ПІТО́ЕВЫ, Пітаеф (Pitoēff),
французскія акцёры, тэатр. дзеячы. Нарадзіліся ў Тбілісі. Жорж П. (4.9.1884—17.9.1939), рэжысёр і акцёр; адзін з найбуйнейшых дзеячаў франц. тэатра 1920—30-х г. З 1905 вучыўся на юрыд. ф-це ў Парыжы; выступаў як акцёр у Рус. драм. гуртку. Пазней працаваў у Пецярбургу ў т-ры В.Камісаржэўскай, Першым перасоўным драм. т-ры П.Гайдабурава і Н.Скарскай; у 1912 заснаваў уласны «Наш тэатр». З 1915 у Швейцарыі, з 1922 у Парыжы, дзе ўзначальваў тэатр. трупы. Адзін з заснавальнікаў тэатр. саюза «Картэль» (1926), які імкнуўся да творчага і арганізацыйнага абнаўлення тэатра. Выступаў за стварэнне т-ра, прасякнутага паэзіяй і гуманізмам, блізкага народу, прапагандаваў драматургію А.Чэхава. Разам з тым зазнаў уплывы містыкі, сюррэалізму, фрэйдысцкіх канцэпцый. Паставіў спектаклі: «Гамлет» У.Шэкспіра (1920), «Святая Іаана» Б.Шоу (1925), «Тры сястры» Чэхава (1929) і інш. Сярод роляў: Гамлет (аднайм. п’еса Шэкспіра), Тузенбах, Трэплеў, Астраў («Тры сястры», «Чайка», «Дзядзька Ваня» Чэхава), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога) і інш.
Людміла П. (25.12.1895—15.9.1951), актрыса, жонка Жоржа П. З 1916 выступала ў трупах мужа. Сярод роляў: Афелія («Гамлет» Шэкспіра), Медэя (аднайм. п’еса Сенекі), Іаанна («Святая Іаанна» Шоу), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.Дзюма-сына), Соня, Ніна Зарэчная, Ірына («Дзядзька Ваня», «Чайка», «Тры сястры» Чэхава), Маша («Жывы труп» Талстога) і інш. З 1939 працавала ў Швейцарыі, ЗША, Канадзе, з 1945 — у Парыжы.
т. 12, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКА-ЖЛО́БІНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,
контрудар на Рагачоўска-Жлобінскім напрамку ў Вялікую Айчынную вайну. Праведзены 63-м стралк. корпусам (камкор Л.Р.Пятроўскі) 21-й арміі Зах. (з 24.7.1941 Цэнтр.) фронту з удзелам Жлобінскага і Рагачоўскага знішчальных батальёнаў 13 ліп. — 17 жн.; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. 6 ліп. часці 117-й дывізіі са складу корпуса пасля разведкі боем фарсіравалі Дняпро, авалодалі Жлобінам і прасунуліся на З уздоўж бабруйскай шашы. Гітлераўцы тэрмінова падцягнулі 10-ю матарызаваную і 255-ю пях. дывізіі. У выніку жорсткіх баёў сав. войскі ноччу адарваліся ад праціўніка і адышлі на зыходныя пазіцыі, сарваўшы разлікі ням. камандавання з ходу фарсіраваць Дняпро на гэтым участку. 13 ліп. войскі 21-й арміі перайшлі ў контрнаступленне. 63-і корпус фарсіраваў Дняпро, вызваліў Жлобін (з дапамогай нар. апалчэння), Рагачоў, развіў наступленне на Бабруйск і да канца ліпеня ўклініўся на 30 км у размяшчэнне ворага. Толькі з дапамогай перакінутых сюды 8 дывізій рэзерву ням. войскі здолелі замацавацца на зах. беразе Друці, 14 жн. прарвалі абарону і зайшлі ў тыл. корпуса. З 17 жн. часці корпуса з баямі пачалі выходзіць з акружэння, пры прарыве з якога быў смяротна паранены камкор Пятроўскі. У выніку контрудару ворагу нанесены значныя страты, 15 яго дывізій былі трывала скаваны ў прасоўванні на ўсход.
Літ.:
Беларусь у Вялікую Айчынную вайну, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 517.
У.І.Лемяшонак.
