БО́ДЭ (Bode) Вільгельм фон

(10.12.1845, г. Кальфёрдэ, Германія — 1.3.1929),

нямецкі гісторык мастацтва, музейны дзеяч. Працаваў у Берлінскіх маст. музеях: дырэктар аддзела хрысц. скульптуры (1880) і галерэі жывапісу (1890), ген. дырэктар Дзярж. маст. збораў у Берліне (1905—20). Заснавальнік (1903) і дырэктар (1904—29) Кайзер-Фрыдрых музея ў Берліне (цяпер комплекс музея імя Бодэ). Даследаваў мастацтва італьян. Адраджэння, галандскага і фламандскага жывапісу («Рэмбрант», т. 1—8, 1897—1905), («Фларэнцінскія скульптары Рэнесансу», 1906—12, «Майстры галандскай і фламандскай школ», 1917, і інш.).

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕЎ Юрый Арсеньевіч

(н. 3.12.1911, Масква),

рускі тэатразнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1949). Праф. (1950). Засл. дз. маст. Расіі (1991). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Macrae (1935), дзе і выкладаў з 1936. У 1965—90 заг. сектара т-ра народаў СССР ва Усесаюзным НДІ мастацтвазнаўства. Займаўся гісторыяй рус. і сав. т-ра, цырка, эстрады. У кола яго навук. інтарэсаў уваходзілі пытанні развіцця бел. сцэн. мастацтва. Значны яго ўклад у падрыхтоўку кадраў тэатразнаўцаў Беларусі (А.Бутакоў, Э.Герасімовіч, У.Няфёд, А.Лабовіч, Т.Арлова, А.Сабалеўскі, Р.Смольскі).

т. 6, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБАЎ Уладзімір Ільіч

(7.11.1908, г. Віцебск — 12.1.1948),

тэатральны крытык, балетазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1947). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1931). З 1945 адказны сакратар час. «Тэатр», у 1945—47 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва. Аўтар сцэнарыя балета «Міліца» Б.Асаф’ева (1947, з А.Басехесам). Адзін з першых сярод рас. балетазнаўцаў выступіў супраць падмены харэагр. малюнка сюжэтам, збяднення танц. мовы і навязвання балету неўласцівых яму нормаў, за вывучэнне прынцыпаў класічнай харэаграфіі як самаст. мастацтва. Аўтар кн. «Танец Галіны Уланавай» і інш.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́ІКА

(ад грэч. archaïkos старадаўні, старажытны),

ранні этап у гіст. развіцці якой-небудзь з’явы. У мастацтвазнаўстве тэрмін выкарыстоўваецца гал. чынам для вызначэння ранняга перыяду развіцця архітэктуры і выяўл. мастацтва Старажытнай Грэцыі (7—6 ст. да н.э.), калі выпрацоўваліся найважнейшыя арх.-маст. прыёмы, традыцыйныя для грэч. класікі.

Архітэктура развівалася на аснове стоечна-бэлечнай канструкцыйнай сістэмы, выяўл. мастацтва — вобразаў ант. міфалогіі. Найважнейшымі дасягненнямі мастацтва перыяду архаікі была выпрацоўка прапарцыянальных канонаў і дэкар. формаў арх. ордэра (у т. л. дарычнага і іанічнага), асн. тыпажу манум. скульптуры, чорна- і чырвонафігурнага стыляў вазапісу; з’явіліся і новыя тыпы манум. скульптуры — статуі юнакоў-атлетаў (курас) і дзяўчат (кора). У больш шырокім значэнні архаіка — мастацтва стараж. гіст. эпох, якое вызначаецца прымітывізмам формаў. У мастацтвазнаўстве тэрмін «архаіка» выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў, у якіх ёсць рэтраспектыўныя формы старажытнасці (пераважна антычнасці).

На Беларусі зварот да формаў архаікі найб. выявіўся ў познім класіцызме ў інтэр’еры палацаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль) і пры трактоўцы малых арх. формаў у палацава-паркавым мастацтве (сфінксы на варотах Новага замка ў Гродне, фантан Нараўлянскага сядзібна-паркавага ансамбля і мемарыяльнай архітэктуры (капліца-пахавальня сядзібы ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на).

А.М.Кулагін.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т НАВУ́КІ І МАСТА́ЦТВА (БІНіМ) у Канадзе, грамадская навук.-культ. арг-цыя бел. эміграцыі ў Канадзе. Засн. ў 1967 як аддзел Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (ЗША). З 1968 самаст. ін-т. З 1971 чл. Каардынацыйнага к-та беларусаў Канады. Асн. кірункі дзейнасці: арганізацыя навук. канферэнцый, выставак бел. нар. мастацтва, лекцый па беларусазнаўстве, пашырэнне ведаў пра Беларусь у свеце і інш. Члены ін-та бралі ўдзел у канфер. канадскіх славян (1969, Таронта), па пытаннях канадскага шматкультуралізму (1978), у 1975 разам са Слав. аддзелам Атаўскага ун-та наладзілі Дні бел. чытанняў на тэму «Прысутнасць беларусаў на паўн.-амер. кантыненце». Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (г. Мінск, 1993), штогодніх Кангрэсаў навук. арг-цый (у складзе Асацыяцыі канадскіх славян). У розны час БІНіМ узначальвалі В.Жук-Грышкевіч, Я.Садоўскі, І.Шыманец-Сурвіла.

