ПРЫШЫВА́ЛКА (Анатоль Пятровіч) (3.11.1924, в. Нізгалава Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 16.10.1997),

бел. фізік. Д фіз.-матэм. н. (1981), праф. (1984). Скончыў БДУ (1955). З 1955 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (у 1963—70 нам. дырэктара, у 1982—94 заг. лабараторыі). Навук. даследаванні па оптыцы рассейвальных і паглынальных асяроддзяў. Распрацаваў метады разліку рассеяння і паглынання святла (у т. л. лазернага выпрамянення) неаднароднымі часцінкамі з улікам іх награвання і разбурэння.

Тв.:

Отражение света от поглощающих сред. Мн., 1963;

Оптические и тепловые поля внутри светорассеивающих частиц. Мн., 1983;

Рассеяние и поглощение света неоднородными и анизотропными сферическими частицами. Мн., 1984 (разам з В.​А.​Бабенкам, У.​М.​Кузьміным).

Г.​П.​Леднева.

т. 13, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПСО́ДЫЯ (ад грэч. rhapsōdia спяванне ці дэкламацыя эпічных паэм; эпічная песня, песня рапсода),

жанр інструментальнай (зрэдку вакальнай) музыкі, якому ўласцівы эпічны характар, свабодная форма, апора на тэмы нар. паходжання, паслядоўнасць рознахарактарных эпізодаў, кантрастнасць, віртуознае выкладанне. Тэрмін упершыню выкарыстаў для вызначэння серыі сваіх песень і фп. п’ес Д.​Шубарт (1786). Развіццё жанру ў 19—20 ст. звязана са станаўленнем многіх нац. муз. школ. Класічныя ўзоры Р. створаны Ф.​Лістам, І.​Брамсам, А.​Дворжакам, М.​Равелем, Э.​Лало, Дж.​Гершвінам, С.​Рахманінавым і інш. З бел. кампазітараў Р. стварылі М.​Чуркін, П.​Падкавыраў, А.​Туранкоў, С.​Палонскі, Я.​Дзягцярык і інш.

Літ.:

Мейен Е.В. Рапсодия. М., 1960.

І.​Дз.​Назіна.

т. 13, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХМАНЬКО́ (Яўген Міхайлавіч) (н. 25.8.1945, в. Заполле Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. хімік-аналітык. Д хім. н. (1994), праф. (1996). Скончыў БДУ (1969), дзе і працаваў (з 1992 заг. кафедры).З 2000 ген. дырэктар прадпрыемства «Унітэхпрам БДУ». Навук. працы па даследаванні экстракцыйных працэсаў розных тыпаў, механізмаў функцыянавання вадкасных і плёначных аніёнселектыўных электродаў на аснове вышэйшых чацвярцічных амоніевых асноў. Арганізаваў вытв-сць дыягнастычных матэрыялаў, неабходных для мед. біяхім. даследаванняў.

Тв.:

Экстракция гомологов и их энергии гидратации (у сааўт.) // Журн. физ. химии. 1987. Т. 61, №4;

Пленочный хлоридселективный электрод на основе трихлормеркуриата тринонилоктадециламмония (разам з С.​В.​Ламака, В.​Л.​Ламакам) // Журн. аналитич. химии. 2000. Т. 55, №4.

т. 13, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАХЦЕ́ЕНКА (Іван Навумавіч) (21.9.1905, в. Шэкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 29.6.1988),

бел. вучоны ў галіне батанікі. Д біял. н. (1961), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Бацька Л.​І.​Рахцеенкі. Скончыў БСГА (1930). З 1951 у Цэнтр. бат. садзе АН Беларусі (дырэктар), з 1955 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (да 1978 заг. лабараторыі). Навук. працы па эколага-фізіял. асновах узаемадзеяння раслін у фітацэнозах, прынцыпах падбору біялагічна сумяшчальных відаў для высокапрадукцыйных змешаных лясных насаджэнняў.

Тв.:

Рост и взаимодействие корневых систем древесных растений. Мн., 1963;

Корневое питание растений в фитоценозах. Мн., 1971 (у сааўт.);

Эколого-физиологические основы взаимодействия растений в фитоценозах. Мн., 1976 (у сааўт.).

