падтып прасцейшых тыпу саркамастыгафор, паінш. сістэме — кл. тыпу прасцейшых, якія маюць жгуцікі. 2 кл. (падкл.) — раслінныя Ж., або фітамастыгіны (Phytomastigina), і жывёльныя Ж., або зоамастыгіны (Zoomastigina). 13 атр., каля 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных, таксама ў марскіх водах і часткова ў глебе. Ёсць паразіты жывёл і чалавека. Найб. вядомыя Ж.: апаліны, лейшманіі, лямбліі, трыпанасомы, трыхаманады, эўгленавыя водарасці, вальвоксы, хламідаманады.
Даўж. цела ад 2—5 мікраметраў (лейшманіі) да 1 мм (некат. апаліны). Форма цела верацёна-, яйца-, шарападобная, цыліндрычная і інш. Цела ўкрыта пелікулай, хіцінападобным панцырам ці абалонкай з клятчаткавых пласцінак. Жгуцікаў ад 1—8 (на пярэднім канцы) да некалькіх тысяч (па ўсім целе); даўж. іх ад некалькіх да дзесяткаў мікраметраў. Клетачнае ядро пераважна адно, ёсць двух- (лямбліі) і мнагаядзерныя (апаліны). Некат. ўтвараюць калоніі (вальвокс). Размнажэнне ў асн. бясполае (падоўжаным дзяленнем папалам). Палавы працэс па тыпу капуляцыі гамет. Паводле спосабу кармлення — аўтатрофы, гетэратрофы, міксатрофы. Удзельнічаюць у кругавароце рэчываў у прыродзе, працэсах самаачышчэння вады. Індыкатары забруджвання вод. Некат. выклікаюць хваробы (напр., лейшманіёз, лямбліёз. сонную хваробу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛО́ДЗЕЖНЫ РОЎ,
геалагічнае агаленне на паўд. ускраіне г. Гродна, на правым беразе р. Нёман; помнік прыроды рэсп. значэння. Уключае адклады позналедавікоўя бярэзінскага зледзянення, александрыйскага міжледавікоўя і пач.дняпроўскага зледзянення. Пл. пакладу каля 66 тыс.м². Даўж. яра 1,5 км, глыб. каля вусця 30 м. Магутнасць азёрных і балотных адкладаў (сапрапелі, торф, супескі, суглінкі і пяскі) да 9,1 м, якія выходзяць на паверхню ў сценках К.р. на адлегласці 620—855 м ад вусця. Адклады К.р. з’яўляюцца адным з самых багатых на Беларусі месцазнаходжанняў рэштак выкапнёвых раслін і жывёл. Па пылку, спорах, пладах, насенні, шышках хваёвых і інш. фасіліях у іх вызначана каля 200 відаў кветкавых і споравых раслін, па крамяністых створках — 96 відаў дыятомавых водарасцей, па ракавінах — 26 відаў астракод. Лінза азёрна-балотных адкладаў прымеркавана да тоўшчы флювіягляцыяльных парод, у якіх за яе межамі трапляюцца глыбы кангламерату (печуры), што ўтварыліся пры цэментацыі карбанатным растворам жвірова-галечна-валуннага матэрыялу. У тоўшчы флювіягляцыялу і на паверхні лінзы месцамі залягае «брук» — суцэльны пласт валуноў, што засталіся ад размыву ледавіковых утварэнняў.
Т.В.Якубоўская.
Да арт.Калодзежны роў. Галечна-валунны кангламерат на паўднёвай ускраіне г. Гродна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДСКАЯ БІЯГЕАГРАФІЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адна з абласцей Неарктычнага падцарства. Займае паўн. частку амер. мацерыка; паўд. мяжа пралягае па 50°паўн. ш. Уключае 3 падвобласці: Аляскінская, Грэнландская і Лабрадорская. Асн. ландшафтныя зоны — тундра і тайга.
