ПЕЦЯРБУ́РГСКІ ДАГАВО́Р 1881,
расійска-кітайскі дагавор аб зах. участку рас.-кіт. граніцы. Падпісаны 12 лют. ў Пецярбургу. Паводле П.д. да Рас. імперыі адыходзіла зах. ч. Ілійскага краю, акупіраванага рас. войскамі ў 1871, усх. ч. з г. Кульджа вярталася Кітаю, жыхары краю мелі права выбраць рас. або кіт. падданства з далейшым перасяленнем на кіт. або рас. тэрыторыю. Кітай абавязваўся выплаціць Расіі 9 млн. руб як кампенсацыю за ваен. выдаткі па акупацыі краю. Расія атрымала права адкрыць дадатковыя консульствы на тэр. Кітая, а рас. гандляры — права набываць у Кітаі нерухомасць.
т. 12, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭМІТЭ́НТ [ад лац. remittens (remittentis) які адсылае],
уладальнік вэксаля, які мае права на атрыманне пазначанай у ім сумы грошай. Асоба, пазначаная ў якасці атрымальніка грошай на самім вэксалі, наз. першым Р. Пры перадачы вэксаля законным Р. з’яўляецца асоба, якая асноўвае сваё права на неперарыўным шэрагу індасаментаў. Калі Р. набыў вэксаль нядобрасумленна або, набываючы яго, зрабіў грубую неасцярожнасць, ён абавязаны перадаць яго былому ўладальніку. Р. мае права на атрыманне плацяжу па вэксалі ад акцэптанта (вэксалядаўца простага вэксаля). Р. належаць таксама інш. правы, прадугледжаныя вэксальным заканадаўствам.
т. 14, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСТ (перс.),
у звычаёвым праве Ірана права недатыкальнасці прыстанішча на тэр. свяшчэнных месцаў. Пашыраны ў мусульм. краінах Усходу звычай даваць прыстанішча ў мячэцях, грабніцах, дамах вышэйшых духоўных асоб. З 19 ст. права бест часам мелі памяшканні замежных пасольстваў, місій і інш. устаноў, якія карысталіся экстэрытарыяльнасцю.
т. 3, с. 129
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДВО́ЙТ, лантвойт,
лентвойт (стараж.-верхненям. lentvoget),
службовая асоба ў гарадах ВКЛ, якія мелі магдэбургскае права, намеснік войта. Выконваў даручэнні войта, у час адсутнасці войта — яго абавязкі. Прызначаўся войтам або ўладальнікам горада, у 16—17 ст. мяшчанства некат. гарадоў (Магілёў, Пінск, Брэст) дамаглося права выбіраць Л.
т. 9, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-КАРЭ́ЙСКІ ДАГАВО́Р 1884.
Паводле падпісанага ў Сеуле 7 ліпеня дагавора паміж Расіяй і Карэяй устанаўліваліся дыпламат, адносіны, наладжваліся рэгулярныя суднаходныя рэйсы паміж рас. і кар. партамі; рас. падданыя атрымалі права перамяшчэння і гандлю на тэр. Карэі, права набываць нерухомасць у вызначаных кар. партах (Вансан, Пусан, Інчхон).
т. 13, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САА́ЎТАРСТВА,
сумеснае аўтарства двух і болей асоб на адзін твор, які з’яўляецца аб’ектам аўтарскага права. У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996, аўтарскае права на твор сумеснай працы належыць сааўтарам сумесна незалежна ад таго, утварае твор непарыўнае цэлае ці складаецца з частак, кожная з якіх мае самаст. значэнне. Прызнаецца, што частка твора мае самаст. значэнне, калі яна можа выкарыстоўвацца незалежна ад інш. частак твора. Кожны з сааўтараў правамоцны выкарыстоўваць створаную ім частку твора, якая мае самаст. значэнне, паводле свайго меркавання, калі інш. не прадугледжана пагадненнем паміж імі. Права на выкарыстанне твора ў цэлым належыць сааўтарам сумесна. Іх узаемаадносіны вызначаюцца пагадненнем паміж імі. Калі твор з’яўляецца адзіным непарыўным цэлым, то ні адзін з сааўтараў не мае права без дастатковых падстаў забараніць яго выкарыстанне.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЕНО́ПУЛ ((Armenopulos) Канстанцін) (1310 — 80 ці 1383),
візантыйскі юрыст, складальнік практычнага дапаможніка па рымскім праве «Настаўленне да законаў, або Шасцікніжжа» (5 кніг пра розныя пытанні цывільнага права і адна пра злачынствы і пакаранні). Некаторыя палажэнні «Шасцікніжжа» мелі сілу закону (у Грэцыі) або былі крыніцай мясцовага права (у Бесарабіі).
т. 1, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙ (Gaius),
рымскі юрыст, пісьменнік 2 ст. Біяграфічных звестак не захавалася. Дакладна вядома, што ў часы імператара Адрыяна ён выкладаў права, сістэматызаваў рым. рабаўладальніцкае права і распрацоўваў каментарыі. Яго гал. твор «Інстытуцыі» (настаўленні; каля 161) атрымаў паводле рым. закону 426 абавязковую юрыд. сілу і ўвайшоў у Кодэкс Юстыніяна.
т. 4, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«Ліберум вета» (права свабоднай забароны) 3/52; 5/388; 11/341
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСКІ СУД,
мясцовы суд у гарадах ВКЛ. Войт, які ўзначальваў адміністрацыю горада, меў права і ўласнага суда. У грамаце 1390 на магдэбургскае права Брэсту ўпамінаецца толькі адна крыніца ўлады і суда — войт. У грамаце 1498 Полацку гаворыцца, што бурмістры і радцы не маглі судзіць без войта. Каралева Бона ў 1551 запатрабавала, каб у велікакняжацкіх гарадах суд. спрэчкі старосты разглядалі сумесна з гар. войтам. У многіх прыватнаўласніцкіх гарадах, дзе не было ўведзена магдэбургскае права, таксама дзейнічаў або войтаўскі суд, або войтаўска-лаўніцкі суд. Поруч з войтаўскім судом існаваў бурмістраўска-радзецкі суд.
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)