т. 13, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГУ́ЛЯ (Васіль Цімафеевіч) (28.7.1879, в. Ачукевічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 16.6.1955),
бел. грамадска-паліт. дзеяч; у Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1900). З 1914 у арміі на Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 увайшоў у Рас. дэмакр. партыю, па спісе якой балаціраваўся дэпутатам ва Устаноўчы сход па Мінскай губ. Стаяў на пазіцыях «адзінай і непадзельнай» Рас. дзяржавы з прадстаўленнем Беларусі абл. земскага самакіравання і «права на нацыянальна-культурнае развіццё». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. У 1919—20 уваходзіў у Рас. аб’яднаную радыкальна-дэмакр. групу. З лета 1920 у Чырв. Арміі, адкуль у крас. 1921 дэзерціраваў у Зах. Беларусь. У 1922 абраны дэпутатам (паслом) польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Стаяў на антыбальшавіцкіх пазіцыях, адмаўляў ідэю «расійска-беларускай федэрацыі», перайшоў на пазіцыі незалежнасці Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння і кіраўнікоў Беларускага сялянскага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У 1928 абраны сенатарам польскага сейма, але неўзабаве арыштаваны і зняволены на 2 гады ў турму. З вер. 1939 настаўнічаў у сярэдняй школе ў роднай вёсцы. У чэрв. 1941 арыштаваны органамі НКУС, але з пачаткам Вял. Айч. вайны ўцёк з-пад арышту. У перыяд акупацыі быў прызначаны бургамістрам Дзятлаўскага р-на. З ліп. 1944 у Зах. Германіі, з 1950 у ЗША.
Тв.:
Успаміны. Мн., 1993.
У.В.Ляхоўскі, У.М.Міхнюк.
т. 13, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Віцебску і прыгарадзе ў Вял. Айч. вайну. Аб’ядноўвала каля 1,5 тыс. чал., 66 падп. груп. Адным з першых узніклі групы ў мед. установах (кіраўнікі К.С.Акаловіч, М.Л.Мурашка, Р.Ф.Махноў), Стадыённым пасёлку (А.Я.Белахвосцікаў), Маркаўшчыне (В.А.Вярбіцкі), электрападстанцыі (У.А.Казлоўскі), на вузле сувязі (А.Г.Канаплёў, пазней Л.Дз.Бярозкіна), Чэпінскім лесаскладзе (М.А.Купалаў), чыг. вузле (Ф.К.Мехаў, А.А.Гагуля), торфапрадпрыемстве (Л.І.Хрыпач), таракамбінаце (В.Дз.Шалуха) і інш. Да канца 1941 у горадзе было больш за 20 груп, у 1942 — 56. З сак. 1942 падполле дзейнічала пад кіраўніцтвам падп. абкомаў КП(б)Б (1-ы сакратар І.А.Стулаў) і ЛКСМБ (В.І.Лузгін). Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, распаўсюджвалі лістоўкі, рабілі дыверсіі на ваен. аб’ектах, здабывалі зброю, узрыўчатку, боепрыпасы, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных (зімой 1941—42 каля 3 тыс. чал.) і выводзілі іх з горада. У вер. 1942 для ўзмацнення кіраўніцтва падполлем у Віцебск паслана група з 17 чал. на чале з В.Харужай. Падпольшчыкі мелі больш за 50 канспіратыўных кватэр і явак, у некаторых з іх хавалі зброю, боепрыпасы, л-ру. З утварэннем у лютым 1942 Віцебскіх «варот» была наладжана сувязь з сав. тылам; падпольшчыкі дапамагалі закінутым на акупіраваную тэр. сав. спецгрупам выконваць іх заданні. У барацьбе з акупантамі дапамогу падполлю аказвалі ням. і чэшскія антыфашысты. З пач. 1942 актыўна дзейнічалі групы І.А.Бекішава, Г.К.Грабяньковай, М.Я.Нагібава, А.І.Ліпці, Т.А.Ламаносенка і інш. За 1942 падпольшчыкі зрабілі 102 дыверсіі, пусцілі пад адхон 14 эшалонаў, знішчылі 36 чыг. цыстэрнаў з гаручым, 32 аўтамаб. і 2 чыг. масты і інш. У канцы 1942 — пач. 1943 патрыёты правялі шэраг буйных дыверсій у горадзе і прылеглых раёнах, на чыгунцы і інш. аб’ектах праціўніка, у лют. — ліст. 1943 кожныя 3 дні ў горадзе адбываліся дыверсіі або тэрарыстычныя акты. Падпольшчыкі садзейнічалі пераходу да партызан у лютым 1943 волгататарскага батальёна, які прыбыў для ўдзелу ў карных аперацыях. Спрабуючы знішчыць падполле і разграміць партыз. рух, з канца 1942 гітлераўцы праводзілі буйныя карныя экспедыцыі супраць партызан і адначасова засылалі ў падполле правакатараў. У выніку іх дзейнасці разгромлены многія падп. групы. Але на працягу 1943 створана 10 новых груп пераважна з сав. ваеннапалонных. З набліжэннем лініі фронту з вер. 1943 гітлераўцы пачалі эвакуацыю. Па ўзгадненні з падп. кіраўніцтвам і партызанамі падпольшчыкі з кастр. паступова пакідалі горад і ўліваліся ў партыз. атрады. У барацьбе з гітлераўцамі загінуў кожны трэці віцебскі падпольшчык. У гонар падпольшчыкаў у Віцебску пастаўлены помнік.