Флора тундры падобна на еўразійскую. Звычайныя прадстаўнікі — асаковыя, імхі, карлікавая вярба, лішайнікі, падвеі, палярная бярозка (ернік). Тайга пры агульным падабенстве да еўразійскай адрозніваецца вял. прымессю лісцевых парод і па відавой разнастайнасці пераўзыходзіць тайгу Еўразіі. Вял. колькасць відаў піхтаў, хвоі, елак, многія з іх эндэмічныя. Тыповыя эндэмікі — мамантавае дрэва і секвоя. Фауна падобная да палеарктычнай, але ў напрамку паПд падабенства змяншаецца. З эндэмікаў вызначаюцца аўцабык, бізон лясны, каза снежная, 2 віды лемінгаў, мыш лемінгавая. скунс, сурок сівы, янот-паласкун, валасянка амерыканская, казарка канадская, 2 віды калібры, сойка блакітная, ласосеакунь, чукучан. Тыповыя прадстаўнікі фауны — алень паўночны (карыбу), андатра, бабёр канадскі, баран снежны, мядзведзі (барыбал. белы, грызлі), сурок лясны, суслік даўгахвосты (арктычны), курапаткі белая і тундравая, сава палярная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІЛІ́М,
двухбаковая бязворсавая ўзорыстая тканіна ручной або мануфактурнай вытв-сці, ніткі асновы якой моцна збітыя паміж сабой і цалкам схаваны пад ніткамі ўтку. Ваўняная аснова К. грубейшая і радзейшая за ўток, які быў ваўняны ці баваўняны (у краінах Азіі), ільняны, канапляны (у Еўропе), ваўняны (на Балканах). К. ўпрыгожваліся каляровымі палосамі, геам., радзей раслінным ці антрапаморфным арнаментам. Выкарыстоўвалі для засцілання, упрыгожання і ацяплення інтэр’ераў, дэкарыравання трун і катафалкаў. Тканіны ў тэхніцы К. вядомы з 5—4 ст. да н.э. ў фракійцаў, скіфаў, сарматаў і інш. З сярэдневякоўя да пач. 19 ст. пашырыліся ў краінах Еўропы і Азіі. Найлепшай якасцю вызначаліся К. Персіі, Турцыі, Скандынавіі.
На Беларусі К. вядомы з 17 ст. Вырабляліся нар. майстрамі, у маёнтках (уручную) і на мануфактурах. У 1733 Ганна Радзівіл адкрыла мануфактуру па вырабе К. ў Бельску-Падляскім (па эскізах мастакоў К.Д.Гескага і К.Лютніцкага). Т. зв. тызенгаўзаўскія К. выраблялі на Гродзенскіх каралеўскіх мануфактурах (з 1768; па эскізах мастакоў В.Дзюпінэ, Л.Фалевіле). Традыцыі ткацтва К. захаваліся ў гродзенскіх нар. падвойных дыванах (вырабы С.Бахун, Д.Буйноўскай, Р.Маселбас, Э.Плюцінскай, А.Ярашэвіч і інш.).
Літ.:
Błachowski A. Ludowe dywany dwuosnowowe w Polsce. Toruń, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́БЫ (араб.),
кнігі, напісаныя на бел. мове арабскім пісьмом. Ствараліся з 16 ст. татарамі, што пасяліліся на Беларусі ў 14 ст. Змест К. — усх. легенды, казкі, прыгодніцкія аповесці, апісанні мусульм. рытуалаў, т. зв. Мерадж (паэма пра ўзнясенне Магамета на неба), варажба па літарах Карана, маральна-этычныя павучанні для моладзі, разгадванне сноў і інш. Акрамя К. існуюць тэфсіры (Каран з падрадковым каментарыем па-беларуску ці па-польску), тэджвіджы (правілы чытання Карана), хамаілы (малітоўнік). Напісаны і чытаюцца К. справа налева, радок суцэльны, без знакаў прыпынку і без падзелу на словы, кожны наступны радок роўны з папярэднім да адной літары. Новы твор пачынаецца словамі «баб» (раздзел) ці «хікайет» (аповесць). Мова К. блізкая да нар.бел. мовы (у тэкстах сустракаюцца словы, фразеалагізмы, сінтаксічныя канструкцыі, якія ўжываліся ў бел. мове 17—19 ст. і захаваліся да нашага часу). Вывучэнне К. пачалося ў сярэдзіне 19 ст.Найб. грунтоўна даследаваў А.К.Антановіч, а таксама І.І.Луцкевіч, Я.Станкевіч. Вядомы польскія тэксты (творы, урыўкі), напісаныя араб. пісьмом.
