КАСАЧО́Ў (Іван Міхайлавіч) (н. 13.1.1948, в. Шаўцова Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аўтаматычнага кіравання. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1973), дзе і працаваў з 1989. У 1993 у Ваеннай акадэміі Беларусі. Навук. працы па тэорыі аўтаматычнага кіравання, тэорыі дынамічных сістэм з выпадкова зменнай структурай, сістэм аўтаматызаванага праектавання, тэорыі выпрабаванняў і ацэньвання эфектыўнасці ўзбраення войск ППА, зенітных ракетных комплексаў і сістэм.

Тв.:

Аналитическое моделирование стохастических систем. Мн., 1993 (разам з М.​Г.​Ерашэнкавым).

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́СЕМ, Касім Абдэль Керым (Абд аль-Карым; 1914, Багдад — 9.2.1963), іракскі ваен. і дзярж. дзеяч. Брыгадны генерал (1955). Удзельнік 2-й сусв. вайны (змагаўся супраць брыт. войск у 1941), араба-ізраільскай вайны 1948—49. 14.7.1958 узначаліў антыманархічны ваен. пераварот (гл. Іракская рэвалюцыя 1958) і 27.7.1958 абвясціў Ірак рэспублікай. У 1958—63 прэм’ер-міністр і адначасова міністр абароны Ірака, устанавіў у краіне дыктатарскі рэжым; падкрэсліваў іракскую самабытнасць і самастойнасць, што выклікала канфлікт з панараб. сіламі. У лют. 1963 скінуты ў выніку ваен. перавароту і расстраляны.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТЭ́НКА (Анатоль Іванавіч) (н. 27.1.1940, хутар Мацвееў Краснаармейскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. ваенны дзеяч, дыпламат. Ген.-палк. (1989). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1970) і Генштаба (1981). Служыў у групе сав. войск у Германіі, Бел. (1970—79) і Далёкаўсх. ваен. акругах. З 1987 1-ы нам. камандуючага, з 1989 каманд. войскамі Бел. ваен. акругі. З 1992 1-ы нам. міністра, у ліп. 1994 — чэрв. 1995 міністр абароны Рэспублікі Беларусь. З 1996 аташэ па пытаннях абароны, ваенны і ваенна-паветр. аташэ пры пасольстве Рэспублікі Беларусь у Каралеўстве Бельгія.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́ВІЧ (Уладзімір Саламонавіч) (14.9.1882, в. Астроўка Сакольскага пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 20.6. 1938),

савецкі ваен. дзеяч, камдыў. Скончыў Акадэмію Генштаба (1912). Удзельнік 1-й сусв. вайны, падпалкоўнік. У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну нач. штаба арміі і штаба Паўд. групы войск Усх. фронту, з 1919 камандуючы 3-й, 4-й арміямі, нач. штаба Зах. фронту. У 1921—22 камандуючы Туркестанскім фронтам. З 1922 нам. нач. Гал. ўпраўлення ваенна-навуч. устаноў РСЧА, з 1925 нач. Ваенна-паветр. акадэміі, з 1934 нач. кафедры Ваенна-трансп. акадэміі.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГУРЫ́ЙСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава ў Італіі ў 1797—1805. Створана на тэр. Генуэзскай рэспублікі пасля акупацыі яе франц. войскамі. Мела канстытуцыю (1797), складзеную на ўзор франц. канстытуцыі 1795. Тэр. Л.р. была арэнай барацьбы паміж Аўстрыяй і Францыяй. Пасля Італьянскага паходу Суворава 1799 Аўстрыя заняла Паўн. Італію, у т. л. на кароткі час у 1800 і Л.р. Пасля разгрому аўстр. войск у бітве каля Марэнга Л.р. фактычна кіраваў (да ліп. 1802) напалеонаўскі ген. Дзежан. У 1805 далучана да франц. імперыі, паводле рашэнняў Венскага кангрэса 1814—15 — да Сардзінскага каралеўства.

