ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ электрамагнітнае, свабоднае электрамагнітнае поле, якое існуе незалежна ад крыніц, што яго ствараюць; працэс утварэння свабоднага электрамагнітнага поля. Выпрамяненню ўласцівы т.зв. карпускулярна-хвалевы дуалізм. Асн. хвалевыя характарыстыкі выпрамянення — частата ν (або даўжыня хвалі ), дзе c — скорасць святла ў вакууме), а таксама хвалевы вектар
, дзе — адзінкавы вектар напрамку распаўсюджвання хвалі. Хвалевыя ўласцівасці выпрамянення праяўляюцца ў наяўнасці інтэрферэнцыі і дыфракцыі (гл. Дыфракцыя хваль, Інтэрферэнцыя хваль). Карпускулярныя ўласцівасці характарызуюцца тым, што кожнай асобнай хвалі з частатой ν і хвалевым вектарам адпавядае часціца (квант або фатон) з энергіяй і імпульсам
, дзе h — Планка пастаянная. Карпускулярныя ўласцівасці праяўляюцца ў квантавых з’явах, напр., фотаэфект, Комптана эфект і інш.
Праяўленне хвалевых ці карпускулярных (квантавых) уласцівасцей выпрамянення залежыць ад яго частаты, па значэннях якой выпрамяненне ўмоўна падзяляецца на дыяпазоны (гл. табл.). <TABLE> Для хваль вял. даўжыні (напр., ЗВЧ, радыёхвалі) энергія квантаў вельмі малая, таму карпускулярныя ўласцівасці выпрамянення практычна не праяўляюцца. З павелічэннем частаты расце энергія квантаў і з інфрачырвонага дыяпазону ўжо пачынаюць пераважаць карпускулярныя ўласцівасці.
Уласцівасці выпрамянення для малых частот апісваюцца класічнай электрадынамікай, для вялікіх — квантавай. Паводле класічных Максвела ўраўненняў выпрамяненне ў кожным пункце прасторы і ў кожны момант часу характарызуецца напружанасцямі электрычнага і магнітнага палёў і пераносіць энергію, аб’ёмная шчыльнасць якой
. У квантавай тэорыі ўраўненні Максвела поўнасцю захоўваюцца, аднак велічыні і маюць іншы сэнс. У гэтым выпадку сувязь паміж хвалевымі і карпускулярнымі ўласцівасцямі выпрамянення мае статыстычны характар: шчыльнасць энергіі эл.-магн. хвалі вызначаецца лікам квантаў у адзінцы аб’ёму
, для асобнага кванта імавернасць яго знаходжання ў пэўным аб’ёме прапарцыянальная шчыльнасці энергіі.
Выпрамяненне ўзнікае ў рэчыве пры нераўнамерным руху эл. зарадаў ці змене магн. момантаў, у выніку чаго рэчыва траціць энергію і адбываюцца працэсы выпрамянення. Да іх адносяцца выпрамяненне бачнага, ультрафіялетавага і інфрачырвонага святла атамамі і малекуламі, γ-выпрамяненне атамных ядраў, выпрамяненне радыёхваль антэнамі. Адваротныя працэсы выпрамянення — працэсы паглынання. Пры іх за кошт энергіі выпрамянення павялічваецца энергія рэчыва. Паводле законаў класічнай электрадынамікі сістэма рухомых зараджаных часціц неперарыўна траціць энергію ў выглядзе выпрамянення — адбываецца неперарыўны працэс утварэння эл.-магн. хваль. Аднак у квантавых сістэмах працэсы выпрамянення і паглынання дыскрэтныя і адбываюцца ў адпаведнасці з законамі квантавых пераходаў (гл. Вымушанае выпрамяненне, Спантаннае выпрамяненне).
М.А.Ельяшэвіч, Л.М.Тамільчык.