Літ.:
Антонович АК. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. Вильнюс, 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ДЭКС РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ АБ АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНЫХ ПРАВАПАРУШЭ́ННЯХ,
адзіны сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з адм. правапарушэннямі і прыцягненнем за іх да адказнасці. Прыняты Вярх. Саветам БССР 6.12.1984 і ўведзены ў дзеянне з 1.6.1985. Дзейнічае са зменамі і дапаўненнямі, унесенымі ў адм. заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Складаецца з 5 раздзелаў (32 главы, больш за 300 артыкулаў). У Кодэксе выкладзены задачы заканадаўства аб адм. правапарушэннях і мерах па іх прадухіленні; сфармуляваны паняцці адм. правапарушэння і адм. спагнання, вызначаны ўмовы і акалічнасці, пры якіх настае адм. адказнасць; пералічаны канкрэтныя віды адм. правапарушэнняў і адм. спагнанняў за кожнае з іх у розных сферах дзярж., грамадскай і гасп. дзейнасці; вызначаны органы і службовыя асобы, правамоцныя разглядаць справы аб адм. правапарушэннях, іх падведамаснасць і кампетэнцыя; рэгулююцца пытанні вытворчасці па справах аб адм. правапарушэннях і выканаўчага вядзення іх; вызначаны парадак і формы фіксацыі фактаў адм. правапарушэнняў, службовых асоб, правамоцных гэтым займацца, і меры, з дапамогай якіх забяспечваецца вытворчасць па справах аб адм. правапарушэннях; рэгламентуюцца правы і абавязкі правапарушальнікаў і інш. асоб, якіх прыцягваюць да разгляду спраў, і парадак іх разгляду адпаведнымі органамі, замацоўваюць права на абскарджанне і апратэставанне іх рашэнняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ ПРАРЫ́Ў 1920,
прарыў Паўн. атрада Дняпроўскай ваеннай флатыліі (5 кананерскіх лодак, 2 тральшчыкі, 2 пасыльныя судны) праз умацаваны раён праціўніка на Дняпры каля г.п.Лоеў у савецка-польскую вайну 1920. Мэта аперацыі — прайсці ад Гомеля (вусце р. Сож) уніз па Дняпры і забяспечыць пераправу ўдарнай групы 1-й арміі Паўд.-Зах. фронту каля сутокаў Прыпяці і Дняпра. Каб увесці праціўніка ў зман адносна сапраўднага месца прарыву, маракі разам з партызанамі і падпольшчыкамі папсавалі яго лініі сувязі, разведалі праходы, напалі на суседнія польск. гарнізоны, наладзілі несапраўдную пераправу на Пн ад Лоева. Ноччу 2 чэрв. атрад пад агульным кіраўніцтвам каманд. флатыліяй П.І.Смірнова па Сажы ад в. Карпаўка (па рацэ вышэй Лоева) падышоў да Лоева і на світанку з боем прарваўся праз умацаваны раён і ўчастак з разбураным мостам. Пры падтрымцы 57-й дывізіі кананеркі (2 з іх страчаны) дасягнулі вусця Прыпяці каля в. Печкі, дзе адбылася пераправа войск Чырв. Арміі.
Літ.:
Паўловіч Р.К. Баявыя дзеянні Дняпроўскай флатыліі на тэрыторыі Беларусі ў 1919—1920 гт. і ў верасні 1939 г. // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт.навук. 1997. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАТЭЛУРЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ РАЗВЕ́ДКІ,
адзін з кірункаў геафізічнай разведкі, заснаваны на вывучэнні пераменных у часе і па частаце варыяцый прыродных тэлурычных эл. токаў у прыпаверхневай ч. Зямлі. Тэлурычныя токі ствараюцца варыяцыямі магнітнага паля Зямлі і эл. канвекцыйнымі працэсамі ў зямной кары і атмасферы, характар іх варыяцый залежыць ад геал. будовы. Адрозніваюць метады: тэлурычных токаў (ТТ), магнітатэлурычнага зандзіравання (МТЗ) і магнітатэлурычнага прафілявання (МТП).
