ЦЯ́ЖКАСЦЕЙ МО́ЎНЫХ СЛО́ЎНІК,
слоўнік, у якім падаюцца нарматыўныя фармальныя, зместавыя і функцыянальныя характарыстыкі моўных адзінак (афіксаў, слоў, словазлучэнняў), што ствараюць цяжкасці пры іх вусным і пісьмовым выкарыстанні. Падзяляюцца на 3 віды: слоўнікі лексічных цяжкасцей (напр., «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.М.Грабчыкава, 1994; «Беларускія аднакарэнныя і сугучныя словы з рускімі адпаведнікамі» М.Ф.Смаршчок і Э.І.Барысаглебскай, 2002), слоўнікі грамат. цяжкасцей (напр., «Кіраванне ў беларускай і рускай мовах» Г.У.Арашонкавай і В.П.Лемцюговай, 1991), комплексныя слоўнікі моўных цяжкасцей (напр., «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы», 1987; «Кароткі слоўнік беларускай мовы: Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Словаўжыванне», абодва 1994, Арашонкавай і Лемцюговай).
В.К.Шчэрбін.
т. 17, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЭРЫ́ДЫ,
складаныя эфіры гліцэрыны і арган. (карбонавых) ці мінер. кіслот. Па колькасці кіслотных астаткаў у малекуле адрозніваюць мона-, ды-, трыгліцэрыды (напр., гліцэрылмонаацэтат CH3OCOCH2—CHOH—CH2OH). Бываюць простыя, утвораныя адной к-той (напр., гліцэрынатрынітрат, або нітрагліцэрына), і змешаныя — рознымі к-тамі. У прыродзе пашыраны гліцэрыды вышэйшых аліфатычных кіслот — асн. састаўная частка тлушчаў, алею. Гл. таксама Ліпіды.
т. 5, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАРОДАПАДО́БНЫЯ А́ТАМЫ,
1) іоны лёгкіх элементаў, якія, як вадарод, маюць ядро і адзін электрон. Напр., аднаразова іанізаваны атам гелію He+, двойчы іанізаваны атам літыю Li2+ і да т.п.
2) Нестабільныя часціцы, т.зв. новыя атамы. Напр., мезаатамы, якія маюць ядро атама вадароду (пратон) і адмоўна зараджаную элементарную часціцу (μ−-мезон, π−-мезон і інш.).
т. 3, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗОКСІЦУКРЫ́,
монацукрыды, у малекулах якіх адна або некалькі гідраксільных груп замешчаны атамамі вадароду. Вядома каля 100 Д. Паводле хім. будовы падзяляюцца на дэзоксіальдозы (вельмі пашыраны, напр., дэзоксірыбоза) і дэзоксікетозы (вядома некалькі, надзвычай пашыраны іх вытворныя, напр., нейрамінавая кіслата і сіялавыя кіслоты). Большасць вытворных Д. маюць Д-форму, многія Д- і L-формы атрыманы сінтэтычна.
т. 6, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКО́ДЭР (ад дэ... + лац. codex звядзенне), сістэмы каляровага тэлебачання,
разнавіднасць дэшыфратара; прыстасаванне (блок) тэлевізара для дэкадзіравання відэасігналаў па алгарытме, адваротным кадзіраванні (гл. Кодэр). Бывае адна- (напр., Д. СЕКАМ) і шматсістэмны (напр., Д. ПАЛ/СЕКАМ). Атрыманыя на выхадзе сігналы яркасці і колерарознасныя сігналы падаюцца на кінескоп непасрэдна або пасля пераўтварэння ў сігналы асн. колераў.
т. 6, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНА́ЦЫЯ (ад позналац. combinatio злучэнне),
1) сукупнасць, спалучэнне, злучэнне, размяшчэнне некалькіх прадметаў ці састаўных частак аднаго прадмета (напр., К. лічбаў).
2) Сукупнасць прыёмаў, дзеянняў і інш., аб’яднаных адзінымі намерамі (напр., шахматная К.).
3) Хітрасць, выкрутас, загадзя прыдуманы манеўр для дасягнення якой-н. карыслівай мэты (камерцыйная К., паліт. К.).
4) Прадмет жаночай бялізны (від кашулі).
т. 7, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАЦЭНО́З (ад грэч. kata уніз + koinos агульны),
заключная стадыя дыгрэсіі біятычнага згуртавання, пасля якой настае яго поўнае знікненне (напр., пасля працяглага затаплення, засалення і інш.). Для К. характэрна малая колькасць відаў, што захаваліся ў пэўным згуртаванні, і дэградацыя біятычнага асяроддзя (напр., дэградацыя пашы пры парушэннях пашазвароту, якія могуць прывесці да яе поўнага знішчэння).
т. 8, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОТ (англ. lot),
партыя тавару, частка яго агульнай колькасці, што прадаецца ці пастаўляецца па дагаворы. Тэрмін пашыраны ў аўкцыённым гандлі (гл. Аўкцыён), дзе Л. можа складацца са стандартнага пакета каштоўных папер (100, 1000 адзінак і інш.), адной рэчы (напр., карціна, прадмет антыкварыяту), набору аднародных па якасці прадметаў (напр., калекцыя стараж. марак, манет).
т. 9, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕ́ЧНІКІ, млечныя сасуды,
клеткі некат. кветкавых раслін, якія маюць у вакуолях млечны сок. Адрозніваюць 2 тыпы М.: членістыя і нячленістыя. Членістыя ўтвараюцца з многіх асобных клетак, якія зліваюцца ў суцэльную галінастую сістэму (напр., у складанакветных, макавых). Нячленістыя — адна гіганцкая клетка, што ўзнікае ў зародку, расце, разгаліноўваецца і пранізвае ўсе органы расліны (напр., у малачайных, тутавых).
т. 10, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРА́Д (ваен.),
1) падраздзяленне або група ваеннаслужачых у вайск. часці, на караблі, у гарнізоне, прызначаныя для нясення ўнутранай, каравульнай і гарнізоннай службаў, а таксама для выканання інш. задач (напр., пагран. Н.). Звычайна прызначаецца на суткі, на работы — на тэрміны, вызначаныя камандзірам.
2) Пэўная колькасць сіл і сродкаў, патрэбных для выканання баявой задачы (напр., Н. самалётаў).
т. 11, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)