іспанскі канкістадор. Маркіз (з 1528—30). Вывучаў права ва ун-це г. Саламанка. З 1504 у Вест-Індыі, удзельнік заваявання Кубы (з 1511), прызначаны апошнім кіраўніком экспедыцыі (11 караблёў, каля 600 чал.) у Мексіку. У ходзе экспедыцыі (1519—21) заснаваў г.Веракрус, разбіў гал. сілы індзейцаў ацтэкаў, узяў у палон іх правадыра Мантэсуму II (гл.Мантэсума), дамогся ўстанаўлення ісп. панавання ў цэнтр.ч. Мексікі. У 1522—28 губернатар і капітан-ген. Новай Іспаніі (Мексікі), з 1529 капітан-генерал. У 1524—26 дасягнуў тэр. Гандураса, у 1532—33 адкрыў п-аў Каліфорнія. У 1528—30 і з 1540 на радзіме, удзельнік няўдалай антыпірацкай экспедыцыі ісп. караля Карла V у Алжыр (1541). Яго лісты-рэляцыі 1520—26 да ісп. караля — каштоўны літ. помнік часоў адкрыцця і заваявання Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎПА́К (Сідар Арцёмавіч) (25.5.1887, г.п. Кацяльва Палтаўскай вобл., Украіна — 11.12.1967),
украінскі дзярж. дзеяч і военачальнік, адзін з арганізатараў партыз. руху на Украіне ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1942, 1944). Ген.-маёр (1943). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1937—41 старшыня Пуціўльскага гарсавета Сумскай вобл. У Вял.Айч. вайну камандзір Пуціўльскага партыз. атрада, злучэння партыз. атрадаў Сумскай вобл. (са студз. 1944—1-я Укр.партыз. дывізія імя Каўпака), чл. падпольнага ЦК КП(б)У. Узначальваў 5 рэйдаў партызан па ням.-фаш. тылах, у т. л. ў 1942—43 — з бранскіх лясоў па тэр. Гомельскай, Палескай, Пінскай, Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей. У студз. 1943 на воз. Чырвонае (Жыткавіцкі р-н) партызаны К. разам з бел. партызанамі стварылі аэрадром. З 1947 нам. старшыні, з 1967 чл. Прэзідыума Вярх. Савета Украіны. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1946—67. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТНАСЦЬ ВАДЫ́,
уласцівасць, якую набывае вада пры перавышэнні ўтрымання ў ёй іонаў вадароду (H+) больш за 1 × 10−7 грам-іонаў на 1 л. У прыродных водах абумоўлена звычайна наяўнасцю ў іх свабоднай сернай, вугальнай і гумінавай к-т. Канцэнтрацыю іонаў вадароду прынята ўмоўна паказваць сімвалам pH (адмоўны лагарыфм ліку, які яго характарызуе). Пры pH = 7 рэакцыя вады нейтральная, pH < 7 — кіслая, pH > 7 — шчолачная. Паводле сан.-гігіенічных нарматываў рэакцыя вады для пітнога і культ.-быт. карыстання павінна быць pH 6,5—8,5. Падкісленне прыродных вод адмоўна ўплывае на існаванне жывых арганізмаў, іх біял. прадукцыйнасць, структуру біягеацэнозаў, пагаршае сан. стан і выклікае інш. негатыўныя з’явы. На К.в. адбіваюцца кіслотнасць глебы, змыў з палёў мінер. угнаенняў і інш. рэчываў, у склад якіх уваходзяць злучэнні серы і азоту; вял. ўплыў аказваюць кіслотныя дажджы. На тэр. Беларусі кіслотнасць прыродных вод у межах pH 6,3—8,5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1961 у г. Клецк Мінскай вобл. як школьны, з 1979 дзяржаўны. Пл. экспазіцыі 194 м², больш за 4,6 тыс. адзінак асн. фонду (1998). Сярод экспанатаў посуд, касцяныя грабеньчыкі 11—17 ст., шкляныя бранзалеты 12—13 ст., кафля 16—17 ст. з археал. раскопак на тэр. раёна, зброя 18 — пач. 20 ст., матэрыялы пра ўдзел жыхароў у грамадз. вайне, пра барацьбу за сац. і нац. вызваленне ў Зах. Беларусі, пра стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, успаміны А.