ЛАДА́КХ,

горны хрыбет на Пн ад Вял. Гімалаяў, у басейне р. Інд, у Індыі і Кітаі. Даўж. больш за 600 км. Выш. да 7728 м (г. Гурла-Мандхата). Складзены пераважна з гнейсаў і гранітаў. На выш. 5500—5700 м паверхні выраўноўвання, над якімі ўзвышаюцца зубчастыя грабяні са снежнікамі і ледавікамі. На паўд.-зах. схілах хмызняк, на паўн.-ўсх. ландшафты халодных пустынь.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́КАВАЕ РАШЭ́ННЕ ЎРАЎНЕ́ННЯЎ,

знаходжанне дакладнага ці набліжанага рашэння ўраўненняў у выглядзе лікаў.

Зводзіцца да выканання арыфм. аперацый над каэфіцыентамі ўраўнення і значэннямі функцый, якія ўваходзяць у яго, і дазваляе знаходзіць рашэнне з любой наперад зададзенай дакладнасцю. Кожны від ураўнення мае свае лікавыя метады рашэння. Пры Л.р.ў. карыстаюцца ЭВМ і інш. сродкамі вылічэнняў. Гл. таксама Набліжанае інтэграванне, Найменшых квадратаў метад, Паслядоўных набліжэнняў метад.

т. 9, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБАВАЕ РАДЫЁВЯШЧА́ННЕ,

тэхналогія гукавога вяшчання, у якой кадзіраванне, ушчыльненне, перадача, прыём, фарміраванне праграм і інш. працэсы выконваюцца над лічбавымі гукавымі сігналамі. Найб. пашырана сістэма Л.р. паводле стандарту DAB (Digital Audio Broadcasting лічбавае гукавое вяшчанне), якая забяспечвае высакаякаснае многапраграмнае (да 6 стэрэапраграм па адным радыёканале) наземнае і спадарожнікавае вяшчанне разам з дадатковай інфармацыяй, напр., відарысамі электронных картаў, газет, фатаграфій.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КША (Міраслава Янаўна) (н. 9.9.1958, мяст. Гайнаўка Падляскага ваяв., Польшча),

бел. пісьменніца. Скончыла філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1985). З 1985 працуе ў бел. тыднёвіку «Ніва». У кнігах прозы «Дзікі птах верабей» (1992), «Выспа» (1994) і паэзіі «Замова» (1993), «Ёсць» (1994) — філас. роздум над лёсам бел. вёскі, аб яе сучасных праблемах і хваляваннях, сакавітая нар. мова.

С.​М.​Чыгрын.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЛАРЭН (Mälaren),

возера ў сярэдняй ч. Швецыі. Пл. 1163 км², глыб. больш за 60 м, даўж. каля 120 км. Катлавіна тэктоніка-ледавіковага паходжання (0,3—0,6 м над узр. м). Берагі моцна парэзаныя, шматлікія залівы, бухты, мысы, каля 1200 астравоў. Злучана пратокамі і каналамі з Балтыйскім м. і воз. Ельмарэн. Суднаходства, водны турызм. На берагах рэзерваты Энгсё і Ельставікен. Каля ўсх. берага — г. Стакгольм.

т. 10, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФО́Н,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі народжаны багіняй падземнага царства Геяй пачварны дракон, які ахоўваў каля г. Дэльфы аракул Геі. Апалон забіў П. стралой (адсюль Апалон Піфійскі) і заснаваў на тым месцы свой аракул (Піфійскі, або Дэльфійскі аракул), дзе ад яго імя прадказвала Піфія. З нагоды перамогі над П. Апалон, паводле міфа, заснаваў Піфійскія гульні. Ад імя П. паходзіць другая назва г. Дэльфы — Піфо.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРА́КСІН (Фёдар Мацвеевіч) (1661—10.11.1728),

расійскі ген.-адмірал (1708), адзін са стваральнікаў рас. флоту. З 1682 стольнік Пятра I, у 1693—96 дзвінскі ваявода і губернатар Архангельска. З 1700 гал. начальнік Адміралцейскага прыказа і азоўскі губернатар. У час Паўн. вайны 1700—21 атрымаў на моры шэраг перамог над шведамі. У 1712—23 кіраваў Эстляндыяй, Інгерманландыяй і Карэліяй. З 1718 прэзідэнт Адміралцействаў-калегіі. У час Перс. паходаў (1722—23) камандаваў Каспійскай флатыліяй, у 1723—26 — Балт. флотам.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БАГО́РЫЯ»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Літве і Польшчы карысталася больш за 30 родаў, у т. л. Багорыі, Валовічы, Кужанецкія, Макраноўскія, Скатніцкія. На чырв. полі выява 2 сярэбраных наканечнікаў стралы: адзін вастрыём уверх, другі — уніз; клейнод — над прылбіцай паўлін з распушчаным хвастом, у яго дзюбе, павернутай убок, зламаная страла вастрыём уверх. Існуюць варыянты герба з зялёным полем і злучанымі наканечнікамі стрэл, клейнод — 3 страусавыя пёры і інш. На Беларусі меў пашырэнне з 15 ст.

Герб «Багорыя».

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПНІШКАЎСКІ КАЗІМІ́РАЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі ў в. Ліпнішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1890 з цэглы і граніту. Прамавугольны ў плане будынак з 3-граннай апсідай і квадратным у плане бабінцам, над якім узвышаецца высокая 2-ярусная вежа (васьмярык на чацверыку), завершаная спічастым шатром з люкарнамі. Па баках асн. аб’ёму сіметрычна прыбудаваны невял. сакрысціі, якія звонку нагадваюць крылы трансепта. Сцены абліцаваны гранітам, умацаваны плоскімі контрфорсамі. Гал. ўваход вылучаны парталам.

Т.​В.​Габрусь.

Ліпнішкаўскі Казіміраўскі касцёл.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯНЯ́ВА»,

прыватнаўласніцкі герб, якім на Беларусі, Украіне, у Польшчы і Літве карысталіся каля 80 родаў, у т. л. Белазоры, Длугашы, Ляшчынскія, Мэнжыкі. На залатым полі чорная галава зубра з залатым кальцом у ноздрах; клейнод — над прылбіцай з каронай палова залатога каранаванага льва з мячом у правай лапе. Вядомы з пач. 14 ст. У час знаходжання на троне караля польск. і вял. князя літ. Станіслава Ляшчынскага (1704—09, 1733) герб «Вянява» выкарыстоўваўся як элемент у дзярж. сімволіцы Рэчы Паспалітай.

Герб «Вянява».

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)