У метадзе ТТ сінхронна вымяраецца рознасць патэнцыялаў варыяцый тэлурычнага поля на базавым і радавых пунктах. Атрымліваюць тэлураграмы, па якіх вымяраюць параметры поля ТТ і складаюць карты рэльефу паверхні высакаомнага гарызонта ў асадкавым чахле або крышт. фундамента. У метадзе МТЗ дадаткова да эл. характарыстык поля ТТ вымяраюць магнітную складаючую і вылічваюць адносіны эл. складаючай да магнітнай для розных частот, будуюць крывую ўяўнага ўдзельнага супраціўлення, якую параўноўваюць з тэарэтычнымі. У адрозненне ад МТЗ у метадзе МТП адносіны эл. складаючай да магнітнай вылічваюць для фіксаванай частаты.
На Беларусі ў выніку даследаванняў ВА «Белгеалогія» і Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі па метадах ТТ і МТЗ складзены карты сярэдняй напружанасці поля ТТ і пашырэння электраправодных слаёў, карты рэльефу фундамента, паверхні саляносных адкладаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДЭЛЬШТА́М (Леанід Ісаакавіч) (4.5.1879, г. Магілёў — 27.11.1944),
расійскі фізік, адзін з заснавальнікаў навук. школы па радыёфізіцы. Акад.АНСССР (1929; чл.-кар. з 1928). Скончыў Страсбургскі ун-т (1902), дзе працаваў (з 1913 праф.). У 1918—22 у Адэскім політэхн. ін-це, з 1925 у Маскоўскім ун-це, адначасова з 1934 у Фіз. ін-це АНСССР. Навук. працы па оптыцы, радыёфізіцы, квантавай механіцы, гісторыі і метадалогіі фізікі. Разам з Р.С.Ландсбергам (незалежна ад інд. фізікаў Ч.Рамана і К.С.Крышнана) адкрыў камбінацыйнае рассеянне святла на крышталях (1928). Сумесна з М.Дз.Папалексі стварыў тэорыю нелінейных ваганняў, распрацаваў метад параметрычнага ўзбуджэння эл. ваганняў і прапанаваў радыёінтэрферэнцыйны метад даследавання распаўсюджвання радыёхваль і дакладнага вымярэння адлегласцей, што знайшло выкарыстанне ў геадэзіі. Аўтар вучэбных дапаможнікаў і лекцыйных курсаў па фізіцы. Прэмія імя У.І.Леніна 1931. Дзярж. прэмія СССР 1942.
Тв.:
Полн. собр. трудов. Т. 1—5. М., 1947—55;
Лекции по теории колебаний. М., 1972;
Лекции по оптике, теории относительности и квантовой механике. М., 1972.
Літ.:
Академик Л.И.Мандельштам: К 100-летию со дня рождения. М., 1979;
Ливанова А.М., Ливанов В.А. «Вторая степень понимания»: Акад. Л.И.Мандельштам. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ АЎТАМАБІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д (МАЗ). Засн. ў 1944 у Мінску, з 1975 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання па выпуску велікагрузных аўтамабіляў «БелаўтаМАЗ». Першы аўтамабіль МАЗ-205 сышоў з канвеера ў 1947. За час існавання з-да асвоена вытв-сць 5 сем’яў аўтамабіляў — МАЗ-200, МАЗ-500, МАЗ-500А, МАЗ-5335, МАЗ-6422. У 1996 пачаты выпуск аўтамабіляў серыі МАЗ-64221, а з 1997 аўтамабіляў сям’і МАЗ-6430, якія адпавядаюць сучасным міжнар. патрабаванням. Асн. прадукцыя (1999): бартавыя трансп. аўтамабілі, седлавыя цягачы, поўнапрывадныя грузавыя і лесавозныя аўтамабілі, самазвалы, аўтамабілі-шасі. Імпарцёрамі прадукцыі прадпрыемства з’яўляюцца каля 80 краін. Пры з-дзе заснаваны філіялы па вытв-сці аўтобусаў («МАЗ») і прычэпаў («Белаўтапрычэп»). МАЗ стаў родапачынальнікам Беларускага аўтамабільнага завода, Магілёўскага аўтамабільнага завода, мінскіх з-даў колавых цягачоў і рысорнага, Баранавіцкага і Асіповіцкага аўтаагрэгатных з-даў, прадпрыемства «Туртранс» па выпуску прычэпаў-дач і гандл. кузаваў. На міжнар. выстаўках і кірмашах (у Бруселі, 1958; Лейпцыгу, 1980; Плоўдзіве, 1985) аўтамабілі МАЗа адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі.