ПАЛА́ДА,

адна з найбуйнейшых малых планет (другая пасля Цэрэры). Дыяметр 538 км. Маса 2,5∙10​20 кг, перыяд абарачэння вакол Сонца 4,61 г., вакол восі 7,811 гадз. Вял. паўвось арбіты 2,771 а.а., эксцэнтрысітэт 0,235, нахіл арбіты 34,8°. Бляск у процістаянні 8,0 візуальнай зорнай велічыні. Другая па часе адкрыцця — малая планета № 2 (Г.В Ольберс, 1802). Названа імем стараж.-грэч. багіні Афіны Палады.

т. 11, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНАЯ ЗО́РКА α Малой Мядзведзіцы, самая яркая зорка (2-й зорнай велічыні) у сузор’і Малой Мядзведзіцы. Размешчана на адлегласці каля 1° ад Паўн. полюса свету, таму захоўвае амаль нязменнае становішча пры бачным сутачным вярчэнні нябеснай сферы. Паказвае напрамак на Пн і шырату месца назірання, прыблізна роўную вышыні П.з. над гарызонтам. П.з. — падвойная зорка, складаецца з цэфеіды (перыяд пульсацыі каля 4 дзён, амплітуда змены бляску 0,12 зорнай велічыні) і карліка гал. паслядоўнасці. Аддалена ад Сонца на 1000 св. гадоў. На Беларусі відаць круглы год.

А.​А.​Шымбалёў.

Схема вызначэння становішча Палярнай зоркі на небе.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РУСНЫ СПОРТ, ветразевы спорт,

спаборніцтвы на спарт. парусных суднах (швертботы, яхты).

Узнік у Англіі ў 18 ст., першы яхт-клуб засн. ў г. Корк (1720). У праграме Алімп. гульняў з 1900. Міжнар. саюз П.с. засн. ў 1907. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1922, Еўропы — з 1932. Алімп. кл. суднаў з’яўляюцца «Еўропа», «Зорны», «Лазер», «Лятучы галандзец», «Містраль», «Солінг», «Тарнада», «Фін», «470»; у чэмпіянатах свету ўдзельнічаюць і інш. кл. суднаў — «Дракон», «Фаербол», «5,5» і інш. Гонкі праходзяць па кругавых дыстанцыях на 12 марскіх міль або 20—30 км і інш. Пераможца вызначаецца па суме некалькіх гонак (звычайна 7). У кл. крэйсерскіх яхт спаборніцтвы праводзяцца на вял. адлегласці. Найб. пашыраны П.с. у Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Францыі, скандынаўскіх краінах.

На Беларусі развіваецца з 1950-х г. З 1969 дзейнічае Мінскі яхт-клуб. Федэрацыя П.с. існуе з 1992. Першы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1967 (Заслаўскае вадасх.). З бел. спартсменаў найб. вызначыліся С.​Краўцоў (чэмпіён свету 1988, Еўропы 1989, 1991 у кл. «Тарнада», разам з Ю.​Канавалавым, Расія), В.​Буданцаў (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1987, чэмпіён Еўропы 1990 у кл. «Лятучы галандзец»), Г.​Страх і А.​Мірон (сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету 1984, Еўропы 1989 у кл. «Солінг»).

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Парусны спорт. Алімпійскія класы яхт: 1 — «470»; 2 — «Фін»; 3 — «Лятучы галандзец»; 4 — «Зорны»; 5 — «Тарнада»; 6 — «Солінг».

т. 12, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ ГІ́ДРА (лац. Hydrus),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. 3 зоркі ярчэй 3-й зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ КАРО́НА (лац. Corona Australis),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВАЯ РЫ́БА (лац. Piscis Austrinus),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка — Фамальгаўт. 25 зорак ярчэй 5-й зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць у сярэдзіне верасня (на вышыні менш 5° над гарызонтам) на Пд. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫ КРЫЖ, Крыж (лац. Crux),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 0,8; 1,3; 1,6; 2,8 візуальнай зорнай велічыні ўтвараюць характэрную фігуру ромба (ці крыжа). Больш доўгая перакладзіна П.К. амаль дакладна паказвае на Паўд. полюс свету. У межах П.К. знаходзіцца адна з самых блізкіх да нас цёмных пазагалактычных туманнасцей («Вугальны мяшок»). Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫ ТРЫКУ́ТНІК (лац. Triangulum Australe),

невялікае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 1,9 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛІ́Н, Пава (лац. Pavo),

сузор’е Паўд. паўшар’я. Найб. яркая зорка 2 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ КАРО́НА (лац. Corona Borealis),

сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка (Гема) 2,2 візуальнай зорнай велічыні; зорка Т падобная на новыя зоркі (успышкі назіраліся ў 1866, 1946; чакаецца ў 2026). На тэр. Беларусі відаць у крас.—жніўні. Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)