БАЛЕА́РСКІЯ АСТРАВЫ́ (Baleares),

аўтаномная вобласць Іспаніі на аднайм. астравах у зах. ч. Міжземнага м., за 200 км на У ад Пірэнейскага п-ва. Складаецца з двух вял. астравоў — Мальёрка і Меноркаі архіпелага Пітыузскіх астравоў. Пл. 5 тыс. км². Нас. 709 тыс. чал. (1991), пераважна каталонцы. Адм. ц. і гал. порт — г. Пальма.

У рэльефе пераважаюць нізінныя, узгорыстыя і платопадобныя паверхні, на в-ве Мальёрка горны хрыбет выш. да 1445 м. Развіты карст. Клімат міжземнаморскі, з гарачым сухім летам і вільготнай зімой; ападкаў 400—600 мм за год. Гаі каменнага дубу, алепскай хвоі, зараснікі калючых хмызнякоў (маквіс, гарыга). Пераважае субтрапічная сельская гаспадарка на арашальных землях (вінаграднікі, цытрусавыя, аліўкі, агароднінныя культуры). Жывёлагадоўля. Рыбалоўства. Буйны цэнтр марскіх курортаў і міжнар. турызму. У гарадах тэкст., гарбарна-абутковыя, харч. (у т. л. вінаробныя), суднабуд., шкларобныя, дрэваапр. прадпрыемствы. Вытв-сць дываноў. Аэрапорты каля гарадоў Пальма, Маон, Івіса. Аўтамаб. паромы злучаюць Балеарскія астравы з партамі Іспаніі, Францыі і Італіі.

т. 2, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУ́ТАК АРТАПЕДЫ́ЧНЫ,

спецыяльны абутак для людзей з дэфармаванымі ступнямі і ступнямі з функцыянальным дэфектам. Дапамагае выправіць пач. няўстойлівую дэфармацыю ступні, кампенсаваць пакарачэнне канечнасці, павялічыць плошчу апоры, падтрымаць звод ступні, вызваліць балючыя месцы ад нагрузкі, зрабіць канечнасць апорнай, калі дэфармацыю нельга ліквідаваць хірург. метадамі. Паказанні для нашэння: плоскаступнёвасць, пакарачэнне ступні і канечнасці; касалапасць, паралітычныя дэфармацыі ступняў, аплікозы галёнкаступнёвага сустава; хранічныя ацёкі і інш. Артапедычны абутак носяць таксама на артапедычных апаратах, гіпсавых павязках і пратэзах. Вырабляецца ён індывідуальна пад кантролем урача.

Просты артапедычны абутак мала адрозніваецца ад звычайнага; складаны мае спец. канструкцыю верху і нізу. Адной з гал. частак артапедычнага абутку з’яўляецца пластычная вусцілка (супінатар), якую вырабляюць па злепку са ступні. Верх. Артапедычнага абутку ўмацоўваюць «падтрымкамі» або цвёрдымі паўгарсэтамі. Вышыню верху пры паралічы мышцаў галёнкі павялічваюць да палавіны лыткі. На Беларусі вырабляюць і рамантуюць артапедычны абутак на Мінскім пратэзным з-дзе і ў пратэзных майстэрнях абл. цэнтраў.

А.​У.​Руцкі.

т. 1, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ пры СНК СССР

(АДПУ),

орган па ахове дзярж. бяспекі ў СССР у 1923—34. Створана 2.11.1923 у выніку рэарганізацыі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення РСФСР і ДПУ саюзных рэспублік у сувязі з утварэннем СССР. Паводле Палажэння аб АДПУ ад 15.11.1923 яно стваралася «з мэтай аб’яднання рэв. намаганняў рэспублікі па барацьбе з паліт. і эканам. контррэвалюцыяй, шпіянажам і бандытызмам». Узначальвалі АДПУ Ф.Э.Дзяржынскі, з 1926 В.Р.Мянжынскі. АДПУ кіравала ДПУ саюзных рэспублік і асобымі аддзеламі, а таксама трансп. органамі, аховай граніц СССР, аператыўнай работай у агульнасаюзным маштабе, мела ў распараджэнні асобыя войскі. У 1923 паводле пастановы ЦВК СССР пры АДПУ створана Калегія, або асобая нарада, якая без суда разглядала справы і выносіла рашэнні аб накіраванні ў канцлагеры або расстрэле асоб, прызнаных вінаватымі. Загадам старшыні АДПУ ад 2.2.1930 пры паўнамоцных прадстаўніцтвах АДПУ у рэспубліках і абласцях былі сфарміраваны «тройкі» з такімі ж паўнамоцтвамі. АДПУ скасавана ў выніку рэарганізацыі дзярж. апарату СССР. Замест яго ў сістэме НКУС створана Гал. ўпраўленне дзяржбяспекі.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 1, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЯЛІ́КАЯ КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ»,

