мікраструктурны (петраструктурны) аналіз горных парод; дысцыпліна на мяжы тэктонікі і петраграфіі, вывучае структуры дынамаметамарфізаваных парод (тэктанітаў), інтрузіўных масіваў і дэфармаваных асадкавых тоўшчаў. Распрацавана ням. вучоным Б.Зандэрам у 1930. У шліфах пад мікраскопам у вял.колькасці зерняў аднаго або некалькіх мінералаў вымяраюць арыенціроўку іх спайнасці, аптычныя восі або інш. крышталеграфічныя элементы. Вынікі аналізу наносяць на стэрэаграфічную сетку. Атрыманыя дыяграмы дазваляюць вызначаць характар тэктанічных рухаў, што абумовілі дэфармацыі і метамарфізм горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАБІ́РНЫ АНА́ЛІЗ,
метады вызначэння колькасцівысакародных металаў (пераважна серабра і золата) у рудах, прадуктах іх абагачэння, сплавах і розных вырабах, у т. л. ювелірных. Заснаваны на сплаўленні пробы даследуемага матэрыялу з сухімі парашкападобнымі рэагентамі і наступным гравіметрычным аналізе атрыманага сплаву. Пробу ювелірных вырабаў (гл.Проба высакародных металаў) звычайна вызначаюць без парушэння іх цэласнасці: параўнаннем ліній, прачэрчаных вырабам і эталоннымі (т.зв. прабірнымі) іголкамі вядомага саставу на прабірным камені (брусок з чорнага або рудога тонказярністага крамяністага сланцу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МІНГІ,
млекакормячыя жывёлы падсям. палёвак, сям. хамяковых атр. грызуноў. 4 роды: Л. лясныя (Myopus); балотныя, ці мышападобныя (Synaptomys); сапраўдныя (Lemmus) і капытныя (Dicrostonyx); каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Найчасцей сустракаюцца Л. капытны (D. torquatus); сібірскі, ці обскі (L. sibiricus), і нарвежскі (L. lemmus). Жывуць у лясах і тундрах. На Беларусі вядомы з геал. адкладаў ранняга плейстацэну (Л. сібірскі і 3 падвіды Л. капытнага). Іх рэшткі выяўлены ў Аршанскім, Баранавіцкім, Віцебскім, Гродзенскім, Дубровенскім, Лёзненскім р-нах. Маюць палеагеагр. і стратыграфічнае значэнне.
Даўж. цела да 16, хваста да 2,7 см, маса да 75 г. Афарбоўка аднатонная шэра-карычневая або стракатая; зімой больш светлая або белая. У Л. капытнага кіпцюры на пярэдніх лапах бліжэй да зімы разрастаюцца («капыты»). Кісці і ступні шырокія, падэшвы пакрыты шэрсцю. Актыўныя ўвесь год. Расліннаедныя, часам паядаюць дробных беспазваночных. Нараджаюць 1—9 (звычайна 4—6) дзіцянят 2—4 разы за лета. У тундры размнажаюцца прыкладна з 4-гадовай перыядычнасцю ў вял.колькасці (да 300 асобін на 1 га), робяць далёкія міграцыі. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу вірусных захворванняў. Л. — асн. корм пясца, колькасць якога залежыць ад колькасці Л.
П.Ф.Каліноўскі.
Лемінгі: 1 — сібірскі; 2 — нарвежскі; 3 — капытны (а — зімой, б — летам).
горныя пароды, якія ўтварыліся з расплаўленай магмы пры яе зацвярдзенні і крышталізацыі. Складаюць (паводле Ф.Кларка) 95% аб’ёму зямной кары. У залежнасці ад умоў зацвярдзення магмы ў нетрах Зямлі або на яе паверхні адрозніваюць інтрузіўныя горныя пароды і эфузіўныя горныя пароды. М.г.п. звычайна складзены з сілікатаў. Па колькасці крэменязёму (SiO2) падзяляюцца на групы: ультраасноўныя (SiO2 < 40%, дуніты, алівініты, перыдатыты і інш.), асноўныя (40—55%, піраксеніты, габра, базальты і інш.), сярэднія (55—65%, гранадыярыты, дыярыты, андэзіты і інш.) і кіслыя (SiO2 > 65%, граніты, рыяліты, дацыты і інш.). Па колькасці шчолачаў у кожнай групе вылучаюць нармальны, субшчолачны і шчолачны рады. Спалучэнні групы і рада вызначаюць сем’і гэтых парод. М.г.п. развіты ў складкавых абласцях, фундаменце і чахле платформ, на шчытах, у сучасным акіяне. З імі звязаны карысныя выкапні, напр., з кіслымі М.г.п. — волава, вальфрам, золата, з асноўнымі — тытанамагнетыт, медзь, з ультраасноўнымі — хром, плаціна, нікель, са шчолачнымі — тытан, фосфар, апатыт, цырконій, рэдкія землі. М.г.п. выкарыстоўваюцца як буд. матэрыял (лабрадарыты, туфы і інш.), абразіўны і цеплаізаляцыйны (пемза, перліт), як сыравіна для вылучэння каштоўных кампанентаў (напр., алюмінію з нефелінавых сіенітаў) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНЫЯ,
функцыя аб’ёму (V), ціску (p), тэмпературы (T), энтрапіі (S), колькасці часціц у сістэме (N) і інш. макраскапічных параметраў, што характарызуюць стан тэрмадынамічнай сістэмы. Да П.т. адносяць унутраную энергію (U), энтальпію (H), энергію Гельмгольца (F; свабодная энергія, ізахорна-ізатэрмічны патэнцыял), энергію Гібса (G; ізабарна-ізатэрмічны патэнцыял) і інш.