А.С.Ляднёва.

т. 2, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́СТАНСКІ МУЗЕ́Й ПРЫГО́ЖЫХ МАСТА́ЦТВАЎ,

адзін з буйнейшых мастацкіх музеяў ЗША. Засн. ў 1870 у Бостане. Зберагае выдатныя ўзоры скульптуры Стараж. Егіпта (бюст Анхафа, 3-е тыс. да н.э.), Грэцыі і Рыма, копцкіх тканін, сярэдневяковага мастацтва Кітая і Японіі (скульптура, жывапіс, кераміка), Індыі і краін Пярэдняй Азіі; шырока прадстаўлена еўрап. і амер. выяўленчае і дэкар. мастацтва, у т. л. англ. серабро, карціны франц. імпрэсіяністаў, амер. жывапіс 18—20 ст. (партрэт Дж.Вашынгтона работы Г.Сцюарта, 1796) і інш.

Літ.:

Whitehill W.M. Museum of Fine Arts, Boston: A centennial history. Vol. 1—2. Cambridge, 1970.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫНКУ́ШЫ, Бранкузі (рум. Brăncuşi, франц. Brancusi) Канстанцін (21.2.1876, г. Пештышані, Румынія — 16.3.1957), румынскі скульптар; адзін з пачынальнікаў абстрактнага мастацтва ў Бухарэсце (1898—1901) і ў Парыжы (1905—07). Працаваў гал. чынам у Парыжы. Аўтар партрэтаў, сімвалічна абагульненых манум.-дэкар. і надмагільных скульптур («Малітва», 1907, «Пацалунак», 1908), станковых кампазіцый, адметных лаканізмам, цэльнасцю аб’ёмаў (серыя «Птушка ў прасторы», 1910—40-я г.). У мемарыяльным арх.-скульпт. комплексе ў г. Тыргу-Жыў («Бясконцая калона», «Стол маўчання» і «Брама пацалунку», 1937) імкнуўся да сучаснага вытлумачэння традыцый румынскага нар. Мастацтва.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛПА́ТАЎ Міхаіл Уладзіміравіч

(10.12.1902, Масква — 9.5.1986),

рускі гісторык мастацтва. Засл. дз. маст. РСФСР (1958); правадз. чл. АМ СССР (1954). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскі ун-т (1921). З 1925 выкладаў у ВНУ Масквы. З 1943 праф. Маскоўскага маст. ін-та. Асн. працы Алпатава па праблемах гісторыі рус. і замежнага мастацтва. Дзярж. прэмія СССР 1974.

Тв.:

Всеобщая история искусств. Т. 1—3. М.; Л., 1948—55;

Этюды по истории русского искусства. Т. 1—2. М., 1967;

Андрей Рублёв: [Альбом]. М., 1972;

Художественные проблемы итальянского Возрождения. М., 1976.

т. 1, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А КАПЭ́ЛА

(італьян. a cappella),

шматгалосыя харавыя спевы без інстр. суправаджэння. Пашыраны ў нар. творчасці. Як стыль прафес. хар. мастацтва склаліся ў культавай поліфаніі ў канцы сярэднявечча, дасягнулі росквіту ў майстроў Нідэрландскай школы і Дж.Палестрыны. Для правасл. царквы спевы а капэлы — адзіная форма хар. мастацтва. З эпохі Адраджэння развіваюцца і ў свецкай музыцы. На Беларусі ранні свецкі жанр спеваў а капэлы — кант. У стылі а капэлы працавалі кампазітары розных эпох. Сярод бел. — В.Залатароў, М.Равенскі, А.Багатыроў, Р.Пукст, У.Алоўнікаў, Ю.Семяняка, Э.Тырманд, А.Мдывані, Л.Захлеўны, А.Бандарэнка і інш.

А.А.Саламаха.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТРАКЦЫЯНІ́ЗМ,

творчы метад, паводле якога гал. задача маст. творчасці — выяўленне чыста суб’ектыўных эмоцый, падсвядомых імпульсаў, «ачышчаных ад рэальнасці» духоўных сутнасцяў. Філас. аснова абстракцыянізму яднае ў сабе паасобныя ідэі інтуітывізму, пазітывізму, суб’ектыўнага ідэалізму, махізму і інш. Эстэтычнае крэда абстракцыянізму выкладзена ў кнізе В.В.Кандзінскага «Аб духоўным у мастацтве» (1910), паводле якога для выяўлення прыгожага сучаснае мастацтва дае мастаку неабмежаваныя магчымасці — ад «чыстага рэалізму» да «чыстай абстракцыі». Найб. шырокае развіццё абстракцыянізм атрымаў у жывапісе, графіцы, архітэктуры, скульптуры, дэкар. мастацтве, а таксама ў дызайне, у афарміцельскім мастацтве, у тэатры, кіно, на тэлебачанні (гл. Абстрактнае мастацтва).

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)