КАРПО́ВІЧ (Вікенцій Паўлавіч) (20.1.1914, пас. Калодзішчы Мінскага р-на — 12.4.1996),

Герой Сав. Саюза (1942). Скончыў Мінскі пед. ін-т нац. меншасцей (1937), Барысаглебскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1938), Ваен.-паветр. акадэмію каманднага і штурманскага саставу ВПС (1944). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 22.6.1941 на Паўд., 2-м Укр. франтах. Лётчык-знішчальнік, нам. камандзіра знішчальнага авіяпалка. Удзельнік абароны Малдавіі, Украіны, г. Растоў-на-Доне, баёў за Берлін, вызвалення Прагі. Зрабіў 263 баявыя вылеты, правёў 35 паветр. баёў, збіў 8 самалётаў праціўніка. 16.3.1942 цяжка паранены прывёў самалёт на свой аэрадром. Да 1960 у Сав. Арміі, палкоўнік.

В.П.Карповіч.

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́НЬКА (Міхаіл Паўлавіч) (н. 8.2.1947, в. Верацеі Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1983). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1969). Працаваў журналістам, настаўнікам. З 1976 у Ін-це л-ры імя Я.​Купалы АН Беларусі, з 1983 нам. гал. рэдактара выд-ва «Юнацтва», з 1988 выкладчык БДУ. Друкуецца з 1974. Даследуе сучасную бел. прозу і паэзію, тэорыю і практыку маст. перакладу (кн. «Майстэрства Аркадзя Куляшова-перакладчыка», 1983), творчасць бел. пісьменнікаў. Пераклаў з польскай кн. «Крыжакі» Г.​Сянкевіча, апавяданні С.​Градзенскай, з чэшскай — кн. «Клапзубава каманда» Э.​Баса, апавяданні І.​Кліма і інш.

Тв.:

Міхась Лынькоў Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.

т. 8, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЗУН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 1.5.1934, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 22.2.1995),

бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі с.-г. тэхнікум (1956), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1957—61). Працаваў у НДІ глебазнаўства, літ. музеях Я.​Купалы ў Вязынцы (заг. у 1971—78), Я.​Коласа (у 1978 і з 1982), у 1978—82 дырэктар «Кнігарні пісьменніка». Друкаваўся з 1958. Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар зб-каў апавяданняў пра таямнічы свет прыроды «Жывы куток» (1962), «Тры сонцы» (1971), дакумент. аповесцей пра дзяцей-партызан «Віця Сітніца» (1964), «Навальнічная паласа» (1979), аповесцей «Зоркі на танках» (1982), «Святло чароўнай зоркі» (1989) і інш.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗУРУ́К (Ілья Паўлавіч) (20.7.1906, г. Брэст — 2.1.1989),

Герой Сав. Саюза (1937), ген.-маёр авіяцыі (1946), засл. палярны лётчык (1937). Скончыў Ваен. школу лётчыкаў (1929). У Чырв. Арміі з 1927. З 1930 лётчык, камандзір атрада Грамадз. паветр. флоту, у 1938—41 нач. Палярнай авіяцыі Галоўпаўночмаршляху (ГПМШ). Вызначыўся ў 1937 у час дастаўкі Папанінскай навук. станцыі на Паўн. полюс. У Вял. Айч. вайну камандзір авіягрупы ВПС Паўн. флоту, з 1943 камандзір авіядывізіі і нач. асобай паветр. трасы ВПС Аляска—Краснаярск, арганізоўваў перапраўку на фронт баявых самалётаў. З 1945 нач. упраўлення Палярнай авіяцыі, нам. нач. ГПМШ, нам. нач. НДІ. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1937—50.

І.П.Мазурук.

т. 9, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГО́ДЗІН (Павел Паўлавіч) (28.2.1916, в. Дамашняя Лыскаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 13.2.1983),

бел. мастак. Скончыў Горкаўскае маст. вучылішча (1940). Працаваў пераважна ў станковым жывапісе ў рэаліст. манеры, а таксама ў графіцы і плакаце. Аўтар карцін «А.​П.​Чэхаў на Сахаліне» (1950), «Южна-Сахалінск» (1952), «Зімовы пейзаж», «Вадавоз» (абедзве 1953), «Перадсвяточны вечар», «Вяртанне да мірнай працы» (абедзве 1960), «Выратаванне сцяга» (1961), «Зжатае поле», «Мінск увечары» (абедзве 1962), «Хлеб-соль» (1972), партрэта П.​І.​Клімука (1978), трыпціха «Брэсцкая крэпасць» (1966—71), графічнай серыі «Брэсцкая крэпасць» (1966—71), плаката «Слава героям космасу!» (1970).