Кожнаму П.т. адпавядае набор параметраў стану. Выбар П.т. для апісання сістэмы абумоўлены наборам незалежных параметраў, што вызначаюць стан сістэмы. Дыферэнцаваннем П.т. як функцыі незалежных параметраў можна вызначыць усе астатнія параметры, што характарызуюць сістэму. У найпрасцейшых выпадках П.т. з’яўляюцца функцыямі 2 незалежных параметраў: U = U(S, V), H = H(S, p) F = F(T, V), G = G(T, p). У больш агульным выглядзе П.т. залежыць ад колькасці часціц (у сістэмах з пераменнай колькасцю часціц уводзіцца хімічны патэнцыял), а таксама ад набору абагульненых каардынат (напр., калі сістэма знаходзіцца ў эл. ці магн. полі). П.т. звязаны паміж сабой суадносінамі: F = U − TS, H = U + pV, G = F + pV. П.т. карыстаюцца пераважна для апісання раўнавагі тэрмадынамічнай. Веданне якога-н. П.т. як функцыі поўнага набору параметраў дазваляе вызначыць усе тэрмадынамічныя характарыстыкі сістэмы і атрымаць ураўненне стану. Гл. таксама Тэрмадынаміка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ЖА»,
бел.нар. гульня. Гуляюць падлеткі зімой на стромкім, пакрытым ільдом схіле. Удзельнікі (колькасць не абмежавана) дзеляцца на 2 роўныя па колькасці атрады — «арду» і «дружыну». Дружыннікі размяшчаюцца на схіле, пасля чаго арда ідзе на штурм. Дружыннікі абараняюцца і спіхваюць уніз ардынцаў, а тыя імкнуцца сцягнуць за сабой і дружыннікаў. Пасля кожнага штурму арды сцягнутыя дружыннікі выбываюць з гульні, а каманды мяняюцца ролямі. Перамагае каманда, якая змагла вывесці з гульні ўсіх або большасць гульцоў каманды праціўніка.
C6H14O2N4, арганічнае рэчыва з групы амінакіслот. У арганізме прысутнічае ў свабодным стане і ў складзе бялкоў, асабліва пратамінаў (да 85%) і гістонаў. У значнай колькасці ёсць у раслінах (асабліва ў рэзервовых і зародкавых органах). Мае ўласцівасці шчолачаў, утварае бясколерныя крышталі, растваральныя ў вадзе. Садзейнічае назапашванню і пераносу азоту. Для дарослых млекакормячых не з’яўляецца незаменнай, а ў маладых яе біясінтэз недастатковы. Удзельнічае ва ўтварэнні мачавіны і арніціну (арніцінавы цыкл), крэаціну, аргінінфасфату і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКАСО́Л, вітамін K3,
сінтэтычны водарастваральны аналаг вітаміну K3, бісульфітнае вытворнае 2-метыл-1,4-нафтахінону, C11H9NaSO5∙3H2O. Белы або з жаўтаватым адценнем парашок. Садзейнічае павышэнню колькасці пратрамбіну ў крыві печані і ўзмацненню згусальнасці крыві. Па дзеянні ў 2 разы больш актыўны за натуральны вітамін K3 (філахінон). Сутачная патрэбнасць у вікасоле для дарослага чалавека ў норме 1 мг. Лек. сродак для спынення крывацёку, лячэння жаўтухі, гемарою, вострага гепатыту, прамянёвай хваробы і інш., таксама для прафілактыкі K-гіпавітамінозу і K-авітамінозу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАКСАГО́Р (Anaxagoras) з Клазамен
(каля 500—428 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф. Заснаваў у Афінах першую прафес. школу філасофіі. З яго твораў захаваліся асобныя фрагменты. У цэнтры натурфілас. вучэння Анаксагора арыгінальная мадэль фізічнай рэальнасці: усё ў прыродзе складаецца з бясконцай колькасці бясконца падзельных часцінак (гамеамерый). Інертная матэрыя прыводзіцца ў рух розумам (нусам). Пазнанне свету адбываецца з дапамогай чалавечага розуму, які абапіраецца на адчуванні. Шэраг здагадак Анаксагора ў астраноміі і матэматыцы развіты навукай пазнейшага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНАЙ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ І КАПІТА́ЛУ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная тэорыя, паводле якой новае нарошчванне выдаткаў працы пры пэўным памеры капіталу дае больш нізкую прадукцыйнасць у параўнанні з папярэдняй, а кожнае новае павелічэнне капіталу пры нязменнай колькасці рабочых дае меншыя вынікі, чым папярэдняе. Узнікла ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік Дж.Б.Кларк. Паводле гэтай тэорыі ў стварэнні прадукту ўдзельнічаюць 3 асн. фактары — праца, капітал і зямля, кожны з якіх у пэўнай ступені стварае вартасць; размеркаванне грамадскага прадукту ажыццяўляецца прапарцыянальна долі кожнага фактару.