ПУ́ХАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1964, адкрыты ў 1968 як школьны ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл., з 1969 народны, з 1974 сучасная назва; з 1993 размешчаны ў в. Блонь у сядзібным доме рэвалюцыянера-народніка А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пл. экспазіцыі 297 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2001). Мае аддзелы: жыццё і дзейнасць асветнікаў Бонч-Асмалоўскіх, мастака-партызана Г.Ф.Бржазоўскага, нас. пункты Пухавіцкага раёна, Вял. Айч. вайна, нар. побыт, знакамітыя людзі краю, прырода і экалогія. Сярод экспанатаў археал. і нумізмат. калекцыі з раскопак гарадзішчаў, матэрыялы пра землякоў-удзельнікаў грамадз. вайны 1918—20, стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну на тэр. раёна, асабістыя рэчы землякоў — Герояў Сав. Саюза, дзярж. дзеячаў, кампазітараў, літаратараў і інш. У экспазіцыі музея інтэр’ер сял. хаты, прылады ручной апрацоўкі лёну і вырабы з яго 19 — пач. 20 ст., калекцыі карцін Бржазоўскага, прылад працы і хатняга ўжытку, вырабы ткацтва, саломапляцення, разьбы па дрэве, вышыванкі. Мае філіялы ў вёсках Блужа, Гарэлец і г. Мар’іна Горка.

А.​А.​Прановіч.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1995 у г. Нясвіж Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 256 м², каля 4,2 тыс. адзінак асн. фонду, 7 залаў, з іх 2 выставачныя (2000). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (кафля, шкляныя вырабы, дахоўка 16—18 ст.), соліды ВКЛ і Рэчы Паспалітай, напольны гадзіннік і фартэпіяна з замка Радзівілаў, сярэбраны кубак пач. 18 ст. з выявай Багуслава Радзівіла, бібліі 1 малітоўнікі 19 ст., карціны і асабістыя рэчы бел. мастака М.​К.​Сеўрука. У экспазіцыі нац. адзенне, вышываныя ручнікі, вырабы з саломкі і лазы, бандарныя вырабы 19 — пач. 20 ст. Музей праводзіць выстаўкі карцін бел. мастакоў, у т. л. мясцовых, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва, калекцый інш. музеяў. У дні фестываляў камернай музыкі ў ім адбываюцца навук.-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя муз. і пісьмовай спадчыне Нясвіжчыны. З 1966 працуе аддзел музей-кватэра Сеўрука.

В.​У.​Шкрабіна.

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Музей антрапалогіі і этнаграфіі АН СССР 6/316; 7/304, 304—305; 9/111; 11/487

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1950 у Брэсце. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 872 м²), 63 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Аддзелы: прыроды, гісторыі Брэстчыны, Вял. Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. і нумізматычныя калекцыі, зброя і даспехі воінаў 13—19 ст., рукапісныя і друкаваныя кнігі (трэбнік 1646, рукапісны «Апостал» 17 ст.), гербы і пячаткі стараж. Брэста, матэрыялы пра Брэсцкую арг-цыю РСДРП, пра арг-цыю КПЗБ і яе дзеячаў (В.З.Харужую, У.З.Царука і інш.), абарону Брэста і Брэсцкай крэпасці, партыз. і падп. рух на тэр. вобласці ў Вял. Айч. вайну, Герояў Сав. Саюза — землякоў, у т. л. С.І.Грыцаўца, П.І.Клімука і інш.; у аддзеле этнаграфіі муз. інструменты 18 ст., прылады працы і побыту сялян 19 ст.; у аддзеле прыроды экспанаты расліннага і жывёльнага свету Брэстчыны, агучаныя дыярамы «Белавежская пушча», «Палессе». Філіялы: Археалагічны музей «Бярэсце», Музей партызанскай славы, Камянецкая вежа, карцінная галерэя.

Т.​М.​Новікава.

