форма дзейнасці, характэрная для жывой структуры на клетачным, тканкавым, органавым і сістэмным узроўнях, а таксама на ўзроўні цэласнага арганізма.
Асн. Ф. жывой структуры на любым узроўні — пастаянны абмен рэчываў і абмен энергіі, з якімі звязаны праявы жыццядзейнасці (рост, развіццё, размнажэнне, харчаванне і інш.). Адаптацыйна-трафічная Ф. органа (сістэмы органаў) — прыстасаванне арганізма да змен умоў існавання шляхам рэгуляцыі абмену рэчываў і ўзбуджальнасці яго органаў і тканак; бар’ерная — Ф. тканак і органаў па ахове арганізма або яго асобных частак ад уздзеяння змен навакольнага асяроддзя і па захаванні адносна пастаяннага складу, фізіка-хім. і біял. уласцівасцей унутр. асяроддзя арганізма; генератыўная — Ф. арганізма па ўзнаўленні сабе падобнага. Парушэнні Ф. праяўляюцца аслабленнем дзейнасці органа або тканкі (гіпафункцыя), павышанай дзейнасцю органа, тканкі, сістэмы арганізма (гіперфункцыя), неадэкватнасцю рэакцыі жывой структуры на ўздзеянне раздражняльнікаў (дысфункцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНХАЭКТАТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА (ад бронхі + грэч. ekstasis расцяжэнне),
гнойна-запаленчая дэструкцыя бронхаў, што выклікае іх расшырэнне (бронхаэктазію), парушэнне функцый розных сістэм і органаў, інтаксікацыю. Бывае часовая і ўстойлівая, найчасцей у ніжняй долі левага лёгкага; можа быць двухбаковая. Адрозніваюць бронхаэктазы прыроджаныя і набытыя, лакалізаваныя і дыфузныя, цыліндрычныя, мяшэчкападобныя і пераходныя (верацёнападобнай формы). Прычыны ўзнікнення прыроджанай бронхаэктазіі — парушэнні развіцця бронхалёгачнай сістэмы ва ўлонні маці (могуць спалучацца з заганамі развіцця — заечая губа, стрэлападобнае паднябенне і інш.); набытай — бронхалёгачныя хваробы, закупорка бронха іншародным целам. Праяўляецца бронхаэктатычнай хваробы аднолькава незалежна ад этыялогіі: мокры кашаль са слізіста-гнойнай ці гнойнай макротай (можа мець непрыемны пах), іншы раз крывахарканне, болі ў грудзях, задышка (залежыць ад цяжкасці хваробы), зніжэнне апетыту, дэфармацыя грудной клеткі. Пры гнойнай інтаксікацыі фалангі пальцаў набываюць форму «барабанных палачак», а пазногці — «гадзіннікавых шкельцаў». Лячэнне комплекснае, з выкарыстаннем тэрапеўтычных, а пры неабходнасці хірург. метадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫН Валерый Мікалаевіч (н. 30.1.1938, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне фізіялогіі чалавека і жывёл. Акад.Нац.АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1986), д-рмед.н. (1974). Акад.Міжнар. славянскай АН адукацыі, мастацтваў і культуры (Расія), замежны чл. Акадэміі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага, акад.Міжнар.АН (Расійская секцыя; 1994). Скончыў Віцебскі мед.ін-т (1961). З 1963 у Мінскім мед. ін-це (з 1973 заг. кафедры нармальнай фізіялогіі), з 1984 дырэктар Ін-та фізіялогіі АН Беларусі, з 1995 адначасова акадэмік-сакратар Аддзялення медыка-біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па нерв. і гарманальных механізмах тэрмарэгуляцыі арганізма. Прапанаваў канцэпцыю развіцця паталаг. станаў пры парушэнні працэсаў спалучэння тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізме. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Центральные механизмы терморегуляции. Мн., 1980;
Обмен липидов при гипотермии, гипертермии и лихорадке. Мн., 1986;
Терморегуляция и симпатическая нервная система. Мн., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГІ О́РГАНЫ,
органы жывёл і чалавека, якія ўспрымаюць змены стану цела ў прасторы, дзеянне на арганізм паскарэнняў і змен гравітацыйных сіл. У беспазваночных жывёл прадстаўлены статацыстамі (слыхавыя пузыркі), унутры якіх размешчаны своеасаблівыя цвёрдыя ўтварэнні — статаліты. У пазваночных жывёл і чалавека Р.о. прадстаўлены сенсаэпітэліяльнымі клеткамі паўкружных каналаў і мяшочкаў вестыбулярнага апаратуўнутр. вуха. У пазваночных звязаны з мазжачком і рэтыкулярнай фармацыяй, што абумоўлівае каардынацыю іх дзейнасці з інш. сенсорнымі сістэмамі. Узаемадзеянне паміж вестыбулярнымі цэнтрамі і нерв. механізмамі забяспечвае рэгуляцыю тонусу мышцаў. Сукупнасць сігналаў ад статарэцэптараў лабірынта, вачэй, механа- і прапрыярэцэптараў выклікаюць адпаведныя рэфлексы, якія рэгулююць у чалавека і жывёл нармальную арыентацыю ў адносінах да напрамку сілы цяжару. У захаванні раўнавагі ў чалавека важная роля належыць таксама скурнай адчувальнасці, мышачна-сустаўнаму пачуццю, зроку. Парушэнні Р.о. праяўляюцца пры шэрагу захворванняў нерв. сістэмы (атаксія), вестыбулярнага апарату (Меньера хвароба, галавакружэнне, марская хвароба).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НКА-ЧЭХАСЛАВА́ЦКІ ДАГАВО́Р 1924аб саюзе і сяброўстве.
