РЭФЕРЭ́НЦ-ЭЛІПСО́ІД (ад лац. referens які паведамляе, дапаможны),
зямны эліпсоід з пэўнымі памерамі і становішчам у целе Зямлі. Служыць дапаможнай матэм. паверхняй, да якой зводзяць вынікі ўсіх геад. вымярэнняў на зямной паверхні і тым самым праектуюцца пункты апорнай геадэзічнай сеткі. У геад. і картаграфічных работах розных краін карыстаюцца рознымі Р.-э. Гл. таксама Красоўскага эліпсоід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЯНО́СЕЦ,
асноўны баявы карабель 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Былі ў флатах многіх краін. Паводле спосабаў аховы на іх артылерыі падзяляліся на казематныя, брустверныя і вежавыя. Існавалі браняносцы берагавой абароны і эскадраныя.
Браняносцы берагавой абароны прызначаліся для баявых дзеянняў у прыбярэжных раёнах, уваходзілі ў склад ВМФ шэрагу краін да канца 2-й сусв. вайны. Мелі вежавую артылерыю 254-мм калібру і больш, водазмяшчэнне да 8 тыс.т, скорасць да 16 вузлоў (29,6 км/гадз). Эскадраныя браняносцы прызначаліся для вядзення бою ў складзе эскадры. Мелі 4 гарматы 305-мм калібру, 6—12 — 152-мм, шмат гармат малога (да 76 мм) калібру, 4—6 тарпедных апаратаў. Браня да 450 мм, водазмяшчэнне 10—17 тыс.т, скорасць да 18 вузлоў (33,3 км/гадз), далёкасць плавання да 8 тыс. міль (14,8 тыс.км). Пасля 1905 замест браняносцаў пачалі будаваць лінейныя караблі, а найб. дасканалыя эскадраныя браняносцы былі аднесены да класа лінкораў (браняносец «Пацёмкін», «Слава» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ ЗАПА́С,
цэнтралізаваны рэзервовы фонд золата ў злітках і манетах, які належыць дзярж. казначэйствам або цэнтр. банкам, а таксама міжнар. валютна-крэдытным арг-цыям. З 1970-х г. практычна замарожаны; выкарыстоўваецца ў некаторых выпадках як забеспячэнне крэдытаў замежных дзяржаў або міжнар. арг-цый, а краінамі, што сталі на шлях развіцця, — для атрымання замежнай валюты шляхам продажу металу на рынках золата, аўкцыёнах, фін. органам інш.краін. Пэўная частка дзярж. З.з. вылучаецца для прам-сці або прадаецца прыватным асобам (як правіла, у выглядзе залатых манет). Асн. частка З.з. ў сярэдзіне 1990-х г. прыпадала на прамыслова развітыя краіны (77% ад сусветных), на 130 краін, што сталі на шлях развіцця (13%). У першай пяцёрцы па З.з. знаходзіліся ЗША — 8,1 тыс.т, Германія — 3,7 тыс.т, Францыя — 3,2 тыс.т, Італія —2,6 тыс.т, Швейцарыя — 2,6 тыс.т (усяго 20,2 тыс.т). Агульныя сусв. афіцыйныя З.з. ў 1980 складалі 35,8 тыс.т, у 1994—34,2 тыс.т. Гл. таксама Золатавалютныя рэзервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС КО́ШТУ ЖЫЦЦЯ́,
адносны паказчык, які разлічваецца з улікам змянення кошту фіксаванага «спажывецкага кошыка» або як сярэднеарыфметычная ўзважаная велічыня з індэксаў рознічных цэн на тавары і паслугі і фактычнай структуры расходаў насельніцтва. Адзінкай стат. ўліку з’яўляецца сям’я. У структуру яе расходаў уключаюць прадукты харчавання, адзенне, абутак, тавары працяглага карыстання, паліва, электраэнергію, камунальныя і трансп. паслугі, мед. абслугоўванне, адукацыю і інш. Вага І.к.ж. вызначаецца шляхам бюджэтных абследаванняў структуры спажывецкіх расходаў, якія робяць з дапамогай мэтанакіраваных або выпадковых адбораў. Метады вызначэння складу спажывецкіх набораў у розных краінах адрозніваюцца. У большасці краін пры пабудове І.к.ж. выкарыстоўваюць пастаянныя вагі, якія дзейнічаюць працяглы час. Прымаючы пад увагу іх недахопы, некат. краіны (напр., Вялікабрытанія, Францыя і інш.) перайшлі да неперарыўнага абследавання бюджэтаў сем’яў і злічэнні на гэтай падставе ланцуговых І.к.ж. з бягучымі вагамі. У шэрагу краін акрамя агульнага індэкса разлічваюцца індэксы розных груп насельніцтва (пенсіянераў, з малым, сярэднім даходамі і інш.). Гл. таксама Індэкс цэн, Індэкс узроўню жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЕ́ВЫЯ» І «ПРА́ВЫЯ» ў палітыцы,