Іверса, творы жывапісу, кнігі з аўтографамі К.Крапівы, Г.Гарэцкага і інш., прылады працы і побыту бел. сялян 19 — пач. 20 ст., нар.муз. інструменты, калекцыі нар. адзення, тканін, вырабаў мясц. пляцення і керамікі. Музей рэгулярна праводзіць выстаўкі нар. творчасці мясц. умельцаў, нар. строяў, прац мясц. мастакоў, прысвечаных клецкім Радзівілам, развіццю пісьменнасці і друку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІЯ АБАРО́НЧЫЯ ЎМАЦАВА́ННІ,
комплекс драўляна-земляных умацаванняў Клецка ў 11—18 ст. Складаліся з дзядзінца (Высокага замка) і вакольнага горада (Дольнага замка). Пляцоўка першапачатковага дзядзінца мела форму, блізкую да круга, была ўмацавана валам, з боку поля — ровам. Мела драўляную сцяну ў выглядзе састаўленых клецей (адсюль назва горада). Дзядзінец збудаваны, відаць, у сярэдзіне 11 ст., узмоцнены ў 1-й пал. 13 ст., меў мураваны склеп і цэйхгауз са зброяй. Вакольны горад пабудаваны ў 12—13 ст. Складаўся з землянога вала з драўлянай сцяной і рова, мостам злучаўся з дзядзінцам. У сярэдзіне 13 ст. ўмацаванні разбураны, у 1503 спалены крымскімі татарамі, потым адбудаваны. На тэр. вакольнага горада ў 1-й пал. 17 ст. размяшчаўся асабісты двор Радзівілаў. На працягу 17—18 ст. усе ўмацаванні разбурыліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАТ ГО́РАДА,
мясцовы клімат вял. горада. Яго асаблівасці вызначаюцца характарам забудовы і пакрыцця вуліц, наяўнасцю прамысл. прадпрыемстваў, насычанасцю транспартам і інш. Характарызуецца павышанымі т-рамі і забруджанасцю паветра (іншы раз смогам), аслабленнем сонечнай радыяцыі, памяншэннем выпарэння і адноснай вільготнасці, павелічэннем воблачнасці і ападкаў летам, туманаў зімой, памяншэннем скорасці ветру. Унутры горада на асобных вуліцах і плошчах ствараецца мноства тыпаў мікракліматаў. У Мінску сярэднегадавая т-ра паветра на 0,3 °C вышэйшая, чым на ўскраінах. Летам ноччу пры бязвоблачным і бязветраным надвор’і розніца т-р павялічваецца да 5—6 °C. Празрыстасць атмасферы ў Мінску на 3%, а ў найб. забруджаных раёнах на 5% ніжэйшая, чым у сельскай мясцовасці, што зніжае гадавы прыход прамой сонечнай радыяцыі на 12—15%. Колькасць ападкаў у Мінску на 80 мм большая, чым у наваколлі. Сярэдняя гадавая скорасць ветру на тэр. Мінскай метэастанцыі на 0,5 м/с меншая, чым на навакольных станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЖАР (Ілья Паўлавіч) (3.8.1902, в. Малое Гальцэва Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 13.10.1967),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху на тэр. Гомельскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦКВКП(б) (1949). З 1924 на сав. і парт. рабоце ў Аршанскай акрузе, Раснянскім і Круглянскім р-нах Магілёўскай, Брагінскім, Веткаўскім, Лоеўскім р-нах Гомельскай абл. З жн. 1940 сакратар Гомельскага абкома КП(б)Б. У Вял.Айч. вайну ў тыле ворага, з жн. 1941 сакратар Гомельскага падп. абкома КП(б)Б, адначасова з ліст. 1942 камандзір Гомельскага партыз. злучэння. З 1943 сакратар Гомельскага абкома КП(б)Б, у апараце ЦККП(б)Б. У 1947—63 дырэктар Мінскай ВПШ, выкладчык БДУ. Чл.ЦККПБ у 1952—61, у 1963—66 старшыня Рэвіз. камісіі КПБ. Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1951—63, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАС (Іван Андрэевіч) (н. 5.6.1923, в. Каратынічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