т. 13, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТМАН (Давід Генрыхавіч) (н. 12.11.1944, г. Багародск Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. сацыёлаг і палітолаг. Д сацыялагічных н. (1992), праф. (1996). Скончыў БДУ (1972) і працаваў там з 1974 (у 1986—92 заг. аддзела). З 1997 дырэктар Цэнтра сацыялагічных і паліт. даследаванняў. Навук. працы па метадалогіі і тэхналогіі сацыялагічных даследаванняў, праблемах адукацыі, культуры і міжнац. адносін. Распрацаваў канцэпцыю аператыўных і сацыялагічных даследаванняў, шэраг методык арганізацыі электаральных сацыялагічных даследаванняў.

Тв.:

Оперативные социологические исследования. Мн., 1997 (у сааўт.);

Электоральные исследования: сущность и технология // Социол. исслед. 1998. № 9;

Общественно-политическая и экономическая ситуация в стране: Метод. подходы к анализу результатов исслед. // Социология. 1999. № 2;

Политика, выборы и электоральное поведение. Мн., 2000 (у сааўт.).

А.​В.​Нікіфараў.

т. 13, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДЗЯНО́К (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 9.8.1943, в. Новыя Юркавічы Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д біял. н. (1998). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966). З 1972 у Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па біяфізіцы і фотабіялогіі энергаспалучальных мембран і тэрмінальных аксідаз дыхальнага ланцуга.

Тв.:

Мембранный контроль реакции фотодеблокирования цитохромоксидазы в электронтранспортной цепи митохондрий (разам з С.​В.​Коневым, Л.​М.​Выбіранец) // Биофизика. 1993. Т. 38, вып. 6;

Фотодеблокирование цитохромоксидазы, ингибированной цианидом: роль межгемового переноса электронов (у сааўт.) // Докл. Нац. АН Беларуси. 1998. Т. 42, №6;

Механизм взаимодействия цитохромс-оксидазы с ингибиторами — лигандами ее окисленной формы (у сааўт.) // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. біял. навук. 1999. №4.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

шматгаліновая вытв-сць у прамысл.-гасп. комплексе краіны, якая працуе пераважна на мясц. сыравіне, прамысл. адходах і задавальняе ў першую чаргу патрэбы мясц. насельніцтва. Выпускае прадметы быт. прызначэння, у т. л. ганчарны, стальны і чыгунны эмаліраваны посуд, разнастайную мэблю, швейныя, трыкат., скургалантарэйныя вырабы, тавары быт. хіміі, гумавы і валены абутак, муз. інструменты. вырабы маст. промыслаў, дзіцячыя цацкі, а таксама с.-г. машыны, буд. матэрыялы, сан.-тэхн. і мед. абсталяванне і інш. На Беларусі М.п. бярэ вытокі ад нар. промыслаў і дробнай вытв-сці, якая ў 1920—30-я г. ўваходзіла ў сістэму прамысл. кааперацыі. Пазней пабудаваны больш магутныя прадпрыемствы дзярж. уласнасці. У 1960 прадпрыемствы прамысл. кааперацыі перададзены ў распараджэнне мясц. Саветаў, створана Гал. ўпраўленне М.п., а ў 1965 — Мін-ва М.п. БССР. На 1.1.1972 М.п. Беларусі аб’ядноўвала 187 прамысл. прадпрыемстваў. У працэсе рэарганізацыі галіновых міністэрстваў у 1993 утвораны Бел. дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў нар. спажывання («Белмясцпрам»). М.п. уключае вытв. аб’яднанні, з-ды і ф-кі рэсп. і камунальнай уласнасці. Асн. вытв. магутнасці і б.ч. буйных прадпрыемстваў М.п. (93 у 1999) падпарадкаваны канцэрну «Белмясцпрам». З іх 32 прадпрыемствы рэсп. уласнасці (21 дзярж., 1 арэнднае, 10 акц. т-ваў) і 61 прадпрыемства камунальнай уласнасці Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай абл. (аб’яднаны ў спец. абл. аб’яднанні, падпарадкаваныя адначасова «Белмясцпраму» і аблвыканкомам Саветаў). М.п. дае 1% аб’ёму валавой прадукцыі прам-сці Беларусі, а па таварах нар. спажывання — 2%. Асн. галіны вытв-сці: металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, хімічная, будматэрыялаў, лёгкая. Найб. прадпрыемствы: Барысаўскі з-д «Чырвоны металіст», Гомельскі завод «Эмальпосуд», Мазырскае вытв. мэблевае аб’яднанне, з-д імя М.​Гастэлы (Мінск), Полацкі з-д с.-г. абсталявання, Слуцкі з-д «Эмальпосуд», Магілёўскае ВА «Ольса», Маладзечанская ф-ка муз. інструментаў, вытв. фірма «Бархім» (Баранавічы), Калінкавіцкі з-д быт. хіміі, Калінкавіцкая мэблевая ф-ка, акц. т-вы «Барбытхім» (Барысаў), «Белмасткераміка» (Радашковічы), «Гомельпласт», «Музінструмент-Барысаў», «Мінская люстэркавая ф-ка», «Гомельская люстэркавая ф-ка», «Ваўмет» (Ваўкавыск) і інш. У 1999 прадпрыемствы канцэрна «Белмясцпрам» (23 358 работнікаў) вырабілі стальнога эмаліраванага посуду 1570 т, сінт. мыйных сродкаў 3697 т, піяніна — 3360 шт., набораў для кухні «Вязынка» 1789 шт., валенага абутку 352 000 шт. і інш. Частка прадукцыі М.п. (піяніна, электрагітары, мэбля, буд. матэрыялы і інш.) экспартуецца.