традыцыйныя паліталагічныя паняцці для абазначэння 2 найб. значных паліт. плыней у большасці краін свету. Тэрміны «Л.» і «п.» ўзніклі ў часы Французскай рэвалюцыі 1789—99, калі радыкальныя і кансерватыўныя дэпутаты Канвента размяшчаліся адпаведна на лаўках з левага і правага бакоў залы пасяджэнняў. З тых часоў у зах. (еўрап.) традыцыі «левымі» называюць прыхільнікаў паліт., сац. і эканам. пераўтварэнняў у інтарэсах працоўных, прыярытэту агульнадзярж. і грамадскіх інтарэсаў над асабістымі (з 2-й пал. 19 ст. пераважна носьбітаў камуніст. і сацыяліст. ідэалогіі); «правымі» адпаведна лічаць прыхільнікаў капіталізму і захавання традыц. форм дзярж. ладу — звычайна членаў антыкамуніст. і антысацыяліст. партый і рухаў. У СССР панавала ўяўленне, што «правыя» — гэта перш за ўсё прыгнятальнікі народа, ворагі свабоды думкі і слова, а «левыя» — супрацьлеглая ім плынь прыхільнікаў вызвалення чалавека ад паліт., сац., нац. і эканам. прыгнёту. У наш час у краінах былога СССР паступова ўсталёўваецца традыц. для зах.краін падзел на «Л.» і «п.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ БЕЛАРУСІ́СТАЎ (МАБ). Створана 21.5.1991 у Мінску. Вышэйшы орган — Міжнар. кангрэс беларусістаў
(раз у 4 гады). Выканаўчы орган — Міжнар.к-т беларусістаў, які працуе на базе Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф.Скарыны. Аб’ядноўвае каля 600 беларусістаў, у т. л. амаль 200 з 23 замежных краін. Прэзідэнт МАБ А.В.Мальдзіс. Падтрымлівае кантакты і сувязі з беларусістамі, абменьваецца з імі інфармацыяй, л-рай. Праводзіць міжнар. канферэнцыі, сімпозіумы, семінары, «круглыя сталы». Выдае інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь «Кантакты і дыялогі» (з 1996, адсылаецца ў 19 краін свету) і штогоднік «Беларусіка = Albaruthenika» (з 1993). Выдадзены кнігі: «Матэрыялы I Міжнароднага кангрэса беларусістаў і Юбілейнай сесіі АН Беларусі, прысвечанай 500-годдзю з часу нараджэння Ф.Скарыны» (кн. 1, 1993),
«Фарміраванне і развіццё нацыянальнай самасвядомасці беларусаў» (кн. 2, 1993), «Культура беларускага замежжа. Беларуска-амерыканскія гістарычна-культурныя ўзаемадачыненні» (кн. 5, 1995), «Беларусь паміж Усходам і Захадам» (кн. 6, ч. 1—2, 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ ЮРЫ́СТАЎ-ДЭМАКРА́ТАЎ (МАЮД; International Association of Democratic Lawyers),
міжнародная няўрадавая арг-цыя. Створана ў кастр. 1946 па ініцыятыве франц. юрыстаў — удзельнікаў руху Супраціўлення на Міжнар. канферэнцыі юрыстаў — удзельнікаў барацьбы з ням.-фаш. захопнікамі. Задачы МАЮД: спрыянне развіццю кантактаў паміж юрыстамі розных краін, вывучэнню і ажыццяўленню дэмакр. прынцыпаў у міжнар. адносінах, абарона дэмакр. правоў і свабод, выступленне супраць спроб абмежавання незалежнасці народаў, розных форм каланіяльнага прыгнёту. Членамі арг-цыі могуць быць любая асацыяцыя юрыстаў (нац. або міжнар.), любая асоба, якая мае юрыд. адукацыю, займае юрыд. пасаду, прымае і падзяляе мэты і задачы асацыяцыі.