адзін з арганізатараў партыз. руху на Палессі ў Вял.Айч. вайну, разведчык. Герой Расійскай Федэрацыі (1994), палк. (1985). Скончыў Мазырскае пед. вучылішча (1939). З 1942 на падп. рабоце ў тыле ворага ў Харкаўскай вобл., потым у Лельчыцкім р-не — камандзір партыз. атрадаў імя Кутузава, імя Калініна і інш. У 1943—44 вёў падп. і развед. работу на акупіраванай тэр. Пінскага, Баранавіцкага, Лідскага, Ваўкавыскага р-наў, Польшчы. У вер. 1944 у час Варшаўскага паўстання 1944 па заданні Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання закінуты ў Варшаву. Потым да канца вайны вёў разведку ў Берліне. З 1949 у Гал. разведупраўленні Мін-ва абароны СССР. Аўтар шэрагу кніг аб Вял.Айч. вайне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛАСАЎСКІ ЗАКА́ЗНІК.
Засн. 22.9 1972 у Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. з мэтай захавання прыроднага комплексу мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю нар. паэта Беларусі Я.Коласа. Агульная пл. 269 га. Уключае тэрыторыю, прылеглую да Смольні (113 га, каля в. Мікалаеўшчына, сюды паэт неаднаразова прыязджаў, у 1912 тут адбылася першая яго сустрэча з Я.Купалам), Альбуці (89 га, дзе Я.Колас жыў у 1890—1902 і якую ён апаэтызаваў у паэме «Новая зямля»), Ластку (47 га, дзе прайшлі дзіцячыя гады паэта — 1885—90; гл. ў арт.Коласа Якуба літаратурна-мемарыяльнага музея філіял), урочышча Бервянец (Дубы; 20 га, маляўнічая мясціна на беразе Нёмана, апісаная Я.Коласам у шматлікіх творах). У 1990 на тэр. заказніка адкрыты маст.-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа», які пачынаецца каля мемарыяльнай сядзібы Акінчыцы, налічвае больш за 40 драўляных скульптур па матывах твораў Я.Коласа.
З.М.Хамароўская.
Коласаўскі заказнік. Мастацка-мемарыяльны комплекс «Шлях Коласа». Фрагмент.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУРУ́ЗА, маіс (Zea mays),
кветкавая расліна сям. метлюжковых. Радзіма — Цэнтр. і Паўд. Амерыка. Уведзена ў культуру на тэр. сучаснай Мексікі каля 5200 да н.э., у Еўропе — з канца 15 ст. Вырошчваецца ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усх. Еўропе, Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. і Усх. Афрыцы.
Аднагадовая травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 6 м. Каранёвая сістэма валасніковістая. Лісце шырокае, лінейна-ланцэтнае, хвалістае па краях. Кветкі аднаполыя. Мужчынскія суквецці — мяцёлкі на верхавінцы сцябла, жаночыя — катахі ў лісцепадобных абгортках у пазухах лісця. Плод — зярняўка. Па будове і марфалогіі насення К. падзяляецца на 9 бат. груп. Зерне, сцёблы, лісце, катахі выкарыстоўваюцца ў вытворчасці прадуктаў і вырабаў (напр., алей, кансервы, крупы, крухмал, кукурузныя шматкі, мёд, мука, папера, пластмаса і інш). Кармавая і харч. расліна.
Літ.:
Грушка Я. Монография о кукурузе: Пер. с чеш. М., 1965;
Шмараев Г.В. Кукуруза: (Филогения, классификация, селекция). М., 1975.