т. 3, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у 1893—1919 у Віцебску. Засн. Е.Р.Раманавым і А.П.Сапуновым. Першыя экспанаты сабраны ў Віцебску. Папаўняўся выпадкова знойдзенымі рэчамі і матэрыяламі археал. раскопак на Віцебшчыне. У 1905 было 1247 экспанатаў, у т. л. творы бел. мастакоў 17—18 ст., узоры нар. разьбы па косці і дрэве, манеты, медалі, царк. начынне і інш. Найб. каштоўнасць мелі рукапісныя кнігі і дакументы ўстаноў Полацкай епархіі, апісаныя Сапуновым у кн. «Архіў Полацкай духоўнай кансісторыі» (1898). У 1919 большасць матэрыялаў перададзена Віцебскаму губ. музею (гл. Віцебскі абласны краязнаўчы музей).

Л.​Дз.​Клок.

т. 4, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧА АДА́МА ДОМ-МУЗЕ́Й,

літаратурна-мемарыяльны музей у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Адкрыты 11.9.1938 у будынку, пастаўленым на месцы дома, дзе жылі бацькі А.Міцкевіча. У Вял. Айч. вайну разбураны ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1955 да 100-годдзя з дня смерці Міцкевіча. У 1989 праведзена рэканструкцыя сядзібы, якой нададзены выгляд пач. 19 ст. Адноўлены свіронак, альтанка, студня, флігель, які злучаны падземным пераходам з гал. домам. У 1992 адкрыта новая экспазіцыя. У музеі 7 экспазіц. залаў, пл. экспазіцыі 337 м². Больш за 5000 экспанатаў (2000) асн. фонду знаёмяць з жыццёвым і творчым шляхам Міцкевіча, яго грамадскай і паліт. дзейнасцю. Сярод экспанатаў прыжыццёвыя і сучасныя выданні твораў паэта, яго кнігі ў перакладах на мовы народаў свету, асабістыя рэчы, рукапісы перакладаў твораў Міцкевіча бел. паэтамі, карціны мастакоў 19 — пач. 20 ст. Ю.​Аляшкевіча, В.​Ваньковіча, Р.​Мясаедава, творы жывапісу, графікі і скульптуры сучасных бел. майстроў Л.​Асецкага, К.​Качана, П.​Крахалёва, А.​Шыбнёва, прысвечаныя паэту.

С.​М.​Анісімава.

Міцкевіча Адама дом-музей. Фрагмент экспазіцыі.

т. 10, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧА М. ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́Й.

Заснаваны ў 1981 у Мінску, адкрыты ў 1991 у будынку паблізу месца, дзе нарадзіўся паэт. Пл. экспазіцыі 244 м². У экспазіцыйных залах і фондах каля 15 тыс. адзінак захавання, у т. л. каля 8 тыс. асн. фонду (1996). Зберагае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры, звязаныя з жыццём і дзейнасцю М.​Багдановіча. Аўтар арх.-маст. афармлення экспазіцыі Э.​К.​Агуновіч (Дзярж. прэмія Беларусі 1993). Філіялы — музей «Беларуская хатка» ў Мінску, «Фальварак Ракуцёўшчына» ў Маладзечанскім раёне. Матэрыялы музея выкарыстаны пры стварэнні экспазіцыі «Беларускі паэт з берагоў Волгі» ў Яраслаўлі (1992).

т. 2, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ БЕЛАРУ́СКАЙ ЛІТАРАТУ́РЫ дзяржаўны.