зборнікі дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі. Выдадзены ў 10 кнігах (кожная пад сваёй назвай) у 1957—63 у Маскве на рус. мове Ін-там гісторыі АН СССР, Ін-там марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС і Гал. архіўным упраўленнем пры СМ СССР. 1-ы том прысвечаны рэв. руху ў Расіі пасля звяржэння манархіі (лют. 1917), 2-і — Красавіцкаму крызісу 1917, 3-іЧэрвеньскаму крызісу 1917, 4-ы — Ліпеньскаму крызісу 1917, 5-ы — разгрому Карнілава мяцяжу 1917, 6-ы — рэв. руху ў Расіі ў вер. 1917, 7-ы — падрыхтоўцы ўзбр. паўстання ў кастр. 1917, 8-ы — Кастрычніцкаму ўзбр. паўстанню ў Петраградзе, 9-ы і 10-ы — устанаўленню сав. улады ў Расіі. Большасць дакументаў, якія асвятляюць рэв. падзеі канца 1917 — пач. 1918 на бел. землях, раней былі змешчаны ў зб-ках «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя на Беларусі» (т. 1—2, 1957), «З гісторыі ўстанаўлення Савецкай улады на Беларусі і ўтварэння БССР» (т. 4, 1954) і інш.

т. 4, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ (Валянцін Канстанцінавіч) (н. 22.7.1934, в. Уласава Валагодскай вобл., Расія),

бел. артыст балета. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыўшы студыю класічнага танца пры Ленінградскім Палацы культуры імя Горкага (1954), працаваў у т-рах Алматы і Пермі. У 1956—72 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1956—67 педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Адзін з вядучых выканаўцаў гал. партый класічнага рэпертуару. Творчай манеры Давыдава былі ўласцівы высакароднасць і чысціня пластычнай формы, пачуццё стылю, эмацыянальная насычанасць танца. Сярод партый: Мікалай («Мара» Я.​Глебава), Андрэй, Алесь («Падстаўная нявеста», «Святло і цені» Г.​Вагнера), Зігфрыд, Дэзірэ, Прынц («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Франц («Блакітны Дунай» на муз. І.​Штрауса), Юнак («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Феб («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Прынц, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Спартак, Гармодый («Спартак» А.​Хачатурана), Лені («Сцежкаю грому» К.​Караева).

А.​І.​Калядэнка.

В.К.Давыдаў.
В.Давыдаў у партыі Юнака.

т. 5, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛГУ́ШЫН (Мікіта Аляксандравіч) (н. 8.11.1938, С.-Пецярбург),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Расіі (1976). Нар. арт. СССР (1988). Д-р гуманітарных н. (1991). Скончыў харэаграфічнае вучылішча (1959) і кансерваторыю (1980) у Ленінградзе. У 1968—83 у Ленінградскім Малым т-ры оперы і балета. Майстар адточанага элегантнага танца. Сярод партый: Ферхад («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Князь («Яраслаўна» Б.​Цішчанкі), Джэймс («Сільфіда» Ж.​Шнейцгофера), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева). Ставіў пераважна аднаактовыя балеты, дзе выконваў гал. партыі: «Канцэрт у белым» на муз. Чайкоўскага (1969), «Клітэмнестра» на муз. К.​Глюка (1972) і інш. З 1983 выкладчык (з 1990 праф.) і кіраўнік балета Муз. т-ра С.-Пецярбургскай кансерваторыі. Сярод пастановак: «Кароль Лір» на муз. С.​Насідзе (1990, разам з Г.​Алексідзе; партыя караля Ліра), «Спячая прыгажуня» (1992) і «Шчаўкунок» (1994) Чайкоўскага і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1964). Яго творчасці прысвечаны фільм «Мікіта Далгушын. Філасофія танца» (1992), тэлефільм «Танцуе Мікіта Далгушын» (1982).

т. 6, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬБАХ ((Holbach) Поль Анры дэ) (снеж. 1723, Эдэсгайм, каля г. Ландаў-ін-дэр-Пфальц, Германія — 21.6.1789),

французскі філосаф і асветнік. Паводле паходжання ням. барон, б. ч. жыцця правёў у Францыі. Супрацоўнік «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро і Ж.​Д’Аламбера. У гал. філас. творы «Сістэма прыроды, або Пра законы свету фізічнага і свету духоўнага» (т. 1—2, 1770) Гольбах сцвярджаў першаснасць і нестваральнасць матэрыяльнага свету, яго бясконцасць у часе і прасторы, і што існуе ён незалежна ад свядомасці чалавека. Атрыбутам матэрыі лічыў рух, які разглядаў як простае перамяшчэнне цел. Чалавек, паводле Гольбаха, — частка прыроды, цалкам падпарадкаваная яе законам. У палітыцы — прыхільнік канстытуцыйнай манархіі, у шэрагу выпадкаў — асветнага абсалютызму. Вырашальную ролю ў гісторыі надаваў дзейнасці заканадаўцаў. Шлях да сац. вызвалення людзей бачыў у асвеце. Абараняў ідэі «натуральнага права» і «грамадскага дагавору». Разам з К.Гельвецыем адыграў пэўную ролю ў ідэйнай падрыхтоўцы утапічнага сацыялізму 19 ст.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1963.