Б.​А.​Крэпак.

П.Пагодзін А.​П.​Чэхаў на Сахаліне. 1950.

т. 11, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ-СІЛЬВА́НСКІ (Мікалай Паўлавіч) (13.2.1869, г. Кранштат Ленінградскай вобл., Расія — 30.9.1908),

расійскі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1892). З 1899 працаваў у Дзярж. архіве Мін-ва замежных спраў. З 1905 выкладаў рус. гісторыю і гісторыю рус. права (з 1907 праф.) у навучальных установах Пецярбурга. Абгрунтаваў аднатыпнасць рас. феад. перыяду з зах.-еўрап. феадалізмам («Феадалізм у Старажытнай Русі», 1907; «Феадалізм ва ўдзельнай Русі», выд. ў 1910). Даследаваў гісторыю рэформ Пятра I, вызваленчы рух, грамадскую думку 18—19 ст.

Тв.:

Феодализм в России. М., 1988.

Літ.:

Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 623—635.

т. 12, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУГА́НАЎ (Віктар Паўлавіч) (9.2.1901, г. Астрахань, Расія — 24.6.1941),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. У пач. Вял. Айч. вайны камандзір 22-й танк. дывізіі, якая з 22.6.1941 вяла абарончыя баі на рубяжы Зах. Буга на Пд ад Брэста, 23 чэрв. ў час контрудару сав. войск з раёна г. Жабінка разграміла мотакалону ням. войск, разам з часцямі 28-га стралк. корпуса на ПнЗ ад г. Кобрын змагалася супраць 2 танк., 1 матарызаванай і некалькіх пях. дывізій ворага. Загінуў у баі.

т. 13, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́РЫН (Пурынь) Павел Паўлавіч

(12.2.1911, в. Рэчыца Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 7.5.1977),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскае артыл. вучылішча (1932), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі імя Дзяржынскага. У Чырв. Арміі з 1928. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Данскім, 2-м і 1-м Укр. франтах. Удзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Ўкраіны, Малдовы, Прагі, штурму Берліна. Артыл. брыгада на чале з палк. П. вызначылася 27.1.1945, калі фарсіравала Одэр, скавала дзеянні праціўніка і дала магчымасць сапёрам аднавіць мост для пераправы сав. падраздзяленняў і баявой тэхнікі на плацдарм. Да 1956 у Сав. Арміі.

П.П.Пурын.

т. 13, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Мікалай Паўлавіч) (25.5.1836, г. Трубчэўск Бранскай вобл., Расія — 15.1.1920),

расійскі вучоны ў галіне механікі. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1894). Скончыў Пецярбургскую інж. акадэмію (1858), дзе і працаваў з 1862. З 1866 у Пецярбургскім тэхнал. ін-це (з 1871 праф.). Адначасова з 1871 у органах кіравання расійскіх чыгунак. Навук. працы па гідрадынамічнай тэорыі змазкі, тэорыі вісказіметрыі, дастасавальнай механіцы, чыг. тэхніцы. Вывеў закон трэння пры наяўнасці змазкі і заклаў асновы гідрадынамічнай тэорыі трэння ў машынах. Удзельнік буд-ва Сібірскай магістралі. Ламаносаўская прэмія Пецярбургскай АН 1884.

Літ.:

Костомаров В.М., Бургвиц А.Г. Основоположник теории гидродинамического трения в машинах Н.​П.​Петров. М., 1952.

т. 13, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫЖО́Ў (Іван Паўлавіч) (24.4.1890, в. Ілева Ардатаўскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 11.5.1941),

партыйны і прафсаюзны дзеяч БССР. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 на парт. рабоце. З мая 1923 сакратар Полацкага, з крас. 1924 сакратар Віцебскага пав., са жн. 1925 акр. к-та КП(б)Б. З 1927 заг. аддзела ЦК КП(б)Б. З чэрв. 1928 да мая 1932 старшыня Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. З 1932 у ВЦСПС, з 1934 старшыня савета прафсаюзаў Усх.-Сібірскага краю. У 1924—32 чл. ЦК, у 1927—32 чл. Бюро ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР (1924—25, 1927—32) і Прэзідыума ЦВК БССР (1929—32).

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)