Засн. ў Мінску ў 1987. Пл. экспазіцыі каля 400 м². Больш за 32 тыс. экспанатаў (2000). Калекцыю музея складаюць матэрыялы пра літ. творчасць бел. народа ад старажытнасці да сучаснасці. Зберагаюцца друкаваная «Мінея» 17 ст.( выданні Гродзенскай, Полацкай, Нясвіжскай, Віленскай друкарань 18—19 ст. на польскай і лац. мовах, прыжыццёвыя выданні В.​Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка», «Гапон», Я.​Чачота «Сялянскія песенькі...», Я.​Лучыны «Вязанка», творы М.​Багдановіча, З.​Бядулі, Я.​Коласа, Я.​Купалы, Цёткі і інш., асабістыя рэчы, рукапісы, фотаздымкі, кнігі з аўтографамі К.​Акулы, А.​Астрэйкі, А.​Бабарэкі, В.​Быкава, М.​Гарэцкага, П.​Глебкі, С.​Грахоўскага, У.​Дубоўкі, У.​Караткевіча, А.​Куляшова, М.​Лужаніна, М.​Машары, Я.​Пушчы і інш. Мае філіялы: музеі-сядзібы Ф.​Багушэвіча ў Кушлянах (Смаргонскі р-н) і А.​Міцкевіча ў Завоссі (Баранавіцкі р-н), музеі Гарэцкага ў в. Багацькаўка (Мсціслаўскі р-н) і К.​Чорнага ў в. Цімкавічы (Капыльскі р-н), гісторыка-літ. музей у Гарадку (Маладзечанскі р-н), музей вызваленчага руху ў в. Плябань (Маладзечанскі р-н).

Т.​П.​Аніскавец.

т. 11, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬСКАГА КАМСАМО́ЛЬСКАГА ПАДПО́ЛЛЯ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1965 у г.п. Обаль Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. як музей камсам. славы; да 1989 філіял Бел. дзярж. музея гісторыі Вял. Айч. вайны, з 1985 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 150 м², 1019 адзінак асн. фонду, 4 залы (2000). Сярод экспанатаў асабістыя рэчы, дакументы, фотаздымкі з даваен. жыцця членаў Обальскага камсамольскага падполля, матэрыялы пра яго стварэнне і дзейнасць, карта-схема развіцця партыз. руху, схема дыверсій, інтэр’ер кватэры кіраўніка падполля Е.С.Зяньковай, карціна А.​Каржанеўскага «Обальскія падпольшчыкі», літаграфіі Ю.​Пучынскага «Мініраванне шашы», «Узрыў вадакачкі», матэрыялы пра ўвекавечанне памяці обальскіх падпольшчыкаў, бюсты Герояў Сав. Саюза Зяньковай і З.М.Партновай.

Н.​А.​Азаліна.

т. 11, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1920 па ініцыятыве археолага і краязнаўца Ю.Ядкоўскага, адкрыты ў 1922. Зберагаў калекцыі дакументаў 15—17 ст., творы выяўл. мастацтва 17—19 ст., вырабы гродзенскіх каралеўскіх мануфактур 18 ст. У Вял. Айч. вайну частка калекцыі загінула. З 1945 размяшчаецца ў Гродзенскім Старым замку і палацы Стафана Баторыя. Пл. экспазіцыі 2380 м², больш за 129 тыс. экспанатаў асн. фонду (1994), у т. л. фонд старадрукаў і рэдкай кнігі (20 тыс. экз.). Аддзелы: гісторыі Гродзеншчыны, прыроды краю, мастацкі. Сярод матэрыялаў археал. знаходкі з раскопак Замкавай Гары ў Гродне, Краснасельскага археалагічнага комплексу, гарадзішчаў 11—13 ст., узоры бел. скорапісу на пергаменце, вырабы гродзенскіх рамеснікаў 17—18 ст., гродзенскія падвойныя дываны. Экспануюцца прадметы, звязаныя з падзеямі паўстання 1863—64 на чале з К.​Каліноўскім, рэв. і нац.-вызв. рухам у Зах. Беларусі, паказаны партыз. рух, дзейнасць падп. патрыят. арг-цый у Вял. Айч. вайну. У аддзеле прыроды экспанаты з расліннага і жывёльнага свету, карысныя выкапні краю. Мастацкі аддзел праводзіць выстаўкі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Музей выдае зб. «Краязнаўчыя запіскі» (з 1990). Філіялы: Дом-музей М.​Багдановіча, Дом рамёстваў.

В.​М.​Царук.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)