т. 5, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕСТА́ПА (ням. Gestapo, скарочана ад Geheime Staatspolizei),

дзяржаўная тайная паліцыя ў фаш. Германіі ў 1933 — 45. Засн. пад кіраўніцтвам Г.​Герынга ў Прусіі з мэтай задушэння апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Восенню 1934 створана агульнадзярж. гестапа (узаконена дэкрэтам ад 17.6.1936). У сваёй дзейнасці выкарыстоўвала прэвентыўныя арышты, жорсткія катаванні, правакацыі і інш. З вер. 1939 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі (РСХА). У 2-ю сусв. вайну органы гестапа найб. актыўна праследавалі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення ў акупіраваных ням.-фаш. войскамі краінах, у т. л. на тэр. Беларусі. Складалася з 5 аддзелаў (барацьба з паліт. праціўнікамі нацызму; нагляд за паліт. дзейнасцю каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў, рэліг. сект, яўрэяў, франкмасонаў і апазіц. плыней у маладзёжным асяроддзі; картатэка, друк і складанне дасье; справы акупіраваных тэрыторый; контрразведка і барацьба са шпіянажам). Шэфамі гестапа былі Г.​Гімлер (1934—39) і Г.​Мюлер (1939—45). Пасля падзення нацысцкай дыктатуры паводле закона №2 Саюзнага кантрольнага савета ў Германіі гестапа ліквідавана і абвешчана па-за законам. На Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй.

т. 5, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЯ́Н ((Karajan) Герберт фон) (5.4.1908, г. Зальцбург, Аўстрыя — 16.7.1989),

аўстрыйскі дырыжор. Вучыўся ў «Моцартэуме» ў Зальцбургу і Венскай акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва ў Ф.​Шалька. Дэбютаваў у 1927. У 1941—44 кіраўнік Берлінскай дзярж. капэлы. З 1947 дырыжор (з 1949 і дырэктар) Т-ва сяброў музыкі ў Вене. З 1955 гал. дырыжор Берлінскага філарманічнага аркестра, адначасова ў 1956—64 муз. кіраўнік Венскай дзярж. оперы. Буйнейшы сімф. і оперны дырыжор, выступаў у буйнейшых т-рах свету. У інтэрпрэтацыях сімф. і опернай музыкі дасягнуў выдатнага маст. ўзроўню. Здзейсніў шэраг значных оперных пастановак (у т. л. «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага, 1965; «Містэрыя канца часу» К.​Орфа, 1973). Дырыжор і пастаноўшчык фільмаў «Паяцы», «Кармэн», «Дзевятая сімфонія Л.​Бетховена». Прэмія Міжнар. муз. савета пры ЮНЕСКА 1983. У 1969 заснаваў Фонд Герберта Караяна з рэгулярнымі міжнар. конкурсамі маладых дырыжораў і аркестраў. У 1983 ЮНЕСКА зацверджаны Міжнар. прыз імя К. за заслугі ў галіне развіцця муз. мастацтва.

Літ.:

Робинсон П. Караян: Пер. с англ. М., 1981.

Г. фон Караян.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛО́ВІЧ ((Karłowicz) Мечыслаў) (11.12.1876, в. Вішнева Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.2.1909),

польскі кампазітар, дырыжор. Сын Я.Карловіча. Вучыўся кампазіцыі і скрыпічнай ігры ў Гайдэльбергу (Германія), Варшаве і Берліне. Арганізатар (1902) і дырыжор (у 1905—06 гал. дырыжор) сімф. аркестра пры Варшаўскім муз. т-ве. З 1906 удзельнік групы кампазітараў «Маладая Польшча». Першы буйны сімфаніст у гісторыі польскай музыкі. Асн. творы: праграмная сімфонія «Адраджэнне» (1902), 7 сімф. паэм, у т. л. «Зваротныя хвалі», «Станіслаў і Ганна Асвецімы» (1907), «Эпізод на маскарадзе» (1908); камерна-інстр. ансамблі; фп. творы; рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў. Цікавіўся фальклорам, у т. л. беларускім. У 1900 запісаў некалькі ўзораў бел. муз. фальклору, асобныя запісы выкарыстаў у сімф. трыпціху «Адвечныя песні» (1904—06) і ў «Літоўскай рапсодыі» (1906). Муз. пісьменнік і крытык.

Літ.:

Бэлза И. Мечислав Карлович. М.; Л., 1951;

Карасиньская И. Ян и Мечислав Карловичи и их роль в развитии русско-польских связей // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963.

Г.​І.​Цітовіч.

М.Карловіч.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)