Дыяпазоны частот і даўжынь хваль электрамагнітнага выпрамянення (шкала электрамагнітных хваль)
| Тып выпрамянення |
Частата, Гц |
Даўжыня хвалі, м |
Энергія кванта, эВ |
| Радыёвыпрамяненне |
<3∙109 |
>10−1 |
<10−5 |
| Мікрахвалевае (ЗВЧ) выпрамяненне |
3∙109 — 3∙1011 |
10−1 — 10−3 |
10−5 — 10−3 |
| Інфрачырвонае выпрамяненне |
3∙1011 — 4∙1014 |
10−3 — 7,5∙10−7 |
10−3 — 1,6 |
| Бачнае выпрамяненне |
4∙1014 — 7,5∙1014 |
7,5∙10−7 — 4∙10−7 |
1,6 — 3 |
| Ультрафіялетавае выпрамяненне |
7,5∙1014 — 3∙1016 |
4∙10−7 — 10−8 |
3 — 102 |
| Рэнтгенаўскае выпрамяненне |
3∙1016 — 3∙1019 |
10−8 — 1011 |
102 — 105 |
| γ-Выпрамяненне |
3∙1019 |
<10−11 |
>105 |
т. 4, с. 318
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫВІТАМІ́НЫ (ад анты... + вітаміны),
рэчывы з ліку антыметабалітаў, якім уласціва біял. дзеянне, процілеглае дзеянню вітамінаў. Хім. будовай звычайна блізкія да вітамінаў або з’яўляюцца іх вытворнымі (напр., антывітамін вітаміну B1 — пірытыямін), таму канкурэнтна лёгка замяшчаюць вітаміны ў біяхім. рэакцыях і парушаюць працэсы абмену рэчываў. Да антывітамінаў належаць таксама інш. рэчывы, што ў жывых клетках звязваюць вітаміны, пераводзяць у неактыўную форму або разбураюць іх (напр., тыяміназа, авідзін, некаторыя лекавыя сродкі — антыбіётыкі, сульфаніламіды). Вынікам насычэння арганізма антывітамінамі можа быць вітамінная недастатковасць, якая развіваецца нават пры дастатковым паступленні вітамінаў з ежай або ўтварэнні іх у арганізме.
т. 1, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРАЧА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С у тэрмадынаміцы,
працэс пераходу сістэмы з аднаго стану ў другі, які магчыма ажыццявіць у адваротным напрамку з паўтарэннем усіх яго прамежкавых станаў. Складаецца з паслядоўнасці станаў раўнавагі, якія вельмі мала розняцца паміж сабою, таму яго наз. квазістатычным, квазіраўнаважным. Крытэрыем абарачальнасці з’яўляюцца паводзіны энтрапіі: яна застаецца пастаяннай у абарачальным працэсе, які працякае ў ізаляванай сістэме значна павольней, чым устанаўліваецца тэрмадынамічная раўнавага ў дадзенай сістэме. Сістэма пры абарачальным працэсе выконвае найб. магчымую работу. Абарачальны працэс ляжыць у аснове тэорыі цеплавых рухавікоў (гл. Карно цыкл). Усе рэальныя працэсы з-за трэння, дыфузіі, выпрамянення і інш. неабарачальныя.
т. 1, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРАЎТВАРЭ́ННЕ, арагенез,
сукупнасць рэльефаўтваральных працэсаў, у выніку якіх узнікаюць горныя ўзняцці зямной паверхні. Выклікаецца тэктанічнымі рухамі пад уплывам эндагенных (унутраных) сіл Зямлі. Абумоўлена энергіяй, што выдзяляецца ў працэсе развіцця ўнутрызямных рэчываў пры ўплыве сілы цяжару і сіл, якія ўзнікаюць пры вярчэнні Зямлі. Гораўтварэнне можа быць тэктанічным, вулканічным і складаным. Гораўтварэнню супрацьстаяць экзагенныя (знешнія) працэсы. Сучасныя горы — вынік працяглага сумеснага дзеяння эндагенных і экзагенных з’яў з чаргаваннем перавагі ўзыходных працэсаў над дэнудацыяй. Гіпотэзы гораўтварэння розныя. Найноўшыя звязваюць з рухамі буйных літасферных пліт Зямлі. З працэсамі гораўтварэння звязана ўзнікненне пэўных карысных выкапняў.
А.А.Саламонаў.
т. 5, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ ЛАНДША́ФТАЎ,
парушэнне структуры і стабільнасці ландшафту пад уплывам прыродных або антрапагенных фактараў. Узнікае пры адмоўных зменах балансу ландшафтаўтваральных кампанентаў (напр., у выніку эрозіі і дэградацыі глеб, рэкрэацыйнай дыгрэсіі мясцовасці, нерацыянальнага выкарыстання расліннага покрыва, рэзкіх змен воднага рэжыму і інш.), можа завяршыцца дэградацыяй ландшафтаў. З’явы Д.л. назіраюцца пры парушэнні тэхналогіі меліярацыйнага буд-ва, у месцах інтэнсіўнай распрацоўкі мінер. рэсурсаў, у наваколлі вял. прамысл. прадпрыемстваў. Вакол нас. пунктаў, у зялёных зонах, зонах адпачынку працэсы Д.л. развіваюцца ад празмерных і нерэгуляваных рэкрэацыйных нагрузак. Захаванне прынцыпу рац. прыродакарыстання і аховы прыроды, дакладны разлік параметраў магчымых шкодных уплываў і папярэджанне іх прадухіляюць Д.л.