М.​Л.​Поўх.

т. 11, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 3-га (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі), 2-га (ген.-палк. Г.​Ф.​Захараў), 1-га (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) Бел. франтоў пры садзеянні 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.​Х.​Баграмян) 29 чэрв. — 4 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі: 5, 11, 31, 5-я гвардз. танк., 1-я паветр. арміі, конна-механізаваная група, 2-і гвардз. танк. корпус 3-га Бел. фронту; 33, 49, 50, 4-я паветр. арміі 2-га Бел. фронту; 3, 48, 16-я паветр. арміі, конна-механізаваная група 1-га Бел. фронту.

У выніку ажыццяўлення Віцебска-Аршанскай, Магілёўскай і Бабруйскай аперацый 1944 (гл. адпаведныя арт.) ням. 4-я і частка сіл 9-й армій групы армій «Цэнтр» апынуліся ў паўкальцы сав. войск. Рухомыя злучэнні франтоў, якія дзейнічалі ў раёнах Барысава і Асіповіч, знаходзіліся за 100 км ад Мінска, у той час як гал. сілы праціўніка, што адыходзілі да Мінска, за 130—150 км ад яго. Задача М.а.: імклівымі ўдарамі войск левага крыла 3-га Бел. фронту і часткі сіл правага крыла 1-га Бел. фронту па збежных напрамках на Мінск ва ўзаемадзеянні з 2-м Бел. фронтам завяршыць акружэнне групоўкі войск праціўніка і вызваліць Мінск. Адначасова войскі 1-га Прыбалт. фронту і правага крыла 3-га Бел. фронту і частка сіл 1-га Бел. фронту павінны былі працягваць імклівае наступленне на З, знішчыць падыходзячыя рэзервы праціўніка і стварыць умовы для развіцця наступлення на шаўляйскім, каўнаскім і варшаўскім напрамках. Франты без паўзы пачалі выкананне пастаўленых задач. Войскі 3-га Бел. фронту 30 чэрв. гал. сіламі фарсіравалі Бярэзіну, разбілі барысаўскую групоўку гітлераўцаў, 1 ліп. вызвалілі Барысаў, Бягомль, 2 ліп. — Лагойск, Смалявічы, Вілейку, Краснае, перарэзалі чыгунку Мінск—Вільнюс. Войскі 1-га Бел. фронту 30 чэрв. вызвалілі Любань, Слуцк, 2 ліп. Стоўбцы, Гарадзею, перарэзалі чыгунку Мінск—Баранавічы. Адначасова ў напрамку Мінска наступалі войскі 2-га Бел. фронту, якія 29 чэрв. вызвалілі Бялынічы, 2 ліп. — Чэрвень, 3 ліп. — Беразіно. Перадавыя злучэнні 1-га Бел. фронту ў ноч на 3 ліп. абышлі Мінск з Пд і выйшлі да паўд.-ўсх. ускраіны горада, дзе злучыліся з войскамі 3-га Бел. фронту. Вырашальны ўдар па варожым гарнізоне ў Мінску, які складаўся з 3 пях. і 1 танк. дывізій, 3 палкоў СС і розных спец. падраздзяленняў быў нанесены на досвітку 3 ліпеня. З У і ПнУ у горад уварваўся 2-і гвардз. танк. корпус. З Пн увайшлі часці 5-й гвардз. танк. арміі, падраздзяленні 11-й гвардз. і 31-й армій 3-га Бел. фронту, з ПдУ — 1-ы гвардз. танк. корпус і часці 3-й арміі 1-га Бел. фронту. У 2-й пал. дня 3.7.1944 Мінск быў поўнасцю вызвалены. На У ад горада былі акружаны гал. сілы 4-й і асобныя злучэнні 9-й ням. армій. Утварыўся мінскі «кацёл», у які трапілі 105 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка. Да 11 ліп. гэтая групоўка праціўніка была разгромлена. У час М.а. сав. авіяцыя наносіла па ворагу ўдары, перашкаджала падыходу яго рэзерваў, дэзарганізоўвала планамернае адступленне яго войск. 4 ліп. войскі 3-га і 1-га Бел. франтоў дасягнулі рубяжа воз. Нарач—Маладзечна, вызвалілі Нясвіж. Войскі 1-га Прыбалт. фронту надзейна ізалявалі групу армій «Поўнач» і не далі ёй магчымасці прыйсці на дапамогу групе армій «Цэнтр», 4 ліп. выйшлі на З ад лініі Варапаева — воз. Мядзел. У ажыццяўленні аперацыі вял. дапамогу сав. войскам аказвалі партызаны. 53 злучэнням і часцям, якія вызначыліся ў аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Мінскіх», 13 — «Барысаўскіх», 8 — «Слуцкіх».

