СМАЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў ліп. 1941—чэрв. 1944 у в. Смаляны Аршанскага р-на Віцебскай вобл., з чэрв. 1943 дзейнічала пад кіраўніцтвам Аршанскага падп. райкама КП(б)Б; састаўная частка Аршанскага патрыятычнага падполля. Аб’ядноўвала 16 чал. (кіраўнік Л.І.Красноўскі). Падпольшчыкі вялі агітработу сярод насельніцтва, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам звесткі пра падрыхтоўку акупантамі карных аперацый. За час дзеяння загінулі 10 падпольшчыкаў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 569.
т. 15, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАТУІРО́ЎКА (франц. tatouer татуіраваць, з палінез.),
нанясенне на цела чалавека ўзораў і малюнкаў шляхам наколвання на скуры драўлянай, касцяной ці метал. іголкай і ўвядзення пад яе фарбы, якая не змываецца. У першабытных народаў Т. была знакам роду, племя, татэма (у цемнаскурых замянялася рубцаваннем). Звычай татуіравання ў час ініцыяцый меў сімвалічны і магічны (засцерагальны) характар; у Еўропу завезены маракамі з Паўн.-Усх. Азіі. Т. захавалася як упрыгожанне, памятны знак, пашырылася ў 21 ст. як т. зв. нацельны жывапіс. Т. наз. таксама ўзоры і малюнкі, нанесеныя на скуру.
т. 15, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЁДАР АЛЯКСЕ́ЕВІЧ (9.6.1661, Масква — 7.5.1682),
расійскі цар [1676—82]. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча і Марыі Міласлаўскай. Атрымаў добрую адукацыю пад кіраўніцтвам Сімяона Палацкага. У час праўлення невылечна хворага Ф.А. вял. уплывам карысталіся яго сваякі па маці Міласлаўскія (род паходзіў з ВКЛ) і сястра Соф’я Аляксееўна. Урад Ф.А. правёў усеагульны перапіс насельніцтва (1678), увёў падворнае абкладанне (1679), скасаваў месніцтва (1682), вёў рус.-тур. вайну 1676—81, якая завершана Бахчысарайскім перамір’ем 1681. Ф.А. разам з Сімяонам Полацкім — ініцыятар заснавання ў Маскве Славяна-грэка-лацінскай акадэміі (адчынена ў 1687).
т. 16, с. 364
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1673.
Адбылася 11 ліст. каля замка Хацін на Днястры (цяпер г. Хацін Чарнавіцкай вобл., Украіна) паміж войскам Рэчы Паспалітай пад камандаваннем вял. кароннага гетмана Я.Сабескага (каля 40 тыс. чал.) і войскам Турцыі на чале з Гусейнам-пашою (каля 35 тыс. чал.) у час вайны 1672—76 супраць Турцыі. У выніку бітвы тур. армія знішчана (яна атабарылася за ўмацаваннямі старога лагера войска Рэчы Паспалітай, што застаўся з часоў Хацінскай бітвы 1621). Перамога садзейнічала абранню ў 1674 на трон Рэчы Паспалітай Сабескага (гл. Ян III Сабескі).
В.С.Пазднякоў.
т. 16, с. 564
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Цімафей (Цімох) Багданавіч (каля 1632—25.9.1653),
удзельнік вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Сын Б.Хмяльніцкага. Вясною 1648 быў пакінуты заложнікам у крымскага хана, з якім Б.Хмяльніцкі вёў перагаворы пра заключэнне саюза супраць Польшчы. З 1648 чыгірынскі сотнік, удзельнічаў у шматлікіх паходах і бітвах (пад Піляўцамі, Зборавам, Берасцечкам, Батагом); у 1650 — у паходзе ў Малдавію з мэтай разарваць яе саюз з Польшчай. У 1652, вясною і летам 1653 узначальваў паходы ў Малдавію. Загінуў у час аблогі валошскімі, венг. і польскімі войскамі занятага ім г. Сучава (Румынія).
т. 17, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́НСЛЕР, Чэнслар (Chancellor),
Рычард (?—10.11.1556), англійскі мараплавец. У 1553 камандаваў адным з трох караблёў экспедыцыі, адпраўленай англ. гандл. кампаніяй на пошукі Паўн.-Усх. праходу (гл. Паўночны марскі шлях) пад кіраўніцтвам Х.Уілабі. Абагнуўшы з Пн Скандынаўскі і Кольскі п-авы, дасягнуў вусця Паўн. Дзвіны. Быў прыняты ў Маскве Іванам IV і ў сак. 1554 атрымаў грамату на права свабоднага гандлю з Маскоўскай дзяржавай. Справаздачу Ч. апрацаваў яго спадарожнік К.Адамс. У 1555 Ч. 2-і раз пабываў у Маскве, на зваротным шляху загінуў у час шторму.
