ЛАРЫНГАСПА́ЗМА [ад грэч. larynx (laryngos) гартань + спазма],

раптоўная сутаргавая спазма мускулатуры гартані, у выніку якой прасвет гартані закрываецца і ўзнікае інспіраторная задышка. Выклікаецца раздражненнем блукаючага нерва пры пападанні іншародных цел у прасвет гартані, валляку, пухлінах, у дзяцей таксама — доўгім плачам, смехам і інш. Пры Л. хворы задзірае галаву, шырока разяўляе рот, у цяжкіх выпадках — смерць ад асфіксіі. Неадкладны зварот па ўрачэбную дапамогу.

П.​А.​Цімашэнка.

т. 9, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́НАВА,

вёска ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Пружаны — в. Запруды; чыг. ст. (Аранчыцы) на лініі Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пд ад г. Пружаны, 84 км ад Брэста. 1545 ж., 581 двор (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла сав. ваеннапалонных і ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — касцёл (пач. 20 ст.).

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЭ́НДСЭТ»

(англ. Landsat, скарочанае ад Land Satellite спадарожнік для вывучэння Зямлі),

назва амерыканскіх эксперыментальных ШСЗ для даследавання прыродных рэсурсаў.

Маса 891 кг. Складаецца з блока службовых сістэм і блока з карысным грузам. Электрасілкаванне ад сонечных батарэй. Тэлекамеры забяспечваюць аптычнае раздзяленне да 30 м. Інфармацыя, што атрымліваюць пры дапамозе «Л.», выкарыстоўваецца ў геалогіі, сельскай і лясной гаспадарцы, акіянаграфіі, гідралогіі, метэаралогіі і інш. З 1972 запушчаны 4 «Л.».

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯАХЭ́,

рака на ПнУ Кітая. Даўж. (ад вытокаў р. Сіляахэ) 1430 км, пл. басейна 231 тыс. км². Пачынаецца ў гарах на стыку Вял. Хінгана і Жэхэ, цячэ па раўніне Сунляо, упадае ў Ляадунскі зал. Жоўтага м. Летнія паводкі. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні больш за 630 м³/с. Выкарыстоўваецца пераважна для арашэння. Вадасховішчы Дахафан, Эрлуншань. Суднаходная ад г. Чжэнцзятунь. У вусці — марскі порт Інкоў.

т. 9, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТААПТЫ́ЧНЫ ДЫСК,

разнавіднасць аптычных дыскаў, дзе запіс інфармацыі ажыццяўляецца тэрмамагн. спосабам.

Пры запісе інфармацыі рухомы носьбіт лакальна награваецца лазерным выпрамяненнем, у зоне разагрэву каэрцытыўная сіла рабочага слоя рэзка змяншаецца (гл. Тэрмамагнітныя з’явы) і нагрэты ўчастак перамагнічваецца пад уздзеяннем слабога знешняга магн. поля. Пры ўзнаўленні адбіты ад М.д. палярызаваны лазерны прамень перыядычна паварочвае плоскасць палярызацыі на вугал, значэнне якога залежыць ад намагнічанасці рабочага слоя (гл. Кера эфект).

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІТО́ГРАФ (ад магніт + ...граф),

прылада, якая бесперапынна рэгіструе змены зямнога магн. поля ў часе (магн. варыяцыі). Складаецца з магн. варыёметраў і рэгістравальных прыстасаванняў (частатамеры, вальтметры, патэнцыёметры з запісвальнымі вузламі, магнітафоны і інш.). Рэгіструе кампаненты магн. поля Зямлі з перыядам ад некалькіх секунд да некалькіх месяцаў і больш. Паказанні М. (на магн. стужцы і інш. магнітаграмах) апрацоўваюцца на ЭВМ. Ёсць сонечныя М. для вымярэнняў магн. поля на Сонцы.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ВА (Morava),

рака на У Югаславіі (Сербія), правы прыток р. Дунай. Даўж. 563 км (ад вытоку Паўд. М.), пл. басейна 38 тыс. км². Утвараецца ад сутокаў Паўд. і Зах. М. Верхняе цячэнне рэк, якія складаюць М. ва Усх.-Сербскіх гарах, ніжэй сутокаў — па Сярэднедунайскай раўніне. Асн. прыток — р. Ібар (справа). Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады ў вусці 260 м³/с. ГЭС. Сплаўная. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 10, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКУ́ЛІНСКАЕ МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ (назва ад в. Мікуліна Руднянскага р-на Смаленскай вобл.),

эпоха цёплага клімату паміж маскоўскім зледзяненнем (або маскоўскай стадыяй дняпроўскага зледзянення) і валдайскім зледзяненнем у пачатку позняга плейстацэну (ад 115 да 130 тыс. гадоў назад) на тэр. еўрапейскай ч. Расіі. На тэр. Зах. і сярэдняй Еўропы адпавядае рыс-вюрму, земскаму, у Зах. Сібіры — казанцаўскаму міжледавікоўю, на тэр. Беларусі — муравінскаму міжледавікоўю.

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1831—34 з цэнтрам ў Мінску. У сувязі з паўстаннем 1830—31 у Польшчы Мінская губерня паводле ўказа Сената ад 8.1.1831 была далучана да Беларускага генерал-губернатарства. Пасля таго, як паўстанне пашырылася на Беларусь і Літву (сак.крас. 1831), Мінская губ. паводле ўказа Сената ад 8.4.1831 вылучана ў самаст. генерал-губернатарства; у 1834 М.г.-г. скасавана.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЛЯ́РАЎКА,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля аўтадарогі Жыткавічы—Калінкавічы; чыг. станцыя на лініі Калінкавічы—Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 12 км на Пн ад г. Петрыкаў, 178 км ад Гомеля. 649 ж., 210 двароў (1999). Акц. т-вы «Аграпрамтэхніка» і «Петрыкаўснаб», раённае аб’яднанне «Сельгасхімія». Школа-сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Каля вёскі адбылася Муляраўская аперацыя 1942.

т. 11, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)