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. Мінская аперацыя 1944. Мінск 3 ліпеня 1944 года. Мастак В.​Волкаў. 1946—55.

т. 10, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАФЕ́ЕЎ (Барыс Васілевіч) (10.5.1909, в. Пендзелка Пензенскай вобл., Расія — 24.11.1995),

бел. фізікахімік. Акад. АН Беларусі (1947, чл.-кар. 1940); д хім. н. (1940), праф. (1941). Засл. дз. нав. Беларусі (1979). Скончыў Маскоўскі ун-т (1930). У 1939—11 і 1952—58 дырэктар Ін-та хіміі, з 1959 першы дырэктар Ін-та фізіка-арган. хіміі, у 1953—56 віцэ-прэзідэнт АН БССР, адначасова (з 1951) праф. БДУ. У 1965—76 у Маскоўскім пед. ін-це, з 1976 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, тапахіміі, фізікахіміі палімераў. Вывеў у матрычнай форме ўраўненне кінетыкі паслядоўных рэакцый першага парадку; тапакінетычныя ўраўненні (1950). Распрацаваў ліганда-палявую тэорыю гетэрагеннага каталізу, каталітычныя сістэмы для полімерызацыі алефінаў, антыблочную кампазіцыю для цэлафанавай вытв-сці. Прапанаваў і арганізаваў вытв-сць браняшкла для самалётаў (1943). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Кинетика гомогенного катализа. Мн., 1977 (разам з У.​А.​Тулупавым);

Циклогекса—1,3—диен и продукты на его основе. Мн., 1980 (разам з С.​Ф.​Навумавай, В.​Д.​Юрынай).

Літ.:

Б.​В.​Ерофеев: (к 80-летию со дня рождения): Биобиблиогр. указ. Мн., 1989.

Б.В.Ерафееў.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́ВАРАНАК (Сяргей Уладзіміравіч) (н. 28.6.1953, в. Селішча Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне імуналогіі, інфекц. хвароб, эпідэміялогіі і радыяцыйнай медыцыны. Д мед. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1976). Працуе ў ім з 1976, з 1991 дырэктар Віцебскага філіяла н.-д. клінічнага ін-та радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, адначасова з 1997 — Віцебскага філіяла Рэсп. навук.-практычнага цэнтра па лячэнні хранічных вірусных гепатытаў. Навук. працы па эпідэміялогіі, патагенезе. клінічных праявах вірусных гепатытаў, прычынах актывацыі асобных вірусных інфекцый у людзей, што пацярпелі ад уздзеяння розных доз іанізуючай радыяцыі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Апісаў вірусныя дэльта- і C-гепатыты, распрацаваў прэпараты для дыягностыкі інфекц., аўтаімунных, анкалагічных і эндакрынных хвароб на аснове імунаферментнай тэхналогіі, мерапрыемствы па прафілактыцы, ранняй дыягностыцы і лячэнні радыяцыйна-індуцыраваных хвароб сярод насельніцтва Беларусі, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Разработка радиоиммунного метода определения HBe-антигена (у сааўт.) // Актуальные вопросы патогенеза и терапии инфекционных и паразитарных болезней. Л., 1987;

Пособие по иммунологии. Витебск, 1996 (у сааўт.);

Клинико-морфологические аспекты скрининга радионуклидов в трупном материале (Витебская и Гомельская области) // (у сааўт.) // Медицинская радиология и радиационная безопасность. 1996. № 1.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)