т. 17, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне 3-й, 10-й і часткі 13-й армій Зах. фронту ў раёне Навагрудка і Налібоцкай пушчы Баранавіцкай вобл., Мінскім умацаваным раёне 28.6—4.7.1941 у Вял. Айч. вайну. Утварыўся ў выніку злучэння пад Мінскам ням. 3-й (наступала з Вільнюса праз Маладзечна) і 2-й (наступала ад Брэста і Баранавіч) танк. груп у час Мінска абароны 1941. У акружэнне трапіла 11—15 дывізій, якія мелі значныя страты ў баях пад Гроднам, Ваўкавыскам і Лідай, прарваліся каля Зэльвы, Дзярэчына, Слоніма з беластоцкага «катла». Упартае супраціўленне сав. войск пад Беластокам, Навагрудкам і Мінскам скавала 25 дывізій ням. групы армій «Цэнтр». Каля 12 дывізій Зах. фронту былі разгромлены ў Н.«к.». З цяжкімі баямі з акружэння прарваліся 24-я (ген.-м. К.М.Галіцкі), рэшткі 17-й, 55, 64, 108, 155-й стралк., 36-й кав., 204-й матарызаванай і інш. дывізій, зводныя атрады 11-га (ген.-м. Д.К.Маставенка) і 13-га (ген.-м. П.А.Ахлюсцін) механіз. карпусоў. Частка акружэнцаў рассеялася па лясных вёсках, перайшла да партыз. форм барацьбы. «Лясная дывізія» на чале з ген.-лейт. І.В.Болдзіным і палк. І.С.Стральбіцкім з баямі выйшла праз варожыя тылы да Смаленска. 4—5 ліп. 52 тыс. чырвонаармейцаў (паводле ням. звестак) вымушаны былі здацца ў палон. За час ліквідацыі Н.«к.» каля 15 ням. дывізій панеслі адчувальныя страты, што запаволіла рух. ням. злучэнняў да Масквы, дазволіла сав. камандаванню аднавіць у ліп. 1941 Зах. фронт па Дняпры і Зах. Дзвіне, правесці Магілёва абарону 1941, Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю 1941, Лепельскі контрудар 1941, рэйд трох кав. дывізій на чале з ген.-палк. А.І.Гарадавіковым па тылах 2-й ням. арміі, падцягнуць рэзервовыя арміі да Смаленска і Бранска.
Літ.:
Еременко А.И. В начале войны. М., 1964;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996;
Басюк І.А. Навагрудскі «кацёл». Гродна, 1998.
У.Ф.Ісаенка.
т. 11, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВЫ́ЛЬ Міхась (сапр. Лешчанка Язэп Казіміравіч; н. 1.11.1915, в. Покрашава Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Бел. пед. тэхнікуме (1930—33). 23.2.1933 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў на Д.Усходзе. У 1935 вызвалены, жыў у Варонежы (1935—41), дзе вучыўся ў пед. ін-це, працаваў на машынабудаўнічым з-дзе, настаўнічаў. З пач. Вял. Айч. вайны на Укр. фронце. У 1942 трапіў у палон, у 1943 выпушчаны на волю, вярнуўся ў Мінск. З 1944 у эміграцыі ў Германіі, Бельгіі, дзе працаваў на шахтах. З 1950 у ЗША. Друкавацца пачаў у 1929. На эміграцыі выйшлі зб-кі яго паэзіі «Ростань» (1947), «Пад зорамі белымі» (1954), «Першая рана» (1960), «Цяжкія думы» (1961). Аўтар паэм «Пад небам Случчыны каханай» (1943), «Міжагнёўе» (1982), рамана «Із агню ды ў полымя» (1990—97). Рэдактар час. «Беларуская думка».
Тв.:
Міжагнёўе: Выбр. тв. Ню Ёрк, 1990.
І.У.Саламевіч.
т. 7, с. 401
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУТАГО́РСКАЯ БІ́ТВА 13 ст., Койданаўская бітва, бітва паміж войскамі ВКЛ і татарамі каля Крутагор’я (Койданава, цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.). Ў саюзе з татарамі выступалі галіцкія князі Даніла і Васілька Раманавічы. Татары і іх саюзнікі былі разбіты. Розныя гісторыкі храналагічна адносяць бітву да 1241, 1249, 1272 і 1276. Паводле падання, тат. войскамі камандаваў хан Койдан (Кайдан), які тут быў забіты і пахаваны, а таму Крутагор’е перайменавана ў Койданава. Аднак шэраг летапісаў не ўпамінае імя Койдана, іншыя сведчаць, што ў гэтыя часы адбыўся паход на Навагрудак, арганізаваны ханам Заволжскай арды Балаклаем (Булаклай) супраць вял. кн. ВКЛ Скірмунта. Іпацьеўскі, Супральскі, Нікіфараўскі і Слуцкі летапісы (16 ст.) упамінаюць імя Койдана, але не звязваюць яго з бітвай пад Крутагор’ем. Позні час напісання гіст. крыніц (праз 2—3 ст. пасля падзеі), упамінанне ў іх міфічных асоб, шмат супярэчнасцей даюць падставу некат. гісторыкам ставіць пад сумненне верагоднасць К.б.
А.І.Валахановіч.
т. 8, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛО́ВІЦКАЯ БІ́ТВА 1771 Адбылася 23.9.1771 каля мяст. Сталовічы паміж войскамі ВКЛ і Расіі ў час барацьбы Барскай канфедэрацыі супраць прысутнасці рас. войск у Рэчы Паспалітай. Вял. гетман ВКЛ М.К.Агінскі ў маі 1771 сабраў пад сваё камандаванне 2 тыс. чал. войска ВКЛ. 6.9.1771 каля в. Рудзькі Пінскай эканоміі ён разбіў рас. батальён з 500 салдат палкоўніка А.Албічава. 10.9.1771 у мяст. Хомск заклікаў разрозненыя сілы канфедэратаў аб’яднацца для абароны «веры, вольнасці і незалежнасці». Ліквідаваць гэты ачаг супраціўлення ўзяўся ген.-маёр А.В.Сувораў, які 12.9.1771 выступіў з-пад Любліна на чале 1 тыс. салдат з 8 гарматамі. Каля 2 гадз ночы 23.9.1771 атрад Суворава напаў на атрады Агінскага. У ходзе 8-гадзіннага бою Агінскі страціў 500 чал. забітымі і каля 300 палоннымі. Пасля паражэння ў бітве Агінскі выехаў за мяжу. С.б. стала апошнім арганізаваным супраціўленнем войска ВКЛ напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Я.К.Анішчанка.
т. 15, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)