Падпісаны ў Парыжы 25 студз. прэм’ер-міністрам Францыі Р.Пуанкарэ і міністрам замежных спраў Чэхаславакіі Э.Бенешам. Дагавор абавязваў урады абедзвюх дзяржаў «дамаўляцца аб мерах, якія будуць неабходныя для забеспячэння сваіх агульных інтарэсаў у выпадку, калі б такім пагражала небяспека» (магчымыя парушэнніСен-Жэрменскага мірнага дагавора 1919, спробы аднаўлення манархіі Габсбургаў у Венгрыі і Гогенцолернаў у Германіі і інш.), паведамляць адзін аднаму аб заключаных імі раней паліт. пагадненнях адносна Цэнтр. Еўропы і раіцца аб заключэнні новых пагадненняў. Ф.-ч.д. 1924 дапоўнены падпісаным 16.10.1925 у г. Лакарна (Швейцарыя) франка-чэхаславацкім пактам аб узаемных гарантыях (адзін з Лакарнскіх дагавораў 1925): бакі абавязваліся аказваць узаемна неадкладную дапамогу і падтрымку, калі Германія несправакавана, ўзбр. умяшаннем парушыць свае абавязацельствы па захаванні міру. Падпісанне Францыяй Мюнхенскага пагаднення 1938 супярэчыла яе саюзным дагаворам 1924 і 1925 з Чэхаславакіяй, якія т.ч. спынілі дзеянне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРЭ́ННЕ,
агульнабіялагічны працэс узроставых змен у арганізме, які прыводзіць да зніжэння жыццяздольнасці і павелічэння верагоднасці смерці. Уласціва ўсім арганізмам і адбываецца на ўсіх узроўнях арганізацыі жывога — ад малекулярна-генет. да арганізменнага. Развіваецца гетэрахронна (з рознай хуткасцю ў розных клетках, тканках, органах) і гетэратопна (неаднолькавыя якасныя змены ў розных структурах). Вядучыя механізмы С. на клетачным узроўні: дэградацыя і гібель ч. клетак, зніжэнне мітатычнай актыўнасці і колькасці мітахондрый, разбурэнне лізасом, змена эл. уласцівасцей плазматычных мембран, паніжэнне лабільнасці клетак і памяншэнне адэкватных рэакцый на фізіялагічна актыўныя рэчывы. Вядучыя механізмы на арганізменным узроўні (для вышэйшых жывёл): аслабленне функцый асн.фізіял. сістэм арганізма (нерв., эндакрыннай, сардэчна-сасудзістай, стрававальнай і інш.), зніжэнне нерв. кантролю над іх дзейнасцю, змена рэактыўнасці на ўздзеянне гармонаў, парушэнні на этапе паступлення інфармацыі ў нерв. цэнтры. Агульнапрынятыя тлумачэнні працэсаў С. адсутнічаюць. Існуе мноства гіпотэз, у адпаведнасці з большасцю іх — першасныя механізмы С. звязаны са зменай генет. апарата клеткі. У ходзе жыцця ў арганізме мабілізуюцца прыстасавальныя механізмы, якія тармозяць працэсы С. і спрыяюць павелічэнню працягласці жыцця. У чалавека высокі ўзровень сацыяльна-прац. актыўнасці і пастаянныя трэніроўкі спрыяюць захаванню разумовай і фіз. працаздольнасці да глыбокай старасці. Навука аб С. — геранталогія.
