БІ́СЕР (ад араб. бусра шклярус),

дробныя рознакаляровыя шкляныя (часам металічныя) пацеркі з адтулінамі. Выкарыстоўваюцца для вышывання (на прадметах побыту, жаночага адзення і інш.).

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГАЖЭМЕ́НТ (ад франц. engagement абавязацельства, наём),

кантракт, заключаны з акцёрам на пэўны тэрмін і на пэўных умовах для ўдзелу ў спектаклях або канцэртах.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ФЕР (англ. buffer ад buff змякчаць штуршкі),

прыстасаванне для паслаблення сілы ўдару на трансп. сродках (лакаматывах, вагонах і інш.). Аўтамабільны буфер наз. бамперам.

т. 3, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НФАР (грэч. kantharos),

старажытнагрэчаскі кубак для віна з 2 верт. ручкамі, звычайна глінянымі, радзей металічнымі. Вядомы з 6 ст. да н. э.

Канфар.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́КА (ад франц. clique шайка, банда),

група людзей, якія аб’ядналіся для дасягнення сваіх карысных авантурыстычных ці злачынных мэт (напр., злачынная К., прыдворная К.).

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ТЛІК,

у беларусаў адзенне немаўлят; прамавугольны кавалак тонкага, мяккага льнянога палатна з круглай дзіркай пасярэдзіне для галавы. Звычайна кроілі з вынашанай матчынай кашулі.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́РНАЯ МАШЫ́НА,

машына для тушэння пажару. Да П.м. адносяць пажарныя аўтамабілі, паязды, судны, самалёты, верталёты, мотапомпы і інш. матарызаваныя сродкі. Гл. Пажарная тэхніка.

т. 11, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕ́КТАР (ад лац. projector які кідае наперад),

абагульняльная назва аптычных прылад для атрымання на экране відарысаў дыяпазітываў, чарцяжоў і інш. Гл. Праекцыйны апарат.

т. 12, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎКА ДРАЎНІ́НЫ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, звязаных з наданнем драўніне і вырабам формы, памераў і ўласцівасцяў. Для апрацоўкі драўніны выкарыстоўваюць лесапільныя рамы, круглапільныя станкі, дрэварэзальны інструмент, дрэваапрацоўчыя станкі і інш. Асн. спосабы апрацоўкі драўніны: рэзанне (дзяўбанне, лушчэнне, пілаванне, свідраванне, струганне, фрэзераванне, шліфаванне), гнуццё, прасаванне, расколванне (гл. Сталярныя работы, Цяслярныя работы).

Апрацоўка драўніны ўключае таксама сушку і вымочванне для выдалення раслінных сокаў, насычэнне драўніны сінт. смоламі, аміякам (мадыфікацыя драўніны), антыпірэнамі, антысептычнымі сродкамі (кансерваванне), аддзелку вырабаў, пры якой ствараюцца дэкаратыўна-ахоўныя пакрыцці з лакафарбавых ці плёначных матэрыялаў. Аддзелка ўключае падрыхтоўку паверхні (фарбаванне, грунтаванне, шпакляванне, шліфаванне), нанясенне тэкстурнага малюнка, лакафарбавых матэрыялаў (у распыляльных камерах, рэзервуарах, пры дапамозе лаканаліўных машын), высушванне пакрыццяў (у сушыльных ці апрамяняльных камерах), аздабленне (машынамі для выраўноўвання і паліравання), пакрыццё плёначнымі матэрыяламі (многааперацыйнымі агрэгатамі). Спец. віды апрацоўкі драўніны — разьба па дрэве, выпальванне, інкрустацыя. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.

Літ.:

Прозоровский Н.И. Технология отделки столярных изделий. 5 изд. М., 1991;

Амалицкий В.В., Любченко В.И. Справочник молодого станочника по деревообработке. 2 изд. М., 1978.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПТЫ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА вымяральная,

прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на выкарыстанні эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону. З дапамогай аптычнай прылады вымяраюць лінейныя і вуглавыя памеры, некаторыя фіз. велічыні, параўноўваюць форму вырабу ці стан апрацаваных паверхняў з эталонам. Адрозніваюць рабочыя (для практычных вымярэнняў) і ўзорныя, па якіх вывяраюць рабочыя аптычныя прылады.

Асноўная частка аптычнай прылады — аптычная сістэма з лінзаў, люстэркаў, прызмаў і інш., прызначаных для ўтварэння відарысаў прадметаў на сятчатцы вока, экране і інш. або перадачы светлавой энергіі. Для іх разліку карыстаюцца формуламі геам. оптыкі. Канструкцыя прылады абумоўлена метадам вымярэнняў. Паводле прынцыпу дзеяння аптычнай прылады бываюць з аптычным візіраваннем і мех. (электронным або інш. неаптычным) адлікам перамяшчэння пунктаў кантакту з аб’ектам вымярэння (праектары, інстр. мікраскопы, праекцыйныя насадкі), аптычным візіраваннем і аптычным адлікам перамяшчэння (вымяральныя мікраскопы, інтэрферэнцыйныя кампаратары), з мех. кантактам з аб’ектам вымярэння і аптычным адлікам перамяшчэння (аптыметры, кантактныя інтэрферометры, аптычныя даўжынямеры). Выкарыстоўваюцца ў машына- і прыладабудаванні, геадэзіі і інш.

т. 1, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)