т. 6, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАГА́РАЎ (Барыс Міхайлавіч) (н. 21.11.1943, в. Чырвоны Бераг Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989). Скончыў БДУ (1965). З 1968 у Ін-це фізікі, з 1992 у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі і фотахіміі біямалекул, у т. л. хларафілу і гему крыві. Даследаваў фотафіз. і фотахім. працэсы з удзелам малекулярнага кіслароду, механізм і дынаміку аксігенацыі гемаглабіну.
Тв.:
Пикосекундная динамика размена энергии электронного возбуждения в металлопорфиринах (разам з У.С.Чырвоным, Г.П.Гурыновічам) // Лазерная пикосекундная спектроскопия и фотохимия биомолекул. М., 1987.
т. 6, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБІ́ННАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ (ням. Tiefenpsychologie),
абагульненая назва шэрагу кірункаў замежнай псіхалогіі 19 — 20 ст. Вывучае т.зв. глыбінныя падсвядомыя псіхічныя працэсы асобы, яе схільнасці і тэндэнцыі, якія супрацьпастаўляюцца працэсам, што адбываюцца на «паверхні» свядомасці. Глыбінная псіхалогія не мае дакладных меж, ахоплівае розныя плыні і школы (псіхааналіз З.Фрэйда, «аналітычная псіхалогія» К.Г.Юнга, «індывідуальная псіхалогія» А.Адлера, эгапсіхалогія, неафрэйдызм і інш.). У трактоўцы матываў паводзін чалавека глыбінная псіхалогія адводзіць актыўную дынамічную ролю бессвядомым матывацыям, якія вывучаюцца спецыфічнымі метадамі (прыёмы псіхааналізу, метады свабодных асацыяцый, псіхадрамы, пражэктыўныя тэсты). Узнікла для патрэб псіхатэрапіі, стымулявала развіццё новай галіны медыцыны, якая разглядае значэнне псіхал. фактараў у саматычных захворваннях (т.зв. псіхасаматыка).
т. 5, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФАРМАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел стэрэахіміі, які вывучае канфармацыі малекул, працэсы іх узаемнага пераходу, а таксама залежнасць фіз. і хім. уласцівасцей ад канфармацыйных характарыстык. Навук. аснова К.а. — хімічнай будовы тэорыя і квантавая хімія. Асн. метады даследаванняў — метад ядз. магнітнага рэзанансу, інфрачырв. спектраскапія, паляраграфія і інш. спектральныя метады. Значны ўклад у развіццё К.а. зрабілі Д.Х.Р.Бартан, А.Баер, У.Прэлаг, Г.Заксе, М.С.Зефіраў. Выкарыстоўваюць для даследавання біяхім. і біяфіз. працэсаў, што абумоўлена залежнасцю ўласцівасцей біяпалімераў ад іх канфармацыйных параметраў, а таксама біял. актыўнасці арган. злучэнняў ад магчымасці ўтвараць у арганізме чалавека і жывёл фізіялагічна актыўныя канфармацыі.
Т.Т.Лахвіч.
т. 8, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРО́НА,
надземная разгалінаваная частка дрэва. У ёй фарміруюцца лісце, кветкі і плады, адбываюцца асн. жыццёвыя працэсы расліны — дыханне, транспірацыя, фотасінтэз і інш. Памеры К. залежаць ад узросту, хуткасці росту і генетычна абумоўленай будовы. Дрэвы 1-й велічыні маюць дыяметр К. больш за 10 м (напр., дуб, клён вастралісты, ясень); 2-й — 5—10 м (напр., граб, груша звычайная); 3-й — 2—5 м (напр., рабіна, чаромха). Форма К. спадчынная, але мяняецца з узростам і ў залежнасці ад умоў існавання. Бываюць К. павойныя, падушка- і парасонападобныя, пірамідальныя, ніцыя, сцелістыя, сцягападобныя і інш. У дэкар. садаводстве і пладаводстве К. фарміруюць штучна.
т. 8, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРБА́ТАЎ (Ігар Міхайлавіч) (13.3.1905, Масква — 19.10.1969),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1949). Засл. дз. нав. Беларусі (1965). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). З 1954 у БСГА. Навук. працы па біяхіміі глебы і торфу; вывучаў фізіял. дзеянне глеб на працэсы росту, фотасінтэзу раслін.
Тв.:
К вопросу о природе гумуса почв и торфов (разам з Е.І.Двойнішнікавай, В.Ф.Курбатавай) // Тр. Белорусской с.-х. академии. 1959. Т. 32, вып. 1;
Современные представления о природе гумуса и его роли в жизни почв и растений // Вопросы биологической активности почвы. Горки, 1968.
т. 9, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)