МАЮД аб’ядноўвае арг-цыі юрыстаў з 85 краін, у т. л. з Рэспублікі Беларусь. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН і ЮНЕСКА. Вышэйшы орган — Кангрэс, у перыяд паміж кангрэсамі — Савет МАЮД, які збіраецца раз у год. Друкаваны орган — час. «Revue de droit contemporain» («Агляд сучаснага права», на англ. і франц. мовах). Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ПРАГРА́МА ААН ПА НАВАКО́ЛЬНЫМ АСЯРО́ДДЗІ (United Nations Environment Program; ЮНЕП),
міжурадавая праграма, створаная па ініцыятыве Стакгольмскай канферэнцыі ААН па праблемах навакольнага асяроддзя і рашэнні Ген. асамблеі ААН (1972). У праграме ўдзельнічаюць прадстаўнікі 113 краін і 40 міжнар. арг-цый. Забяспечвае і каардынуе ў міжнар. маштабе мерапрыемствы па ахове і паляпшэнні навакольнага асяроддзя. Асн. кірункі дзейнасці: ахова сусв. акіяна і паветра ад забруджвання, ахова і рацыянальнае выкарыстанне глеб і павышэнне іх урадлівасці, перапрацоўка і утылізацыя прамысл. адходаў, распрацоўка метадаў назірання за біясферай па ўплыве на яе гасп. дзейнасці (маніторынг) і інш. Супрацоўнічае з Міжнародным саюзам аховы прыроды і прыродных рэсурсаў, Навуковым камітэтам па праблемах навакольнага асяроддзя, ЮНЕСКА і інш. ЮНЕП каардынуецца адм. саветам, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі больш як 60 краін. Штаб-кватэра ў г. Найробі (Кенія). У 1984 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі ўзнагароджана сярэбраным медалём ЮНЕП за прапаганду прыродаахоўнай дзейнасці і актыўнае пашырэнне прыродазнаўчых ведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З БЫЛЫ́Х МАЛАЛЕ́ТНІХ ВЯ́ЗНЯЎ ФАШЫ́ЗМУ (МСБВФ) краін СНД, грамадска-патрыят.арг-цыя. Створана ў 1986 на базе Сав. дзіцячага фонду імя У.І.Леніна (да 1992 наз. «Дзеці вайны 1941—45»). Уваходзяць саветы б. вязняў краін СНД і Прыбалтыкі, у т. л.Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму. Аб’ядноўвае больш за 450 000 малалетніх вязняў фашызму (1999). Асн. задача — сац. абарона б. малалетніх вязняў, якія пацярпелі ў гады 2-й сусв. вайны ў канцлагерах Германіі, Польшчы і інш. месцах прымусовага ўтрымання прафаш. рэжымаў дзяржаў Еўропы. У саюзе ёсць секцыя «Дзеці-вязні — інваліды Вял.Айч. вайны». Вышэйшы орган МСБВФ — з’езд. Цэнтральны савет арг-цыі знаходзіцца ў Маскве, пры падтрымцы германа-бел., -рас. і -ўкр. фондаў «Узаемаразуменне і прымірэнне», з 1992 у Маскве на рус. мове выдаецца газ. «Судьба». Адбылося 8 з’ездаў МСБВФ, у т. л. 4-ы ў г. Брэст (22.6.1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́МІТ ТЫСЯЧАГО́ДДЗЯЎ,
сустрэча лідэраў краін (кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў), якія з’яўляюцца членамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Адбыўся 6—8.9.2000 у г. Нью-Йорк (Рэспубліку Беларусь прадстаўляў Прэзідэнт А.Р.Лукашэнка). Праводзіўся з мэтай узмацнення ролі ААН у міжнар. палітыцы і ў сувязі з пачаткам новага тысячагоддзя. З дакладам на С.т. выступіў Генеральны сакратар ААН К.Анан (кіраўнікі краін і ўрадаў выступалі з 5-хвіліннымі паведамленнямі-дакладамі). На С.т. адзначалася, што ўжо 55 гадоў свет жыве без войнаў паміж вядучымі дзяржавамі, хоць войны, пераважна ўнутры краін, працягваюцца (у 1990-х г. у выніку войнаў і ўзбр. канфліктаў загінула больш за 5 млн.чал.), узмацняецца мілітарызацыя шэрагу дзяржаў і розных слаёў насельніцтва (у арсеналах ядз. дзяржаў знаходзіцца 35 тыс.ядз. боепрыпасаў, а на руках людзей — 500 млн. адзінак стралк. зброі). ААН робіць энергічныя захады для ўмацавання міру (у 1990-я г. падпісана ў 3 разы больш мірных пагадненняў, чым за 3 папярэднія дзесяцігоддзі, вырасла колькасць аперацый ААН у падтрымку міру, міжнар. санкцый, у т. л. фактаў эмбарга на пастаўку зброі ў шэраг дзяржаў). Разам з умацаваннем міру паміж народамі гал. задачамі ААН з’яўляюцца: барацьба з галечай, неадукаванасцю і хваробамі, процідзеянне насіллю і тэрору, барацьба з дэградацыяй і разбурэннем асяроддзя існавання чалавека і інш. У ходзе С.т. адбылося пасяджэнне Савета Бяспекі ААН на вышэйшым узроўні, у якім удзельнічалі У.Пуцін (Расія), Б.Клінтан (ЗША), Т.Блэр (Вялікабрытанія), Ж.Шырак (Францыя), Цзян Цзэмінь (Кітай). Па выніках работы С.т. прынята Заключная дэкларацыя.
Літ.:
Саммит тысячелетия в ООН // Междунар. жизнь. 2000. № 10.