т. 9, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1854,

пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй і Турцыяй аб ваенным саюзе супраць Расіі. Падпісаны 10 крас. ў Лондане, у перыяд Крымскай вайны 1853—56, пасля аб’яўлення Вялікабрытаніяй і Францыяй вайны Расіі (15—16 сак. 1854). Л.д. дапаўняў і пашыраў Канстанцінопальскі саюзны дагавор, заключаны паміж гэтымі дзяржавамі 12.3.1854. Паводле Л.д. Вялікабрытанія і Францыя абавязаліся дапамагаць Турцыі, паслаць дастатковую колькасць сваіх войск на еўрап. і азіяцкі тэатры ваенных дзеянняў, дзейнічаць сумесна і неадкладна. Турцыя ў сваю чаргу пазбаўлялася права ўступаць у любыя перагаворы з Расіяй без паведамлення і згоды саюзнікаў.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЮШО́Ў (Аляксей Дзмітрыевіч) (21.3.1916, в. Аўсішча Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 19.9.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Харкаўскае ваен. вучылішча пагранічных войск (1940). У Чырв. Арміі з 1937. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Нач. штаба палка маёр М. вызначыўся ў баях на тэр. Смаленшчыны. У вер. 1943 на чале ўзвода аўтаматчыкаў і 2 узводаў 45-мм гармат прарваўся ў тыл праціўніка, завязаў бой, у выніку якога былі захоплены 4 мінамёты, 27 кулямётаў, 40 вінтовак, 18 аўтамашын і 3 рацыі. М. загінуў у баі.

А.​Дз.Мацюшоў.

т. 10, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАКСА́С ((Metaxas) Іааніс) (12.4.1871, в-аў Ітака, Грэцыя — 29.1.1941),

грэчаскі ваен., паліт. і дзярж. дзеяч. З 1913 нач. Генштаба. У 1917—20 у эміграцыі. У 1921 заснаваў манархічную Партыю свабодамысных. У 1935 ваен. міністр і віцэ-прэм’ер-міністр; садзейнічаў вяртанню на прастол караля Георга II (гл. Георг, грэч. каралі). З 1936 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў; у выніку дзярж. перавароту 4.8.1936 устанавіў у краіне рэжым асабістай дыктатуры. Пры ім умацавана мяжа Грэцыі з Балгарыяй (лінія М.), Грэцыя адхіліла італьян. ультыматум ад 28.10.1940 і адбіла ўварванне войск фаш. Італіі.

т. 10, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ВАЕ́ННЫ САВЕ́Т,

вышэйшы часовы надзвычайны орган сав. улады на тэр. Мінскай губ. ў канцы 1918 — пач. 1919. Створаны 15.11.1918 паводле пастановы РВС Зах. арміі ў сувязі з эвакуацыяй ням. войск з тэр. Беларусі. Старшыня С.​І.​Берсан, члены: ваен. кіраўнік Барзінскі, паліт. камісар І.​Ф.​Скуратовіч. М.в.с. падпарадкоўваліся Бабруйскі і Маладзечанскі ваен. саветы. На вызваленай тэр. вёў работу па стварэнні рэўкомаў, органаў сав. улады, батрацкіх к-таў. Склаў паўнамоцтвы 6.1.1919, створаныя ім ваен. і цывільныя органы былі падпарадкаваны Мінскаму губернскаму ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту.

М.​І.​Камінскі.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРУ́К (Віктар Фёдаравіч) (21.6.1941, в. Глівін Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

расійскі вучоны ў галіне ваенных навук. Акад. Акадэміі ваен. навук Расіі (1997). Д-р ваен. навук (1994), праф. (1995). Ген.-палкоўнік (1991). У Сав. Арміі з 1960. Скончыў Яраслаўскае ваен.-тэхн. вучылішча войск ППА (1962), Ваен. камандную акадэмію проціпаветр. абароны імя Г.​К.​Жукава (1975), Ваен. акадэмію Генштаба (1987). Праходзіў службу на розных камандных пасадах. З 1991 — нам. галоўнакамандуючага войскамі ППА Расіі. Навук. працы ў галіне ваен. навукі і тэхнікі. Дзярж. прэмія Рас. Федэрацыі 1997.

Б.​Дз.​Даўгатовіч.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)