Літ.:
Пахомов Н.И., Дорофеенко Н. И., Дорофеенко Н.В. Витебское подполье. 2 изд. Мн., 1974.
Н.І.Дарафеенка.
т. 4, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОГ (англ. grog),
напітак з гарэлкі, рому або каньяку і гарачай вады з цукрам.
т. 5, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬЁ (франц. collier),
пацеркі з каштоўных камянёў з падвескам спераду; шыйнае ўпрыгожанне для жанчын.
т. 7, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХТА́НГ I Гаргасал
(?—502),
цар Іберыі (Картлі). Змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады. Пры ім перабудаваны Тбілісі для перанясення сюды сталіцы з Мцхеты. Вёў працяглую барацьбу з сасанідскім Іранам за незалежнасць Картлі. У 484 узначаліў вялікае антысасанідскае паўстанне грузінаў і армян. Празваны персамі Гаргасалам — «Воўчай галавой» за тое, што насіў шлем з такой выявай. Забіты ў баі з персамі. Груз. народ склаў пра яго песні і вершы.
т. 4, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РТЭШСЁЛЁШ (Vértesszöllös),
стаянка эпохі палеаліту за 50 км на З ад Будапешта (Венгрыя). Адзін з найстаражытнейшых археал. помнікаў Еўропы, датуецца часам міндэльскага зледзянення (350 тыс. г. назад). Адкрыта ў 1962. Выяўлены рэшткі гамінідаў, у т. л. фрагмент чэрапа, які спачатку быў аднесены да гома эрэктус. Некаторыя навукоўцы лічаць яго прымітыўнай формай гома сапіенс, якую назвалі гома палеахунгарыкус. Знойдзены прылады з галькі (чоперы) і з крамянёвых адшчэпаў.
т. 4, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАВІ́ЛАЎ (Максім Андрэевіч) (9.8.1903, г. Полацк — 11.7.1960),
ваенны дзеяч. Ген.-лейт. (1955). Скончыў Аб’яднаную бел. ваен. школу імя ЦВК БССР (1927), ваен. акадэміі імя Фрунзе (1936), Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1924. Удзельнік баёў каля воз. Хасан у 1938. У 1942—44 нач. штаба арміі Далёкаўсх. фронту. З 1944 у Генштабе Сав. Арміі. З 1954 нач. штаба Забайкальскай ваен. акругі, з 1956 у ваенна-навуч. установах.
т. 3, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДКО́ВІЧ (Феліцыян Піліп) (1697—1778),
уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1730 епіскап холмскі і бэлзскі, з 1753 каад’ютар (памочнік-намеснік) мітрапаліта кіеўскага Ф.Грабніцкага, з 1756 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). У 1762—78 мітрапаліт кіеўскі. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў абвінаваціць В. ў злоўжываннях. Нягледзячы на заяву папскага прастолу пра невінаватасць Валадаковіча (1770), нападкі на яго з боку каралеўскай улады працягваліся да канца жыцця.
т. 3, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)