У раслін, як і ў жывёл, наступленне С. звязана са зніжэннем інтэнсіўнасці асн. функцый у клетках і тканках, актыўнасці анабалічных ферментаў і павышэннем гідралітычнай актыўнасці. У выніку назапашваюцца канечныя прадукты метабалізму і адбываюцца структурныя парушэнні арганоідаў клеткі (мітахондрый, хларапластаў і інш.). Спецыфіка мнагаклетачных раслін у тым, што С. клетак, тканак і цэлых органаў не прыводзіць да С. ўсяго арганізма адразу, таму што на працягу жыцця адначасова з адміраннем органаў у раслін адбываецца іх новаўтварэнне. Найб. выяўлена С. ў адна-, двух- і шматгадовых монакарпічных раслін, у якіх пасля плоданашэння пачынаюцца неабарачальныя дэструктыўныя змены. У полікарпічных мнагалетнікаў парасткавая і каранёвая сістэмы пастаянна амалоджваюцца. Прыкметы С. цэлага арганізма паяўляюцца ў іх, калі колькасныя дэструктыўныя працэсы пераважаюць над новаўтварэннямі (у дрэў утвараюцца дуплы, у цэнтры кустоў і дзярнін — прагаліны і інш.). Выраджэнне некат. культ. сартоў мнагалетнікаў пры вегетатыўным размнажэнні звязана са С. іх клонаў.
Літ.:
Биология старения. Л., 1982;
Гилберт С.Ф. Биология развития: Пер. с англ.Т. 3. М., 1995;
Леонтюк А.С., Слука Б.А. Основы возрастной гистологии. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРЭМІ́Я (ад гіпер... + грэч. haima кроў),
павелічэнне крованапаўнення органа ці тканкі. Адрозніваюць гіперэмію артэрыяльную і вянозную.
Артэрыяльная (актыўная) гіперэмія бывае пры ўзмоцненым прытоку крыві на расшыраных сасудах. Прычыны: павышаная адчувальнасць сасудаў да фізіял. Раздражняльнікаў, уплыў надзвычайных раздражняльнікаў (бактэрыяльныя таксіны, высокая т-ра, прадукты тканкавага распаду і інш.); у чалавека вял. ролю маюць псіхагенныя фактары (сарамлівасць, гнеў і інш.). Прыкметы: расшырэнне дробных сасудаў, павелічэнне іх колькасці і пульсацыі, пачырваненне (напр., гіперэмія твару), павышэнне мясц. крывянога ціску, абмену рэчываў, мясц. т-ры, паскарэнне плыні крыві, узмацненне лімфазвароту і інш. Пры паталаг. зменах у сасудах пры артэрыяльнай гіперэміі можа быць кровазліццё. Вянозная (пасіўная, застойная) гіперэмія бывае пры парушэнні адтоку крыві па венах пры нязменным прытоку ў выніку сціскання вянознай сценкі (рубец, пухліна, варыкознае расшырэнне вен, ацёк і інш.), аслабленай сардэчнай дзейнасці. Характарызуецца запаволеннем плыні крыві (да поўнага яе спынення). Развіваецца кіслароднае галаданне тканак, павышаецца пранікальнасць сасудзістай сценкі, утвараецца ацёк. Працяглы застой крыві і ацёк могуць прывесці да атрафіі парэнхімы органа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,
раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГО́ЛЬНЫЯ ПСІХО́ЗЫ,
вострыя, зацяжныя і хранічныя псіхічныя расстройствы ад хранічнага алкагалізму. Найб. частая форма — алкагольны дэлірый (белая гарачка) узнікае, калі раптоўна спыніць прыём алкаголю. Пачынаецца з бяссоніцы і трывожнага настрою. Пазней з’яўляюцца зрокавая і слыхавая галюцынацыі; хворыя бачаць насякомых і дробных жывёл. Гэта выклікае страх і рухальны неспакой. Хвароба цягнецца некалькі дзён. Пры адсутнасці лячэння часта прыводзіць да смерці. Хворыя сацыяльна небяспечныя. Востры алкагольны галюцыноз і алкагольны параноід развіваецца таксама на фоне пахмельнага сіндрому і дэпрэсіўна-трывожнага настрою, але галюцынацыі слыхавыя: хворы «чуе» асуджальныя, абразлівыя або пагражальныя галасы. Параноід часцей бывае ў выглядзе алкагольнага трызнення рэўнасці. Пры энцэфалапатыі Гае—Верніке да псіх. расстройстваў далучаюцца неўралгічныя і саматычныя парушэнні. Пры хранічных алкагольных галюцынозах слыхавыя галюцынацыі (хворы да іх прывыкае і часам ставіцца крытычна) цягнуцца многія гады, нават пры цвярозым ладзе жыцця. Корсакаўскі псіхоз (хвароба ўпершыню апісана рус. псіхіятрам С.С.Корсакавым) характарызуецца значнымі парушэннямі памяці і полінеўрытам (запаленнем перыферычных нерв. ствалоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНДЫЦЫ́Т,
запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв. сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.