і лесвіцы, напр., Рымскі Калізей.
2) Сучасныя амфітэатры выкарыстоўваюцца ў кінатэатрах, тэатр., цыркавых, спарт. будынках, маюць эліпсападобны, паўцыркульны сегментавы план. На аснове амфітэатра пабудаваны глядзельныя залы Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі, кінатэатра «Кастрычнік» у Мінску, месцы для гледачоў у цырках Гомеля, Мінска, на мінскім стадыёне «Дынама» і інш.
Да арт.Амфітэатр. Старажытнарымскі тэатр у Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШНЭ́П (Lymnocryptes minimus),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн.ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт. палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗУБРАНЯ́»,
рэспубліканскі дзіцячы лагер. Засн. ў жн. 1969 на беразе воз. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл). Размешчаны на пл. 64 га. Працуе круглы год. У лагеры створаны ўмовы для адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей. У комплексе пабудоў жылыя, лячэбныя і гасп. дамы, школа, б-ка, басейн. Дзеці 5 дружын («Азёрная», «Блакітная», «Зорная», «Лясная», «Сонечная») размяшчаюцца ў 5 аднайм. карпусах (на 160 месцаў). На тэр. лагера стадыён, пляцоўкі спарт. і для атракцыёнаў, фруктовы сад; на беразе пляжы, лодачная станцыя. У лагеры праводзяцца спартакіяды, фестывалі, канферэнцыі, рэсп. і міжнар. імпрэзы. «З.» супрацоўнічае з Бел. фондам сац. падтрымкі дзяцей і моладзі «Мы — дзецям».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОС (ад англ. cross перасякаць),
спартыўнае спаборніцтва на мясцовасці з пераадоленнем прыродных перашкод (узгоркі, палі, хмызнякі і інш.); састаўная частка сучаснага пяцібор’я; метад трэніроўкі. Праводзіцца ў лёгкай атлетыцы, конным, веласіпедным, матацыклетным, аўтамабільным і інш. відах спорту.
Першы лёгкаатлетычны К. як спарт. спаборніцтва адбыўся ў 1867 у Лондане. У Расіі праведзены ў 1909. Найб. вядомы міжнар. лёгкаатлетычны К. нацый (з 1903) — асабіста-камандныя спаборніцтвы для мужчын, дыстанцыя 10—15 км. На Беларусі першыя спаборніцтвы праведзены ў 1913 у Гомелі. Афіцыйныя спаборніцтвы па К. адбыліся ў 1928 сярод спартсменаў Мінскай акругі на дыстанцыі 8 км у мужчын і 1,5 км у жанчын. Масавыя кросы праводзяцца з 1930-х г.